T Struzhetski Back to homeland. Sakavik, 2014, September, N7, 26-29
Першага чэрвеня ў Камаях, Паставах і польскім Кракаве адбыліся ўрачыстасці з нагоды 50-й гадавіны з дня смерці знакамітага выхадца з Камаяў Браніслава Руткоўскага (1898–1964) – выдатнага арганіста, польскага музыказнаўцы, кампазітара і публіцыста, педагога і грамадскага дзеяча.
Б. Руткоўскі (1898-1964)
У канцы жніўня мінулага года ў час знаходжання ў Польшчы пашчасціла пабываць на адным з канцэртаў 67-га міжнароднага фестывалю арганнай музыкі ў Гданьску-Аліве. Ехалі з сям’ёй туды спецыяльна, бо ведалі, што заснавальнікам гэтага, як і многіх іншых арганных фестываляў у Польшчы быў менавіта Браніслаў Руткоўскі. Пад яго кіраўніцтвам быў таксама распрацаваны план будаўніцтва і рэканструкцыі ўнікальнага аргана ў Аліве, а таксама ў іншых польскіх гарадах. Як жа было прыемна адчуваць, што ўсё гэта было здейснена маім земляком, выхадцам з Камаяў.
У касцёле Святога Яна Хрысціцеля ў Камаях Браніслаў Руткоўскі пачынаў сваю будучую творчую карьеру у якасці памочніка арганіста, пазней ужо сам іграў на аргане ў Кабыльніцкім касцёле (цяпер пасёлак Нарач). Далейшы жыццёвы і творчы яго лёс быў звязаны з Польшчай.
Браніслаў Руткоўскі лічыцца стваральнікам пасляваеннай Кракаўскай арганнай школы, якая стала фундаментам не толькі польскай арганістыкі, але і распаўсюдзілася на іншыя краіны Усходняй Еўропы. Марыян Валэк-Валеўкі, польскі музыказнаўца і кампазітар, называе Руткоўскага “польскім Альбертам Швейцерам”. Грунтоўную адукацыю Б.Руткоўскі набываў у Санкт-Пецярбургскай і Варшаўскай кансерваторыях, вывучаў паланістыку ў Віленскім універсітэце. Быў таксама стыпендыятам Schola Cantorum у Парыжы, дзе вучыўся ў сусветна вядомага арганіста сабора Нотр-Дом Луі Вернэ. Сваю педагагічную дзейнасць пачаў у Варшаўскай кансерваторыі ў міжваенны перыяд, адначасова служыў таксама арганістам у Архікатэдры Св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве. Ён актыўна супрацоўнічаў з Польскім радыё, рыхтуючы шматлікія папулярызатарскія музычныя праграмы. Быў ініцыятарам стварэння Таварыства старажытнай музыкі і з’яўляўся яго старшынёй. Заснаваў таксама Музычнае вакацыйнае кола Ліцэй Кшэменецкага, а таксама Выдавецкае таварыства польскай музыкі. Пасля вайны застаўся ў Кракаве, дзе з 1946 года выкладаў на кафедры арганаў у Дзяржаўнай вышэйшай музычнай школе (цяпер Кракаўская акадэмія музыкі). Цікава нагадаць, што апякункай гэтай музычнай установы была княгіня Марцаліна Чартарыйская (1817 – 1894), якая калісці ў Парыжы брала ўрокі ў Фрыдэрыка Шапэна. У перыяд з 1955 па 1964 гг. быў рэктарам гэтай навучальнай установы. У 1957 г. заснаваў кафедру арганаў і клавесіна ў Кракаве, якая каардынавала працу ўсіх арганных класаў іншых вышэйшых навучальных устаноў Польшчы. Руткоўскі таксама працаваў у якасці журналіста і галоўнага рэдактара часопіса “Рух музычны”. Мечыслаў Тамашэўскі, выбітны польскі музыказнаўца, успамінае Руткоўскага, які “рэалізаваўся як рэктар – у спраўнай працы, як педагог – у фарміраванні творчай індывідуальнасці вялікай колькасці выбітных арганістаў французскай арыентацыі”. Вельмі сімвалічна, што свой жыццёвы шлях Б. Руткоўскі і закончыў у храме – памёр у касцёле Св. Томаса ў Лейпцыгу, падчас працы ў журы Бахаўскага конкурсу.
У час наведвання Камаяў у пачатку сёлетняга года разам з дырэктарам Польскага інстытута ў Мінску У.Дарашэўскай і вядомым польскім арганістам, прафесарам Кракаўскай акадэміі музыкі Марэкам Стэфаньскім і ўзнікла ідэя рэалізаваць сумесны праект, прысвечаны Б.Руткоўскаму, якую актыўна падтрымалі ксёндз-пробашч Камайскага касцёла Яцэк Гутман і намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Ю.М.Кісялёў.
Ушанаваць памяць Браніслава Руткоўскага ў Касцёле Святога Яна Хрысціцеля сабраліся мясцовыя жыхары з усёй акругі, а таксама шматлікія госці. Сярод іх – біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, дырэктар Польскага інстытута Уршуля Дарашэўска, прафесар Марэк Стэфаньскі, Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк, пляменніца Б.Руткоўскага Яніна Сівіцкая, кіраўніцтва Пастаўскага раёна і іншыя.
Пасля ўрачыстай імшы адбыўся вялікі канцэрт арганнай музыкі ў выдатным выкананні Марэка Стэфаньскага, у час якога прагучалі і многія творы, якія любіў і часта выконваў Браніслаў Руткоўскі. Тут у Камайскім касцёле і на аргане, на якім іграў наш славуты зямляк, яны гучалі надзвычай узвышана, а слухачы з удзячнасцю і слязамі на вачах яе ўспрымалі. Пасля канцэрта адбыўся своеасаблівы тэлемост, у час якога кіраўнік кафедры арганаў Акадэміі музыкі ў Кракаве Міраслава Семянюк-Подраза расказала пра той уклад, які наш зямляк унёс у развіццё польскай арганнай музыкі і ўрачыстасці ў Кракаве, прысвечаныя Б.Руткоўскаму. Завяршыліся ўрачыстасці ў Камаях адкрыццём шыльды ў прылеглым да касцёла скверы, які будзе насіць імя знакамітага земляка, наведваннем і ўскладаннем кветак на магілы бацькоў і родных Б.Руткоўскага. У планах таксама і адкрыццё ў скверы памятнага знака славутаму земляку.
Арганны канцэрт у выкананні прафесара М.Стэфаньскага адбыўся таксама ў Касцёле Св. Антонія Падуанскага ў Паставах. Вядучая канцэртаў дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, музыказнаўца Белдзяржфілармоніі Вольга Савіцкая выдатна прадставіла і арганіста, і творы ў яго выкананні.
У час мерапрыемстваў дасягнута дамоўленасць аб правядзенні ў касцёлах Пастаўскага раёна ў кастрычніку гэтага года другога фестываля “Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны” і наданні яму імя Браніслава Руткоўскага. Гэта будзе выдатнай данінай ўдзячнасці і памяці аб слынным земляку.
Тадэуш Стружэцкі, каардынатар праекта
***
Tadeusz Struzhetsky: BACK TO HOMELAND
(abstract, magazine “CULTURE, NATION”, September 2014, issue 7, pp. 26-29)
The celebrations on the occasion of 50th anniversary after death of the outstanding organist, Polish musician, composer, journalist, and teacher Bronislaw Rutkowski (1898-1964) held this summer in Kamai and Pastavy, Belarus, and in Krakow, Poland. B. Rutkowski, originated from Kamai, began here his creative career as assistant organist in the Church of St. John the Baptist. Later he already played the organ in church Kabylniki (now the village Narach). Further his life and career was connected with Poland. B. Rutkowski is the creator of the post-war Krakow organ school, which became the foundation for not only the Polish organ musics, but also spread to other countries in Eastern Europe.
To commemorate B. Rutkowski in the Church of St. John the Baptist met locals from the neighborhood, as well as numerous guests. After a solemn mass the concert of organ music was performed by Marek Stefansky. The special sign devoted to B. Rutkowski was opened in the park adjacent to the temple. The participants of the event layed flowers at the graves of B. Rutkowski’ parents and relatives.
Categories: Асобы, Зьнешнія адносіны, Культура
Пакінуць адказ