Таццяна Цуканава: Мы павінны перадаваць любоў і павагу да мовы сваім дзецям

“Хартыя 97”, 14 ліпеня 2014 г.

Таццяна Цуканава: Мы павінны перадаваць любоў і павагу да мовы сваім дзецям

Ініцыятыва «Кнігі дзеткам» стварае ўнікальныя электронныя кнігі на беларускай мове.

Таццяне Цуканавай 27 гадоў, яна працуе ў выдавецтве дзіцячых кніг на рускай мове ў Менску. Таццяна даўно марыць адкрыць сваё выдавецтва, дзе дзіцячыя кнігі будуць выходзіць па-беларуску, а пакуль яна з’яўляецца каардынатарам праграмы «Кнігі Дзеткам». Цяпер беларусы з любога кутка свету могуць пампаваць маляўнічыя дзіцячыя кнігі на беларускай мове для сваіх дзяцей.

Рэдакцыя сайта charter97.org даведалася ў каардынатаркі ініцыятывы «Кнігі дзеткам» Таццяны Цуканавай падрабязнасці стварэння новай кнігі і атрымала эксклюзіўныя скрыншоты новай кнігі «Адкуль бяруцца Дзеці».

– Як даўно існуе ваша ініцыятыва?

– Праграма «Кнігі дзеткам» з’явілася на пачатку гэтага года. Мы пачалі з таго, што выпусцілі шэсць праілюстраваных і агучаных кніг: адну адукацыйную пра космас і пяць добрых казачных гісторый, аб’яднаных тэмай сяброўства, узаемадапамогі і веры ў сябе.

– Чаму вы выбралі электронны фармат для папулярызацыі беларускамоўных дзіцячых кніг?

– Я вельмі люблю друкаваныя кнігі, але бачу плюсы электронных дзіцячых кніг у тым, што цяпер беларусы, дзе б яны ні жылі, могуць чытаць сваім дзеткам казкі па-беларуску праз нашу праграму. Лета – час падарожжаў, і замест таго, каб браць з сабой торбу кніг, можна ўзяць з сабой «электронную палічку». Свет увесь час змяняецца, мабільныя прыкладанні – гэта частка нашага паўсядзённага жыцця. Каб дзеці разумелі беларускую мову, яны павінны сутыкацца з ёю у жыцці.

– На днях выйшла ваша новая кніга, і ў ёй тлумачыцца, адкуль бяруцца дзеці. Ці ёсць друкаваныя аналагі па-беларуску?

– Не, гэта першая кніга па-беларуску на такую складаную тэму. Фактычна, гэтая кніга з’яўляецца адаптаваным сучасным перакладам старой савецкай кнігі з рускай на беларускую мову. У гэтай кнізе ёсць адказы на ўсе нязручныя для бацькоў пытанні. Гэта вельмі зручна: не трэба выдумляць ніякіх баек, адгаворак, шукаць прыдатныя словы. Бацькі могуць пачытаць кнігу дзецям сваім голасам ці ўключыць агучванне.

– Чаму ты пастанавілі заняцца стварэннем электронных кніжак для дзяцей?

– Я даўно хацела рабіць дзіцячыя кніжкі на беларускай мове, і гэта стала магчымым, калі я пазнаёмілася з Паўлам Сіманавым. Ён з’яўляецца стваральнікам міжнароднага праекта Kinderbook – сеткі дзіцячых бібліятэк для мабільных прыкладанняў з розных краін свету. Сёння існуюць «кніжныя палічкі» ва Украіне, Расеі, Польшчы, Беларусі, Германіі, Францыі, В’етнаме. Кожны «філіял» развіваецца сам па сабе: ствараюцца кнігі па матывах народных казак, ствараюцца аўтарскія казкі, але асноўная мэта праекта – цеснае ўзаемадзеянне паміж усімі філіяламі. Калі ў адным з іх з’яўляецца новая кніга, яна перакладаецца на мовы іншых «кніжных палічак». Такім чынам, дзеці ў розных краінах свету змогуць прачытаць казкі іншых народаў на сваёй мове.

Хутка да праекту далучыцца Швецыя, Італія, Грэцыя, Малайзія і Казахстан.

Наша каманда сапраўды міжнародная: гэта мастакі і дызайнеры, дыктары і перакладчыкі, праграмісты і карэктары з розных краін свету. Калі мы сталі ствараць «Кнігі Дзеткам», я была вельмі прыемна здзіўленая тым, што ўсе, да каго б я ні звярнулася, згаджаліся паўдзельнічаць у гэтым праекце, дапамагалі і падтрымлівалі. Першыя кнігі мы запісалі з Андрусём Такіндангам, Русяй Шукюравай, Юрыем Жыгамонтам і гукарэжысёрамі са студыі гуказапісу «Галапагай». Цяпер мы прадаўжаем працу: запісваем і малюем беларускія народныя казкі, і да стварэння кніг далучаюцца цудоўныя таленавітыя людзі, напрыклад, Аляксандра Грахоўская і Ezhi. Кожны думае пра вынік і імкнецца максімальна якасна зрабіць свой кавалак працы. Дзякуючы супрацоўніцтву з гэтымі людзьмі стварэнне кнігі на кожным этапе – гэта вельмі прыемны працэс!

– Хто ваша аўдыторыя? Ці адчуваеце вы зваротную сувязь?

– За паўгода існавання «кніг дзеткам», у нас з’явіліся чытачы ў 26 краінах свету. Больш за ўсё кніжкі пампуюць беларусы з Расеі, ЗША, Канады і Чэхіі. Ёсць чытачы ў такіх краінах як Кітай, Тайланд, Індыя, ААЭ і нават у Новай Зеландыі! Кнігі даступныя карыстальнікам дэвайсаў на базе iOS, але мы працуем над Android-версіяй, якая, спадзяюся, выйдзе ў канцы года. Каштуюць кнігі не шмат – не больш $2. Гэта праілюстраваныя электронныя выданні, большая частка якіх агучаная як па-беларуску, так і па-ангельску.

– Ці атрымоўваецца вам зарабляць?

– Перад намі няма такой мэты, мы робім гэта не дзеля грошай. Наш праект, можна сказаць, валанцёрскі, таму што ў нас няма ніякага фінансавання, а ўсе грошы, якія атрымоўваецца зарабіць – гэта зусім мізер з продажу кніг. Гэтага не хапае нават на тое, каб аплаціць працу мастакоў.

– Ці апраўдаліся твае чаканні, ці карыстаюцца попытам такія кнігі?

– Пакуль што колькасць запамповак невялікая. Пра нас мала ведаюць, але высновы рабіць рана. Мы не збіраемся спыняцца, плануем шмат новых цікавых, разнастайных кніг: 10 беларускіх народных аўтарскіх казак, казкі іншых народаў свету, гісторыі пра падарожжы па Беларусі, – і гэта толькі пачатак! Вядома, нам хацелася б атрымліваць больш зваротнай сувязі ад нашых чытачоў, каб ведаць, у якім кірунку рухацца. Мы адкрытыя для прапаноў і любых пытанняў, звязацца з намі можна праз нашыя старонкі ў сацыяльных сетках.

– Як ты мяркуеш, як зрабіць так, каб дзеці ў Беларусі гаварылі па-беларуску?

– Я, хутчэй, аптыміст ў гэтым плане, таму што калі ў Беларусі быць песімістам – то можна сесці, скласці рукі і нічога не рабіць. Нягледзячы на цяжкую сітуацыю адносна беларускай мовы ў нашай краіне, мне хочацца заўважаць добрае, а яно сапраўды ёсць. Мне падабаецца заўважаць, як сучасная моладзь з павагай ставіцца да беларускай мовы, ёю сталі больш карыстацца. Фактычна, мы робім гэты прадукт для бацькоў маленькіх дзяцей, а значыць, для гэтай самай сучаснай моладзі ў недалёкай будучыні, бо гэтыя маладыя людзі будуць перадаваць любоў і павагу да мовы сваім дзецям.

– Які ты бачыш Беларусь і яе будучыню?

– Я хачу верыць, што Беларусь будучыні – гэта краіна, у якой беларускім дзецям будзе з кім размаўляць па-беларуску і мне прыемна адчуваць, што праект, каардынатаркай якога я з’яўляюся, можа паўплываць на стварэнне такой Беларусі.



Categories: Асьвета, Культура, Мова, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: