Сяргей Дубавец. Яна не памірае. Яе забіваюць

Сяргей Дубавец. Яна не памірае. Яе забіваюць

Папяровая кніга памірае. Гэтую тэзу ў нас у Беларусі гатовы падтрымаць кожны.

Прычым, дадаюць абавязкова: гэта ня толькі ў нас, гэта па ўсім сьвеце. Тут жа ідуць тлумачэньні – на зьмену папяровай кнізе прыходзяць рыдэры, аўдыёкнігі, чытаньні на ютубе і ўсякае іншае.

Тэзу пра сьмерць кнігі ахвотна пашыраюць СМІ – як афіцыёз, так і недзяржаўныя.

Што тут скажаш? Агульнапрынятая думка… Такая ж як у свой час пра тэатар, які памірае з прыходам кіно, і пра кіно, якое памірае з прыходам тэлевізіі, і пра тэлевізію, якая памірае з прыходам інтэрнэту…

Насамрэч, вядома, нішто не памірае. Прыходзяць новыя носьбіты інфармацыі і ў агульным інфармацыйным полі адбываецца пераразьмеркаваньне аўдыторыі.

Калі сочыш за гэтай тэмай і яе гучаньнем у розных краінах, ловіш сябе на думцы, што нідзе пра сьмерць кнігі не гавораць так шмат і так пераканана, як у роднай Беларусі. У Беларусі, дзе за 20 апошніх гадоў закрытыя сотні, калі ня тысячы кнігарняў (раней яны былі ў кожнай буйной вёсцы). У Беларусі, дзе за гэтыя гады так і не стварыўся кніжны рынак, а на яго месцы млява соўгаецца атожылак рынку расейскага. У Беларусі, дзе манапаліст кнігагандлю Белкніга ў пары зь Міністэрствам інфармацыі ў бюракратычным парыве душаць усё жывое ў кніжнай сфэры. У Беларусі, дзе бібліятэкі баяцца браць у падарунак кнігі «ня тых» аўтараў і выдавецтваў. У Беларусі, дзе становіцца нормай ня мець дома ніводнай кнігі.

Адно з самых моцных маіх уражаньняў ад жыцьця ў Празе, дзе давялося правесьці тры гады, – гэта кніга, кніжны рынак, культ кнігі.

Тысячы і тысячы новых кніг для дарослых і дзяцей, выданьне перакладаў на чэскую ўсяго, што вось толькі ўчора заявіла пра сябе ў сьвеце, аграмадныя кнігарні ў кожным квартале, развалы кніжнага антыкварыяту на кожным кроку… І паўсюль – людзі, мора людзей. Скажы тут каму, што папяровая кніга памірае, – адкажуць зьдзіўленым позіркам. І перапытаюць: дзе памірае?

Кніга не памірае. На працягу 20-ці апошніх гадоў кнігу ў Беларусі забіваюць – па-чынавенску тупа і выслужліва, пад бадзёрыя пераконваньні прапаганды пра тое, што кнізе канец і што гэта нармальна, бо так адбываецца ва ўсім сьвеце. А як інакш растлумачыць тое, што кнігарні ператвораныя ў базары канцтавараў, каляровых шарыкаў, прадметаў культу і трасца яшчэ ведае чаго, дзе зрэдку пракідаецца трэш расейскага маскульту ў форме кнігі.

Я шчыра ня раіў бы адэптам «сьмерці кнігі» зазіраць у кнігарні дзе-небудзь у Вільні, Варшаве, той жа Празе (і далей – паўсюль), каб не разарваць сабе шаблён. Зрэшты, такія адэпты выбіраюць за мяжой іншыя «гандлёвыя кропкі». Гэтаксама як шчыра ня раіў бы беларусам 1980-х зазіраць у сёньняшнія беларускія кнігарні – з той самай мэтай.

Рэч у тым, што 20 гадоў назад у Беларусі існаваў культ кнігі.

Кніжнага рынку яшчэ не было, а культ кнігі быў. Згадайце тыя букіністычныя кнігаабмены, падпісныя выданьні, чэргі па новенькі «Чорны замак Альшанскі», які прадавалі проста з грузавіка (і магло не хапіць). Згадайце тыя хатнія бібліятэкі, тамы нашых энцыкляпэдый, нашых фантастычных кніжных ілюстратараў… Усё гэта было ў Беларусі яшчэ 20 гадоў, а яшчэ раней – было заўсёды. Як і многія ў Эўропе, мы – кніжная нацыя. Мы і заявілі пра сябе кнігай: пачынаючы ад Скарыны, што зрабіў нашу мову трэцяй у сьвеце, на якой была надрукаваная Біблія.

Ёсьць нейкая чартаўшчына ў цяперашняй прапагандзе і грамадзкай думцы, якія гавораць пра сьмерць кнігі напярэдадні 500-х угодкаў друкаванай беларускай Бібліі (2017).

Кніга не памірае, яна скукожылася пад ударамі чыноўнікаў-забойцаў, зашылася пад лаву, захінула галаву рукамі…

Яе амаль не відаць, такія малыя ў яе наклады, такія абмежаваныя месцы яе друку і сустрэчы з чытачом, так глуха пра яе маўчаць цэнтральныя СМІ. Яе амаль не відаць, але яна ёсьць, яна яшчэ крыху дыхае – бясшумна, каб не пачулі загоншчыкі. А ў сэрцы ў яе толькі адно пачуцьцё – бясконцая крыўда на грамадзкую думку, якая лічыць, што так – ва ўсім сьвеце і што гэта – норма.

Сяргей Дубавец, Радыё Свабода



Categories: Культура, Літаратура, Мова

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: