Пётра Мурзёнак: Шляхі да нацыянальнай дзяржавы. ІІ. Адносіны з суседзямі

 

Ключавыя словы: суседзі, як прыклад нацыянальнага будаўніцтва; дыяспара; гарантыі бяспекі

Працэсы будаўніцтва новых дзяржаў на базе былых савецкіх рэспублік ідуць па рознаму. Прычыны таму ёсьць розныя: стартавая гатоўнасьць да самавызначэньня нацый на момант развала СССР, узаемная залежнасьць эканомік рэспублік ад былога размеркаваньня вытворчасьці і цэнтралізаванага упраўленьня, напрамак зьнешняй і ўнутранай палітыкі, палітычны, эканамічны і культурны ўплыў Расіі. У гэтых новых умовах людскія рэсурсы з’яўляюцца важнейшым элементам дзяржаўнага будаўніцтва. У Табліцы 1 прыведзены змены ў колькасьці насельніцтва за апошнія два дзесягоддзі ў Беларусі, дзяржавах-суседзях і Казахстане (апошні ўзяты для параўнаньня, як былая краіна азіяцкай часткі СССР з дастаткова вялікай колькасьцю насельніцтва).

Табліца 1. Змены ў колькасці насельніцтва за два дзесяцігоддзі *

Краіна

Колькасьць насельніцтва

на 1989 год

Колькасьць

насельніцтва

паводле апошняга перапісу (год)

Змена ў колькасьці за гэты прамежак часу

Беларусь

10.151.806

9.503.807 (2009)

– 651 тыс. (-6.4%)

Латвія

2.666.672

2.070.371 (2011)

– 596 тыс. (-22.3%)

Літва

3.674.802

3.043.429 (2011)

– 631 тыс. (-17.2%)

Польшча

37.963.000

38.325.000 (2012)

+ 362 тыс. (+0.95%)

Украіна

51.452.034

45.559.235 (2012)

– 5.9 млн (-11.5%)

Расія

147.342.000

142.938.285 (2010)

– 4.4 млн (-3%)

Казахстан

16.464.464

16.009.597 (2009)

– 455 тыс. (-2.8%)

* Тут і далей, прыведзеная статыстыка і разлікі зроблены на падставе вынікаў перапісаў насельніцтва

Трэба адзначыць, што ва ўсіх рэспубліках былога СССР адбылося зніжэньне колькасьці насельніцтва, але прычыны, структура і велічыня гэтых зьмен розная. Зніжэньне прыросту насельніцтва назіраецца ва ўсёй Еўропе, і адзначана таксама ў Латвіі (пачынаючы з 1991 года і да гэтага часу), Расіі (з 1992), Беларусі (з 1993), Літве (з 1994). З другога боку, аб’ектыўныя прычыны, указаныя вышэй, маглі прывесьці да істотнай міграцыі людзей паміж новымі дзяржавамі.

Напрыклад, за 20 год насельніцтва Літвы і Латвіі значна скарацілася за кошт рускіх, украінцаў і беларусаў, а Казахстана – яшчэ і за кошт германцаў (агулам прастаўнікоў гэтых нацый у Казахстане стала менш на 3.8 мільёнаў, але гэта зьмяншэньне кампенсавалася значным прыростам колькасьці казахаў, на 4.6 мільёны). Кантрастам у параўнаньні з Польшчай выглядае істотнае зьніжэньне насельніцтва ў Расіі (4.4 млн) і Украіне (5.9 млн). Колькасць рускіх зьнізілася на 8.8 мільёнаў, але гэтыя страты відаць былі кампенсаваныя за кошт натуральнага прыросту другіх народаў РФ. Найбольшую долю ў стратах насельніцтва ва Украіне склалі таксама рускія. Колькасьць жа саміх украінцаў значна не змянялася (па звестках на 2001 год), што відаць сведчыць аб вяртаньні часткі украінцаў на радзіму з іншых частак былога Саюза.

У Беларусі за 20 мінулых год скарацілася колькасць рускіх (на 557 тыс.), украінцаў (132 тыс.), палякаў (123 тыс.), яўрэяў (99 тыс.). Тым не менш, колькасць беларусаў за гэты час не зьменшылася, і нават крыху павялічылася. Відаць, адмоўны натуральны прырост кампенсаваўся міграцыяй беларусаў з краін-суседзяў і з Казахстана (Табліца 2). У гэтых краінах на 1989 год налічвалася крыху больш за два мільёны беларусаў, 2.05 млн, але за апошнія два дзесяцігоддзі лік беларусаў у гэтых краінах зменшыўся амаль напалову, да 1.07 млн. У астатніх былых савецкіх рэспубліках на 2009 год агулам пражывала ўсяго каля 20 тыс. беларусаў, з іх каля 15 тыс. у Эстоніі і 1.5 тыс. у Малдове. Такім чынам, у блізкім замежжы пражывае крыху больш за мільён беларусаў.

Табліца 2. Змены ў колькасці беларусаў у краінах-суседзях і Казахстане за два дзесяцігоддзі

Краіна

1989 год

Колькасьць

беларусаў у краіне пражываньня

паводле апошняга перапісу

Беларусь

7.904 тыс. (77.9%)

7.957 тыс. (83.7%) (2009)

Латвія

112 тыс. (4.5%)

68 тыс. (3.3%) (2011)

Літва

63 тыс. (1.7%)

36 тыс. (1.2%) (2011)

Польшча

49 тыс. (0.13%)

31 тыс. (46 тыс. разам з другой заяўленай этнічнасьцю) (0.13%) (2012)

Украіна

440 тыс. (0.9%)

296 тыс. (0.6%) (2012)

Расія

1.206 тыс. (0.8%)

521 тыс. (0.4%) (2010)

Казахстан

183 тыс. (1.1%)

66 тыс. (0.4%) (2009)

Дакладных звестак аб колькасці беларусаў ці нашчадкаў-імігрантаў беларускага паходжаньня ў далёкім замежжы няма. Лічыцца, што ў ЗША жыве каля 600 тыс. беларусаў, у Канадзе (на 2006) – 10.5 тыс. Беларусы ў значнай колькасьці выязджалі ў Аргентыну, Аўстралію, у Еўропу. Некаторыя з іх запісваліся ў палякі, расейцы, іншыя ассіміляваліся з жыхарамі краіны пражываньня і таму этнічнае паходжанньне іх нашчадкаў ў гэтых краінах вызначыць вельмі складана. Можна казаць, што ў далёкім замежжы жыве не больш мільёна беларусаў; разам з адным мільёнам беларусаў блізкага замежжа яны складаюць значную дыяспару (каля 20% ад усіх беларусаў на зямлі), якая можа браць удзел і ўплываць на працэсы будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы (агулам, можа быць 11.5 мільёнаў, 9.5 мільёнаў грамадзян, якія жывуць у РБ, і 2 мільёны беларусаў блізкага і далёкага замежжа).

Латвія (насельніцтва – 2,070,371; 2011)

У параўнальным плане Латвія знаходзіцца ў значна больш выгадным становішчы, чым Беларусь, што тычыцца будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. Латвія ўступіла ў Еўрапейскі Саюз і ў НАТА, што гарантуе ёй бясьпеку і падтрымку дэмакратычных пераўтварэньняў у краіне. З другога боку, Латвіі і складана, бо па этнічнаму складу краіна мае нязначную адносную большасьць людзей латышскай нацыянальнасьці ў параўнаньні з іншымі нацыянальнасцямі. Да таго ж, даволі значная рускамоўная частка насельніцтва, падтрымліваемая усходнім суседам, пастаянна разыгрывае рускую карту. Урад Латвіі знаходзіцца пад эканамічным і маральна-палітычным ціскам Расіі, які апошняя аказвае з-за парушэньня правоў рускіх. Адной з прычын такога ціску з’яўляецца моўнае пытаньне; латышы патрабуюць абавязковае веданьне мовы пры прыняцьці грамадзянства людзьмі нелатышскай нацыянальнасьці, г.зн. абараняюць сваю адзіную дзяржаўную мову ад усё яшчэ дамінуючай рускай мовы.

Калі б не моцная дзяржаўная, нацыянальная палітыка, то ўвогуле нацыянальнае будаўніцтва Латвіі калі б і было магчымым, то расцягнулася б на дзесяцігоддзі. У той жа час, рускамоўная частка насельніцтва (рускія, беларусы, украінцы) адаптавалася, калі можна так казаць, да жорскіх умоваў існаваньня ў адбудоўваемай нацыянальнай дзяржаве. З 1989 г. па 2011 г. доля латышоў павялічылася з 52.0% да 62.1% , і зьнізілася доля рускіх – з 34.0% да 26.9% , беларусаў – з 4.5% да 3.6%, украінцаў – з 3.5% да 2.5%; доля палякаў (2.3% і 2.4%) і літоўцаў (1.3% і 1.2%) практычна не зьмянілася. Фактычна, парушаліся правы чалавека, але відаць урады Латвіі не бачылі другога шляху, каб выратаваць існаваньне нацыі. Трэба адзначыць, што насельніцтва Латвіі за апошнія дваццаць гадоў скарацілася на 600 тысяч чалавек, у асноўным за кошт рускамоўнага насельніцтва (колькасьць латышоў зьменшылася на 103 тыс.).

Гістарычна, найбольш беларусаў выязджала ў Латвію з паўночна-заходніх раёнаў краіны. Колькасць беларусаў у Латвіі зменшылася са 112 тыс. у 1989 годзе (4.5%) да 68 тыс. у 2011 годзе (3.6%). Тым не менш, паводле Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” (ЗБСБ) ў Латвіі дзейнічаюць некалькі беларускіх асяродкаў: “Сьвітанак”, “Маю гонар”, “Вясёлка”, Беларуская школа, Таварыства беларускай мовы , “Прамень” (Рыга), “Уздым” (Дaўгаўпілс), “Мара” (Ліепая), “Спадчына” (Вентспілс). Магчыма, колькасьць сяброў у гэтых суполках і невялікая, іх палітычная і моўная арыентацыя не аднолькавая, але ўжо тое, што яны знайшлі магчымасьць стварыць гэтыя асяродкі, робіць гонар нашым суродзічам. Безумоўна, што трэба ўлічваць патэнцыйны ўдзел беларускай дыяспары ў Латвіі і ў другіх краінах замежжа ў аднаўленьні і адбудове нацыі. Ваеннай і эканамічнай пагрозы для Беларусі Латвія не стварае; дэмакратычная краіна, з невялікай арміяй. Афіцыйна падтрымлівае рух Беларусі да дэмакратыі.

Літва (насельніцтва – 3,043,429; 2011)

Доля тытульных нацый ў Літве і Беларусі (84.2% і 83.7%) амаль аднолькавая, як і іншых этнічных груп: палякі – 6.6% і 3.1%, рускія – 5.8% і 8.3%, украінцы – 0.5% і 1.7%; астатнія группы складалі не больш 0.1% паводле перапісаў насельніцтва 2011 і 2009 года, адпаведна. Аднак літоўцы, адрозна ад беларусаў, пасьля развалу Саюза вельмі хутка сталі рэальна ажыцьцяўляць нацыянальную палітыку, бо і ў часы СССР адносна актыўна ёю займаліся; літоўцы думалі, вучыліся і чыталі шыльды на ўстановах і шыльды з назвамі вуліц на роднай мове. Адразу пасьля атрыманьня свабоды Літва перажыла цяжкія эканамічныя часы, жыла ў холадзе, голадзе, не страціла свайго гонару. Сур’ёзных пытаньняў, што да прыгнёту нацыянальных меншасьцяў там амаль не ўзнікала. Так магло бы быць і ў нас, каб не злыя сілы, якія паднялі вэрхал (1993-1996) адносна прыгнёту рускамоўных на Беларусі.

