Дарагія сябры!
Роўна год прайшоў з часу публікацыі першага нумара вэб-часопіса “САКАВІК”. Часопіс выходзіць раз у тры месяцы. Рады паведаміць, што за год наш часопіс наведалі больш за 2200 чытачоў (каля 6300 праглядаў). Прыемна таксама адзначыць, што асноўную частку нашай аўдыторыі складаюць наведвальнікі з Беларусі (57%). Нас чыталі ў 38 краінах, сярод самых нядаўніх – да нас далучыліся чытачы з Бразіліі, Новай Зеландыі, Інданэзіі.
На старонках часопіса “САКАВІК” у пяці нумарах апублікаваны 23 артыкулы дзесяці аўтараў (пяць аўтараў з Беларусі, чатыры аўтары з Канады, і адзін аўтар з ЗША). Агульны аб’ём друкаваных матэрыялаў у пяці нумарах часопіса склаў 270 старонак. Часопіс прымае для публікацыі артыкулы пераважна на беларускай мове, аднак, публікацыі на іншых мовах таксама вітаюцца: з 23 апублікаваных артыкулаў, 18 – на беларускай мове, тры – на англійскай, і два – на рускай. Асноўны напрамак часопіса – падтрымка і развіцьцё беларускасьці: у адпаведнасьці з гэтым у артыкулах даецца аналіз сітуацыі ў Беларусі і шляхоў рэалізацыі нацыянальнай ідэі (V. Kozlova, №1, 2, 5; П. Мурзёнак, №1, 4, 5), разглядаюцца пытаньні самаідэнтыфікацыі і сьвядомасьці беларусаў (В. Воранаў, №1; Г. Туміловіч, №1; І. Хадарэнка, №3; А. Згерскі, №4), развіцьця грамадства з пункту гледжаньня тэарэтычнай культуралогіі (М. Крукоўскі, №4), выказана і абгрунтавана гіпотэза аб існаваньні усходнеславянскай беларуска-украінскай цывілізацыі (П. Мурзёнак, №2, 3), пра хараство краіны і любоў да Беларусі вы можаце пачытаць у эсэ П. Севярынца (№3), арыгінальная інфармацыя пра абразы Прасьвятой Багародзіцы ў Беларусі падаецца архіяпіскапам Сьвятаславам Логінам, Першаярархам Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (№5), інфармацыя аб арганізацыі фестываляў арганнай музыкі на Пастаўшчыне і Глыбоччыне ў артыкуле Т. Стружэцкага (№4), зьмешчаны пераклады на беларускую мову Л. Рыда (В. Воранаў, №1) і прамовы Н. Мандэлы (П. Мурзёнак, №4), а таксама эсэ Г. Туміловіч пра творчасьць і намінацыю кнігі С. Алексіевіч на нобелеўскую прэмію (№5).
У пятым нумары Вы знойдзеце артыкул П. Мурзёнка “Нацыя і свабода”, прысьвечаны аналізу фактараў, якія ўплываюць на ўмацаваньне нацыянальнай свабоды. Пытаньні, якія разглядаюцца ў гэтым артыкуле і ў артыкуле В. Козловой вельмі сугучныя тым драматычным падзеям, якія зараз адбываюцца на Украіне. Ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны прадэманстравала вялікую пагрозу для будаўніцтва нацый падвойных стандартаў, што ужываюць як Расія, так і ЕС і ЗША. Агрэсія Расіі таксама паказала глыбокі падзел, які існуе паміж еўразійскай і ўсходнеславянскай беларуска-украінскай цывілізацыямі (гл. часопіс “САКАВІК”, №2 і №3).
Кажучы пра арганізацыйныя пытаньні, адзначым, што часопіс публікуецца толькі ў электронным фармаце і разьмешчаны на вэб-сайце www.sakavik.net. Апроч матэрыялаў самаго часапіса “САКАВІК” мы размяшчаем на вэб-сайце матэрыялы з другіх крыніц. Усе публікацыі падрыхтаваныя менавіта часопісам ідуць з лагатыпам часопіса “САКАВІК”:
Матэрыялы, разьмешчаныя на вэб-сайце, размеркаваны таксама па катэгорыях, уключаючы такія як “нацыя”, “нацыя беларусы”, “культура”, “Мова”, “гісторыя”, “асьвета”, “асобы”, “рэлігія”, і іншыя. На сайце Вы знойдзеце лінкі да выданьняў і вэб-сайтаў, якія па духу блізкія нашаму часопісу, а менавіта да тых, якія адлюстроўваюць культуралагічныя і гістарычныя адметнасьці беларускага народа і спрыяюць развіцьцю беларускасьці. Паступова на сайт ставім партрэты знакамітых людзей, якія прынесьлі гонар і славу нашай краіне. У рамках праекта “РАЗАМ” часопісам запачата Бібліятэка слайдаў “БЕЛАРУСЬ НАЗАЎСЁДЫ”; выйшлі першыя тры серыі слайдаў: “Беларуская дзяржаўнасьць”, Полацкае княства”, і “Беларусы ў часы Вялікага Княства Літоўскага”.
Абмяркоўваючы пытаньні паляпшэньня працы часопіса хацелася б бачыць большую колькасьць каментараў. Відавочна, што гэта залежыць не толькі ад якасьці матэрыялаў, але і ад актыўнасьці чытачоў. Калі прасачыць каментатарскую актыўнасьць на іншых вэб-сайтах, то ў гэтым сэнсе можна адзначыць, што беларускі чытач даволі сьціплы. Тое ж самае можна сказаць і пра ўдзел чытачоў у праекце “РАЗАМ”: пакуль што базу даныхпраекта ствараюць супрацоўнікічасопіса.
Мы зьвяртаемся да журналістаў, блогераў, чытачоў дасылаць свае матэрыялы ў наш часопіс. Што тычыцца аналітычных артыкулаў, то галоўнае пажаданьне, каб не менш паловы аб’ёма займалі магчымыя рэкамендацыі і шляхі вырашэньня абмяркоўваемых праблем.
З найлепшымі пажаданьнямі,
рэдактар часопіса Пётра Мурзёнак
Categories: Аб'явы, Слова рэдактара
Пакінуць адказ