Пётра Мурзёнак: Шляхі да нацыянальнай дзяржавы. ІУ. Высновы

Сёньня няма добрых падстаў сцьвярджаць, што існуе моцная беларуская нацыя. Хаця такія характарыстыкі нацыі як тэрыторыя i прыналежнасьць да этнічнай беларускай групы прысутнічаюць, але іншыя, як карыстаньне Мовай і усведамленьне сябе беларусамі – моцна аслаблены, ці нават адсутнічаюць. Нягледзячы на вялікую долю грамадзян, якія лічаць сябе беларусамі, што з’яўляецца добрым грунтам для нацыянальнага будаўніцтва, беларуская нацыя ў цэлым не выглядае моцнай, прыдушаная расійскай культурай, без значных праяў нацыянальнай волі і гонару. Доля нацыянальна-сьвядомых людзей у агульнай масе насельніцтва даволі тонкая і пакуль дастатковая толькі для таго, каб мінімальна падтрымліваць ідэі беларускасьці, але недастатковая каб зьмяніць сьвядомасьць усяго грамадства. Час ідзе, губляецца пакаленьне, якое яшчэ пачувае сябе беларусамі. Такім чынам, можна казаць пра тое, што для рэальнага будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы ў бліжэйшым часе няма асновы.

Таксама відавочна, што немагчыма збудаваць нацыянальную дзяржаву без удзелу дзяржаўных устаноў. Пакуль няма прыкметаў таго, што ў сёняшнім  урадзе Беларусі ёсьць нейкія праграмы па развіццю буларускасьці. Нягледзячы на некаторыя дэкларатыўныя заявы, падтрымка і развіцьцё беларускасьці  не з’яўляецца рэальнай дзяржаўнай палітыкай. Калі зьмены не адбудуцца на працягу 10-20 год, то грамадства будзе ўяўляць сабой дэнацыяналізаваную цывільную дзяржаву. Русіфікацыя, якая пачалася 200 гадоў таму назад, працягваецца на Беларусі да гэтага часу. Сучасны ўрад Беларусі, эксплуатуючы усходні вектар зьнешняй палітыкі, які заснаваны на нео-савецкай ідэалогіі, пакідае ў загане развіцьцё сваёй нацыі, вынікам якой з’яўляецца ўсё большая ассіміляцыя беларусаў у расійскую палітыку і культуру. Фактычна, Беларусь ідзе па шляху пабудовы рускамоўнай цывільнай дзяржавы, што ў сваю чаргу можа скончыцца рэальнай стратай суверэнітэту праз далучэньне да іншых рускамоўных тэрыторый. Ці магчыма зьберажэньне і развіцьцё беларускай культуры ў рускамоўным асяроддзі – гэта пытаньне даволі рытарычнае і недарэчнае.

Нашы суседзі, Латвія і Літва, за 20 год незалежнасьці зрабілі вельмі шмат у нацыянальным будаўніцтве і ў многім могуць быць для нас прыкладам, як і Польшча, якая на сёняшні момант аказвае вельмі істотную падтрымку ў развіцьці дэмакратычных інстытутаў.  Нацыянальнае будаўніцтва сталася магчымым нават у такіх краінах як Латвія і Казахстан, дзе доля этнічных тытульных нацый была крытычна малой. Украіна вырашае амаль тыя ж самыя праблемы, што і Беларусь у пытаньнях развіцьця дзяржаўнасьці і нацыі. Ад таго, які будзе вынік вырашэньня існуючых супярэчнасьцяў паміж Украінай і Расіяй будуць часткова залежаць і знешнія умовы існаваньня РБ. Амаль усе краіны-суседзі, за выключэньнем Расіі, спачуваюць і дапамагаюць у станаўленьні дэмакратыі ў Беларусі, спрыяючы такім чынам стварэньню новых магчымасьцяў для разьвіцьця нацыі. У Расіі, на жаль, ні ва ўрадзе, ні сярод ліберал-дэмакратаў, няма сіл, якія б шчыра падтрымалі самастойнасьць Беларусі. Дваццаць два гады таму назад беларусы нарэшце вырваліся з-пад 200-гадовай апекі Расійскай імперыі і атрымалі рэальны шанец вярнуцца да дзяржаўнасьці, якую яны мелі на працягу некалькіх стагоддзяў. Але, як і раней, з боку Расіі ўсё яшчэ зыходзіць небясьпека для беларускай незалежнасьці. І хоць ёсьць шэраг умоў і фактаў, якія не дазваляюць думаць пра сцэнарый захопу краіны, але абсалютна выключыць такую верагоднасьць ніхто не можа. Нягледзячы на адносную збалансаванасьць на гэты час беларускай эканомікі паміж Расіяй і астатнім сьветам, тое ж самае можна сказаць і пра эканамічную незалежнасьць і самастойнасьць.

Відаць, нацыянальныя лідэры вымушаны прызнаць, што магчымасьць рэальнай пабудовы нацыянальнай дзяржавы  застаецца пакуль што толькі тэарэтычнай нават у аддаленым часе. З пункту гледжаньня Мовы праз нейкі час нацыянальная дзяржава магла б усталявацца па «ірланцкаму тыпу» ці па «чэскаму тыпу». Але і тэарэтычная магчымасьць не можа быць рэалізавана ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі, бо патрабуе часу і сур’ёзнай кансалідацыі і асьветы насельніцтва РБ. І гэта не залежыць ад таго, хто ёсьць пры ўладзе, бо немагчыма гэтыя задачы ажыцьцявіць у кароткі тэрмін. Гэта значыць, што трэба распрацоўваць як каротка-, так і доўгатэрміновыя праекты, скіраваныя на дасягненьне патрэбных для збудаваньня нацыянальнай дзяржавы зьмен. І гэта не толькі Мова. Нацыю не збудаваць, калі беларусы не будуць ведаць даўнішнюю гісторыю свайго народа: што Адам Міцкевіч гэта  і беларускі нацыянальны паэт, якім яго лічуць таксама палякі і літоўцы; што беларусы могуць ганарыцца многімі выбітнымі землякамі як мінулага, так і сучаснасьці, якіх несправядліва прысвоілі суседзі, сарамліва пра гэта маўчаць і не хочуць падзяліцца; што мы адметная, старажытная нацыя, здольная самастойна вырашаць свае жыцьцёвыя праблемы, як роўная і вольная сярод другіх нацый.

Нацыянальнай эліце застаецца зберажэньне і ўзбагачэньне тых каштоўнасцей, якія ўжо напрацаваны, і іх доўгатэрміновае, на працягу хаця б аднаго пакаленьня, укараненьне ў народную сьвядомасьць. Тое што робіцца ў гэтым напрамку на сёняшні дзень – гэта вельмі добра, але недастаткова. Думаецца, што важную ролю ў стварэньні інфармацыйнай прасторы можа адыграць і беларуская дыяспара. Без асьветніцкай працы сярод большасьці беларускага насельніцтва тэарэтычная магчымасьць будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы рэалізавана быць ня можа.



Categories: Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: