“Хартыя 97”, 28 чэрвеня 2014 г.
Прадстаўнікі грамадскасці абскардзяць пастанову суда Цэнтральнага раёна Менска, што не заняў іх пазіцыю ў пытанні аховы Курапатаў.
Суддзя Іван Майсейчык адмовіў у задавальненні калектыўнай скаргі ў дачыненні да Генеральнай пракуратуры Беларусі.
Грамадскія актывісты ўпэўненыя, што ў пракуратуры не кантралююць выкананне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў пры будаўніцтве аб’ектаў паблізу ўрочышча Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры палітычных рэпрэсій, паведамляе БелаПАН.
26 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна сталіцы разгледзеў калектыўную скаргу на Генпракуратуру, якую падалі грамадскі і палітычны дзеяч Вінцук Вячорка, старшыня ГА «Хрысціянскі саюз «Курапаты» Вацлаў Нямковіч, лідар Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, грамадскія дзеячы Вацлаў Арэшка і Аляксандр Макаў, журналіст Марат Гаравы.
У якасці асноўнай прэтэнзіі абаронцы Курапатаў прад’яўлялі тое, што Генпракуратура не пракантралявала выкананне накіраванай ў Менаблвыканкам яшчэ ў канцы 2012 года пастановы аб «ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, прычын і ўмоў, якія гэтаму спрыяюць».
Парушэннем у гэтым выпадку было тое, што некалькі гадоў таму СТАА «БелРэстІнвест» узвяло паблізу Курапатаў чатыры пабудовы, запланаванага ў гэтым месцы забаўляльнага комплексу, раней які насіў назву «Бульбаш-хол». Гэтыя пабудовы, як пацвердзілі прадстаўнікі грамадскасці і дзяржорганы, былі ўзведзеныя ў ахоўнай зоне Курапатаў, прызнаных помнікам міжнароднага значэння. Праз больш за паўтары гады бачных вынікаў выканання пратакола няма – пабудовы не прыбраныя.
У лютым гэтага года прадстаўнікі грамадскасці накіравалі ў Генпракуратуру ліст, у якім ішла гаворка аб недапушчальнасці правядзення любых праектна-даследчых работ на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапаты, паколькі такія працы могуць прывесці да знішчэння аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.
Аўтары ліста прасілі Генпракуратуру праверыць дакументацыю, якая тычыцца праектна-даследчых работ; не дапусціць планавання будаўніцтва аб’ектаў міжнароднага выставачнага цэнтра ў ахоўнай зоне; праверыць, у якой ступені выканана пастанова нарады з удзелам прадстаўнікоў Генпракуратуры ад 27 снежня 2012 года аб вынасе чатырох хатак рэстаранна-забаўляльнага комплексу, узведзенага ў ахоўнай зоне, а таксама прыняць меры ў іх зносе.
У афіцыйным адказе на гэты зварот Генпракуратура праінфармавала, што ён перанакіраваны ў Міністэрства культуры. Абаронцы Курапатаў расцанілі такі адказ як «адпіску» і абскардзілі пастанову Генпракуратуры ў судзе.
Нягледзячы ні на што, суддзя не палічыў, што Генпракуратура бяздзейнічае ў дадзеным пытанні.
Каментуючы пастанову суда, праваабаронца Гары Паганяйла, які браў удзел у працэсе, выказаў меркаванне, што суддзя прыняў палітычна матываваную пастанову, паколькі ўлады не хочуць урэгуляваць сітуацыю з Курапатамі.
«Гэта [пастанова суддзі] азначае, што грамадзяне проста памыляліся ў дачыненні да тых абставінаў, якія яны спрабавалі праз суд высветліць – бяздзейнасць пракуратуры. Ізноў усё зводзіцца да таго, што грамадзяне будуць бегаць ад ўстановы да ўстановы, патрабуючы выканання дзеючага заканадаўства, а іх будуць штурхаць», – сказаў Паганяйла.
«Сітуацыя там абвастраецца тым, што гаспадарчыя суб’екты, нярэдка, магчыма, выкарыстоўваючы карупцыйныя схемы, спрабуюць прыхапіць лепшыя зямельныя ўчасткі, якія сёння знаходзяцца практычна ў гарадской мяжы, і весці там камерцыйную дзейнасць», – заявіў праваабаронца.
Тым не менш, падкрэсліў Паганяйла, прадстаўнікі грамадскасці не збіраюцца спыняцца ў пытанні абароны Курапатаў і будуць дамагацца таго, каб «чысціня ахоўнай зоны» была адноўлена, паколькі ўсе аб’екты на тэрыторыі помніка «ўзведзены незаконна і паводле Грамадзянскага кодэксу падлягаюць зносу або пераносу».
Categories: Мараль, Этнацыд беларусаў
Пакінуць адказ