Паводле статыстыкі, у Літве пражывае крыху больш за 36 тысяч беларусаў, 1.2% (2011) (для параўнаньня, у 1989 годзе іх было 63 тыс.). Гэта значна менш чым у Латвіі, але ў той жа час у Літве дзейнічае удвая больш беларускіх асяродкаў (звесткі ЗБСБ), што магчыма сьведчыць аб большай аседласьці беларусаў у Літве. У адной толькі Вільні існуе 10 асяродкаў, яны ёсьць таксама ў такіх месцах як Друскінінкай, Вісагінас, Тракай, Клайпеда, Шальчынінкай, Шаўляй, Швянчоніс, Вальчунай, Каўнас, Пабрадзе.

З Літвой нас аб’ядноўвае агульная, амаль 600-гадовая гісторыя сумеснага жыцьця ў ВКЛ, і гэтую гісторыю немагчыма нават дзяліць. Быў час (1991-1995) калі «Віціс» і «Пагоня», як гербы дзяржаў Літвы і Беларусі, красаваліся на будынках у гарадах і вёсках абедзьвюх краін. Будзем спадзявацца, што літоўцы ў недалёкім будучым не будуць спрачацца, калі мы будзем выкаростоўваць той жа самы ці амаль той самы герб “Віціса-Пагоні”, які калісьці быў у адной нашай агульнай дзяржаве, ВКЛ, у якой выкарыстоўвалася страбеларуская пісьменная мова (не літоўская і не жмудзінская). Ды ёсць і многа другіх рэчаў, якімі літоўцы маглі бы падзяліцца. Прыкра, напрыклад, слухаць калі ў Наваградак прывозяць літоўскіх дзяцей, каб распавядаць, што Наваградак – гэта старажытная сталіца Літвы, дзе каранаваўся літоўскі кароль Міндоўг. Наваградак – горад беларускі.

Вельмі прыемна, што дыялог пачаўся. За апошні час праведзена многа навуковых канферэнцый, на якіх абмяркоўваюцца праблемы агульнай гісторыі, этнаграфіі, культуры. Сёньня ўжо мала знойдзеш беларусаў – прыхільнікаў вяртаньня Вільні і Віленскага краю. Але цяжка пагадзіцца, што Адам Міцкевіч гэта выдатны літоўскі паэт. Здаецца, у такім выпадку, у беларусаў ёсьць больш падстаў заяўляць, што ён наш, беларускі паэт, бо нарадзіўся на беларускай зямлі, на якой людзі, што жылі там у той час, зваліся ліцьвінамі.

У адным з раздзелаў сваёй манаграфіі Т. Снайдер напісаў, што нацыяналізм прыйдзе ў Беларусь тады, калі беларусы пачнуць змагацца за «свайго» Міцкевіча (T. Snyder, 2003, p. 283):

Only when Mickiewicz is (falsely) presented in Minsk as a modern Belarusian, as he is today portrayed (falsely) in Warsaw or Vilnius as a modern Pole or Lithuanian, will we have a sign that Belarusian nationalism has arrived.”

г. зн. што беларусы будуць мець шанс стаць нацыяй, калі ўсьвядомяць, што Адам Міцкевіч гэта “іх” паэт. Як бы каму гэтага і не хацелася, але беларусы ганарацца беларуска-ліцьвінскім паходжаньнем сусьветна вядомага паэта Адама Міцкевіча, які пісаў свае геніяльныя творы на польскай мове. Паэт, які нарадзіўся ў Наваградку праз тры гады пасьля падзелу Рэчы Паспалітай, вучыўся ў Вільні і ніколі не жыў у Варшаве і Кракаве, пісаў свае творы, абапіраючыся на беларускі фальклор, гісторыю і традыцыі не ў апошнюю чаргу належыць да Беларусі. Усе тры народы, беларускі, літоўскі і польскі, маюць роўнае права (пастаўлены па алфавіту) называць Адама Міцкевіча сваім нацыянальным паэтам, які належыць да сусьветнай культуры. Важна каб з гэтым пагадзіліся палякі і літоўцы.

Нацыянальная эліта Літвы, як і эліты Латвіі і Украіны, адбудоўвываючыя свае нацыянальныя дзяржавы, а таксама дзеячы палітыкі і культуры Польшчы, краіны, якая адыгрывае ўсё большую ролю у Еўрапейскім Саюзе, добра разумеюць праблемы нацыянальнага будаўніцтва, якія мае беларуская нацыя. Таму такія стрымана-афіцыйныя палітычныя і эканамічныя адносіны з сучасным урадам Беларусі, які эксплуатуючы усходні вектар зьнешняй палітыкі, заснаваны нават не на пан-славянскай, а на нео-савецкай ідэалогіі, пакідае ў загане развіцьцё сваёй нацыі, вынікам якой з’яўляецца ўсё большая ассіміляцыя насельніцтва РБ у расійскую палітыку і культуру.

Польшча (насельніцтва – 38.325.000; 2012)

Польшча паўстала зараз моцнай нацыяй, з якой усё больш лічуцца еўрапейцы. Колькасьць насельніцтва Польшчы за апошнія 20 год не скарацілася, а нават падрасло (Табліца 1), пры тым што доля саміх палякаў крыху зменшылася паміж 2002 і 2011 гадамі, з 96.7% да 93.9% (- 826 тыс.). Часткова гэтыя страты былі кампенсаваны прыехаўшымі людзьмі другіх нацыянальнасьцяў, што сведчыць аб адкрытасьці і прывабнасьці Польшчы для іміграцыі. Трэба адзначыць, што крыху больш мільёна палякаў пастаянна знаходзяцца ў ад’ездзе (выязджаюць на 6-7 месяцаў на заробкі за мяжу; у кастрычніку 2012г. безпрацоўе у Польшчы было 12.5%).

Нацыянальная эліта праз многія цяжкасьці і іспыты збудавала нацыянальную дзяржаву: адмовілася ад ідэі вяртаньня «усходніх крэсаў», балюча вырашыла спрэчныя пытаньні з украінцамі (фактычна праз грамадзянскую вайну), пазьней падтрымлівала ідэі незалежнасьці для Украіны і Беларусі, ствараючы магчымы буфер ад расійскай пагрозы. Многія з ідэяў будаўніцтва новай Польшчы нарадзіліся вакол часопіса «Культура», які запачаў Ежы Гедройц (E. Gedroyz) з прыхільнікамі. Ён абараняў і будаваў Польшчу, а не развальваў і не нападаў на Расію, як гэта спрабуюць паказаць нават цяпер, пасьля яго сьмерці, крытыкі ў Расіі (А. Сямёнаў, http://www.segodnia.ru/content/114119, кастрычнік 2012).

У Беларусі пражывае 294,549 палякаў (2009). Частка з іх зарганізавана ў Саюзы палякаў, якіх на Беларусі два, «чэсны саюз» і «нячэсны саюз». Зразумела – што ёсць што – калі не патрымліваеш дзейную уладу, то ты вораг (як і «нячэсны» саюз пісьменнікаў, апазіцыянеры, нацыяналісты, адмарозкі, пятая калона – наогул 37-мы год).

На 2011 год па ўсёй Польшчы налічвалася ўсяго 46 тыс. беларусаў (разам з 2-й заяўленай этнічнасьцю) і ў параўнаньні з 1989 годам іх колькасьць амаль не змянілася (49 тыс.). Большасьць беларусаў у Польшчы пражывае ў Беластоцкім ваяводстве. Для даведкі: паводле перапісу 1931 года там налічвалася 1.263.300 жыхароў, з іх 66.9% палякаў, 16.3% беларусаў і 12.1% яўрэяў (D. Bockowski, 2009). Такім чынам, у гэтым ваяводстве 80 год таму назад пражывала каля 206 тыс. беларусаў, але відаць працэсы ассіміляцыі непазбежныя. Беларускія суполкі зараз можна знайсьці як ў Беластоцкім рэгіёне (Беласток, Бельск-Падляскі, Гайнаўка, Крынкі), так і ў такіх гарадах як Познань, Люблін, Варшава, Кракаў. У Польшчы дзейнасьць беларускіх і іншых суполак рэгулюецца законам.

Польшча і зараз працягвае палітыку падрымкі ў дачыненьні як да Украіны, так і да Беларусі, і не таму, што ўсё яшчэ баіцца войск з Усходу, а таму што сама нядаўна была ў такім жа становішчы і, вызваліўшыся ад таталітарызму, хоча і можа дапамагчы, кіруючыся агульначалавечымі каштоўнасьцямі свабоды, брацтва і роўнасьці. Фінансавая і арганізацыйная падтрымка тэлевізійнай праграмы «Белсат», радыё «Рацыя», навучаньне беларускіх студэнтаў у польскіх вузах, арганізацыя навуковых форумаў палітычнага і культуралагічнага кірункаў, спрашчэньне візавага рэжыму – вось канкрэтныя пункты падрымкі нацыянальных сіл і развіцьця дэмакратыі ў Беларусі. Беларусы – народ міралюбівы, ім няма з кім ваяваць унутры дзяржавы і навонкі. Таму падтрымка, адкуль бы яна не ішла, працуе на будучыню Беларусі.

Украіна (насельніцтва – 45,559,235; 2012)

Украіна мае даволі моцную эканоміку, валодае значнымі прыроднымі і людскімі рэсурсамі, урадлівай зямлёй, і ў перспектыве можа прыстойна ўліцца ў эканоміку Еўропы. Украіна займае 1-е месца у Еўропе па тэрыторыі (603.700 кв.км.) і шостае па колькасьці насельніцтва (45.5 млн; пасьля Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі і Іспаніі); для параўнаньня, Беларусь займае 13-е месца (207.600 кв.км.) і 16-е месца (9.5 млн), адпаведна.

Паводле апошняга перапісу (2001) на Украіне жыло 276 тыс. (0.6%) беларусаў, што у параўнаньні з 1989 годам (440 тыс., 0.9%) меней на 164 тыс. Беларускія суполкі дзейнічаюць амаль ва ўсіх абласных цэнтрах Украіны і ў некаторых невялікіх гарадах (Вінніца, Івана-Франкоўск, Ізяслаў, Кіеў, Кіраваград, Ковель, Луганск, Львоў, Палтава, Роўна, Севастопаль, Сімферопаль, Харкаў, Херсон, Чарнаўцы, Чарнігаў, Чэркасы, Ялта).

Што да будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, то Украіна, як і Беларусь, знаходзіцца ў вельмі падобным стане: эканамічны і палітычны ўціск Расіі, моўнае пытаньне. Але ў адрозненьне ад Беларусі ўсе чатыры Прэзідэнты Украіны (Л. Краўчук, Л. Кучма, В. Юшчанка, В. Януковіч) не выступалі за палітычны саюз з Расіяй, не ставілі пад сумнеў, што украінская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай мовай, паступова крок за крокам ідуць на еўраінтэграцыю. На Украіне пакуль ёсьць значны падзел паміж прамаскоўскім усходам і нацыянальна моцным захадам, з’ява, якой здаецца няма ў Беларусі. Прычым падзел гэты ідзе не толькі па моўнаму прызнаку, але і па менталітэту.

Прэм’ер-міністр Украіны М. Азараў у сьнежні 2012 г. паведаміў, што на долю краін Мытнага саюза (Расія, Беларусь, Казахстан) прыпадае 60 млрд. даляраў украінскага экспарту, а на краіны Еўрасаюза – 40 млрд. Пры тым ён заявіў, што ў краіны Мытнага саюза пастаўляецца тое, што не прадаецца на другіх рынках. У гэтым сэнсе Беларусь праяўляе адносна Расіі нават большую самастойнасць (у 2011 г. экспарт у Расію склаў толькі 34%).

Прадказаньні Т. Снайдера (T. Snyder, 2003, p. 291) былі такімі, што далучэньне Украіны, Беларусі і РФ да ЕС не можа адбыцца раней 2040. Аднак, гэта можа здарыцца і хутчэй, калі сачыць за нядаўнімі заявамі еўрапейскіх палітыкаў аб магчымай асацыяцыі Украіны ў ЕС у 2013 годзе. Калі Украіна вытрымае эканамічную і палітычную баталію з Расіяй, а значыць будзе мець умовы для будаўніцтва сапраўды незалежнай, нацыянальнай дзяржавы, тады для Беларусі таксама застаецца шанс на станоўчы сцэнарый.

Расія (насельніцтва – 142.938.285; 2010)

У Расіі пражывае 521 тыс. беларусаў (2010). У буйных гарадах і абласных цэнтрах Расіі дзейнічаюць каля 50 беларускіх суполак, з іх у Маскве налічваецца сем, у Навасібірску – чатыры, у Санкт-Пецярбургу – 2 (паводле ЗБСБ). У свой час, на пачатку 20-га стагоддзя, беларуская суполкі ў Санкт-Пецярбургу, “Круг беларускі”, (1902-1904, Б. Эпімах-Шыпіла, В. Іваноўскі, А. Пашкевіч, Ф. Умястоўскі), “Загляне сонца і ў наша аконца” (1906-1914, В. Іваноўскі) адыгралі значную ролю ў аднаўленьні беларускай нацыі. Ці здарыцца падобнае зараз – пакажа час. Апошні скандал у Іркуцку, дзе мясцовыя ўлады пачалі прыціскаць актыўны беларускі асяродак, сведчыць аб тым, што аўтарытарны рэжым дзейнічае ў цесным кантакце з расійскімі ўладамі для кантроля нават культуралагічных беларускіх асяродкаў на тэрыторыі Расіі.

Развіцьцё нашай нацыі ў многіх аспектах залежыць ад адносін да Расіі, супердзяржавы, якая аказвае моцны ўплыў не толькі на рэспублікі былога СССР, якія набылі 21 год таму назад незалежны статус, але і на еўрапейскія дзяржавы. І хаця тэрыторыя і людскі патэнцыял Расійскай імперыі ў выглядзе СССР значна зменшыліся, але небяспека эканамічнага ціску з боку Расіі і падпарадкаваньня сваіх нядаўніх брацкіх рэспублік аж да страты іх незалежнасьці і суверэнітэта хвалюе нацыянальныя эліты не толькі Беларусі.

Для такой насцярожанасьці ёсць добравядомыя гістарычныя падставы. Пасьля заката Кіеўскай Русі ў канцы 12-га стагоддзя на паўночны ўсход ад яе, на тэрыторыі, дзе знаходзіліся Растова-Суздальская, Ўладзімірская, Мурамская землі, пачала фармавацца Маскоўская дзяржава. Стварэньне маскоўскай дзяржавы ў 13-15-м стагоддзях праходзіла пад значным уплывам Залатой Арды. Фактычна Залатая Арда дыктавала умовы існаваньня княстваў Паўночна-Усходняй Русі, даравала князям ярлык на кіраваньне, збірала даніну з земляў, вызначала палітыку. Да таго ж панаваньне Залатой Арды праходзіла на фоне пастаяннай міжусобіцы паміж княствамі Паўночна-Усходняй Русі; так, Цьвярское паўстаньне (1327) было жорстка падаўлена войскам, прыведзеным з Арды маскоўскім князем Іванам Калітам. І нават параза татараў 8 верасьня 1380 году падчас Кулікоўскай бітвы не скончыла іх панаваньне, якое яшчэ доўжылася каля 100 год. Толькі ў 1476 годзе Іван ІІІ перастаў плаціць Залатой Ардзе даніну, а 1480 год лічыцца датай падзеньня мангола-татарскага прыгнёту.

Узаемаадносіны паміж княствамі Паўночна-Усходняй Русі і Ардой на працягу амаль 240 гадоў (1241-1480) характарызаваліся не толькі прыгнётам. Знатныя сем’і з аднаго і другога боку радніліся. Напрыклад, Юры Далгарукі, князь суздальскі (1149-1157), быў жанаты на дочцы палавецкага хана; Юры Данілавіч, князь маскоўскі, дзякуючы жаніцьбе на сястры хана Узбека, атрымаў ярлык на вялікага князя ўладзімірскага (1319-1322). У апошні час дыскутуецца пытаньне аб татарскім паходжаньні Івана ІУ (Жахлівага), Барыса Гадунова і Пятра І (Г. Абдулаева, 2011; І. Гарыфуллін, 2012).

З другога боку, вяльможы з Арды ехалі на землі княстваў; паводле акадэміка А. Халікава, ад татар пайшлі такія знатныя расійскія фаміліі як Абдулавы, Алмазавы, Анічковы, Апраксіны, Аракчэевы, Балакіравы, Баскакавы, Батурыны, Блахіны, Булгакавы, Буніны, Бухарыны, Глінскія, Дзяржавіны, Жданавы, Злобіны, Зубавы, Карамзіны, Караулавы, Купрыны, Мініны, Мічурыны, Огаровы, Пажарскія, Рахманінавы, Растопчыны, Сабуравы, Скрабіны, Суворавы, Тацішчавы, Ціміразевы, Цютчавы, Тургеневы, Тухачэўскія, Уланавы, Ушаковы, Чаадаевы, Шадрыны, Шарамецевы, і іншыя. На землях Паўночна-Усходняй Русі на працягу амаль 250 гадоў існавала вассальнае Касымаўскае ханства (1452-1681, сучасная Разанская вобласьць). Апроч гэтага, землі Паўночна-Усходняй Русі засяляліся славянамі з Наўгародчыны і Дняпра, якія ассіміляваліся з угора-фінскімі плямёнамі (мардва, весь, меря, мокша, эрзя, мяшчэра, мурома, і іншыя). Так паступова нараджалася маскоўская дзяржава.

У канцы 15-га стагоддзя панаваньне Залатой Арды значна зменшылася. Пачынаючы ад Івана ІІІ (1462-1505), які пачаў называцца “великий князь всеа Руси”, а пазьней ад Івана ІУ (Жахлівага), які атрымаў тытул «царя» (1547), маскоўская дзяржава ўсталявалася і пачала пашырацца на поўнач, усход, і поўдзень. Іван ІІІ пачаў з захопу і ліквідацыі Ноўгарадскай Рэспублікі (1478), вывезшы з Ноўгарада ў Маскву «вечевой колокол». Далей былі Цвер (1485), Разань (1521), Казанскае ханства (1552), Астрахань (1556), Вялікая Нагайская Арда (1557), Сібірскае ханства (1582), Пегая Арда (1619). Гэта самы кароткі пералік, бо гісторыя Расіі гэта пастаянная тэрытарыяльная экспансія падчас існаваньня Маскоўскага княства (1263-1547), Рускага царства (1547-1721), Расійскай імперыі (1721-1917), Савецкай Расіі (1917-1922), Савецкага Саюза (1922-1991), Расійскай Федэрацыі (з 1991).

І толькі заходні напрамак на канец 15-га стагоддзя быў яшчэ непасільны для Масквы. Бо там існавала моцная дзяржава, Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ). Са згоды Папы рымскага, Інакенція ІV, 6 ліпеня 1253 года ў Наваградку каранаваўся кароль літоўскі, Міндоўг. Фактычна, людзі, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літвы, утварылі моцнае Княства. У склад гэтай новай еўрапейскай дзяржавы ўвайшлі і землі Полацкага і Смаленскага княстваў, этнічна заселеныя беларусамі. Трэба адзначыць, што Полацкае княства, як і Ноўгарадская рэспубліка, заўжды праводзілі самастойную ад Кіеўскай Русі палітыку (9-12-е стагоддзі). Гэта дзяржава, ВКЛ, у адрозненьне ад Маскоўскай, ніколі не зьведала татара-мангольскага прыгнёту і разьвівалася ў зусім іншых умовах. Яна стала яшчэ больш магутнай, утварыўшы ў 1569 годзе разам з Каралеўствам польскім федэрацыю, якая называлася Рэч Паспалітая, што ў перакладзе на сучасную беларускую мову азначае – Садружнасьць, па ангельску – Commonwealth. У Садружнасьці, якая была адзінай дэмакратычнай дзяржавай свайго часу сярод усёй Еўропы, трэцяга траўня 1791 года была прынятая першая ў Еўропе канстытуцыя.

Па разліках (I. C. Pogonowsky, 1987), у 1493 годзе ў Садружнасьці ВКЛ і Каралеўства Польскага жыло 7.5 мільёнаў жыхароў, з іх 3.25 млн палякаў, 3.75 млн рутенаў (г.зн. украінцаў і беларусаў), і 0.5 млн літоўцаў. У 1618 годзе, з пашырэньнем тэрыторыі Рэчы Паспалітай паводле Дэўінскай дамовы, у Садружнасьці было ўжо 12 млн жыхароў, з іх палякаў – 4.5 млн, украінцаў – 3.5 млн, беларусаў – 1.5 млн, літоўцаў – 0.75 млн, прусаў – 0.75 млн, яўрэяў – 0.5 млн, лівонцаў – 0.5 млн. У 1717 годзе, пасьля страты часткі тэрыторый, колькасьць насельніцтва Садружнасьці зьнізілася да 9 млн, прыблізна 4.5 млн складалі палякі, 1.5 млн – украінцы, 1.2 млн – беларусы, 0.8 млн – літоўцы, 0.5 млн – яурэі, 0.5 млн – іншыя. Такім чынам, у 1717 годзе каля трэці насельніцтва ВКЛ складалі украінцы, каля 30% беларусы, і каля 18% літоўцы.

Часы росквіту Садружнасьці (Двух Народаў) прыпалі на пачатак 17-га стагоддзя, бо далейшае яе развіццё было спынена з Усходу – Масква рушыла на захад. Што мы мелі з таго часу?

  1. Трынаццацігадовую вайну (1654-1667) з Маскоўскім царствам, пасля якой на нашых землях, землях ВКЛ, знікла адна трэцяя частка насельніцтва і пачаўся заняпад Садружнасьці.

  2. У канцы 18-га стагоддзя (1795 год) Садружнасьці зусім не стала, бо была захопленая і падзеленая паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. Прычым нашы землі адышлі пад руку расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ.

  3. Садружнасьць знікла, але беды на гэтым ня скончыліся: вынікам далейшых рэпрэсій ў Паўночна-Заходнім Краі ў 30-х гадах 18-га стагоддзя была страта прывілеяў беларускай шляхтай, зьнішчэньне уніяцкай царквы, да якой адносілася каля 70% беларускага насельніцтва, забарона дзеньня Статута ВКЛ і забарона беларускай мовы.

  4. Дзяржаўнасць на тэрыторыі Садружнасьці ВКЛ і Польскага каралеўства перастала існаваць аж да 1918 года.

  5. Далей было станаўленьне дзяржаўнасьці (БНР, 1918; БССР, 1919) і перыяд адраджэньня ў 30-х гадах 20-га стагоддзя, які скончыўся рэпрэсіямі ў дачыненьні да сьвядомай беларускай эліты, развал СССР, дэкларацыя незалежнасцьі Беларусі (1991), моцны перыяд адраджэньня беларускай нацыі ў 1991-1994, пасля якога да гэтага часу працягваюцца рэпрэсіі і негатыўныя адносіны нео-савецкай улады да ўсяго беларускага.

  6. Да таго ж дадаюцца – уступленьне Беларусі ў Арганізацыю дзяржаў калектыўнай бяспекі (АДКБ), спробы аднаўленьня саюза Расіі і Беларусі, эканамічны ціск з боку Расіі – усё гэта стварае нервовыя абставіны ў дачыненьні да ўсталяваньня і далейшага будаваньня сапраўды незалежнай і суверэннай беларускай нацыянальнай дзяржавы.

На сёньня, эканамічныя адносіны Беларусі з Расіяй і Еўрасаюзам пакуль што збалансаваныя. Так, па звестках Міністэрства замежных спраў беларускі экспарт у 2011 годзе у Расію склаў 13,7 млрд. даляраў (34% ад усяго беларускага экспарта), а ў краіны Еўрасаюза (ЕС) ў параўнаньні з 2010 годам практычна падвоіўся і склаў 15,7 млрд. долараў (прырост да ўзроўню 2010 года – 8,1 млрд.). Таваразварот Беларусі з Расіяй у 2011 годзе склаў 38.6 млрд. даляраў (44.9% ад усяго аб’ёма беларускага знешняга гандлю), а з краінамі ЕС за 10 гадоў – з 2001 да 2011 – павялічыўся ў дзесяць разоў, склаўшы ў 2011 годзе 24,4 млрд. даляраў. Такім чынам, доля Расіі ў эканоміцы Беларусі, калі ацэньваць па экспарту і агульнаму таваразвароту, не перавышае 45%.

Аднак ніхто не возмецца абсалютна адкінуць страхі і гарантаваць немагчымасьць расійскай інвазіі (ваеннай, эканамічнай) у Беларусь. Варта нагадаць, што Расійская імперыя прырастала і пасьля захопу Садружнасьці, у 19-м стагоддзі – Каўказам (1859-1878) і Сярэдняй Азіяй (1854-1885), у 20-м стагоддзі ў часы існаваньня СССР – тэрыторыяй Заходняй Беларусі і Украіны і краінамі Прыбалтыкі (1939-1940), пасля 2-й сусьветнай вайны краінамі Усходняй Еўропы, і нядаўна Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй (2008).

Добравядомы лідэр ЛДПР яшчэ нядаўна заклікаў, каб рускі салдат памыў ногі ў Індыйскім акіяне. Не дзіўна, што 70% палякаў нават у 1994 годзе, ужо пасьля развалу Берлінскай сьцяны, баяліся ваеннай пагрозы з боку Расіі, і толькі ўступленьне Польшчы ў НАТО ў сакавіку 1999 года крыху супакоіла польскую грамадскасьць. Тым не менш, супраць магчымага захопу Беларусі Расіяй сьведчаць наступныя факты, якія базуюцца на:

  1. статусе нашай краіны, як дзейнага сябра Арганізацыі Аб’яднаных Нацый;

  2. на непарушнасьці дзяржаўных граніц у Еўропе паводле Заключнага Акта аб Бяспецы і Супрацоўніцтву ў Еўропе (Хельсінкі, 1975);

  3. на гарантыях бяспекі, дадзеных Беларусі Расіяй, Вялікабрытаніяй і ЗША, ў сувязі з Дамовай аб нераспаўсюджваньні ядзернага ўзбраеньня. У дадатковым мемарандуме, падпісаным 5 сьнежня 1994 года, у прыватнасьці, гаворыцца, што:

  • Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расійская Федэрацыя пацьвярджаюць Рэспубліцы Беларусь сваё абавязацельства ў адпаведнасьці з прынцыпамі Заключнага акта АБСЕ паважаць незалежнасьць, суверэнітэт і існуючыя граніцы Рэспублікі Беларусь;

  • Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расійская Федэрацыя пацьвярджаюць сваё абавязацельства ўстрымлівацца ад пагрозы сілай або яе прымяненьня супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці або палітычнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь і што ніякія іх узбраеньні ніколі не будуць выкарыстаны супраць Рэспублікі Беларусь, акрамя як у мэтах самаабароны або якім-небудзь іншым чынам у адпаведнасьці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый;

  • Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расійская Федэрацыя пацьвярджаюць Рэспубліцы Беларусь сваё абавязацельства ў адпаведнасці з прынцыпамі Заключнага акта Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе ўстрымлівацца ад эканамічнага прымушэньня, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыццяўленьне Рэспублікай Беларусь правоў, уласцівых яе суверэнітэту, і такім чынам забяспечыць сабе перавагі любога роду.

У сувязі з гэтым мемарандумам можна як жарт успрымаць прапанову Прэзідэнта Пуціна ў 2005 годзе аб далучэньні Беларусі да Расіі шасьцю губернямі. Дарэчы, урад Беларусі ніяк афіцыйна не адрэагаваў на гэта, значыць дзесьці, падысподам, такая небяспека не выключаецца (напрыклад, праз арганізацыю чарговага рэферэндума), г. зн. пагроза суверэнітэту краіны, як ні дзіўна, можа зыходзіць з самой Беларусі. Такія версіі (напрыклад, пра “шапку Манамаха”) ужо абмяркоўваліся раней у сродках масавай інфармацыі. Ніхто і ніколі не даруе ўдушэньня свабоды, знішчэньня Мовы і гандлю незалежнасьцю і суверэнітэтам.

Але нават калі б уявіць, што гэта далучэньне губернямі магчыма, трэба каб была выканана яшчэ адну умова – каб у самой Расіі было адменена права нацый і народаў на самавызначэньне, і паўсюдна былі ўведзены губернатарствы. Апошняе ўвесь час прапануе лідэр ЛДПР, сп. Жырыноўскі. Здаецца ў Расіі ўжо скасаваны дзьве ці тры нацыянальныя вобласьці. Да таго ж уведзены 8 федэральных акругаў і 11 эканамічных раёнаў, якія нівеліруюць нацыянальную прыналежнасьць насельніцтва у гэтых адміністратыўных падзелах. Але ці пагодзяцца Татарстан і яшчэ 20 нацыянальных рэспублік Расійскай Федэрацыі, у якіх пражывае больш за 20 мільёнаў чалавек, ператварыцца ў губернатарствы? Калі ўзгадаць прыклад Чачні, і рэальную сітуацыю сёння на Каўказе, то гэта малаверагоднае рашэньне (хіба што зноў “па савецку” правядуць рэферэндумы).

Прэзідэнт Пуцін 20-га сьнежня 2012 г. падчас прэс-канферэнцыі на пытаньне журналісткі з Татарстана аб магчымасьці новага тэратэрыяльнага падзелу РФ прама не адказаў, а пачаў з таго, што раней у Расіі не было нацыянальна-тэрытарыяльных утварэньняў, што былі губерніі і што ўсё функцыянавала нядрэнна, што падзел на гаспадарчыя суб’екты мае сэнс, але вырашэньне нацыянальнага пытаньня заўжды адчувальная праблема і павінна вырашацца паводле законаў самімі суб’ектамі ці галасаваньнем на рэферэндуме, ці рашэньнем адпаведнага парламента. У той жа час ім 19 сьнежня 2012 года падпісаны Указ «О стратегии государственной национальной политики Российской Федерации на период до 2025 года», дзе, напрыклад, канстатуецца, што ў РФ выкарыстоўваецца 277 моў і дыялектаў, у дзяржаўнай сыстэме адукацыі выкарыстоўваецца 89 моў, з іх – 30 у якасьці моў навучаньня, 59 – у якасьці вучэбнага прадмета.

Асаблівасьці нацыянальнага складу Расійскай Федэрацыі сведчаць таксама супраць магчымасьці стварэньня панславянскай дзяржавы з удзелам Украіны, Беларусі. Але ў той жа час Вы не знойдзеце і ніякіх сігналаў падтрымкі ў будаўніцтве і ўмацаваньні новых нацыянальных дзяржаў, у прыватнасьці Беларусі і Украіны, як з боку дзейнай расійскай улады, так і з боку любых расійскіх лібералаў-дэмакратаў. Для іх могуць быць дрэннымі Лукашэнка ці Януковіч, але яны спяць і бачаць свае шавіністычныя сны аб зноў жа пашыранай расійскай імперыі, няхай сабе і за кошт cуседніх славянскіх народаў. Ім выгадней бачыць гэтыя краіны васаламі, але не свабоднымі, незалежнымі нацыянальнымі дзяржавамі.

Нягледзячы на істотную розьніцу ў развіцьці Беларусі і Расіі (на працягу шасьці вякоў, з сярэдзіны 13-га і да канца 18-га стагоддзяў, мы жылі у розных дзяржавах, як і да гэтага перыяду ня мелі нічога агульнага), гістарычна нам наканавана быць суседзямі. У эпоху глабалізацыі, і рэальна ацэньваючы эканамічныя стасункі паміж Расіяй і Беларусю, якія працягваюцца з часоў Савецкага Саюза, можна канстатаваць, што альтэрнатывы супрацоўніцтву з усходнім суседам, пры збалансаванай палітыцы на другіх напрамках, не праглядаецца. Адзінае, што гэта супрацоўніцтва мусіць быць раўнапраўным і ўзаемавыгадным.

Асноўныя спасылкі

  1. Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 7-11 верасьня 1998 года). 200 год. “Беларускі кнігазбор”, 1998, 448 стар.http://kamunikat.fontel.net/pdf/albaruthenica/11.pdf

  2. Абдулаева Г. Россией правили татары. BadNews, 2011, март 5.http://badnews.org.ru/news/rossiej_pravili_tatary/2011-03-05-6917
  3. Гарифуллин И. Русские фамилии тюркского происхождения. «Югра», март 2012.http://www.ugra-start.ru/ugra/mart-2012/772
  4. Халиков A. 500 русских фамилий булгаро-татарского происхождения. Казань, 1992 год. Электронная версия – Ш.Л.Таналин. При перепечатке не забудьте дать на нас ссылку.Екатеринбург, 2004 год. http://tatural.ru/500/500_rustat_family.htm
  5. Boсkowski D. Nazawszerazem. Białostocczyznai Łomżyńskiew polityce radzieckiej w czasie II wojny światowej (IX 1939 – VIII 1944). Neriton, Instytut Historii. 2PAN005. 2009, pp. 116-117.
  6. Memorandum on Security Assurances in Connection with the Republic of Belarus’Accession to the Non-Proliferation Treaty, signed in Budapest on 5 December 1994. http://www.bielarus.net/archives/2006/12/24/999
  7. PogonowskiI. Based on 1618 population map(p.92, p.115), 1618 languages map (p.119), 1657-1667 losses map (p.128) and 1717 map (p.141) Poland a Historical Atlas, Hippocrene Books, 1987.

 



Categories: Гісторыя, Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: