Памяці ГЕНАДЗЯ БУРАЎКІНА (1936-2014): Яго вершы

Памяці ГЕНАДЗЯ БУРАЎКІНА (1936-2014): Яго вершы

Малітва

Мы здалёку ўбачылі свабоду

I яшчэ не вырваліся з пут…

Божа,

Не дабаў майму народу

Пошасці*,

Няпраўды

I пакут.

У чужым нялюдскім землятрусе

Хіба ў нечым мелі мы віну?..

Божа,

Адвядзі ад Беларусі

Здраду,

Вераломства

I вайну.

Смутнаю парою нелюдзімай,

Калі ўсё вакол ідзе на злом,

Божа,

Захіні маю Радзіму

Мудрасцю,

Спакоем,

I цяплом.

 

* Пошасць — тут: напасць, насланнё.

—————————————————————————————————–

Абцалую цябе,
Абшапчу,
Адагрэю,
Не пушчу ні на міг
У сівую зіму.
Над вяршынямі сосен,
Над вольным палётам барэю
На далонях прызнання
Да Бога самога ўзніму.

Я не дам табе слова сказаць –
Я ўсе іх разгадаю.
Я на вуснах тваіх
Прачытаю найлепшы свой верш.
Над шляхамі і снамі,
Над песнямі і над гадамі
Ты,
Як месячык ясны,
У казку маю паплывеш.

А на грэшнай зямлі
Мы прысядзем пад яблыняй белай, –
Я ўсе кветкі і травы
Пакладу табе моўчкі да ног,
Ад нязнанага шчасця,
Ад удачы сваёй захмялелы,
Малады і наіўны,
І твой раб,
І твой бог…

———————————————————————————–

Мне голас быў…

            Мне голас быў…
                    Ганна Ахматава.
Мне голас быў
Аднекуль з паднябесься
Ці, можа, з-за высокіх курганоў —
Анёл трубіў,
Ці дуб шумеў на ўзьлесьсі,
Ці далятала водгульле званоў…
Мне голас быў.
I я пачуў яго.
I ён узьняў мяне да зор нібыта,
Спавіты ціхай незямной тугой,
Таемны і знаёмы,
Як малітва.
Як стомленая песьня на жніве,
Як самы першы жаўранак вясновы,
Мне голас быў.
І ён са мной жыве.
І шэпча мне свае скупыя словы…
—————————————————————————————————

Памяці ГЕНАДЗЯ БУРАЎКІНА (1936-2014): Яго вершы



Categories: Асобы, Літаратура, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: