Уладзімір Арлоў: За 20 гадоў нам удалося зрэалізаваць шмат якія мары

“Хартыя 97”, 27 ліпеня 2014 г.

 

Уладзімір Арлоў: За 20 гадоў нам удалося зрэалізаваць шмат якія мары

Многае з таго, пра што марылі беларускія патрыёты, стала рэальнасцю.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў распавёў «Радыё Свабода» аб тым, як стваралася знакамітае эсэ «Незалежнасць – гэта…».

«Я напісаў эсэ даслоўна за нейкую гадзіну. Усё, што я выклаў на паперы, тады лунала ў паветры. Гэта быў зрэз думак і мараў тагачасных незалежнікаў. Гэтыя мары, безумоўна, шмат у чым былі наіўныя, але разам з тым і плённыя. Яны наладжвалі тых людзей на адну хвалю.

Я памятаю, як я чытаў гэтае эсэ ў адной з перадач Беларускай тэлевізіі і за кулісамі заплакалі жанчыны: рэдактарка, памочніца рэжысёра, дзяўчаты з грымёркі… І потым, калі я сышоў са студыі, адна з іх спытала: «Няўжо ўсё гэта будзе?» І я так упэўнена сказаў: «Абавязкова будзе!»

Калі б яны ўспомнілі той вечар і прачыталі тое эсэ сёння, то, можа, хто-небудзь з іх сказаў бы: «Ну вось, падмануў нас Арлоў, прайшло ажно 20 гадоў, а здзейснілася ўсё ж не ўсё».

А я б адказаў, што прайшло толькі 20 гадоў і здзейснілася вельмі многае з таго, аб чым мы тады наіўна марылі. Калі перагарнуць гэтыя некалькі старонак, то хачу сказаць, што і свайго сына цяпер можна зарэгістраваць у ЗАГСе Рыгорам, я ведаю канкрэтны прыклад свайго сябра, у сына якога не Грыгорый, а Рыгор напісана і па-беларуску, і па-руску ў пасведчанні аб нараджэнні . І хлопцы нашыя служаць не далей за памежны горад ці вёску, і не востраць сапёрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку ці ў Тбілісі… І тое, што пісалася, што «незалежнасць – гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і ты з чыстым сумленнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып’еце кавы насупраць палацу Шонбрун», не выглядае фантастыкай сёння. І ў падручніках гісторыі напісана пра Грунвальдскую бітву, і нават 600-годдзе Грунвальду адзначалася на такім напалову дзяржаўным узроўні. Гэта таксама нашая незалежнасць прымусіла ўлады гэта рабіць», – кажа ён

Уладзімір Арлоў згодны, што, многае з таго, пра што ён пісаў, і не здарылася, але ён упэўнены, што гэта абавязкова збудзецца.

«Для мяне 27 ліпеня не зусім свята. Беларусь не стала пасля Дэкларацыі аб суверэнітэце незалежнай дзяржавай. Яна заставалася ў складзе СССР. Толькі 25 жніўня 1991 года гэтая дэкларацыя набыла канстытуцыйны статус. Магла б быць нашым Днём незалежнасці дата 25 жніўня, мне гэтая ідэя імпануе, таму што я ў гэты дзень нарадзіўся. Але ўсё ж за найгалоўнейшае нашае святам я ўважаю 25 сакавіка. Як раз тады, у 1918 годзе, беларусы зноў сталі народам дзяржаўным. І без 25 сакавіка 1918 года не было б ні 1 студзеня 1919, ні 27 ліпеня 1990, ні 25 жніўня 1991. Дарэчы, маё эсэ было напісанае як раз у лютым 1990 года для спецыяльнага нумару газеты «Свабода», прысвечанага Дню Волі. І нарэшце нагадаю апошнія радкі майго эсэ:

«Незалежнасць – гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі. Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо інакш проста не варта жыць».

Тое эсэ – безумоўна, дакумент свайго часу. Ён таму часу належыць, і цяпер я нічога не дадаваў у гэта эсэ. Я час ад часу яго перачытваю ў сувязі са шматлікімі перакладамі, дарэчы, апошні пераклад быў зроблены на чачэнскую мову светлай памяці Зелімхана Яндарбіева. Думаю, што прыйдзе той момант, калі народзіцца новае эсэ на гэтую тэму. Але яно будзе зусім іншым. У ім будуць думкі, мары нас, больш дарослых на 20 гадоў. Тых, хто прайшоў гэты шлях, хто зразумеў, якім доўгім ён можа быць, якім пакручастым, але гэта шлях, якім мы ідзем», – сказаў Уладзімір Арлоў.



Categories: Асобы, Асьвета

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: