Андрэй Янушкевіч: Адказ патрыярху Кірылу пра вызваленчы паход Івана Жахлівага

“Наша Ніва”, 6 красавіка 2014 г.

Пра невядомыя абставіны «вызваленчага» паходу Івана Жахлівага на Полацк піша гісторык Андрэй Янушкевіч.

 

Адказ патрыярху Кірылу пра вызваленчы паход Івана Жахлівага
Адказ патрыярху Кірылу пра вызваленчы паход Івана Жахлівага

 

Выказванні патрыярха Кірыла пра полацкі паход 1563 года адначасова шакуюць, прымушаюць узяцца за галаву з­за глупоты і засмучаюць сур’ёзнасцю пасылу. Менш за ўсё тут паспешлівасці высноў і прафесійнай некампетэнтнасці «пісараў» патрыярха.

Гэта — свядомае перакручванне фактаў, якое сігналізуе (асабліва ў кантэксце падзей вакол Украіны) пра адзін важны сімптом хваробы, якая пачынае распаўсюджвацца па расійскім інтэлектуальным асяроддзі, — любую гістарычную падзею дзеля палітычнай мэтазгоднасці можна развярнуць на 180 градусаў, зрабіўшы чорнае — белым і наадварот.

Ідэя патрыярха Кірыла досыць простая — заразу з Захаду, які імкнецца не проста навязаць свае каштоўнасці і ідэалы, а знішчыць «руска­праваслаўную» ідэнтычнасць, трэба спыняць. 450 год назад гэтую місію выканаў Іван Жахлівы, а сёння гэта робіць Пуцін.

Так з вуснаў рэлігійнага аўтарытэта гучыць ідэалагічнае абгрунтаванне палітыкі расійскіх уладаў, якія не дазваляюць Захаду ахапіць сваімі ўплывамі Крым і Украіну, перафарматаваць іх на свой лад.

Мне давялося дэталёва вывучаць увесь стос крыніц і працы гісторыкаў, прысвечаныя ўзяццю маскоўцамі Полацка ў 1563 годзе. Таму хацелася б звярнуць увагу на некаторыя малавядомыя нюансы гэтай падзеі.

Прапаганда з крыжам Еўфрасінні

Выправе на Полацк папярэднічала шырокамаштабная акцыя рэлігійнага зместу. Іван Жахлівы ўзяў з сабою славуты Крыж Еўфрасінні Полацкай, які здаўна захоўваўся ў Смаленску. Лебедзеўскі летапіс занатаваў матывацыю гэтага ўчынку маскоўскага ўладара: «Цар крыж узяў з сабою і маючы надзею на міласэрнага Бога і на хрэсную сілу перамагчы ворагаў сваіх, што і адбылося». Для Івана Жахлівага выправа на Полацк была своеасаблівым крыжовым паходам.

Характарызуючы прычыны выправы, маскоўскія летапісцы тлумачылі, што яна ажыццяўляецца, «найперш пакутуючы сэрцам за святыя іконы і святыя храмы свяшчэнныя, бо бязбожная Літва пакланенне святых ікон адкінула, святыя іконы пашчапалі, і многія паруганні святым іконам учынілі, і цэрквы разрабавалі і папалілі, і, хрысціянскую веру і закон пакінуўшы і папраўшы, лютарства прынялі».

Звернем увагу на словы пра глумленне над іконамі. У 1562 у Полацку разгарэўся канфлікт паміж праваслаўнай іерархіяй і мясцовымі пратэстантамі, якія мелі, без сумневу, маўклівую падтрымку з боку мясцовых уладаў. Невядома дакладна, у чым была яго сутнасць. Цалкам магчыма, што меў месца факт іканаборства. Такім чынам, маскоўцы вырашылі спыніць пратэстанцкую заразу і абараніць праваслаўную веру… захапіўшы Полацк.

Ліцвінам хлусілі пра мір

У кастрычніку 1562 польны гетман Рыгор Хадкевіч з уласнай ініцыятывы вырашыў наладзіць кантакт з дэрпцкім ваяводам Іванам Фёдаравым дзеля спынення вайны. Маскоўцы нібыта пайшлі насустрач мірным прапановам. У лістападзе 1562 у Маскву быў накіраваны ганец Сямён Аляксееў. Аднак пасля візіту да мітрапаліта і баяр, які скончыўся ўжо 30 лістапада, літоўскага ганца адправілі не назад у Вільню, а спачатку ў Цвер, потым у Пскоў і Дэрпт. Увесь гэты час абнадзееныя ліцвіны спадзяваліся на новыя мірныя перамовы, якія прывядуць да замірэння.

Толькі 20 студзеня літоўскі пасланец быў адпушчаны на тэрыторыю ВКЛ. Да падыходу маскоўскага войска да Полацка заставалася 10 дзён. Такім чынам, Крэмль успрыняў ініцыятыву ліцвінаў як магчымасць пацягнуць час, пусціць пыл у вочы зацікаўленнем да мірных прапаноў і… належна падрыхтавацца да маштабнай ваеннай кампаніі супраць Полацка.

Дарэчы, падрыхтоўка працягвалася чатыры месяцы. Івану Жахліваму ўдалося сабраць самае шматлікае за XVI ст. маскоўскае войска — яно налічвала сама менш 30 тысяч баяздольных дваран і 200 гарматаў. Ліцвіны, знаходзячыся ў тумане пацыфісцкіх надзей, не паспелі належным чынам падрыхтавацца да адпору.

Праваслаўны клір падзякаваў «за вызваленне»

Падзеі ў Полацку пасля яго здачы даюць шмат інфармацыі для роздуму. Выглядае зусім невыпадковым, што місію капітуляцыі горада ўзяў на сябе мясцовы архіепіскап Арсеній. З аднаго боку, гэтая кандыдатура выглядала цалкам натуральнай, бо ж захопнікі прадстаўлялі праваслаўную краіну.

Аднак ужо праз некалькі дзён пасля ўваходу маскоўскіх войскаў у Полацк — 18 лютага 1563 — праваслаўныя святары падчас службы ў Сафійскім саборы падзякавалі Івану Жахліваму за вызваленне «ад лютарскага гвалту».

Выкладзеныя факты даюць добрую зачэпку для пошуку «пятай калоны» ў горадзе. У далейшым праваслаўнае святарства наўпрост супрацоўнічала з новымі ўладамі. Адзін з пратапопаў, Феафан, і ягоны зяць Рыгор Шчытаў інфармаваў маскоўцаў, дзе знаходзяцца межы Полацкага ваяводства. З мясцовага насельніцтва падчас маскоўскай акупацыі толькі праваслаўным святарам было дазволена жыць у Верхнім замку горада.

Безвыходнасць для абаронцаў

Мы можам знайсці ў крыніцах заўвагі аб барацьбе поглядаў у лагеры палачан, канфлікце паміж полацкім ваяводам Станіславам Давойнам і віленскім ваяводзічам Янам Глябовічам наконт абарончай тактыкі, аб супярэчлівых дзеяннях падчас перамоваў з маскоўцамі ў першы тыдзень аблогі.

Паўстае вялікая спакуса ўявіць існаванне прамаскоўскай і антымаскоўскай партыі ў асяроддзі палачан. Некаторыя расійскія даследчыкі так і робяць.

Аднак уважлівы аналіз крыніц паказвае, што ў аснове неадназначных і супярэчлівых учынкаў полацкіх абаронцаў ляжала перадусім асэнсаванне безвыходнасці свайго становішча, усведамленне слабасці для эфектыўнага супраціўлення і тактычныя пралікі кіраўнікоў абароны, у першую чаргу ваяводы Давойны.

Ніколі потым улады ВКЛ не абвінавачвалі палачан у здрадзе і здачы горада.

«Слова» Івана Жахлівага

Капітуляцыя Полацка пасля цяжкай двухтыднёвай аблогі без падтрымкі звонку зусім не была безагаворачнай. І тут мы падыходзім яшчэ да адной таямніцы. Маскоўскі цар даў 15 лютага 1563 палачанам загадкавае «слова», якое ў далейшым стала ледзь не прычынай абвастрэння маскоўска­літоўскага канфлікту і прывяло да ўзаемных абвінавачванняў у ілжы і хцівасці.

Верагодна, гэтае «слова» датычыла вызначэння далейшага лёсу полацкай шляхты пасля захопу горада. Пасля супастаўлення розных крыніц вынікае, што Іван Жахлівы, як гэта часта бывала ў Сярэднявеччы, высакародна абяцаў адпусціць полацкую шляхту на волю.

Аднак гэтага не зрабіў. У адным з дакументаў, выстаўленых вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам у 1565, ёміста ўказана, што ж учыніў Іван Жахлівы: «Ваяводу полацкага з многімі падданымі нашымі народу шляхецкага, так жа і паспалітых людзей супакоіўшы абяцаннем і словам сваім выпусціць вольна, таго не ўчыніў, але ў палон звёў народ хрысціянскі». У палон трапілі шляхта і мяшчане — да 20 тысяч чалавек. Яўрэі і бернардынскія манахі былі забітыя. Насельніцтва горада, па сутнасці, было татальна «перафарматавана».

Такі кшталт мела полацкая выправа 1563, у выніку якой «русское воинство остановило опасную агрессию», не дапусціўшы перафарматызацыі Расіі на заходні лад. Застаецца толькі саркастычна дадаць, што найлепшая абарона — гэта напад, а любыя факты можна перайначыць на свой лад, нават самы бязглузды.

Андрэй Янушкевіч

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=125511



Categories: Асьвета, Гісторыя, Зьнешнія адносіны, Мараль, Рэлігія

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: