Адкрыты ліст Руху «За Свабоду» у «Белорусскую военную газету» і Міністэрства абароны

“Наша Ніва”, 22 кастрычніка 2014 г.

Мы звяртаемся да Міністэрства абароны і афіцыйнага выдання армейскага ведамства — «Беларускай ваеннай газеты. Ва славу Радзімы» — з просьбай апублікаваць дадзены адкрыты ліст на яе старонках, каб даказаць сваю прыхільнасць свабодзе слова і афіцэрскаму гонару.

Першае. Мы заклікаем Вас узяць удзел у грамадскіх слуханнях, якія арганізуюцца кампаній «Народны рэферэндум».

Адно з пытанняў «Народнага рэферэндуму» непасрэдна тычыцца нацыянальнай бяспекі і гучыць так: «Ці згодныя вы, што для забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных ваенных аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не павінны несці службу за мяжой?».

Гэтая праблема вельмі актуальная і жыццёва важная, улічваючы палітыку уладаў Беларусі, якая вядзе да поўнай ваенна-палітычнай залежнасці краіны ад Расіі і павелічэнню пагрозы негатыўнага стаўлення беларусаў да мілітарысцкай прысутнасці афіцыйнай Масквы на тэрыторыі краіны. Натуральна, вастрыні гэтай тэме дадала геапалітычная сітуацыя апошняга часу ў нашым рэгіёне.

Так, у межах вераснёўскага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў беларусам задавалася пытанне: «Нядаўна галоўнакамандуючы ВПС Расіі В. Бондараў заявіў, што ў 2015 годзе Расія мае намер размясціць у Беларусі сваю авіябазу з 24 знішчальнікамі СУ-27. Адны людзі паставіліся да гэтага станоўча, іншыя адмоўна, а трэція абыякава. А як да гэтага ставіцеся Вы?» У 45,1% рэспандэнтаў стаўленне адмоўнае, у 22,4% — станоўчае. Розніца — у два разы!

Падчас слуханняў варта было б абмеркаваць і патрыятычнае выхаванне грамадзян.

Падставай для дыскусіі маглі б стаць вынікі таго ж апытання НІСЭПД, згодна з якім кожны чацвёрты беларус гатовы змагацца са зброяй у руках у выпадку нападу як з боку NATO, так і Расіі. А між тым, прапаганда ў якасці патэнцыйнага ворага малюе выключна Паўночна-Атлантычны альянс. Хоць апошнія падзеі ва Украіне дэманструюць, што пагроза незалежнасці сёння ідзе якраз з усходу.

Рух «За Свабоду» заклікае ваеннае ведамства да канструктыўнага дыялогу, заснаванага на свабодзе слова. Гэтая каштоўнасць з’яўляецца адной са статутных задачащ нашай арганізацыі, а таксама прадэкларавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Газета Міністэрства абароны «Беларуская ваенная газета. Ва славу Радзімы» сцвярджае, што праблем са свабодай у Беларусі няма: «Недоумение вызывают уже сами оппозиционные лозунги, призывы и воззвания. Взять хотя бы название движения «За свободу». Позволительно спросить: о чьей свободе идет речь? О свободе заключенных, что ли? Но не о свободе же белорусского народа, потому что все знают: страна наша стала свободной после завершения крупномасштабной наступательной операции «Багратион» еще в 1944 году».

Мы прапануем Міністэрству абароны і «Ваеннай газеце» даказаць гэта, размясціўшы на сваіх старонках дадзены ліст і зварот Руху «За Свабоду» да беларускай арміі (прыкладаецца), а таксама заклікаем прыняць удзел у згаданых грамадскіх слуханнях і асвятліць іх. Мы згодныя і на любы іншы фармат абмеркавання праблем нацыянальнай бяспекі. Напрыклад, падчас дэбатаў на адным з тэлеканалаў нашай, як сцвярджаецца ў Вашай газеце, свабоднай і прававой дзяржавы.

Другое. Мы патрабуем даць нам слова, у тым ліку каб чытачы «Ваеннай газеты» прачыталі аб нашым адказе на адкрыты паклёп выдання пра Рух «За Свабоду».

«Ратующее «за свободу» движение известило общественность, что в нашей армии якобы «недостаточно развит белорусский патриотизм, мало делается для осознания ценностей независимости и нейтралитета Беларуси». В дальнейшем движение решило исправить этот «недостаток» путем оказания помощи военному ведомству и отправило комплект плакатов «Палкаводцы і ваеначальнікі зямлі беларускай» в адрес нескольких органов военного управления, причем безвозмездно», — сказана ў адным з артыкулаў.

Па словах аўтара, «сразу же за бесплатной раздачей плакатов последовали письма в различные инстанции с настойчивыми просьбами (почти требованиями) осуществить закупку вышеназванных плакатов по цене 85 тысяч рублей».

(Спасылка на артыкул).

Рух «За Свабоду» прапануе «Ваеннай газеце» і Міністэрству абароны прадэманстраваць нібыта існуючую камерцыйную прапанову ад нашай арганізацыі не ў судзе, таму што яго справядлівасць падобна да свабоды слова ў Беларусі, а на згаданых грамадскіх слуханнях, прысвечаных нацыянальнай бяспекі краіны. Паколькі ў кампетэнтнасці і патрыятызме адказных за яе забеспячэнне асоб значная частка беларускага грамадства небеспадстаўна сумняецца.

Дадатак

Зварот Руху «За Свабоду» да беларускай арміі

Крывавыя падзеі ва Украіне выклікаюць ў беларусаў непакой і трывогу. Ніхто не хацеў бы, каб на нашай беларускай зямлі ішла братазабойчая вайна або нехта імкнуўся праз сваіх дыверсантаў падзяліць і акупаваць нашу Беларусь.

Беларусы — мірныя людзі, але ў крытычныя моманты трэба быць гатовым выйсці шчыльнымі радамі супраць агрэсара, каб бараніць мір, тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць нашай краіны.

Агульны і маральна-палітычны стан беларускай арміі выклікае справядлівую занепакоенасць. Сёння ўсім відавочна, што тут недастаткова развіты ўласна беларускі патрыятызм, што мала чаго робіцца, каб пашыраць каштоўнасці незалежнасці і нейтральнасці Беларусі.

Мы лічым патрэбным неадкладна прыняць новую канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, скіраваную на ўлічванне новых пагрозаў і рызыкаў для Беларусі і яе дзяржаўнасці. Павінна быць прынятая новая праграма дзеянняў з прыярытэтам у разуменні абароны Айчыны як абароны менавіта незалежнай Беларусі. Належыць прыняць праграму сапраўднай беларусізацыі нашай арміі. Варта пашыраць выкладанне сапраўднай беларускай гісторыі ў вайсковых вучэльнях і частках, трэба выхоўваць беларускіх вайскоўцаў на ўчынках не толькі герояў Вялікай Айчыннай вайны, але і іншых гістарычных постацях кшталту Усяслава Полацкага, вялікіх князёў Альгерда і Вітаўта, Канстанціна Астрожскага, Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага. Дзяржаўная беларуская мова павінна шырэй і рэгулярна выкарыстоўвацца камандным і афіцэрскім складам падчас урачыстых мерапрыемстваў, вучэнняў, штодзённай дзейнасці. Сапраўднае беларускае войска павінна спяваць і маршыраваць пад беларускія песні.

Мы заклікаем армейскае кіраўніцтва скіраваць выхаванне ваеннаслужачых у бок беларускага патрыятызму і гатовыя прапанаваць сваю дапамогу, напрыклад, у выглядзе адпаведных інфармацыйных матэрыялаў і адукацыйных сустрэчаў.

Мы заклікаем моладзь прызыўнога ўзросту і дзейных вайскоўцаў браць прыклад з лепшых сыноў-абаронцаў Бацькаўшчыны, каб вокліч «Служу Рэспубліцы Беларусь!» быў напоўнены глыбокім патрыятычным сэнсам». 

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=137603



Categories: Аб'явы, Зьнешнія адносіны, Мараль

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: