Вардамацкі пра «зазор беларускасці»: Беларусы лічаць далучэнне Крыма справядлівым, але асуджаюць сепаратыстаў Данбаса ІНФАГРАФІКА

“Наша Ніва”, 15 кастрычніка 2014 г.
Беларуская аналітычная майстэрня Андрэя Вардамацкага правяла чарговыя сацыялагічныя даследаванні пра тое, як украінскія падзеі ўплываюць на беларускае грамадства. Дадзеныя паказваюць, што беларусы ва ўспрыманні падзей ва Украіне адрозніваюцца ад расейцаў.

У перыяд з 22 жніўня па 8 верасня 2014 г. было апытана 1047 рэспандэнтаў. Рэпрэзентатыўнасць вытрыманая па параметрах полу, узросту, узроўню адукацыі, тыпу паселішча і рэгіёну краіны.

Падчас папярэдніх даследаванняў было высветлена, што расійскі інфармацыйны канцэпт украінскіх падзей дамінуе ў грамадскай думцы Рэспублікі Беларусь. І ўкраінскія падзеі фармуюць грамадскую думку па шырокім комплексе праблем, а не толькі стаўленне да самых украінскіх падзеяў.

«Таксама выявіўся і пацвердзіўся такі феномен, як геапалітычны інфантылізм, прысутнасць якога ў нацыянальным характары раней была незразумелай», — кажа прафесар Андрэй Вардамацкі.

Узровень цікавасці да ўкраінскіх падзей пастаянна, нязменна і бесперапынна застаецца на вельмі высокім узроўні з моманту пачатку вымярэнняў гэтага параметру.

Так, на пытанне «Ці сочыце Вы за падзеямі, якія адбываюцца на Украіне?» 67,6% апытаных у апошнім вераснёўскім апытанні адказалі, што «ўважліва сочаць за падзеямі». Тады як пазіцыю «Так, нешта чуў» выбрала толькі 26% рэспандэнтаў.

На графіку №1 прыведзена дынаміка ўзроўню цікавасці да ўкраінскіх падзеяў па дадзеных трох агульнанацыянальных апытанняў. (Фармулёўка апытання верасня месяца некаторым чынам адрозніваецца ад фармулёвак папярэдніх двух апытанняў, але мы ўсё ж лічым карэктным параўнанне гэтых лічбаў.)

Факт дамінавання расійскага канцэпта бачны на такіх індыкатарах, як стаўленне да далучэння Крыма, стаўленне да санкцый, стаўленне да падпісання Украінай дакумента аб асацыяцыі з Еўрасаюзам.

Большасьць беларусаў — 65,7% — па выніках апытання ў сакавіку месяцы лічылі, што далучэнне Крыма да Расеі з’яўляецца маральным і легітымным. Што змянілася да верасня месяца? Ухвальная дамінанта засталася. Як і раней, 67,8% беларусаў лічыць, што далучэнне Крыма — падзея маральна і юрыдычна легітымная.

Розніца беларускіх і расійскага грамадскага меркавання адносна далучэння Крыма заключаецца ў тым, што сярод беларусаў ухвальнае стаўленне да гэтага назіраецца ў большасці (дзве траціны) насельніцтва, а сярод расейцаў — у пераважнай большасці (91%). Дзевяць з дзесяці расейцаў згодныя з тым, каб Крым стаў часткай Расіі.

У гэтым і заключаецца «зазор беларускасці», лічыць прафесар Вардамацкі.

Стаўленне да прарасійскіх выступаў ва ўсходніх рэгіёнах Украіны — адзінае, што выклікалі хутчэй адмоўную ацэнку беларусаў і не супала з прарасейскай інтэрпрэтацыяй.

Падтрымліваюць цалкам або часткова «прарасійскія акцыі пратэсту ва ўсходніх і паўднёвых абласцях Украіны» адпаведна 14,4%+14% = 28,4% апытаных беларускіх рэспандэнтаў. Тады як не падтрымліваюць цалкам альбо часткова адпаведна 18,8%+21,1 = 39,9%.

Цяпер ужо добра вядомая гатоўнасць расейцаў ахвяраваць шмат чым дзеля таго, што цяпер называецца тэрмінам «крымнаш». У Расіі ёсць рашучасці плаціць вялікую санкцыйную цану за пашырэнне. Ці гатовыя беларусы ахвяраваць чым-небудзь, каб падтрымаць Расею? Як паказваюць дадзеныя, такой гатоўнасці няма.

Прыпыненне росту прарасейскіх арыентацый, якая зафіксавана ў чэрвеньскім апытанні, захавалася.

Працэнт зарыентаваных на Расею застаўся практычна нязменным, нават крыху паменшаў, працэнт праеўрапейцаў таксама паменшаў. Меркаванага падзення прарасейскіх настрояў і росту праеўрапейскі не адбылося. Многія апытваныя «зваліліся» ў катэгорыю нявызначаных.

Прыпыненне росту прарасійскіх настрояў выкліканы, верагодна, пачаткам «працы» ў масавай свядомасці інфармацыі, якую атрымліваюць з іншых крыніц, а не толькі расійскіх СМІ. Пачаў дзейнічаць эфект адмоўнай адаптацыі, пайшла рэфлексія параўнанняў.

Геапалітычны інфантылізм

Беларусы лічаць, што дзеянні Расеі адносна Беларусі накшталт тых, якія яна распачала ў дачыненні да Украіны, — немагчымыя. Папросту кажучы, Расія на Беларусь не нападзе.

Такое адчуванне расце як з уласцівасцяў беларускіх нацыянальнага характару, так і з мэтанакіраванай працы афіцыйных медыя і выказванняў Лукашэнкі.

Стаўленне да санкцый

У пытанні стаўлення да эканамічных і іншых санкцый адносна Расіі, уведзеных з боку Захаду, беларусы займаюць сваю традыцыйную супрацьсанкцыйную пазіцыю. Так, на пытанне, падтрымліваеце ці не падтрымліваеце «санкцыі супраць Расеі, абвешчаныя Еўрасаюзам і ЗША», 26,4%+46,9% = 73,3% апытаных адказалі, што «хутчэй не падтрымліваюць» і «зусім не падтрымліваюць», тады як «цалкам падтрымліваюць» і «хутчэй падтрымліваюць» толькі адпаведна 2,1%+7,4% = 9,5%.

Цікава, што стаўленне беларусаў да санкцый супраць Лукашэнк крыхуіншае — 29,2% + 20,3% = 49,5% рэспандэнтаў «хутчэй не падтрымліваюць» і «зусім не падтрымліваюць», а «цалкам падтрымліваюць» і «хутчэй падтрымліваюць» 5,5% + 11,8% = 17,3% (даследаванне 2011г.). Што менавіта тут з’яўляецца тлумачальным прынцыпам? Або роля расійскіх медыя, якія робяць санкцыі супраць Расіі больш непрымальнымі для беларусаў чым санкцыі супраць уласнай краіны, або нелюбоў да Лукашэнкі такая вялікая? Адказ на карысць той ці іншай гіпотэзы могуць даць толькі спецыяльныя эмпірычныя даследаванні.

Стаўленне да падпісання Украінай пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам — таксама ў цэлым негатыўнае. Толькі 13,1% беларусаў цалкам падтрымліваюць ці хутчэй падтрымліваюць «Падпісанне палітычнай часткі Пагаднення аб асацыяцыі паміж Еўрасаюзам і Украінай». У той час як «хутчэй не падтрымліваюць або цалкам не падтрымліваюць» 53,9%. (Праўда і тых, хто не адказаў па гэтым пытанні шмат — 24,4%). У гэты кантэкст натуральным чынам ўкладаецца і адабрэнне ўступлення Беларусі ў ЕАЭС (56,2% паставіліся да гэтага станоўча, 10,6% — адмоўна, астатнія не вызначыліся).

Эканамічнае самаадчуванне — паляпшэнне на фоне антырасійскіх санкцый

Можна сказаць, што ў верасні месяцы адбылося паляпшэнне суб’ектыўных эканамічных ацэнак нацыі. Колькасць тых, хто лічыць, што эканамічнае становішча Беларусі палепшала, узрасла з чэрвеня па верасень на 5%.

Высновы

1) Украінская індукцыя, то бок погляд на падзеі праз прызму таго, што адбываецца ва Ўкраіне, — асноўны працэс, які адбываецца ў грамадскай думцы Беларусі. Украінскія падзеі вызначаюць канфігурацыю масавай свядомасці практычна па ўсіх пытаннях, а не толькі па ўкраінскім. Падзеі ва Украіне фармуюць, вызначаюць грамадскае меркаванне і па рэйтынгу Лукашэнкі, і па эканамічным самаадчуванні, і па геапалітычных арыентацыях.

2) Расійскі канцэпт украінскіх падзей застаецца дамінантай у беларускай грамадскай думцы. Расійская версія пераважае ў Беларусі.

3) Парадаксальная формула — дынаміка стаўлення беларусаў да ўкраінскіх падзеяў па асноўных параметрах заключаецца ў яе адсутнасці. Дынамікі, зменаў ацэнак няма.

4) «Беларускі зазор» — у гэтым сутнасць адрознення беларускай грамадскай думкі ад расійскай. Адрозненне не якаснае, хаваецца ў колькаснай велічыні адабрэння. Гэта адабрэнне большасці, але не пераважнай або абсалютнай большасці, як у Расіі. Мы паказалі гэта на некалькіх прыкладах, у першую чаргу на стаўленні да далучэння Крыма — у беларусаў і расіян узровень адабрэння адпаведна 67 і 90 працэнтаў. Гэта і ёсць феномен, якія мы назвалі «зазор беларускасці».

5) Геапалітычны інфантылізм як рыса масавай свядомасці беларусаў зафіксаваны пры вымярэннях стаўлення беларусаў да магчымасці паводзін Расеі ў дачыненні да Беларусі па мадэлі яе паводзін да Украіны. Беларусы лічаць украінскі варыянт немагчымым.

Андрэй Вардамацкі

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=137110



Categories: Асьвета, Зьнешнія адносіны

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: