Бітва пад Оршай 1514. Рэпартаж з месца падзей

“Наша Ніва”, 7 верасьня 2014 г.

 

8  верасня спаўняецца 500 гадоў пераломнай падзеі ў гісторыі Беларусі — Бітве пад Оршай. Досыць нагадаць, што мяжа Рэспублікі Беларусь праходзіць там, дзе перамога войскаў Вялікага Княства пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага спыніла маскоўскую экспансію.

«Наша Ніва» паспрабавала апісаць бітву так, калі б яе асвятлялі сучасныя журналісты. Напрыклад, Бі-Бі-Сі апісала сённяшнімі сродкамі забойства эрцгерцага Франца-Фердынанда ў Сараева ў чэрвені 1914 г. Успрыміце апісанне таксама з доляй іроніі.

У жніўні 1514-га

Выданне «НоваМасковія» паведамляе, што агульная колькасць маскоўскага коннага войска пад камандаваннем баярына Івана Чалядніна складае 80 тыс. чалавек. Міхаіл Булгакаў-Голіца звольніўся з войска ў ліпені 1514 г. і цяпер кіруе апалчэннем-добраахвотнікамі.

Паход маскавітаў супраць Літвы, С. Іваноў, AP

У складзе маскавітаў маецца таксама артылерыя. Пра колькасць і склад, нашы крыніцы ў Маскве інфармацыю не падаюць. Міхаіл Глінскі, які зараз працуе ў Маскве, адмовіўся каментаваць літоўскім СМІ магчымасці і стан варожага войска.

7 верасня 1514

Як паведамляе радыё «Свабодная Літва», войска ВКЛ падышло да ўзбярэжжа Дняпра апоўдні, 7 верасня, стаўшы за 5 км каля Оршы. Князь Астрожскі, выступаючы перад ваярамі, сказаў, што бітва будзе вялікая і важная для ВКЛ і «наша задача як мага хутчэй скончыць антытэрарыстычную аперацыю на ўсходзе краіны».

22:10

Асноўная частка войска ВКЛ перасунулася віцебскай дарогай на поўнач.

8 верасня 1514

01:10

Рэшта пераправілася на левы бераг двума пантоннымі мастамі і бродам ля Аршанскай крэпасці.

01:33

Войска ВКЛ займае пазіцыі абапал яру ад вёскі Пугайлава да пераправы цераз Дняпро.

05:10

Расійскі ваявода Іван Чаляднін піша ў сваім акаўнце Укантакце: «Мы покончим одним ударом с литовской хунтой и народы Белоруссии и Московии воссоединятся».

У разгорнутым каментары маскоўскім СМІ Чаляднін пазней удакладніў: «Пачакаем, пакуль не пераправіцца ўсё войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што без сумнення і вялікіх намаганняў мы зможам ці разбіць гэтае войска, ці абкружыць яго ды гнаць, як быдла, аж да Масквы. Нарэшце, адзінае, што нам застанецца, — заняць усю Літву. Вільня хутка будзе наша» (пераклад рэдакцыі).

07:17

Наперадзе свайго войска гетман паставіў два конныя гуфы (палкі), свой і каронны В. Сампаліньскага, паміж якімі размяшчаецца ўзброеная пальнай зброяй (стрэльбамі і пішчалямі) пяхота.

Вершнікі стаяць і ў другой лініі, дадаюць нашы крыніцы ў войску.

07:19

Гэта літоўскі полк Ю. Радзівіла і польскі Я. Свярчоўскага.

07:22

Флангі трымаюць па тры дапаможныя (рэзервовыя) палкі (харугвы) конніцы з лягчэйшым узбраеннем.

На правым краі на ўзлеску гетман прыхаваў пад заслонаю пяхоты артылерыю (рушніцы і самапалы, паведамляюць нашы карэспандэнты.

07:35

Lenta.mu: Непераможная армія Маскоўскай дзяржавы пастаўлена ў тры лініі. Наперадзе стаіць полк перадавой варты, у цэнтры — вялікі полк (на фронце шырынёй 5 км), на правым флангу — полк правай рукі, на левым, каля в. Рукліна — полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры за вялікім палком стаіць полк тылавой стражы (рэзэрв). Баявыя парадкі маскоўскага войска былі расцягнутымі ў спадзяванні на ахоп і акружэнне больш малаколькаснага войска ВКЛ.

 09:00

Маскоўскія ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца вядуць свае палкі ў першую атаку, паведамляе маскоўскае інфармацыйнае агенцтва «Третій Рім сегодня».

Маланка:

Астрожскі звяртаецца да сілавікоў з кароткай прамовай: «Мужныя рыцары! Няхай доблесць і мужнасць вашы будуць вартыя слаўных бацькаў!..»

Вялікая колькасць рэтвітаў, а хэштэг #Orsa становіцца самым папулярным у еўрапейскім сегменце сеціва.

09:10

Астрожскі загадвае конным палкам павольна рухацца наперад, перадае наш карэспандэнт, які знаходзіцца ў абозе журналістаў, па правы бок атакі.

Карэспандэнт нашага выдання — у гушчы падзей

09:22

Маскоўскія ваяводы ідуць у наступ.

09:35

Маскоўскі полк правай рукі князя Голіцы ўдарае на левае крыло войска ВКЛ.

09:38

Полк левай рукі наступае на правае крыло войска ВКЛ, але без вялікага імпэту.

Першае фота з бітвы

Ejters

09:55

Адсутнасць імпэту маскоўскіх дазваляе Астрожскаму вызваліць частку сіл. Іншыя палкі былі пасланыя ў абыход, паведамляе ў твітары карэспандэнт выдання «Гетманава праўда».

10:55

Войска ВКЛ на сваім левым крыле адбівае атаку і пераходзіць у контратаку, атрымаўшы падмацаванне. Полк цяжкіх латнікаў Сампаліньскага праходзіць перад фронтам і б’е па маскоўскім палку правай рукі з флангу.

Вельмі кепская сувязь, час ад часу падвісае, што не дае магчымасці журналістам аператыўна паведамляць пра хаду бітву. Выбачаемся за нязручнасці.

12:10

Няўдача першай атакі не надта бянтэжыць Чалядніна і Голіцу. «У нас амаль трохразовая перавага: 80 тысячаў супраць 30», — кажуць яны на кароткім брыфінгу апоўдні.

13:22

Бітва дасягае апагею.

13:24

Гетман Астрожскі — сярод сваіх ваяроў, паведамляе ў твітары Ю.Радзівіл

Гетман Астрожскі — сярод сваіх ваяроў

13:46

«Астрожскі адступае?!» — паведамляе карэспандэнт радыё «Свабодная Літва»,

Журналісты НН спрабуюць спраўдзіць гэту інфармацыю, сачыце за абнаўленнямі.

13:49

Сапраўды, гэта так. Войска ВКЛ пачынае адступаць.

13:55

Маскавіты кідаюцца ў пагоню. Здаецца, бітва скончана. ГЭТА ПАРАЗА.

Цяпер можна рабіць стаўкі, сумна жартуюць журналісты, калі акупанты прыйдуць у Мінск, а калі падзе Вільня.

Жыгімонт пакіраваў краінай усяго восем гадоў, нават меней, чым Аляксандр.

14:01

Чакайце. Гэта яшчэ не параза…

14:03

Маскавіцкае войска нарываецца на масіраваны абстрэл гарматаў ВКЛ і кідаецца наўцёкі.

14:55

Як паведамілі карэспандэнтам у штабе, уцёкі конніцы ВКЛ былі загадзя ўмоўленай хітрасцю, якая вывела маскавітаў на стралкова-артылерыйскую засаду. Шматразовыя залпы гармат і пішчаляў нанеслі ўдары па палках Булгакава-Голіцы і ўшчэнт разбілі іх, частка ваяроў трапіла ў палон, рэшта кінулася наўцёкі.

15:07

Таксама былі разгромленыя і палкі Чалядзіна.

15:22

У маскоўскім войску пачынаецца паніка, яны масава адступаюць.

(…)

о, тут чытач даслаў верш у каментарах, аператыўна.

А ў нядзельку параненька
Узышло сонейка хмарненька,
Узышло сонца над борам,
Па-над Сялецкім таборам.
А ў таборы трубы йграюць
Дый на раду зазываюць.
Сталі рады адбываці,
Адкуль Воршы здабываці:
А ці з поля, а ці з лесу,
А ці з рэчкі-невялічкі?
А ні з поля, а ні з лесу,
Толькі з рэчкі-невялічкі.
А ў нядзельку параненьку
Сталі хлопцы-пяцігорцы,
Каля рэчцы на прыгорцы:
Гучаць разам з самапалаў,
З сяміпалых ад запалаў.
Б’юць паўсоткаю з гарматаў.
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці;
А як з Воршы уцякалі,
Тую рэчку пракліналі:
«Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,
Як нашая слава тутака прапала;
Бадай высыхала да сканчэння свету
Што нашай славанькі ўжо нету».
Слава Воршы ўжо не горша
Слаўся, пан Астроскі!

21:10

Зацяты пераслед уцекачоў цягнулася да заходу сонца. За некаторымі з уцекачоў гналіся на 8 літоўскіх міль (каля 60 км). Адныя ўцякалі ў лясы, другія — у балоты. Вада ў Крапіўне пачырванела ад крыві ды выйшла з берагоў.

9 верасня

Як паведаміў на брыфінгу ў Оршы прадстаўнік Рады нацыянальнай абароны і бяспекі краіны,

страты войска Вялікага Княства Літоўскага «невялікія» — 4 вялікія паны, каля 500 рыцараў (або 400 рыцараў і простых жаўнераў), невядомая колькасьць простых жаўнераў, у той час, як страты сярод маскавітаў — 40 тыс. чалавек.

У рукі пераможцаў трапіў маскоўскі абоз, пальная зброя, баявыя сцягі. Захопленых коней і палову вайсковага абозу Канстанцін Астрожскі заявіў, што раздасць сваім ваярам у падзяку за мужнасць.

Сярод трафеяў знайшлі і тысячы кайданоў, якія Васіль ІІІ падрыхтаваў для ліцвінаў, яны будуць заўтра прадэманстраваныя шырокай публіцы.

10 верасня

Прыгаломшаны весткаю пра поўны разгром свайго войска, маскоўскі кіраўнік Васіль ІІІ заявіў, што маскоўскага войска пад Оршай не было. Гэта былі мясцовыя апалчэнцы, што змагаліся за свае правы, а каня, зброю і можна харугвы купіць у любога селяніна. 

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=134771



Categories: Асобы, Асьвета, Гісторыя, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: