Алег Рудакоў: Якія сімвалы яднаюць беларусаў? Погляд з Сібіры

“Наша Ніва”, 20 лістапада 2014г.

З’едзьце з краіны на трыццаць гадоў, а потым вазьміце свае старыя паштоўкі і паглядзіце, што Вам нагадвае пра Вашу Радзіму?

Для Сібірскіх Беларусаў усё вельмі проста. Для нас Беларусь — гэта тое чаго няма тут у Прыбайкальлі, гэта тое што робіць наш край шчамліва пазнавальным.

Я нарадзіўся ў Беларусі. Але ў 17 год з’ехаў, яшчэ за савецкім часам. Я ведаю чым мне дарагая Беларусь. Але самае галоўнае, што моладзь якая нарадзілася ў Сібіры і мае беларускія карані, таксама па расповядах сваіх бацькоў і дзядоў ведае, што такое Беларусь! Вам распавесці што сімвалізуе для нас наша Гістарычная Радзіма?

Калі ласка.

З птушак – гэта бусел! Яго ў Сібіры няма,

а ў Беларусі амаль ў кожнай вёсцы ёсць буслінае гняздо. І я памятаю, як мы ў дзяцінстве перажывалі, ці прыляціць бусел у гэтым годзе ў сваё гняздоўе. Калі прыляціць, то ўсё будзе добра ў нашым паселішчы. Ён як абярог для сялян. Нават загадвалі, калі увесну першы раз убачыш бусла, як ён ляціць, то пашчасціць, а калі ён будзе стаяць у полі — асцерагайся…

А як гучна крычалі ўдзельніцы іркуцкага беларускага гурту «Крывічы» калі першы раз прыехалі ў Беларусь на гастролі. Яны ўсе нарадзіліся ў Сібіры, і калі убачылі бусла – жывога! — з акна аўтобуса, дык заенчылі ад шчасьця! Я аж напужаўся.

Са звяроў – гэта зубр і вожык.

Зубар – волат, магутнасць. Вожык – мудрасць. З дзяцінства мяне вучылі не шкодзіць вожыку. У Сібіры гэтых жывёл няма. Таму нашы дзяўчаты так марылі пабачыць іх. Камусьці пашчасьціла.

Далей скарочана, без эмоцый:)

З гадаў – вужака.

З рыб – вугар.

З дрэў – дуб, каштан, ляшчына. Гэтых дрэў у Сібіры няма. Але ёсьць самае галоўнае дрэва і дарагое для беларусаў Сібіры – гэта чырвоная рабіна. Калі я ездзіў па беларускіх вёсках Прыбайкалля, дык выпадкова звярнуў увагу, што толькі ў беларускіх вёсках, ёсць «палісаднікі» – адгароджаная прастора між хатай і вуліцай, у якіх пасаджаны кветкі і… чырвоная рабіна.

Стаў я распытваць старажылаў, а чаму рабіна? І вось што пачуў: «Нашы продкі сто гадоў назад падчас сталыпінскай рэформы з’язджаючы зь Беларусі, бралі з сабой і насенне, і саджанцы дрэў. Але не ўсё прыжылося. А чырвоная рабіна прыжылася». Старажылы лічаць, што рабіна аберагае хату.

З пасяўных культур – на першым месцы лён.

О, гэта культура такая важная для беларусаў. Толькі яны яе прывезлі ў Сібір. На жаль зараз у Прыбайкаллі ўжо ніхто не сее лён, нават у беларускіх вёсках, але і дагэтуль шмат хто захоўвае льняное семя і з гонарам паказвае, як яно выглядае. А колькі цікавых гісторый мне распавядалі пра гэту культуру… Пра яе значэнне і сілу!

Таксама шануюць Беларусы Прыбайкальля і жыта. Яго цяпер мала хто сее у Сібіры, бо яно не вытрымлівае зіму. Цяпер вывелі добрыя сарты сібірскай пшаніцы. Але ёсьць яшчэ гаспадары, фермеры якія сеюць традыцыйна жыта.

Са страў – я б адзначыў клёцкі (калдуны), бабку і поліўку.

Амаль у кожнай сібірскай беларускай вёсцы вам распавядуць, што гэта нашы адметныя стравы. Ну, дранікі само сабой, але без мукі. Толькі бульба, яйка і цыбуля – вось гэта беларускія дранікі.

І ўсё ж такі на першым месцы для нас – наша нацыянальная вышыўка. Старыя строі, старажытныя ручнікі!

Вох, колькі я іх пабачыў у сваіх вандроўках па беларускіх сібірскіх вёсках! З якой пяшчотай захоўваюць у сем’ях гэтыя сімвалы.

Цяпер у кожнага актывіста беларускага руху ў Прыбайкаллі ёсць свой строй! І калі якое свята альбо нас запрашаюць кудысьці, мы адзяваем свае строі. Іркуцк нас ужо ведае. Адразу кажуць – вунь беларусы пайшлі!

Ну а для тых, хто цікавіцца гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны, безумоўна святымі сімваламі з’яўляецца Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг.

Бо гэта нашымі продкамі абрана і крывёю адзначана ў шматлікіх бітвах, абараняючы наш Край.

Алег Рудакоў, Іркуцк

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=139005



Categories: Асобы, Асьвета, Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: