Алексіевіч: пра палітвязняў гавораць «толькі праваабаронцы, людзі ў нацыянальных аб’яднаннях і пісьменнікі»

Святлана Алексіевіч прэзентавала ў Берліне сваю новую кнігу «Час сэканд-хэнд». Амаль гадзіну яна адказвала на пытанні вядучай. Прапануем некаторыя адказы пісьменніцы.

* * *

«У мяне ў кнізе ёсць аповед дзяўчыны, якая ўдзельнічала ў Беларусі ў падзеях супраць Лукашэнкі. І калі настаўнік у школе даваў ім «Архіпелаг Гулаг», то яна не чытала. Яна рашыла, што гэта тоўстая, нудотная кніга ды і каму цікавая гэтая гісторыя: хто сёння будзе адзяваць чалавеку ў турме пакет на галаву?

Аднак следчы выклікаў яе і сказаў: не будзеш гаварыць — ножку венскага крэсла ў задні праход — і загаворыш, як міленькая. Мы з ёй гаварылі аб тым, чаму свабода не перадаецца, а ножка венскага крэсла перадаецца?

Я не думаю, што Лукашэнка сам даваў загад на гэта (жорсткасць — аўт.). Але калі па ўсёй краіне пачаліся арышты, людзі імгненна ўзгадалі, што трэба рабіць: КДБ пачало арыштоўваць, людзі сталі даносіць, а іншыя людзі сталі баяцца. Сталінская машына завялася імгненна…»

Пра свабоду і пакуту

«Самае вялікае пытанне, якое ў мяне засталося на працягу ўсёй кнігі: чаму такая вялікая пакута нашых народаў не канвертуецца ў свабоду? Чаму мы столькі пакутвалі?..»

У рускай літаратуры паміж Салжаніцыным і Шаламавым ёсць вялікая спрэчка. Салжаніцын казаў, што лагер ачышчае чалавека — той выходзіць адтуль моцным.

Шаламаў сцвярджаў, што лагер разбэшчвае чалавека: калі чалавек выходзіць адтуль, то ён можа жыць толькі ў лагеры. Як выявілася, Шаламаў меў рацыю: чалавек, які ўвесь час жыў у лагеры, ён і будуе пасля толькі лагер, не ведаючы, што можна пабудаваць іншае.

Я думаю, што тут вялікая віна нашай інтэлігенцыі, бо мы замаўчалі. Замест нас на трыбуны выйшлі генералы, бандыты, алігархі, палітыкі. Нас паралізавала немата — мы cаступілі сваё месца.

Мне ж заўсёды здавалася, што чалавек, які выйшаў з кухні, дзе столькі гаварыў пра свабоду, — ён павінен быў працягнуць гэты шлях».

Пра боязь сістэмы

Апісваючы забарону «Архіпелага Гулаг» і падзеі 1991 года, пісьменніца ўзгадала: «Сёння мы здаемся сабе наіўнымі, таму што ўяўлялі, што свабода будзе вельмі хутка. І для яе, для свабоды не было нічога акрамя, як пасля высветлілася, нашых мараў. Калісьці ж цэлыя пакаленні саджалі ў турму толькі за тое, што яны распаўсюджвалі «Архіпелаг ГУЛАГ».

І сістэма баялася. Ёй здавалася, што калі людзі прачытаюць гэтую кнігу, то ўсё ўзарвецца. І вось адбылася перабудова. 90-я гады. Надрукавалі Шаламава, «Архіпелаг ГУЛАГ», але ўсе беглі паўз гэтыя прылаўкі, не гледзячы на іх… Людзі беглі каштаваць «новае жыццё». Я лічу, што праўда пра Гулаг спазнілася на некалькі пакаленняў.

Аднак разам з тым мінулае для нас — гэта нейкае табу, яго баяцца. Яго баіцца не толькі Пуцін, улада — яго баіцца само грамадства. (…) Бо калі ў СССР забраць перамогу, то застанецца адзін Гулаг.

Ведаеце, прасцей за ўсё вымавіць гэту мантру, што вінаваты Пуцін, вінаваты Лукашэнка — насамрэч усё глыбей. Гэта ідзе нейкая ўнутраная замова грамадства на рэстаўрацыю нейкага новага варыянта Савецкага саюза — адзінай ідэі».

Пра страх і «пах крыві»

«Я жыву ў Мінску. Пасля пратэстаў супраць выбараў было арыштавана каля тысячы чалавек — некаторыя застаюцца зняволенымі і па сёння.

Але з кім не загаворыш на вуліцы, ці са знаёмымі — не з майго кола, а з нармальнага — ніхто пра гэта не гаворыць і не думае. Пра іх гавораць толькі праваабаронцы, людзі ў нацыянальных аб’яднаннях, пісьменнікі — такая тоненькая частка грамадства.

Народ жа заняты тым, як купіць старэнькую машыну, з’ездзіць у Егіпет, вывучыць дзяцей, ён заняты жыццём. На вуліцу выходзіць у вялікіх гарадах — Маскве і Пецярбургу — частка паспяховых маладых людзей і студэнты.

Ведаеце, гэта нейкая нашая бездапаможнасць перад сучаснасцю. Адзінае адрозненне нашых праблем ад вашых праблем у тым, што калі вось так гаворыш у аўдыторыі ў Расіі, то адчуваецца якісьці «пах крыві». У нас заўсёды небяспека крыві. У нас няма страху перад смерцю. Гэта неяк генетычна перадаецца і гэта дзіўная рэч».

Пра будучыню, якую нельга прадказаць

«У кнізе я хацела паказаць рэальнае жыццё, як мы жылі. Гэта не было так, што мы ўсё сядзелі скукожаныя.

Гэта не было маўчаннем. Гэта было імкненнем прасцей пражыць сваё жыццё. І гэта было ўяўленне ідэалістычнага. Я гэтаксама, як і мае аднакласнікі, марыла паехаць на БАМ (усміхаецца — Аўт.)…

Я зразумела, што «хімічна чыстага» зла не існуе. Мой вопыт пяці кніг, дзе на працягу сарака гадоў я адсочвала вобраз савецкага чалавека, проста чалавека, гаворыць пра тое, што тая машына, што была ў нас, яна пераўтварала: чалавек мог быць ахвярай, а пасля і катам.

Зло ў чалавеку невідавочнае. Калі я пачала размаўляць з людзьмі, то выявілася, што зло амаль у кожным з нас. І гэта адская праца: супрацьстаяць злу ў сабе. І гэта неабавязкова павінен быць 1937 год…

Мне цяжка сказаць, якой будзе будучыня. Толькі Чэхаў мог дазволіць сабе сказаць, што праз сто гадоў будучыня будзе цудоўная (яго героі гэта часта паўтараюць). Я паўтару толькі тое, што мы не ведаем, якім будзе чалавек і якімі мы будзем. Будучыню сёння нельга прадказаць».

Ілья Лапато, «Салідарнасць»

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=116705



Categories: Асобы, Літаратура, Мараль

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: