ПЁТРА МУРЗЁНАК: БЕЛАРУСКАСЬЦЬ І МЕНТАЛЬНАСЬЦЬ ЦЫВІЛІЗАВАНЫХ КРАІН

Азначэньне “беларускасьць” на нашу думку цалкам адпавядае паняцьцям беларускай ментальнасьці ці ментальнасьці народа і будзе ў роўнай ступені ўжывацца ў артыкуле. Паколькі ментальнасьць народа нельга выхаваць за адно ці два пакаленьні, то можна меркаваць, што ментальнасьць людзей, насяляўшых тэрыторыю сучаснай Беларусі, фармавалася ўжо тады, калі не было сфармулявана паняцьце аб саміх беларусах і аб беларускім этнасе. Рэтраспектыўна можна здаецца казаць пра тое, што беларускасьць мае свае генетычныя карані даўжынёй у тысячу гадоў.

Кожны народ ці этнас здольны скласьці ўяўленьне аб сваёй ментальнасьці і ахарактарызаваць яе. Звычайна, калі запытацца, якая ментальнасьць у беларусаў, у галаву прыходзяць пару слоў для яе характарысткі, і ў першую чаргу, памяркоўнасьць, талерантнасьць, пачуцьцё справядлівасьці, падумаўшы яшчэ можна дадаць, міралюбівасьць, згода. Далей узнікаюць пытаньні, а што маецца на ўвазе пад гэтымі словамі: Памяркоўнасьць ці абыякавасьць? Талерантнасьць якая – рэлігійная, расавая і ў якой ступені? Згода з чым – са сьмяротным пакараньнем? Ці дапаўняюць гэтыя характарыстыкі такія маральныя каштоўнасьці як свабода, дэмакратыя, адсутнасьць этнічных і расавых прымхаў, раўнапраўныя адносіны да жанчын? Іншымі словамі – ці адпавядае беларуская ментальнасьць альбо беларускасьць глабальным тэндэнцыям зьмены мышленьня і паводзін чалавецтва ў нашы дні?

Відавочна, што ментальнасьць людзей на Зямлі значна зьмянілася і не толькі таму, што з’явіліся новыя фактары, якія ўплываюць на яе фармаваньне (праблемы экалогіі, адносіны да сексуальных меншасьцяў, дзейнасьць рэлігійных канфесій і іншых транснацыянальных палітычных, эканамічных, культурных і сацыяльных структур), але і таму, што ў многіх цывілізаваных краінах вырасьлі патрабаваньні да выкананьня тых маральных прынцыпаў, пры рэалізацыі якіх у канчатковым выглядзе складаецца новая ментальнасьць чалавецтва. Яшчэ паўсотні год таму назад у ЗША квітнела расавая сегрэгацыя, а сёньня Барак Абама, афроамерыканец, прэзідэнт гэтай краіны; у дзеючы парламент Канады абраны 76 жанчын (25%), тады як у канцы 19 стагоддзя яны не мелі нават права выбіраць. Амаль сто гадоў таму назад Аркадзь Смоліч (1891-1938) пісаў, што “Беларус быў увесь час вельмі прыдатным да ролі грамадзяніна будучыны, калі справядлівасьць запануе між народамі, але быў мала падгатаваны да змаганьня за быт, за жыцьцё, якое йшло вакол яго і яго коштам, але на яго шкоду”. Хацелася б думаць, што беларускасьць за апошняе стагоддзе зьмянілася ў лепшы бок таксама.

У якіх умовах развівалася беларускасьць у даўнейшы і нядаўні час? Несумненна, яна істотна зьмянялася на працягу вякоў пад уплывам розных фактараў: пад уплывам рэлігіі – праваслаў’я і каталіцызма, пратэстанцтва і уніяцтва; пад каласальным уплывам культур Польшчы і Расіі (як негатыўным, так і пазітыўным). І нарэшце, беларускасьць развівалася ва ўмовах барацьбы Рыма і Візантыі ці іначай Захаду і Усходу, якая ў найбольшай меры прадвызначыла на сёньня няўпэўненную, “памяркоўную” беларускасьць. Бо знаходжаньне на мяжы абяскровіла беларускую нацыю да той ступені, што яе беларускасьць за апошняе стагоддзе пачынала ці магла развівацца толькі ў надзвычайных умовах і абставінах:

  1. – стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі стала магчымым ва ўмовах грамадзянскай вайны, у час калі Мінск быў акупаваны германскімі войскамі;

  2. – беларусізацыя 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя праходзіла ў час няўпэненасьці савецкай улады і правядзеньня ёю новай эканамічнай палітыкі;

  3. – элементы аднаўленьня беларускасьці былі заўважны ў Мінску, Слоніме, Баранавічах, іншых гарадах падчас нямецкай акупацыі 1941-1944г.г.;

  4. – стварэньне суверэннай Рэспублікі Беларусь было адным з вынікаў развала Савецкага Саюза;

  5. – хваля Беларускага Адраджэньня 1991-1994 г.г. мела вялікі посьпех ва ўмовах разгубленасьці ўнутраных і зьнешніх праціўнікаў нацыянальнага будаўніцтва.

Вызначэньне беларускай ментальнасьці ў наш час мае адну істотную асаблівасьць – ацэніваць гэтую ментальнасць даводзіцца ў рускамоўных беларусаў. Беларускі народ, як і многія другія народы, фармаваўся ў канцы 19 стагоддзя па моўнаму прызнаку. Паводле Перапісу 2009 г., 83.7% насельніцтва краіны вызначала сябе беларусамі, і здавалася б, што такая вялікая этнічная гамагеннасьць ёсьць добрым грунтам як для ўдасканаленьня беларускасьці, так і для будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. Аднак, нягледзячы на гэта, ідэнтыфікацыя беларусаў як нацыі мае пакуль толькі тэарэтычную перспектыву; у краіне будуецца цывільная рускамоўная дзяржава (часопіс “Сакавік”, №1, с.4, www.sakavik.net). У Беларусі – беларускамоўная катастрофа: адсутнічае сапраўднае, раўнапраўнае ўжываньне Мовы, што сталася вынікам амаральнай бяздзейнасьці ўладаў, дзейнасьці беларусафобаў, і безумоўна абыякавых адносін насельніцтва Рэспублікі Беларусь да Мовы (нават у вёсках дзеці цяпер размаўляюць на «рускай трасянцы», што азначае згоду бацькоў на такую ненатуральную моўную трансфармацыю). Паўстае парадаксальнае пытаньне аб магчымасьці развіцьця беларускай ментальнасьці або беларускасьці ва ўмовах цяперашняга будаўніцтва цывільнай дзяржавы без Мовы, без важнейшага кампанента, які якраз і павінен быў бы ў значнай меры прадвызначаць ментальнасьць беларускага народа. Неверагодна, але хочацца спадзявацца, што гэта будзе магчыма ў нейкай пакуль што незразумела якой форме, якую трэба яшчэ выпрацаваць, але не ў форме самападману, інакш прыйдзецца задаваць другое пытаньне – менталітэт якога народа ці насельніцтва будзе выхоўвацца без роднай Мовы. У ідэале добра было б усьведаміць таксама, каб мова, на якой будзе «менталіцца» і ўкараняцца гэта форма-стратэгія, мела корань «беларус».

Нас сёньня цікавіць рэальны стан беларускасьці бо ад правільнай яе ацэнкі будзе залежыць выбар стратэгіі і шляхоў яе выхаваньня. Здавалася б, для развіцьця беларускасьці ёсьць дастатковыя умовы: краіна набыла самастойнасьць і незалежнасьць, існуе значная этнічная і гістарычная база для развіцьця і станаўленьня беларускасьці, пасьля ападаньня Бярлінскай сьцяны адчыніліся дзверы і людзі атрымалі магчымасьць ездзіць па сьвету, за апошнія гады краіна стала багацейшай і прыгажэйшай. Аднак, нягледзячы на адкрытасьць мяжы, Беларусь застаецца закрытай для дыялогу з цывілізаванымі краінамі сьвету па вядомых прычынах. Развіцьцё беларускасьці стрымліваецца састрэлымі стэрэатыпамі, якія складаюць аснову дзяржаўнай ідэалогіі – у першую чаргу гэта ідэі славянскага адзінства (праўда чамусьці не ўсе славянскія краіны-суседзі запрашаюцца ў гэта адзінства), выкарыстаньне кароткатэрміновай гістарычнай памяці, зьвязанай пераважна толькі з другой сусьветнай вайной, працяг палітыкі інтэрнацыяналізма ў адносінах да некаторых краін (Венесуэла, Куба, Сірыя), якая праводзілася яшчэ ў савецкія часы. Пры вызначэньні напрамку развіцьця дзяржавы выкарыстоўваюцца такія прыёмы і маральныя прынцыпы (будаўніцтва “ліній Сталіна”, антыамерыканская і антызаходняя прапаганда), якія ў значнай ступені аддаляюць магчымасьць далучэньня Беларусі да сям’і цывілізаваных народаў, дзе дзейнічаюць іншыя маральныя каштоўнасьці. Можна было б думаць, што беларускасьць, выкаростоўваючы ідэалы хрысьціянства і сапраўднага інтэрнацыяналізму, паступова ішла б да прыняцьця агульнапрынятых маральных каштоўнасьцяў. Аднак, такое адчуваньне, што Беларусь спынілася на стадыі савецкага інтэрнацыяналізму, які быў скіраваны толькі на «сваіх», на сяброў, якіх тады было паўсьвету, а другая палова сьвету, адпаведна, была запоўнена ворагамі; пошукі ворагаў працягваюцца і зараз, калі пазнаёміцца, напрыклад, са зьместам амаль кожнага нумара газеты «Советская Белоруссия».

Так мастак паказаў «статкавую» ментальнасьць (herd-mentality-FAULTS-OF-THE-HUMAN-MIND. Zehra May 5, 2012).

Відавочна, што развіцьцё беларускасьці стрымліваецца і зьнешнімі фактарамі, і ў прыватнасьці, выкліканымі паступовым уцягваньнем краіны ў Еўразійскі Саюз, ідэялагічнай базай для якога з’яўляюцца ідэя многапалярнасьці сьвету і еўразійская ідэалогія. Канчатковай мэтай еўразізма, паводле класічных ды й сучасных еўразістаў, з’яўляецца пакончыць «з культуральнай гегемоніяй Захаду» дэманструючы перавагу Усходу.Такім чынам, на прасторах СНГ, замест кааперацыі з цывілізаванымі краінамі, аднаўляецца як канфрантацыя часоў халоднай вайны, так і імперскае мысленьне, пад якія падпадаюць і памяркоўныя беларусы. У нядаўнім аглядзе мы абгрунтавалі гістарычную прыналежнасьць беларусаў да ўсходнеславянскай, а не да еўразійскай цывілізацыі (часопіс “Сакавік”, №3, с.40); з праведзенага там аналіза вынікае, што ментальнасьць людзей, якія належаць да гэтых цывілізацый, будзе таксама адрознівацца, што магчыма адыграе сваю ролю ў выбару напрамку развіцьця краіны ў будучыні. На сёньня доля грамадзян Беларусі, якія б бачылі сябе ў Еўразійскім ці ў Еўрапейскім Саюзах аднолькавая, каля 37% (Нікалюк, Радыё “Свабода”, 4 кастрычніка 2013); маецца дастаткова навуковых доказаў, якія сьведчаць аб еўрапейскасьці беларусаў і аб іх прыналежнасьці да заходняй цывілізацыі (Bekus, 2011; Куплевіч, 2013).

Відавочна, што развіцьцё беларускасьці павінна брацца за аснову пры будаўніцтве нацыянальнай дзяржавы. Аднак будаўніцтва нацыі не з’яўляецца рэальнай дзяржаўнай палітыкай, хаця ў асноўных прынцыпах развіцьця Рэспублікі Беларусь гаворыцца, што «у краіне ажыцьцяўляецца паслядоўны курс па фарміраваньню ідэалогіі беларускай дзяржавы, крышталізацыі беларускай нацыянальнай ідэі». Выглядае так, што нават некаторыя дэкларатыўныя заявы і дзеяньні, якія сталі прыкметнымі ў апошнія гады (заявы аб умацаваньні незалежнасьці краіны, будаўніцтва Плошчы дзяржаўнага сьцяга) робяцца вымушана ў залежнасьці ад абставін і асабліва ад зьменаў у адносінах з Расіяй. Сучасны ўрад Беларусі, большы час эксплуатуючы ўсходні вектар зьнешняй палітыкі, пакідае ў загане развіцьцё беларускасьці і, як след, развіцьцё сваёй нацыі, у выніку чаго адбываецца ўсё большая ассіміляцыя насельніцтва РБ у еўразійскую палітыку і культуру.

У апошні час беларуская дзяржава дэманструе элементы рэлігійнай дыскрымінацыі. Ніхто не аспрэчвае, што Беларусь – краіна пераважна праваслаўная. Аднак відавочна, што праваслаўная царква мае значныя прэферэнцыі: зьвярніце ўвагу на новыя вялізныя храмы, узведзеныя ў Мінску з дапамогай дзяржавы; штосьці не было чуваць, каб такую ж падтрымку мелі каталіцкія ці пратэстанцкія цэрквы. Паводле зьвестак Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў РБ да той ці іншай рэлігіі адносілі сябе ў 2010 годзе 58.9% грамадзян, з іх 82.5% былі праваслаўнымі (48% ад агульнай колькасьці насельніцтва), 12% католікі (7% ад агульнай колькасьці), 4% – іншыя рэлігіі (Государственный департамент США. Доклад о свободе религии за 2010 год,раздел 1, англ.). Магчыма выконваючы заказ ці выкарыстоўваючы іншую методыку Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта РБ на наступны год даў зусім іншыя лічбы, якія на 60% перавышалі дадзеныя Камітэта па агульнай колькасьці вернікаў у краіне, у асноўным за кошт праваслаўных (паводле дадзеных цэнтра ў 2011 годзе 93,5 % грамадзян адносілі сябе да той ці іншай рэлігіі, з іх 81% былі праваслаўнымі (76% ад агульнай колькасьці насельніцтва), 10.5% католікі (10% ад агульнай колькасьці), 2% – іншыя рэлігіі (іудаізм 1%, пратэстантызм і іслам па 0.5%) (Сборник материалов социологических исследований за 2011 год. Минск, «Бизнесофсет», 2012, с.44). У краіне з’явіўся клуб праваслаўных міліцыянераў (“Наша Ніва”, 8 кастрычніка 2013). Цікава, што па прыведзенай інфармацыі, гэтае аб’яднаньне ці клуб створаны ў рамках праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам унутраных спраў і Беларускай праваслаўнай царквой, падпісанай яшчэ 10 гадоў таму назад. На многіх урачыстасцьцях (напрыклад, на прыняцьці воінскай прысягі) можна бачыць прысутнасьць святароў, выконваючых царкоўныя абрады. Але сьвятары ці ўсіх канфесій раўнапраўна прадстаўлены на такіх цырымоніях? А з другога боку, якім чынам улічваюцца рэлігійныя ці атэістычныя пачуцьці грамадзян, якія не адносяць сябе ні да якой рэлігіі, а яны, па дадзеных Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў РБ, складаюць істотную долю (41.1%). Відавочна, што канстытуцыйныя правы гэтых грамадзян парушаюцца (Кастытуцыя РБ: “Артыкул 4. … Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян”). Можна прыводзіць іншыя прыклады наўмыснага ўмяшаньня дзяржавы ў розныя сьферы гуманітарнай дзейнасьці, якія негатыўна ўплываюць на фармаваньне ментальнасьці беларусаў: добра вядомая гісторыя з прыцясненьнямі Саюза палякаў сьведчыць аб этнічнай дыскрымінацыі ў краіне; кіраўніком дзяржавы нярэдка дапускаюцца выказваньні, якія трактуюцца як расісцкія (у адрас габрэяў; у адрас Прэзідэнта ЗША, Барака Абамы).

У выніку, нягледзячы на шмат якія пазітыўныя зьмены, што адбыліся за гады незалежнасьці ў беларускім грамадстве, яго маральнасьць магла бы быць, у адпаведнасьці з законамі эвалюцыі, значна лепшай, калі мець на ўвазе адносіны людзей адзін да аднаго, адносіны да падзей, што адбываюцца ў суседніх краінах і ў цэлым сьвеце, пачуцьцё справядлівасьці і свабоды, рэлігійную талерантнасьць, і г.д. Многія грамадзяне Беларусі, якія маюць заробкі, блізкія да сярэдніх па краіне, жыцьцём задаволены і не дбаюць ні пра мову, ні пра незалежнасьць, ні пра беларускую ідэнтычнасьць, не цікавяцца ўнутранай і зьнешняй палітыкай краіны. У нядаўнім апытаньні, якое праводзіў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаваньняў 91.5% апытаных беларусаў былі абыякавымі да палітыкі, іх адказы размеркаваліся наступным чынам: маё жыцьцё залежыць ад палітыкі, але я ў ёй ня ўдзельнічаю, таму што гэта бескарысна (23.7%) ці небяспечна (11.1%); маё жыцьцё слаба залежыць ад палітыкі (22.5%); я не цікаўлюся палітыкай (34.2%) (“Народная Воля”, 3 верасьня 2013). Людзі, з якімі даводзілася размаўляць, у большасьці пазьбягаюць ці баяцца размоваў на гэтыя тэмы бо на самай справе не хочуць ніякіх зьмен у сваім штодзённым жыцьці. Магчымай прычынай такога становішча з’яўляецца і тое, што людзі ў краіне пакутуюць за свае палітычныя погляды. Можна канстатаваць, што пераважная большасьць беларускага насельніцтва, бадай за выключэньнем моладзі, не цікавіцца будучыняй сваёй краіны і сваіх дзяцей.

Гэта “палітычная” абыякавасьць адлюстроўваецца на культуральных кампанентах ментальнасьці. Паводле апытаньня праведзенага Лабараторыяй Новак і Беларускага інстытута стратэгічных даследаваньняў у 2010 годзе (BelarusDigest, 08-02-2013), беларусы не такія ўжо і талерантныя як гэта можа ўяўляцца. У Беларусі няма такой ксенафобіі якая назіраецца ў сталіцы суседняй дзяржавы, але 46% беларусаў лічыць, што трэба абмежаваць прыток замежных працоўных у краіну. Толькі 20% беларусаў пагадзіліся б пажаніць сваіх дзяцей з прадстаўнікамі другой расы. Гэтыя лічбы вынік толькі тэарэтычных меркаваньняў беларусаў, бо яны зараз пражываюць у амаль абсалютным асяроддзі белага насельніцтва (беларусы – 83.7%, расіяне – 8.3%, палякі – 3.1%, украінцы – 1.7%; разам 96.8%). Складана ўявіць, што вынікі апытаньня былі б лепшымі, калі дапусьціць у рэальнасьці, што прадстаўнікі другіх рас складаюць хаця б 15% ад агульнай колькасьці насельніцтва РБ і жывуць побач.

Амаль тыя ж вынікі беларусы дэманструюць у свай нецярпімасьці да нетрадыцыйных рэлігій, да гомасексуалаў. Хаця ў Беларусі няма бачных супярэчлівых адносін паміж асноўнымі канфесіямі, праваслаўнай і каталіцкай, аднак у той жа час 57% беларусаў выступаюць за абмежаваньне распаўсюду такіх рэлігій як Харе Крышна ці Буддзізм. У прынцыпе, непрыймальнасьць беларусамі «незнаёмых» рэлігійных напрамкаў (не беручы пад увагу экстрэмальныя) не адпавядае Дэкларацыі правоў чалавека. Больш за 60% беларусаў падтрымліваюць крымінальны перасьлед гомосексуалаў і толькі 6% згодны на тое каб геі мелі тыя ж самыя правы, што і астатнія грамадзяне краіны. І нарэшце сумна вядомыя вынікі рэферэндума 1996 г. пра адмену смяротнай кары – 80.44% беларускага насельніцтва сказалі тады “не” яе адмене. Нерэпрэзэнтатыўнае апытаньне на Радыё “Свабода” (кастрычнік 2013), якое мае больш падрыхтаваную групу слухачоў (маладую, адукаванаю), суцяшае толькі крыху – непераканаўчыя 56% за адмену смяротнага пакараньня. Улічваючы прыведзеныя факты і тое, што ментальнасьць нацыі складаецца з ментальнасьці індывідуумаў, можна адзначыць, што ментальнасьць беларускага народа і кіраўніцтва дзяржавы ў значнай ступені супадаюць па многіх кампанентах.

А што ж мы маем у пазітыве пры вызначэньні беларускасьці? Цярплівасьць! Так, гэта відаць адна з характэрных якасьцяў. Да прыкладу, у 2011 годзе беларусы цярпліва перанесьлі дэвальвацыю ў амаль 300%. Бадай што толькі аднойчы, у красавіку 1991 г., можна было назіраць масавыя дэманстрацыі і мітынгі рабочых, якія былі рэакцыяй на павышэньне цэнаў на прадуктовыя і прамысловыя тавары. На вуліцы Мінска выйшлі каля 100 тысяч прастаўнікоў рабочага класа з пратэстам супраць роста цэн і з патрабаваньнем зьмены ўрада. Але ў апошнім выпадку цярпеньне людзей лопнула з прычыны пагрозы іх фізічнаму выжываньню, што ніяк да характарыстыкі ментальнасьці беларусаў не належыць. Часам думаецца, што не свабода, а элементарнае выжываньне з’яўляецца галоўным пытаньнем для беларусаў. Але з другога боку, пакідаючы па-за увагай біялагічны інстынкт фізічнага выжываньня, можна казаць і пра феномен беларускай ментальнасьці выжываньня, выпеставаны і адшліфаваны на працягу стагоддзяў. Каб выжыць трэба быць яшчэ працавітым, спакойным, пазьбягаць экстрымаў і канфліктаў, быць спагадлівым, разважлівым – у цэлым быць памяркоўным. Памяркоўнасьць, магчыма ад прыроды, але і дадаткова адаптаваўшаяся падчас бальшавіцкіх і польскіх перасьледаў, падчас войн (дзьве вайны з немцамі, безліч войн з Масковіяй, адна толькі вайна 1654-1657 г.г. забрала палову беларускага насельніцтва), відаць прадвызначае спосаб жыцьця беларусаў, іх прыстасаваньне да тых умоў існаваньня, дзе памкненьні да свабоды заўжды караліся ці караюцца. І хаця, будучы памяркоўным вольным не станеш, беларускую ментальнасьць выжываньня ў гэтым кантэксьце цяжка апраўдаць, але магчыма зразумець. Можна меркаваць, што дзякуючы менавіта ёй яшчэ зьберагаецца мінімальны ўзровень беларускасьці, аб чым сьведчаць некалькі спроб беларускага адраджэньня ў мінулым стагоддзі, і магчыма, што яе яшчэ ўдасца аднавіць і памножыць у гэтым стагоддзі. Выхаваньне і развіцьцё беларускасьці, сцьвярджэньне годнасьці і самабытнасьці беларусаў спрычыняцца ў будучыні і да будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, што патрабуе працяглага часу, кансалідацыі сіл нацыянальнай эліты і ўдзелу самой дзяржавы.

Па сваёй адукаванасьці і нават па ўзроўню жыцьця Краіна Беларусь магла б адпавядаць еўрапейскім стандартам, чаго нельга яшчэ сказаць пра ўзровень ментальнасьці. Беларусы недастаткова талерантныя ў адносінах да прадстаўнікоў іншых этнасаў, рас, рэлігій, сексуальных меньшасьцяў, не падрымліваюць у большасьці адмену сьмяротнага пакараньня. Усе гэтыя асьпекты беларускай ментальнасьці альбо беларускасьці патрабуюць далейшага выхаваньня без чаго складана спадзявацца на разуменьне народаў цывілізаваных краін у эпоху глабалізацыі. Улічваючы, што па многіх асьпектах дзяржава не праводзіць адпаведную гэтым каштоўнасьцям палітыку не выпадае разлічваць на хуткае выпраўленьне сітуацыі. Тыя нязначныя парасткі беларускасьці, якія яшчэ зберагаюцца і распаўсюджваюцца прадстаўнікамі нацыянальнай эліты, падаўляюцца страхамі аб страце незалежнасьці і суверэнітэту краіны, катастрафічным станам Мовы, уціскам расійскай культуры. Рэсурсы, якія ёсьць у прадстаўнікоў нацыянальнай эліты невялікія, як па колькасьці людзей якія займаюцца гэтымі праблемамі, так і па сродках давядзеньня да насельніцтва прапаноўваемых ідэй па выхаваньню беларускасьці. Падтрымка з боку інстытутаў цывілізаваных краін неабходная, але не вырашальная.

Відавочна, што дадзеная завочная канферэнцыя з’яўляецца адным з цікавых падыходаў да абмеркаваньня існуючых праблем і генерацыі новых ідэй у галіне беларускасьці. Хочацца верыць, што апроч традыцыйных публікацый больш кансалідавана для асьветніцкай працы сярод беларускага насельніцтва будзе выкарыстоўвацца інтэрнэт. Паводле інфармацыі Міжнароднага тэлекамунікацыйнага саюза ў Беларусі інтэрнэтам карыстаецца 47% насельніцтва – гэта нямала (хоць з гэтым паказьнікам краіна займае 79-е месца ў сьвеце са 192 краінаў). На сёньня гэта амаль адзіны рэальны інстумент для шырокага данясеньня інфармацыі да беларусаў. Аднак у беларускай інтэрнэт-прасторы няма салідарнасьці – вы з цяжкасьцю можаце падаць неабходную інфармацыю на такія папулярныя сайты як Радыё «Свабода» і «Хартыя 97», што нельга растлумачыць толькі карпаратыўнымі інтарэсамі гэтых арганізацый, недастаковы і абмен інфармацыяй паміж сайтамі. Сярод прыярытэтных напрамкаў для паляпшэньня ментальнасьці беларусаў, апроч такіх пастаянных і галоўных як веданьне Мовы і гісторыі, трэба вызначыць як мінімум змаганьне за адмену смяротнага пакараньня. Да разуменьня апошняй праблемы цывілізаваныя краіны ідуць дзесяткі гадоў. Але гэта не значыць, што астатнія праблемы менш важныя, і што іх трэба адкласьці на пазьней. Мэтазгодным было б стварэньне стратэгіі развіцьця Беларускасьці як гэта зроблена ў адносінах да Мовы («Стратэгія развіцьця беларускай мовы ў 21 стагоддзі», http://www.tbm-mova.by/mova.html).

(матэрыял прадстаўлены на завочнай канферэнцыі “Трансфармацыя ментальнасьці грамадзян Беларусі ў кантэксьце выклікаў ХХІ стагоддзя”, Мінск, лістапад 2013)

Piotra Murzionak: BELARUSKASC AND MENTALITY OF CIVILIZED COUNTRIES

It is evident that Belarusian mentality or Belaruskasc exists for ever. However, the question is how it had changed during the last century and in what degree it correspondents to the mentality of modern society. It is clear that the development of Belaruskasc is substantially delayed due to specific conditions of being on the border line of colliding between the East and the West or between Bysantium and Rome. The episodic development of Belaruskasc in the 20th century was possible mainly due to beneficial external factors. Belarusian nation is still not established. It is very problematic that the impovement and progress in Belarusian mentality/ in Belaruskasc nowdays might be occurred in russian-speaking environment. The language problem is not only the problem of belarusian population but the problem of belarusian elite who is going to establish the strategy for mentality education for Belarusians while itself has to think in Belarusian. Despite of the country independence, solid ethnic and historical base the country is still beyond the “Berlin wall”, without any attempts to a dialogue with civilized societies.

Mentality being a key factor for nation-building is not the important issue for Belarusian state. It appears Belarus demonstates a religion intolerance providing some preferences only for Orthodox church. Belarusian government creates an environment where 91.5% of population are not interested in external and internal politics of the state at all. Additionally, Belarusians are mainly intolerant to the representatives of other ethnic groups, “unknown” religions, sexual minorities, and do not support an abondance of death penalty. Some explanation of such intolerance but not its rehabilitation might be found in the discussed phenomenon of Belarusian mental surviving which is a sort of mental instinct developed for centures of suppressions and which helped to protect a minimal level of Belaruskasc.

It is assumed that population education and even quality of life might be close to European standards but mentality. The national elite has not enough resources to support the development of required mentality level. Ideally, this is a task for the state itself. A support of external insitutions is imporatant but not conclusive. The role of electonic mass media in the development of Belaruskasc and the creation of special strategy for that are discussed.



Categories: Мараль, Нацыя

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: