У артыкуле робіцца чарговая спроба асэнсавання сучаснай беларускай сітуацыі. Абапіраючыся на сцверджанне Бэныдыкта Андэрсана, выбітнога даследчыка нацыятворчых працэсаў, пра тое, што «Быць нацыяй – гэта, па сутнасці, самая ўніверсальная легітымная каштоўнасць у палітычным жыцці нашага часу”, ставіцца пад пытанне правамернасць песымістычных высноў пра нежыццяздольнасць беларускай нацыянальнай супольнасці. Даводзіцца пра неабходнасць і магчымасць змянення ў лепшы бок становішча з гістарычным і нацыянальна-культурным выхаваннем грамадзян Беларусі, выхаваннем, якое сучаснае кіраўніцтва краіны спрабуе ўціснуць у свае аўтарытарныя схемы разумення.
Пасажырскі цягнік Магілёў-Мінск, вагон нумар пяць, месца 37. Бягу, на хаду чытаю неабходныя для пасажыра звесткі, не паспяваю, за некалькі вагонаў да свайго з цяжкім заплечнікам саджуся ў цягнік і далей прабіраюся на сваё месца па вузкім праходзе. Звычайны беларускі цягнік, сядзячыя месцы, ехаць некалькі гадзінаў, па дарозе ўключаць якое кіно – мабыць не засумую.
Пакуль правадніца збірала білеты і ўладкоўвала некалькіх занадта заклапочаных кліентаў у вагоне вялося радыёвяшчанне, у эфіры гучала адна з беларускіх FM-станцый. Музыка – брутальная расейскамоўная папса, між кампазыцыямі вядучыя адным жаночым і двума мужчынскімі галасамі спрабавалі жартаваць на тэму сэксу, атрымлівалася дрэнна, нават жудасна, пасажыры рабілі выгляд, што не чуюць гэтых вычварэнскіх спробаў нарадзіць лёгкі, жартаўлівы настрой, стараліся не сутыкацца позіркамі, каб не прыйшлося сарамліва чырванець адзін перад другім, маладая маці з дзіцём, іх месцы былі перад маім, падчас самай брыдкай часткі дыялогу вядучых узяла малое на рукі і пачала паказваць птушачак, што лёталі за вакном над перонам.
Адзін мужчына, які знаходзіўся ў супрацьлеглым канцы вагона з свайго месца, мабыць, зрабіў заўвагу правадніцы наконт выбару радыёстанцыі, і, напэўна, не дачакаўшыся рэакцыі, сам падыйшоў к правадніцкаму штабу-купэ. Размаўляючы па-беларуску, ён запатрабаваў кнігу скаргаў. Я не ведаю ці пакінуў ён там свой запіс, але чуў як ён даволі доўга, апелюючы да разумення і добрай волі, даводзіў пра немагчымасць праслухоўвання такіх праграм у вагоне, дзе едуць нармальныя людзі і галоўнае дзеці, пра засілле нізкаякаснага расійскага блатнога шансона ў FM-эфіры, і г. д. Так ці інакш, а радыёстанцыя была адключана і ў хуткім часе нам была прапанавана мастацкая стужка.
Маё месца знаходзілася ў пачатку вагона па праваму раду, насупраць, з левага боку ад мяне, сядзелі яшчэ некалькі чалавек. Адна з іх, жанчына сталага ўзросту, падчас маналогу невядомага беларускамоўнага спадарожніка не выказвала ніякай рэакцыі, але калі той заняў сваё месца ў другім канцы вагона, пачала з абурэннем выказваць сваё стаўленне да роднай мовы: “Не, я таксама ў школе вучыла беларускую, добра яе ведаю, але ж беларуская мова – мова змяшаная з суседніх, не самастойная”. Аперыруючы гэтым аргумэнтам, яна некалькі разоў за час паездкі голасна, тонам, у якім было чуваць незадаволеннасць і пагарду да прадмэту абмеркавання, звярталася не то да сваёй суседкі, не то да правадніцы. А за дваццаць-трыццаць хвілінаў да прыбыцця з дынамікаў нас зноў пачалі частаваць прыкладна такога ж самага гатунку музыкай, якая грала пры адпраўленні. Прысутныя маўчалі, маўчаў і я. Вагон нумар пяць рухаўся згодна раскладу. Я ўжо было падумаў пра поўнаю перамогу ў маўклівай прасторы нашага вагона песні невядомага мне расійскага выканаўцы, у якой маладзён апатычным, аднак поўным упэўненасці голасам спяваў: “Алёна даст!”. Але перад самім прыбыццём злева ад мяне, зусім побач з той кабетай, у хлопца, які таксама як і іншыя ніякім чынам не праяўляў цікавасці да моўнага пытання, мабільны тэлефон задзірліва зароў песняй “Грай” С. Міхалка. Тое ўразіла відаць не толькі мяне, бо адразу некалькі галоў закруціліся ў пошуках вытоку мелодыі. Вось у такім статычным вагоне давялося аднойчы дабірацца да Менску.
Так, сапраўды адзінства ў разуменні нацыянальных беларускіх праблем няма як у шэраговых грамадзян, так і ў беларускай інтэлегенцыі, інтэлектуальнай эліты. Варта адзначыць, што некаторыя вострыя нацыянальныя пытанні дасюль застаюцца не вырашанымі. Але ці можна казаць пра немагчымаць дабудаваць наш агульны беларускі дом, ці так ужо шмат чаго мы згубілі, што не зможам ужо людзьмі звацца? Скептыкі кажуць, што Беларусь страціла свой шанец і ніколі ўжо не зойме свой пачэсны пасаг між народамі. Пры гэтым часта абапіраюцца на працу Бэнэдыкта Андэрсана “Уяўныя супольнасці”.
У ёй аўтар пераканаўча даказвае, што нацыі паўсталі ў мадэрновы перыяд пачынаючы з канца васямнаццатага стагодзя, і з’яўляюцца ў значнай ступені штучнымі і выпадковымі ўтварэннімі. Але калі прыкласці асноўныя палажэнні і ідэі, якімі карыстаецца і да якіх прыходзіць Андэрсан у сваім грунтоўным аналізе, да нацыянальнай сітуацыі ў Беларусі, то атрымаецца не такая ўжо і фатальная перспектыва.
Па першае, гэта сама выснова даследчыка пра актуальнасць нацыяў у сучасным свеце, а яна наступная: “Рэальнасць цалкам ясная: “канец эпохі нацыяналізму “, які так доўга прадракалі, яшчэ вельмі і вельмі далёка. Быць нацыяй – гэта, па сутнасці, самая ўніверсальная легітымная каштоўнасць у палітычным жыцці нашага часу” . Такім чынам, негледзячы на некаторыя прагнозы калегаў Андэрсана па канструктывісцкаму цэху, маўляў, нацыі знікнуць саступіўшы месца сацыяльным класам, прагнозы гэтыя, прынамсі па Андэрсану, можна лічыць памылковымі.
І сапраўды, калі нацыям наканавана існаваць яшчэ вельмі доўга, то класы ўжо зараз перажываюць значныя трансфармацыі. Напрыклад, клас пралетарыяту ў эканамічна развітых краінах значна скараціўся і змяніўся якасна, яго ў некалькі разоў перавышаюць колькасць тых, хто заняты ў сферы паслуг і адукацыі. Знікае катэгарычная падзеленасць на класы, адзін і той жа чалавек у наш час можа быць і фермерам, і навукоўцам, і журналістам.
Па другое, нацыі па Андэрсану з’яўляюцца ўяўнымі супольнасцямі, у тым сэнсе, што нацыі гэта “ўяўная палітычная супольнасць, і ўяўлена яна як нешта непазбежна абмежаванае, але ў той жа час суверэннае….На самай справе, усе супольнасці буйней першабытных вёсак, аб’яднаных кантактам твар-да-твару (а, можа быць, нават і яны), – уяўныя…І нарэшце, яна ўяўная як супольнасць, паколькі незалежная ад фактычнай няроўнасці і эксплуатацыі, якія ў кожнай нацыі могуць існаваць, нацыя заўсёды разумеецца як глыбокае, гарызантальнае таварыства”. Такім чынам, асноўны крытэрый, па якім можна рабіць выснову аб існаванні нацыі – самаўсведамленне сябе нацыяй – у нас беларусаў ёсць і на дадзены момант не выклікае сумневу. З часу правядзення першага перапісу, канец 19 стагоддзя, і па сённяшні дзень прадстаўнікі тытульнай нацыі лічаць сябе менавіта беларусамі. Спадарожныя прычыны, якія аказваюць уплыў на нацыястваральныя працэсы ў нас таксама маюцца, напрыклад, гарызантальныя міграцыі функцыянераў, ці “імгненна пазнавальны і паўсюль заўважаны, лагатып карты”, які “глыбока ўкараняўся ў масавае ўяўленне”, і іншыя.
Ва “Уяўных супольнасцях” аўтар разглядае адзін важны механізм уздзеяння на нацыянальную свядомасць з мэтаю яе кансалідацыі, гаворка ідзе аб “сістэматычнай гістарыяграфічнай кампаніі, разгорнутай дзяржавай галоўным чынам праз дзяржаўную сістэму адукацыі”, задачай гэтай кампаніі быў напамін кожнаму маладому чалавеку “аб серыі старажытных масавых забойстваў, якія захоўваюцца ў свядомасці як “радавая гісторыя”. І на прыкладзе трагічных падзей Варфаламееўскай ночы даводзіцца пра немалую ступень прымусу ў фармаванні нацыянальнай свядомасці французаў. “Прымушэнне “ўжо забыцца” тыя трагедыі, у бясконцым “напамінку” аб якіх чалавек мае патрэбу, аказваецца тыповым механізмам найпозняга канструявання нацыянальных генеалогіяў”.
Але калі пайсці ў адваротным кірунку андэрсанаўскага разгляду, ды задацца пытаннем: што б атрымалася калі б французы не забыліся пра тыя даўнія падзеі? Напэўна паўстала б дзве альбо некалькі варагуючых дзяржаў, і памяць пра ахвяры канфесыйных сутычак і войнаў толькі падпітвала б новыя хвалі фізычнага гвалту. Таму відавочна з пункту гледжання сучаснай французкай нацыі, якая здзейснілася, такое “забыванне” дало свой плён. Больш за тое тут трэба адзначыць і немалую ступень добраахвотнасці французаў уз’яднацца ў адной рознаканфесыйнай дзяржаве, бо безумоўна ў іх гісторыі былі і іншыя варыянты.
Неабходнасць забывання, індывідамі і народамі, выдатна паказаў, у свой час яшчэ Ф. Ніцше: “Весялосць, спакойнае сумленне, радасная дзейнасць, давер да будучыні – усё гэта залежыць як у асобнага чалавека, так і ў народа, ад таго, ці ўмее ён аднолькава добра своечасова забываць, як і своечасова ўспамінаць, ад здольнасці здаровага інстынкту вызначаць, калі трэба адчуваць гістарычна і калі – негістарычна… Гістарычнае і негістарычнае аднолькава неабходныя для здароўя асобнага чалавека, народа і культуры.”
У сваёй працы “Аб карысці і шкодзе гісторыі для жыцця”, з якой узяты вышэй прыведзены ўрывак, Ніцше дзяліў гісторыю на тры роды – манументальны, антыкварны і крытычны. Для разгляду нашай беларускай сітуацыі будзе цікава скарыстацца дадзенай формай. Коратка пра тое, што кожны з іх уяўляе. Манументальнай гісторыі прызначана папулярызатарская і выхаваўчыя роля, на гераічных прыкладах выбітных асобаў, на захапленні велічнымі падзеямі, яна выхоўвае наступныя пакаленні. Антыкварная гісторыя павінна стаяць на варце захавання гістарычнай спадчыны. Крытычная гісторыя пераглядае і пераасэнсоўвае гістарычныя падзеі, але робіцца гэта толькі дзеля таго, каб супольнасць мела магчымасць жыць далей, то бок, адкідваюцца ранейшыя нежыццядзейныя высновы і ўводзяцца новыя з пункту гледжання нацыянальнага здароўя. І кожны з гэтых трох родаў гісторыі адпавядае сваёй уласнай функцыі і садзейнічае жыццю толькі калі прымяняецца да месца і да часу. Інакш атрымоўваецца адваротнае – гіпастазаванне і павелічэнне ролі аднаго роду за кошт іншых прывядзе толькі да адмоўных вынікаў.
Таму, хто хоць крыху ведае становішча гістарычнага выхавання ў сучасным беларускім грамадстве, цалкам зразумела, што ў нас тры вышэйзгаданыя роды гісторыі і блізка не знаходзяцца ў гарманічным адзінстве. У цяперашняй афіцыйнай манументальнай гісторыі пераважаюць каштоўнасныя погляды і міфы савецкага перыяду, памяць і адлюстраванне ролі бальшыні выбітных гістарычных асоб і падзей падменены альбо выцеснены. Стаўленне да антыкварнай гісторыі яскра праяўляюцца ў адносінах да гістарычных помнікаў і артэфактаў важных для беларускай нацыянальнай культуры, гэтыя адносіны вельмі часта набываюць знішчальны характар. А вось крытычны накірунак у нас яўна пераважае і ўяўляе небяспеку для нацыі, прычым, пануе яго штучная і антыбеларуская версія.
Пачынаючы ад шкоднага ўздзеяння на дзяржаўным узроўне, калі пад дзейсны рэжым перапісваецца гісторыя, калі вядзецца пераслед выкладчыкаў за выданне праўдзівай гістарычнай літаратуры, нязручнай сучаснаму рэжыму, альбо калі праплочанныя рэжымныя ідэолагі зневажаюць выбітныя постаці нашай гісторыі. Далей, цераз хаўтурнае лямантаванне над “няжыццяздольнасцю” нашай гістарычнай спадчыны, расчараванымі былымі “адраджэнцамі”. І скончваючы дэструктыўнымі спрэчкамі ў інтэрнэце, дэструктыўнымі ў сэнсе значнага ўплыву ў сеціве тролінга і беларусафобскіх элементаў, і адмоўчваннем збітых усім гэтым беларусаў, якія маглі б нешта супрацьпаставіць, – дык вось, гледзячы на ўсё гэта становіцца цалкам зразумела, што ў нас з большага развіваецца толькі крытычная гісторыя і не на карысць Беларусі.
Зараз у нас кожны, хто захоча ў інтэрнеце, альбо, скажам, у навучальнай установе падчас ідэялагічнага мерапрыемства, проста сцвердзіць нешта станоўчае, павучальнае з нацыянальнай гісторыі, што не ўкладаецца ў ідэалагічныя схемы, павінен будзе адбіць нападкі непрыяцеляў беларушчыны, валодаючы ведамі студэнта старшакурсніка, а то і выпускніка гістарычнага факультэта (і пры гэтым такі “разумнік” заўсёды павінен быць падрыхтаваны да звальнення, выключэння). У нашых суседзяў-расіян, напрыклад, грамадзяніну, які ў жыцці займаецца справамі далёкімі ад сферы грамадска-палітычных навук дастаткова ведаць два-тры базавыя нацыятворчыя міфы, каб упэўнена адчуваць сябе ў межах нацыянальнай ідэнтычнасці. У нас кожнаму нацыянальна свядомаму чалавеку ад прафесара да простага пачынаючага электрыка, выпусніка ПТУ, неабходна валодаць высокай гістарычнай культурай, каб у любы момант сумець адказаць на падступныя пытанні. Было б выдатна калі ўсе беларускія электрыкі былі б яшчэ і дактарамі гістарычных навук, але такое на жаль не магчыма нідзе, ні ў якой краіне. Нацыя складаная шматузроўневая супольнасць і асобны чалавек не можа быць адмыслоўцам ва ўсіх сферах. Усе гэта адбываецца праз манаполію сучаснай улады ў Беларусі на гістарычную навуку ў галіне нацыянальнай адукацыі.
Увогуле, што да гістарычных міфаў, то ўлічваючы факт таго, што нашай гісторыяграфіі амаль пастаянна даводзіцца адваёўваць сваю спадчыну ў суседзяў, найперш расіян, то нашыя міфы выглядаюць куды больш абгрунтаванымі і куды больш дакладнымі ў супадзенні з гістарычнай рэчаіснасцю. Таксама не варта забываць, што само паняцце “міф” для даследчыка нацыятворчых працэсаў і для абывацеля мае не аднолькавы змест. У паўсядзённым ужытку пад міфам часта разумеюць аповед вельмі далёкі ад праўды, нават выдумку. Даследчык жа пад міфам разумее гістарычную падзею так, як яна сфармаваласяў нашым уяўленні, гэтым самым падкрэсліваецца толькі тое, што мы ніколі не зможам цалкам праўдзіва перадаць гісторыю, некаторая ступень суб’ектывізму заўсёды будзе прысутнічаць. Навукоўцы, пісьменнікі, якія бяруцца за нацыянальныя пытанні не заўсёды напамінаюць чытачу пра гэту розніцу.
Падкрэсліваючы вялікую долю штучнасці ў працэсах утварэння нацыяў, Б. Андэрсан выкарыстоўвае наступныя прыклады: “Падручнікі ангельскай гісторыі прапануюць увазе збіваючае? з толку відовішча вялікага Бацькі-заснавальніка, якога кожнага школьніка вучаць называць Вільгельм Заваёўнік. Таму ж дзіцяці не паведамляюць, што Вільгельм не размаўляў па-ангельску і, па праўдзе кажучы, наогул не мог на ёй размаўляць, паколькі ангельскай мовы ў той час яшчэ не было, не кажуць дзіцяці і пра тое, ”Заваёўнікам” чаго ён быў. Бо адзіна мажлівым сучасным адказам было б: “Заваёўнікам ангельцаў”, – што ператварыла б старога нарманскага драпежніка ва ўсяго толькі больш ўдачлівага папярэдніка Напалеона і Гітлера”. Альбо вось яшчэ, крыху раней: “Вільгельм Заваёўнік і Георг I, абодва нават не размаўлялі па-ангельску, працягваюць беспраблемна здавацца пацеркамі, ўплеценымі ў калье “каралі Англіі”. Тут з факталагічнай падачай здаецца усё правільна, не станем спрачацца з правамернасцю выкарыстоўвання згаданых прыкладаў у гістарычным выхаванні, пакінем гэта ангельцам. Для сябе проста падкрэслім гэтымі прыкладамі вялікае значэнне гістарычных міфаў у стварэнні нацый, падкрэслім і перайдзём да нашага разгляду.
У нашым нацыянальным беларускім дыскурсе адным з вядомейшым і часта цытаваным у СМІ даследчыкам беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і міфатворчасці з’яўляецца філосаф В. Акудовіч, вось, што ён піша ў зборніку сваіх эсэ “Код адсутнасці”: “Але нам усё яшчэ падаецца абгрунтаваным сашчэплiваць ідэяй нацыянальнай Беларусi ў нейкую вектарна паслядоўную i трывалую еднасць Усяслава Чарадзея i Цiшку Гартнага, Кiрылу Тураўскага i Стэфана Баторыя, Сымона Буднага i Пятра Машэрава”, і крыху далей: “ І з якiм дзiвам, абурэннем цi рогатам успрыняла б бальшыня герояў тых размаiтых i ўжо даўно прамiнулых сусветаў звестку з будучынi, што яны, атрымлiваецца, працавалi, змагалiся, пакутавалi i ахвяравалi сваiмi жыццямi на карысць iдэi нацыянальнай”. Такім чынам аўтар адмаўляе ва ўключэнні ў пантэон беларускіх героеў згаданых дзеячаў, пры гэтым ён выдатна разумее значнасць нацыянальных міфаў, бо ў іншым месцы, у главе прысвечаннай Другой сусветнай вайне, чытаем: “Нацыя, як “уяўная супольнасць”, набывае сваю рэальнасць толькі ў міфах і адно праз міфы. Калі заўгодна, Нацыя — гэта нішто іншае, як міф пра Нацыю.”
Гэтыя высновы, пра недарэчнасць далучэння да ліку беларускіх дзеячоў Усяслава Чарадзея ці Вітаўта Вялікага, шырока разыйшліся і былі без крытычнай ацэнкі, шматразова паўтораны і ў сеціве, на розных форумах, і ў папяровых версіях некаторых выданняў. Асабіста я лічу недарэчнымі самі гэтыя высновы. Бо, па-першае, гэтыя гістарычныя міфы ніколькі не горшыя, ніколькі не менш значныя за міфы іншых народаў. Па-другое, дазволю сабе раскошу сумневу над сцвярджэннем, што з “дзiвам, абурэннем цi рогатам” успрынялі б яны такую навіну. Калі б ім нейкім чынам удалося апынуцца ў нашым часе і з тымі ведамі, якія ёсць сёння ў нас, пра гістарычнае развіццё Беларусі і народа, пра зменлівыя абставіны, зламаныя лёсы, напружанне далейшай барацьбы, колькасць ахвяр гэтай барацьбы за лепшую долю той зямлі, за якую змагаліся і яны, хай сабе ў іх час яна і не называлася Беларуссю, – калі б яны ведалі ўсё гэта, то ці не загукалі б і яны ва ўвесь голас: “Жыве Беларусь!”
На думку Акудовіча, беларуская нацыянальная ідэя збанкрутавала, з гэтай нагоды ён прапануе адмовіцца ад яе на карысць адзіна магчымага дыскурсу Беларусі. Што ж за штукі такія, нацыянальны дыскурс і нацыянальна ідэя? Зыходзячы з разнастайных інтэрпрытацый – вельмі неадназначныя паняцці, але напэўна не будзе памылкай, калі наўскідку вызначыць дыскурс нацыі як усё тое, што было сказана і гаворыца зараз, у наш час, аб дадзенай нацыі і краіне, у якой нацыя з’яўляецца тытульнай, маецца на ўвазе ўсё змястоўна сказанае не важна кім. А нацыянальнай ідэяй будзе ўсё тое, што сама нацыя адабрала і працягвае адбіраць для сябе з дыскурсу як ідэяльныя каштоўнасці, з мэтай самаарганізавацца вакол сваіх нацыянальных інтарэсаў, выкарыстоўваючы свае, такім чынам, адабраныя і адбіраемыя каштоўнасці. Галоўнай жа ў іерархіі каштоўнасцей нацыі будзе, безумоўна, катэгорыя нацыянальнага быцця. Галоўная роля ў выбары каштоўнасцей належыць нацыянальнай эліце. Пры далейшым разважанні на гэту тэму прыдзецца прызнаць, што немагчыма замяніць беларускую ідэю дыскурсам аб Беларусі не страціўшы саміх беларусаў, бо для любой нацыі неабходна і першае і другое.
Калісці, у часы сярэдневечча, на Беларусі збольшага мірна ўжываліся прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій і нават розных рэлігій, пад словам “збольшага” я маю на ўвазе параўнаўча невялікія па колькасці і памерах міжканфесіянальныя і міжрэлігійнай варажнечы. У тыя часы калі рэлігійная прыналежнасць была ня меньш, а то і больш важнай, чым этнічная, на плошчах нашых гарадоў маглі адначасова месціцца праваслаўная царква, каталіцкі касцёл, сінагога, мячэць. І нічога, неяк ужываліся і нават разам змагаліся супраць ворагаў. Так што мы сучасныя беларусы можам з поўным на тое правам казаць пра сваю шматвекавую верацярпімасць і нават ставіць сябе ў гэтым як прыклад краінам, якія лічаць сябе больш цывілізаванымі на сёння. Гэта велічны, прыгожы і да таго ж праўдзівы беларускі гістарычны міф.
Але зараз у наш час на першы план выходзіць ідэнтычнасць нацыянальная і пакуль нацыі існуюць, нам прыдзецца рабіць выбар на карысць адной з магчымай на нашай зямлі нацыянальных ідэй. Зараз на дадзены момант амаль 84 адсодкі сучасных жыхароў Беларусі лічаць сябе беларусамі, таму і нацыянальнай ідэяй тут на Беларусі павінна быць беларуская. Яе вельмі актыўна спрабавалі знішчыць альбо прынізіць, па магчымасці маргіналізаваць расійскія імперскія, а потым і савецка-імперскія сілы. Галоўным ідэялагічным накірункам гэтай стратэгіі стаў заходнерусізм. Не аслабляе гэта ідэалогія свой ціск і зараз, робіцца гэта пры дапамозе кішэннага дыктатарскага рэжыму праплочанага з нафтадаляравых прыбыткаў, які працягвае прасоўванне міфу пра адзіны вяліка-бела-мала-рускі народ.
Што тычацца іншых магчымых нацыянальных ідэй, напрыклад, габрэйскай, альбо польскай, то на дадзены момант і на бліжэйшую перспектыву паўстаць тут як самастойныя яны не змогуць. Бо калі Ізраіль і Польшча здзейсніліся як паўнавартасныя нацыянальныя дзяржавы, тутэйшыя палякі і габрэі дэ юрэ і дэ факта атрымалі статус нацыянальнай меншасці, а ў свядомасці дакладнае разуменне, што менавіта там у Тэль-Авіве і Варшаве знаходзіца ад гэтага часу сэрца і розум іх нацый.
У дэмакратычнай дзяржаве на заканадаўчым узроўні павінна быць замацавана раўнапраўнасць этнічных супольнасцяў. Незалежная беларуская дзяржава з натуральнай неабходнасцю павіна гарантаваць усім прадстаўнікам іншых нацыянальнасцяў магчымасць карыстацца сваімі мовамі, жыць паводле сваіх традыцый. Але што тычыцца нацыянальных ідэй, то гісторыя паказала, што калі на нашай тэрыторыі спрабуе аформіцца польская нацыянальная ідэя, то атрымоўваюцца ўсходнія крэсы, а калі тут замацоўваецца расійская нацыянальная ідэя атрымоўваецца Паўночна-заходні край, пры розных палітычных сістэмах у розных варыянтах, але заўсёды як правінцыя імперыі, з усімі наступствамі гэтага статусу.
Да пытання карэктнасці беларускіх гістарычных міфаў можна дадаць, што замены больш лакальных этнічных вызначэнняў такіх як “літвіны”, “палешукі”, “тутэйшыя” у 19-20 стагоддзях на агульнанацыянальнае – беларусы – адбылося не ў выніку змены, заваявання аднім народам іншага, а эвалюцыйным шляхам, у выніку ўсведамлення, альбо, калі па Андэрсану, уяўленя, саміх сябе адной супольнасцю. Гэтаму ўсведамленню моцна паспрыялі і нацыянальна-вызвольнае паўстанне Кастуся Каліноўскага, і дзейнасць беларускіх адраджэнцаў другой паловы 19 – пачатку 20 стагоддзяў. Такая эвалюцыйная пераемнаць дае права лічыць не нечым чужародным падзеі, асобы, культурныя здабыткі старадаўніх эпох, напрыклад, часоў Полацкага княства, а па праву належачымі нашай гісторыі і нацыі.
Адно з важнейшых пытанняў у Андэрсана: чаму за нацыю гатовы паміраць? “У канчатковым рахунку, менавіта гэта братэрства (гарызантальнае таварыства) на працягу двух апошніх стагоддзяў дае шматлікім мільёнам людзей магчымасць не столькі забіваць, колькі добраахвотна паміраць за такія абмежаваныя прадукты ўяўлення”, – адзначае Андэрсан. Сам даследчык лічыць, што для разумення гэтага неабходна звязаць нацыяналізм з “шырокімі культурнымі сістэмамі, якія яму папярэднічалі і з якіх і ў супрацьвагу якім – ён з’явіўся”. Тут маюцца на ўвазе перш за ўсё дзве такія сістэмы – рэлігійная самасвядомасць, рэлігійнасць і сістэма дынастычных манархій. У часы заснавання першых нацыянальных дзяржаў гэтыя сістэмы перажывалі эрозію і новыя ўтварэнні з неабходнасцю перанялі шмат таго, што раней належыла да “кампетэнцыі” згаданых структур, напрыклад – пытанні жыцця і смерці.
Але дадзенае тлумачэнне амаль нічога не дае ў разуменні той самаахвярнасці, на якую здольны людзі падчас абароны таго, што яны называюць высокімі ідэяламі, у нашым выпадку нацыянальных каштоўнасцяў. І ў іншым месцы Андэрсан тлумачыць “прыроду гэтай палітычнай любові” тым, што нацыянальнасць не выбіраюць, як не выбіраюць полаваю прыналежнасць, цвет скуры, то бок тое, што не дадзена змяніць. З кантэксту “Ўяўных супольнасцяў” відаць, што самому Андэрсану, гэтая самаахвярнасць падаецца дзіўнай бо “Смерць за Радзіму, якую звычайна не выбіраюць, набывае такую маральную веліч, з якой не можа параўнацца смерць за Лейбарысцкую партыю, Амерыканскую медыцынскую асацыяцыю ці, нават скажам, за “Міжнародную амністыю”.
Але ніякай дзіўнаты ці парадаксальнасці тут няма і Андэрсан сам адказвае на сваё пытанне заўважаючы зададзенасць нашага чалавечага існавання ў сваіх фундаментальных асновах. Тое што навакольны свет з’яўляецца чалавекаразмерным заўважалі філосафы і раней. Шмат прыкладаў таму можна знайсці ў фальклёры любога народа, так, адносіны да роднага месца вызначаюцца разнастайнымі прымаўкамі, у нас, напрыклад: “Кожная сасна свайму бору песню пяе”. То бок, кажучы па-сучаснаму чалавек надае свайму існаванню, існаванню сваіх блізкіх, умовам гэтага існавання аксіялагічныя, ацэначныя характэрыстыкі. Ну а калі гэтыя характэрыстыкі ўз’ядноўваюцца яшчэ і з радавой памяццю, то адчуванне ўкаранення ў “сусвет нацыянальнага” ўзрастае шматкроць, логіка тут саступае месца анталогіі, але гэта не дрэнна і не добра – гэта дадзенасць.
Здаецца ў Б. Расала давялося прачытаць думку: “калі я не немец то ніякімі лагічнымі довадамі мяне не ўпэўніць у тым, што я ніжэйшы за арыйскую расу і не маю права на існаванне” (магчыма не даслоўна, але сэнс такі). Сапраўды, нацыянальная прыналежнасць выводзіць да праблемы існавання як асобнага індывіда, так і цэлыя супольнасці, якія адносяць сябе да якой-небудзь нацыянальнасці і альтэрнатывы гэтаму пакуль не бачна – занадта розныя, а часам супрацьлеглыя інтарэсы ў супольнасцях сучаснага грамадства на Зямлі, інтарэсы абумоўленыя гістарычнымі, рэлігійнымі, этнічнымі і іншымі чыннікамі. У гісторыі грамадска-палітычнай думкі ёсць прыклады ідэй, у якіх чалавецтва ўяўлялася як адзіная, у аснове сваёй амаль безадметная супольнасць. Некаторым такім ідэям не адна тысяча год, тут можна адзначыць шэраг рэлігійных ідэй, ёсць і больш пазнейшыя свецкія вучэнні, напрыклад, расійскія бальшавікі марылі пра ўз’яднанне пралетарыяту ўсіх краін праз полымя міравой рэвалюцыі. І дай ім волю, яны б знайшлі пралетарыят і ўчынілі б класавую барацьбу нават там дзе яго няма, нават у першабытных супольнасцях Амазоніі. Але неяк не склалася, ні ў першых, ні ў другіх. Таму і атрымоўваецца, што “быць нацыяй – гэта па сутнасці самая ўніверсальная легітымная каштоўнасць у палітычным жыцці нашага часу”.
Бясспрэчна і тое, што дзяля таго, каб уз’яднацца, народам патрэбна немалая добраахвотнасць, як адзначалася вышэй. Чаго больш у фармаванні нацый наўпроставага карыснага разліку эліт ці самаахвярнага служэння высокім ідэалам, выпадковасці ці наканаванасці? На сённішні дзень адназначнага адказу на гэтае пытанне напэўна ніхто не дасць.
Сёння ў дыскурсу аб Беларусі даволі часта можна пачуць, пра нікчэмнасць, быдлячасць, жлобскасць беларускай нацыі. Я кажу не толькі пра ідэалагічную машыну рэжыму Лукашэнкі, яго ідэолагаў, з якімі ўсё зразумела – за гарантаваную стаўку яны прасоўваюць былую савецкую ідэалогію з папраўкай на апраўданне цяперашнега аўтарытарызму. Я кажу аб той знявазе, якая сыходзіць ад людзей, якія стаяць на іншым баку барыкад. Часам яны пераўзыходзяць заходнерусістаў у садамазахісцкім імпэце знішчэння і зневажэння ўсяго беларускага.
Але псыхічна здаровы чалавек не можа роспачна зласловіць на свой народ. Так, часовая, не субстанцыйная незадаволенасць, разгубленасць – гэта магчыма, але не падсвядомая ўпэўненасць у непапраўнай заганнасці. Паспрабуйце даць волю ўяўленню і паразважаць пра нацыю ў якой дзяцей з малку вучаць, што яны належаць да самай хцівай, помслівай, крыважэрнай, бязглуздай нацыі, пры гэтым усе згаданыя якасці лічыліся б цалкам адмоўнымі. Аднак, такое грамадства нават цяжка ўявіць, хутчэй магло б здзейсніцца грамадства, з такім жа наборам якасцей, але замест хцівасці падкрэслівалі б эканомнасць, прадпрымальнасць, замест крыважэрнасці і помслівасці імкненне да справядлівасці, а бязглуздасць змяніла б здольнасць да нечаканых, творчых памкненняў. Адмоўныя якасці і мянушкі даюць адзін аднаму суседнія народы, і гэта нармальна, тут усё як у адносінах між людзьмі – мы можам пажартаваць з іншых, па-добраму ці не, а вось калі мы пачнем знішчаць сваю псіхіку пастаянным самаедствам, і прасякнемся верай у сваю поўную нікчэмнасць, поўную настолькі, што нам і месца няма сярод людзей – мы вельмі дрэнна і вельмі хутка скончым.
Нядаўна давялось чытаць інтэрв’ю Бенэдікта Сарнова на расійскай службе “Радыё Свабода”, дзе ён у расповедзе пра сваю кнігу скарыстаўся паняццем “Лесвіца Салаўёва”: “ Спачатку ўсё больш-менш у парадку, пакуль чалавек гаворыць аб любові да свайго народу, пра тое, што яго народ яму радней і бліжэй за іншых. Гэта ўсё ў межах нормы і гэта было б дзіўна і нават дзіка, калі б гэтых пачуццяў кожны нармальны чалавек не адчуваў. Але за гэтым пачынаецца наступная ступень: мой народ лепш за іншыя народы, мой народ высакародней іншых народаў, таленавіцей за іншыя народаў, разумнейшы іншых народаў. А далей пачынаецца наступная прыступка – непрыязнасць да іншых народаў. Далей ксенафобія, і тут ужо прамы шлях да фашызму.” Даволі яскравая аналогія, і з рухам да фашызму тут ўсё зразумела. А што атрымаецца калі працягнуць гэтую ўмоўную лесвіцу ў адваротным кірунку? Напэўна атрымаецца нешта падобнае: мой народ горшы за іншы, ён халопскі, дурнейшы і ні куды не варты. Не цяжка зразумець, чым стануць апошнія прыступкі – выраджэннем, знішчэннем, небыццём. Дык на якой прыступцы мы беларусы? Відавочна, што частка апусцілася ніжэй за “сярэдняю” прымальную адзнаку, на небяспечны ўзровень.
Калі праз некалькі дзесяцігодзяў ці стагодзяў Беларусь урэшце рэшт аформіцца ў незалежную нацыянальную дэмакратычныю дзяржаву, скіне з сябе дыктатуру, дасць магчымасць свабодна жыць, працаваць, развіцца ўсёй грамадзянскай супольнасці, і тым самым зазнае поспех і ў эканамічнай, і ў прававой, і ў агульнакультурнай сфэрах, то знойдзецца немала даследчыкаў, якія, азірнуўшыся на наш час, вылучаць яскравыя сведчанні, устойлівыя структуры, законамерныя тэндэнцыі да выхаду з крызісу, словам, усе неабходныя падставы для сучаснага ім росквіту. І калі здарыцца адваротнае, то бок, Беларусь страціць і незалежнасць, і шанец на развіццё, ізноў не адбудзецца без пошука і знаходак непазбежнасцяў.
Сёння мы, як і нашы папярэднікі ў свой час, закладаем падмурак для далейшага развіцця нацыянальнай і грамадзянскай супольнасці. Для аб’яднання неабходна знайсці тое лепшае, што мы маем, тыя прыклады на якія можам абаперціся. Трэба разумець, што менавіта антыбеларускія сілы, якія часта пры гэтым з’яўляюцца і антыдэмакратычнымі, уводзяць у інфармацыйную прастору раз’ядноўчыя для беларусаў ідэі. Нам спрабуюць прышчапіць думку аб тым, што каталікі і праваслаўныя, заходнікі і ўсходнікі, гараджане і сяляне, студэнты і пенсыянэры з’яўляюцца настолькі непадобнымі, варожымі адзін адному, што проста жах бярэ, бо выснова з такой “стратыфікацыі” нашага грамадства толькі адна – як толькі мы не перабілі адзін аднаго. Усе гэтыя спробы ўвесці раскол і недавер на агульнанацыянальным узроўні вядзе да мэты знішчэння ў беларусаў таго самага адчування “гарызантальнага таварыства”, якое трапна вызначыў Андэрсан, ідэі, якая фармавалася вякамі вялікім коштам, у тым ліку коштам ахвяр і памылак. І мы, сённяшнія беларусы, сваімі словамі і дзеяннямі так ці інакш спрыяем альбо супрацьстаім будучаму росквіту альбо заняпаду Беларусі.
У Віктара Марціновіча ў рамане “Сфагнум” ёсць цікавы персанаж – Серый. Згодна сюжэту гэта дарослы чалавек гадоў трыццаці-сарака, з сумніўнаым спосабам заробку на жыццё, але з устойлівымі маральнымі прынцыпамі – “паняццямі”, на якія ў значнай ступні паўплывала вулічнае выхаванне часоў распаду саветаў. Што да гістарычнай адукацыі, то Серый з’яўляецца чыстым прадуктам савецкай ідэалогіі. З гісторыі ён ведае Вялікаю Айчынную, немцаў і рускіх, і ўсе гістарычныя інтэрпрытацыі зводзяцца да гэтых аджываючых ужо міфаў. З кулакамі і гістэрыкай ён здольны іх абараняць. Калі ж адхінуцца ад непрывабнага скажонага гістарычнага зместу, якім напоўнена свядомасць гэтага персанажа, то ў выніку атрымаем імкненне чалавека да самаіндэнтыфікацыі ў сучасным праз пошукі вытокаў у мінуўшчыне, а таксама неабходныя для бальшыні сучасных людзей культурныя і гістарычныя веды, на якія можна абаперціся ў разуменні і сябе самога, і свету ў цэлым.
Асабіста мне, прыходзілася сустракаць такіх “Серых” у жыцці, праўда яны былі больш талерантныя, чым у рамане Марціновіча, і даводзячы сваю “праўду” не кідаліся ў бойку. Але так ці інакш, такія персанажы яшчэ існуюць у Беларусі. Я скарыстаў гэты прыклад, каб сцвердзіць, што калі б напоўніць свядомасць беларуса “Серага” годнымі вывучэння і пераймання роднымі беларускімі гістарычнымі міфамі, асобамі, ён будзе змагацца за добрую памяць нашага змагара за волю К. Каліноўскага і ўсім, хто прагне ліквідаваць нашу незалежнасць, будзе напамінаць пра Грунвальд і Крапіўну. А колькі з тых, хто сёння ўпэўнена, з гонарам далучае сябе да беларусаў, і добра ведае чым мы можам ганарыцца, у свой час былі, у большай ці меньшай ступені, вось такімі “Серымі”?
Для бальшыні беларусаў такія ідэальныя катэгорыі, як нацыянальная прыналежнась, мова, традыцыі яшчэ з’яўляюцца бясспрэчнымі каштоўнасцямі. Што праўда ў выніку дзейнасці антыбеларускай адукацыі далёка не ўсе добра ведаюць сваю гісторыю, і не карыстаюцца беларускай мовай. Адсюль і прыкрыя з’явы, якія раз пораз сустракаюцца ў нашым жыцці, напрыклад, нашумелы ў СМІ выпадак з кандуктаркай, якая не хацела паразумецца з беларускамоўным пасажырам. Але ці гэта прычына для абразы ўсіх беларусаў і здрады свайму? А менавіта такія адмоўныя прыклады сёння ў інфармацыйнай прасторы часцяком падводзяцца пад вобраз беларусаў, з мэтай скажэння. Ці не з’яўляецца недасканалы стан нацыянальнай свядомасці, падставай для адзінай магчымай высновы: той хто ўсведамляе сябе беларусам, павінен дапамагчы іншым усвядоміць і ўзняцца да разумення і павагі нацыянальных каштоўнасцей. Менавіта дапамагчы зразумець і далучыцца, а не зняверыць і адштурхнуць.
Недавер да сваіх здольнасцяў, практычная скіраванасць на “сініцу ў руцэ”, адмова ад смелых надзей на лепшую долю годную народу, які ведае за што можна сябе паважаць, сталася адной з прычынаў прыходу да ўлады Лукашэнкі. Маўляў, ну куды нам як немцы ці амерыканцы тыя жыць, ці мы вартыя, ну куды там наша культура, нам бы хоць як пры Брэжневе… Такі паражэнчы настрой, выкліканы шматлікімі стратамі і ахвярамі апошніх стагоддзяў, зразумелы, але ад гэтага не меньш небяспечны.
З гэтага роспачнага стану ў якім сёння апынуліся беларусы – апатыя, скаванасць, бяссілле – мы зможам выйсці толькі прыклаўшы вялікія намаганні і толькі з дапамогай нацыянальнай эліты. Менавіта эліта павінна спыніць забойчаю практыку самазнішчэння праз самаедства, праз нігілізацыю нацыянальных каштоўнасцяў. Менавіта эліта можа прыпыніць разбуральныя працэсы накіраваныя ўнутр грамадства змяніўшы іх на стваральныя, скіраваныя на знешнія свет творчыя памкненні. Не разбураць сваё уласнае цела, а будаваць свой беларускі свет. Тут пад элітай я разумею не тых, хто падманам, злачынна апынуўся пры ўладзе, а людзей, якія насамрэч заслугоўваюць гэта званне.
Часта ў мастацкай і навуковай літаратуры народ, нацыю параўноўваюць з асобным чалавекам, з ступенямі яго развіцця, узроўнем адукаванасці, станам здароўя. Не стану і я выбівацца з гэтай традыцыі. Такім чынам, што мы маем? Беларусы сапраўды перажываюць цяжкую эмацыйную дэпрэсію, якая моцна ўплывае на паводзіны і жыццё. Але якія лекі мы сабе прапішам? Нехта прапануе шокавую тарапію, і ў адпаведнасці з выбраннай стратэгіяй палохае жудаснымі карцінамі будучыні, у якіх нам няма месца, альбо прапануюць пакутаваць, плакаць, біцца ў роспачы ад усведамлення сваёй нямогласці і нікчэмнасці.
А можа нам трэба нягледзечы на ўсе недасканаласці і правіны паверыць у сябе, сказаць сабе, што мы ёсць, мы можам, мы зробім, сказаць гэта без усялякіх дадатковых умоў і агаворак? Сказаць пазытыўна, сабраўшы да кучы ўсё свае самыя добрыя пачуцці і добрыя надзеі, а таксама надзеі ўсіх людзей, якіх мы калісці ведалі і ведаем зараз. Такім чынам, ці не з’яўляецца самым правільным і неабходным лячэннем для нас прыём плацэба?
Аляксандр, дзякуй за тэкст і культурна аформеную старонку. Мне здаецца, што мы з вамі аднадумцы. Гэты Ваш вялікі тэкст я чытаў раней. Прозвішча Ваша ўспрымаў як псеўданім. ПС