АКСАНА ЯНОЎСКАЯ: НЕВЯДОМЫ МІНСК

Хартыя 97, 14 верасьня 2013

 

Невядомы Менск

Статус сталіцы настолькі дамінуе над Менскам, што засланяе яго гісторыю.

 

З моманту першай летапіснай згадкі Менска прайшло 938 гадоў. За гэты час горад не раз разбуралі захопнікі, ён пакутаваў ад стыхійных бедстваў і пажараў, але заўсёды адраджаўся.

Павятовы горад

Усе чыталі «Слова пра паход Ігаравы» і ведаюць, у якім кантэксце ў ім згадваўся Менск. Пакінем за рамкамі апавядання пра некалькі стагоддзяў і апынемся ў 1499 годзе. Тады Менск атрымаў Магдэбургскае права. У горадзе з’явілася самакіраванне, пачалі актыўна развівацца рамёствы, гандаль. Гораду было дазволена праводзіць два кірмашы. У 1566 годзе Менск стаў цэнтрам ваяводства, гандаль і рамёствы падняліся на больш высокі ўзровень. Спрыяла гэтаму геаграфічнае становішча горада – на скрыжаванні Еўропы – і шматнацыянальнае насельніцтва: усе рабілі свой унёсак у агульную скарбонку.

У другой палове XVII стагоддзя ў горадзе пачалі праходзіць сесіі Галоўнага трыбунала ВКЛ, што паставіла Менск у адзін шэраг з Вільняй і Наваградкам.

З 1793 года – горад у складзе Расейскай імперыі. У 1851 годзе імператар Мікалай I асабіста падпісаў указ аб зносе ратушы ў Менску.

Апошняя чвэрць XIX стагоддзя адзначылася ў Менску бурным ростам прамысловасці. Дзесяць гадоў спатрэбілася прадпрымальніку Якабсону, каб яго невялікая майстэрня ператварылася ў найбуйнейшы машынабудаўнічы і металургічны завод. У 1934 годзе на базе гэтага прадпрыемства быў створаны станкабудаўнічы завод імя Кірава. У 1897 годзе пачаў працаваць машынабудаўнічы завод «Тэхнолаг», электратэхнічнае бюро якога выконвала мантаж абсталявання па заказах розных прадпрыемстваў. Адзін з карпусоў сучаснага станкабудаўнічага завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі размяшчаецца ў будынку завода «Энергія». Бровар «Багемія» адлічвае сваю гісторыю з 1894 года, калі яго заснаваў граф Чапскі. Праз два гады яго выкупіла сям’я Лекертаў. У 1896 годзе прадукцыя гэтага завода атрымала пахвальную грамату Агульнарасейскай прамысловай і мастацкай выставы. Цяпер у будынках «Багеміі» размешчаны піваварны завод «Аліварыя». З 1898 года на вуліцы Ніжне – Ляхаўскай (цяпер Кастрычніцкая) быў размешчаны казённы вінны склад. Цяпер у гэтых памяшканнях з чырвонай цэглы – знакаміты «Крышталь».

У гэты ж перыяд часу ў горадзе адкрылася некалькі абутковых, абіўных і цыгарэтных фабрык.

Вядома ж, у горадзе было шмат лавак і крам, рынкаў. Гарадская арыстакратыя хадзіла ў паркі і наведвала рэстарацыі, для простага люду былі адкрыты больш даступныя піцейныя ўстановы.

А яшчэ ў цэнтры Менска ( цяперашнія вуліцы Рэвалюцыйная, Інтэрнацыянальная, Камсамольская, Маркса) было шмат невялікіх прыватных гасцініц. А якія назвы! «Гарні», «Адэса», «Парыж», «Нова -Берлін», «Стара -Берлін», «Лібаве», «Мачыз», «Вена», «Дагмара», «Гран – гатэль» усяго толькі на 8 нумароў. Асобна можна сказаць аб самым буйным гатэлі «Еўропа», пабудаваным у 1908 годзе. Гэта быў першы ў Менску будынак, абсталяваны ліфтам.

Як і ў кожным губернскім горадзе, у Менску было шмат прысутных месцаў. Напрыклад, у чырвоным цагляным будынку на вуліцы Карла Маркса (Падгорнай) размяшчаліся адрасны стол, гарадское паліцэйскае кіраванне, аддзяленне вышуку, земскае кіраванне, камітэт народнай цвярозасці. Цяпер там саюз кінематаграфістаў Беларусі. А вось менш прыкметны дом на вуліцы Ленінградскай, 6 (раней Пецярбургская, 6). Тут размяшчалася губернскае Жандарскае кіраванне. У 1917 годзе яго месца занялі Менскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, рэдакцыя газеты «Звязда». Цяпер тут адзін з навучальных карпусоў медуніверсітэта.

Не абдзелены горад быў і навучальнымі ўстановамі – духоўнымі і свецкімі. Многія з гэтых будынкаў захаваліся да нашых дзён. Толькі змянілі сваё прызначэнне: іх перабудавалі ў адміністрацыйныя, а то і жылыя дамы. Цагляны будынак па вуліцы Кірава, 5, у якім цяпер размясціўся камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, так бы мовіць, захаваў свой профіль.

Стольны горад

У 1918 годзе Менск быў захоплены нямецкімі акупантамі. А 25 сакавіка 1918 было абвешчана аб утварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. У студзені 1919 Менск стаў сталіцай ужо БССР. Горад ператварыўся ў велізарную будоўлю: ужо ў 1921 годзе адкрыўся Белдзяржуніверсітэт, у 1924 – Акадэмія навук.

Трыццатыя гады мінулага стагоддзя характарызаваліся ўсё тым жа будаўніцтвам новых будынкаў, новага жыцця, і адначасова разбурэннем старых будынкаў і масавымі рэпрэсіямі.

Яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Менску былі пабудаваныя ўсе будынкі, што стварылі твар сталіцы: Дом ураду, БДУ, Акадэмія навук, тэатр оперы і балета, галоўны корпус політэхнічнага інстытута, Дом друку, Дом афіцэраў, 1 – я клінічная бальніца, будынак ЦК КПБ, гасцініца «Беларусь» (пасля пабудовы вышыннага дома на Старажоўскай вуліцы пераназваная ў «Свіслач»).

Да вайны ў Менску было пабудавана шмат жылых дамоў. З дамоў, што захаваліся да нашых дзён, варта адзначыць забудовы на праспекце Скарыны пад нумарамі 43, 93.

Наогул, праблема недахопу жылля ў Менску з’явілася разам з савецкай уладай. Напрыклад, у 1925 годзе пасля працяглага рамонту адкрыўся гатэль «Еўропа», і ў яго пасялілася наменклатура,што не мела кватэр

Некалі на вуліцы Падгорнай (К.Маркса, 30 ) быў пабудаваны прыбытковы дом. Пасля рэвалюцыі ён быў нацыяналізаваны, і ў яго засялілі ў асноўным вышэйшых службовых асоб. Вось толькі лёс іх трагічны. За многімі з іх прыязджалі «варанкі», неўзабаве іх кватэры займалі больш паспяховыя чыноўнікі, але не надоўга : іх таксама везлі змрочныя энкавэдысты. Пасля вайны ў доме жыла партыйна – гаспадарчая, навуковая і творчая эліта. Цяпер дом абчэплены мемарыяльнымі дошкамі, тут размешчаны музей П.Броўкі, некалькі кватэр, частку будынку займаюць падраздзялення міліцыі. Адказ на пытанне, ці дадасца на доме мемарыяльных дошак, даведаюцца ўжо іншыя пакаленні.

Жылы дом на Маркса, 36 называюць домам пісьменнікаў. Тут жыў Уладзімір Караткевіч, ды і цяпер яшчэ насяляюць аксакалы беларускай паэзіі і прозы.

Лёсы людскія ў гарадскім інтэр’еры

Менск – дзіўны горад. Водгукі аб ім самыя розныя. Хтосьці лічыць яго шэрым, пахмурным, мёртвым. Хтосьці – светлым, чыстым і добрым, які пастаянна маладзее. Ісціна, напэўна, дзсьці пасярэдзіне.

Напрыканцы XVII стагоддзя насельніцтва Менска складала 6.000 чалавек, у сярэдзіне XIX – 31.000, у 1940 годзе – амаль 300.000 насельніцтва, пасля вайны – 50.000 насельніцтва, цяпер – 1.741.400 чалавек. Пытанне ў тым, колькі з іх карэнных менчукоў. Зусім няшмат. Гэта лёс усіх сталіц.

У тэатрах і музеях усё менш інтэлігентных бабулек з нязменнымі сумачкамі – рыдыкюлямі. Яны сыходзяць… А разам з імі і частка гісторыі краіны, і кавалачак жыцці кожнага з нас.

Неяк зрабіўшы сабе выхадны, шпацыравалі па Менску.

– Нават не верыцца, што на месцы цяпліц ужо пабудаваныя дамы. Здаецца, зусім нядаўна нас са школы вазілі туды на практыку. І такая вялікая адлегласць была ад вуліцы Сердзіча да цяпліц…

– А наша школа брала шэфства над помнікам у Масюкоўшчыне, – гэта ўжо кажа мой спадарожнік. – Так таксама па тых часах адлегласць ад Альшэўскага будзь – будзь. А ты памятаеш кветкавы базарчык на канцавым прыпынку 13 тралейбуса ?

– А ты памятаеш рынак на месцы цяперашняга будынка адміністрацыі Цэнтральнага раёна?

– Бацькі звычайна там куплялі кавуны, каб не цягнуць з Камароўкі.

І раптам як ўдар:

– Што вы лухту вярзеце, я ў Менску 20 гадоў жыву, не было там ніякіх базарчыка і рынкаў, – нахабна ўлезла ў чужую размову нейкая дама.

– Нам лепш бачна, мы нарадзіліся ў Менску.

– У-у -у…

Аб Менску можна расказваць шмат. Кожны ягоны будынак – гэта гісторыя, а то і легенда. Вось, напрыклад, непрыкметны дом на вуліцы Рэвалюцыйнай, 2 – адзін з самых старых будынкаў у горадзе. Тут былі аптэка, пошта, мужчынскае духоўнае вучылішча, у 1921-24 гадах размяшчаўся Інстытут беларускай культуры – правобраз Акадэміі навук, пазней – НКВД, пракуратура. А цяпер – навукова – асветніцкі цэнтр імя Ф. Скарыны. Атрымліваецца, усё вяртаецца на кругі свая. І няхай спрачаюцца аб мэтазгоднасці аднаўлення Менскай ратушы і гасцініцы «Еўропа». Адна ўжо ёсць, а другая абавязкова будзе! Адкрываючы забытыя старонкі гісторыі, мы будзем лепшымі і мудрэйшымі. А горад нават для «прышлых» людзей стане не толькі прэстыжным месцам жыхарства, але і часткай іх саміх.

Аксана Яноўская, «Экспрэс – навіны»



Categories: Гісторыя

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: