Цімаці Снайдэр: Новая настальгія Пуціна

У час, калі расійскія канвоі працягваюць наступ на Украіну, Уладзімір Пуцін сур’ёзна ўзяўся за вяртанне добрай славы дамове Гітлера і Сталіна, што фактычна распачала Другую сусветную вайну.

Падчас свайго выступу ў Музеі сучаснай расійскай гісторыі Пуцін зазначыў, што ”Савецкі Саюз падпісаў з Германіяй дамову аб ненападзе. Кажуць: «Ай, як кепска!» А што кепскага, калі Савецкі Саюз не хацеў ваяваць?»

Насамрэч Сталін хацеў ваяваць. А пакт Молатава-Рыбентропа 1939 года між іншым утрымліваў сакрэтны пратакол, што падзяліў Усходнюю Еўропу паміж Гітлерам ды Сталіным. У наступным месяцы пасля падпісання дамовы адбыўся сумесны нямецка-савецкі захоп Польшчы.

Кажучы пра добрую замежную палітыку тых гадоў, Пуцін не толькі парушыў шматгадовае савецкае табу, але таксама змяніў уласны пункт гледжання, бо раней акрэсліваў пакт як «амаральны». Пра што пасля пайшла гаворка? Чым так можа прыцягваць расійскага лідара збліжэнне СССР з фашысцкай Германіяй?

Гістарычнае значэнне пакта Молатава-Рыбентропа не магло б быць яшчэ большым, чым ёсць: менавіта ён стаіць за сумеснай савецка-нямецкай агрэсіяй супраць Усходняй Еўропы і ўсімі трагедыямі, што прынесла вайна краінам рэгіёна.

Сталін пайшоў на супрацоўніцтва з Гітлерам, добра ўсведамляючы антысемітызм апошняга, нават дастасаваў да плённай супрацы ўласную дыпламатыю. Калі 20 жніўня 1939 г. Гітлер прапанаваў Сталіну сустрэчу, той ахвотна згадзіўся, прыгатаваўся загадзя, змяняючы на пасадзе наркама замежных спраў Максіма Літвінава, што меў яўрэйскае паходжанне, на рускага — Вячаслава Молатава. Для Гітлера звальненне Літвінава мела вырашальнае значэнне. 23 жніўня Молатаў падпісаў дамову з кіраўніком нацысцкай дыпламатыі — Ёахімам фон Рыбентропам.

Для ўдзельнікаў кангрэса сіяністаў у Жэневе тая навіна стала шакуючай. Яны адразу зразумелі, што Гітлера спусцілі з ланцуга і надыходзіць вайна, падзеі якой будуць трагічныя перадусім для яўрэяў.

Хаім Вейцман, кіраўнік кангрэса [ураджэнец Моталя, Беларусь], закрываў яго словамі: «Сябры, у мяне толькі адно пажаданне: каб мы выжылі». І гэта не быў пусты пафас. Праз няпоўныя два гады ў частцы Еўропы, якой датычыў сакрэтны пратакол, пачаўся Халакост. Да 1945 г. з мільёнаў яўрэяў, што жылі на тым абшары, загінула большая частка. […]

Саюз Сталіна з Гітлерам меў згубныя наступствы для Польшчы і трох балтыйскіх краін – Літвы, Латвіі і Эстоніі. У Польшчы 17 верасня 1939 г. Сталін далучыўся да нямецкага наступу, высылаючы Чырвоную Армію на ўсход краіны. Пасля «сустрэчы» над Бугам з саюзным Вермахтам арганізаваны нават сумесны парад. Тайныя паліцыі — савецкая і нямецкая — узаемна паабяцалі, што будуць караць любое супраціўленне. НКВД дэпартавала каля паўмільёна грамадзян Польшчы ў ГУЛАГ і закатавала тысячы польскіх афіцэраў.

Праз дзевяць месяцаў балтыйскія краіны былі акупаваныя і далучаныя да СССР. Тыя тры невялікія дзяржавы страцілі дзясяткі тысяч грамадзян у дэпартацыях, што перадусім закранулі эліты. Згодна з новым савецкім правам, тыя дзяржавы былі прызнаныя няіснымі, а дзяржаўная служба ім была прызнаная злачынствам.

З палітычнай памяці Польшчы і балтыйскіх краін яшчэ не знік савецкі метад вырашэння «зверху», ці існуе тая ці іншая краіна. Той падыход праслізгвае і ў сучаснай расійскіх дэкларацыях, цяпер ужо адносна Украіны.

Польшча, Літва, Латвія і Эстонія былі атакаваныя Сталіным, калі той быў саюзнікам Гітлера. Таму тамтэйшыя эліты як ніхто іншы бачаць ілжывасць расійскай прапаганды, хаця б у тым, што Расія была вымушаная здзейсніць напад на Украіну, каб выратаваць Еўропу ад фашызму. Яны добра памятаюць не толькі сам пакт Молатава-Рыбентропа, але і шэраг гаспадарчых дамоў паміж СССР і фашысцкай Германіяй з 1940—41 гадоў, а таксама фальсіфікаваныя выбары і прапаганду ў савецкай сферы ўплыву. Падзеі таго часу абіваюцца скажоным рэхам у апошніх здарэннях ва Украіне.

Рэабілітацыя Пуціным пакта Молатава-Рыбентропа – гэта чарговы крок Масквы да аднаўлення ідэі падзелу Еўропы паміж Расіяй і Захадам.

У сакавіку дэпутаты расійскага парламенту прапанавалі МЗС Польшчы сумесна падзяліць Украіну. Безумоўна, у Варшаве ніхто сур’ёзна такіх прапановаў не ўспрыняў. У сваім трыумфальным выступе пасля анексіі Крыма Пуцін пераконваў, што небяспека для этнічных рускіх была дастатковай нагодай наступу на Украіну. Падобным чынам нацысцкая Германія апраўдвала ахоп Аўстрыі і Судэтаў, а СССР – захоп Польшчы. Такія ўласна гістарычныя паралелі мы мусім правесці, каб зразумець дакладна, што мае на ўвазе Пуцін, калі кажа, што Германія павінна з разуменнем паставіцца да змены межаў. Цяжка ўявіць сабе якую-кольвек падтрымку падобных ідэй у Берліне, моцная пазіцыя якога абумоўлена перш за ўсё еўрапейскай інтэграцыяй. Аднак некаторыя дастаткова важныя нямецкія палітыкі, як Герхард Шродэр або Гельмут Шміт, узважваючы легітымнасць украінскай дзяржавы, зрабілі рэверанс у бок Масквы.

Памылкова было б лічыць, што мэтай сённяшняй палітыкі Пуціна з’яўляецца толькі ўплыў на лёс Усходняй Еўропы. Мы маем таксама справу са спробай Крамля адысці ад існуючай версіі ўдзелу Расіі ў Другой сусветнай вайне. Гэта можа азначаць змены ў нацыянальнай гістарычнай памяці пра вынікі вайны для ўсёй Еўропы.

Безумоўна, заўсёды існавалі дзве версіі памяці пра вайну – Савецкі Саюз змагаўся ў ёй з абодвух бакоў. У першым этапе – ад 1939 да 1941 года – ён быў саюзнікам Германіі, што змагаўся на ўсходнім фронце і пастаўляў Германіі сыравіну, нафту і харчаванне, неабходнае для нямецкай вайны з Нарвегіяй, Даніяй, Галандыяй, Бельгіяй, Люксембургам і, што важней за ўсё, з Францыяй і Вялікабрытаніяй. Пазней, калі Гітлер парушыў дамову з Сталіным, і ў чэрвені 1941 года Вермахт здзейсніў напад на СССР, Савецкі Саюз хутка апынуўся па іншы бок барацьбы з Вялікабрытаніяй і ЗША.

Дзесяцігоддзямі пра першую частку гэтай гісторыі савецкія аўтарытэты далікатна маўчалі, затое гучна хвалілі вайсковыя высілкі Саветаў у другой частцы.

Савецкі Саюз імкнуўся паказаць сябе як сілу, што аддана абараняе свет, таму нельга было прызнаць, што ў свой час ён быў адной з дзяржаў, што распачалі сусветную вайну.

Менавіта таму пасляваенная савецкая прапаганда, падобна да сённяшняй расійскай, атаясамлівала Захад з фашызмам – гэта быў своеасаблівы сродак на забыццё пра тое, хто насамрэч змагаўся на баку фашыстаў, калі пачалася вайна.

Калі ўзяць пад увагу мільёны ахвяр сярод савецкага насельніцтва пасля чэрвеня 1941 г., а таксама вырашальную ролю Чырвонай Арміі ў барацьбе з Вермахтам, памяць пра барацьбу з нацызмам мела істотны палітычны сэнс. Не павінна быць дзіўным, што гэтая барацьба сталася адным з фундаментальных міфаў Савецкага Саюза. Аднак у такой версіі гісторыі трэба было як мага хутчэй змяніць інтэрпрэтацыю пакта Молатава-Рыбентропа. Ён у савецкай прапагандзе не быў, канешне ж, злачынствам, усяго толькі няўдачай замежнай палітыкі. Цяжка ўсё ж аспрэчыць факт, што гэтая дамова дазволіла фашысцкай Германіі наблізіцца да межаў СССР задоўга да пачатку вайны, а самой Германіі аднавіцца ў якасці мілітарнай звышдзяржавы, армія якой амаль дайшла да Масквы.

Сённяшняя Расія зноўку вядзе ва Усходняй Еўропе вайну, а Крэмль ізноў узяўся за спалучэнне традыцыйнага савецкага гонару з нагоды перамогі над фашызмам з паказам Сталіна як выбітнага нападніка.Падобная трактоўка вымагае пазітыўнай ацэнкі дамовы з гітлераўскай Германіяй у 1939-м.

Такое здаралася ўжо калісьці. Паміж 1939 і 1941 годам СССР ва ўнутранай прапагандзе паказваў Германію як сяброўскі край, не крытыкаваў нямецкай палітыкі і нават пачаў друкаваць прамовы Гітлера.

У сённяшніх умовах такая пазітыўная ацэнка дамовы з Германіяй пасуе да агульнай тэндэнцыі. Агрэсіўныя дэкларацыі аб расійскім антыфашызме ўсё больш вытрыманыя ў ключы, што нагадвае фашысцкую прапаганду: яўрэяў на дзяржаўным тэлебачанні абвінавачваюць у Халакосце, блізкі Крамлю інтэлектуал хваліць Гітлера як дзяржаўнага мужа, арганізуюцца маршы расійскіх фашыстаў, з паходнямі і свастыкамі, і падаюцца за антыфашысцкія, а кампанія супраць гомасэксуалістаў прэзентуецца як абарона еўрапейскай цывілізацыі.

Нічога няма дзіўнага ў тым, што нападаючы на Украіну, расійскі ўрад запрасіў прадстаўнікоў уласных і ёўрапейскіх крайне правых партый да падтрымання нападу і пашырэння маскоўскага пункту гледжання на вайну. На апошнія «выбары» ў Данецку і Луганску, а крыху раней на рэферэндум у акупаваным Крыме, «зацвердзіць» расійскія трафеі ў якасці «назіральнікаў» прыехалі еўрапейскія крайне правыя палітыкі. Іх запрашэнне – не адзнака эксцэнтрычнасці Крамля, але яно наўпрост паказвае, якім важным для Крамля сёння зрабіўся пакт Молатава-Рыбентропа. Пуцін быў бы ўсцешаны, калі б сучасныя еўрапейскія лідары былі настолькі неразумнымі, каб сур’ёзна аднесціся да ідэі новага падзелу Еўропы. Аднак ён усё ж задаволены тымі людзьмі, што станоўча адказалі на ягоны заклік знішчэння еўрапейскага ладу: сепаратыстамі па ўсёй Еўропе (у тым Партыяй Незалежнасці Злучанага Каралеўства, кіраўнік якой — Найджэл Фарадж — адкрыта прызнае, што Пуцін — лідар, якім ён захапляецца), антыеўрапейскімі папулістамі (напрыклад, французскім Нацыянальным Фронтам), урэшце – неафашыстамі і крайне правымі партыямі.

У пакце Молатава-Рыбентропа меўся на ўвазе не толькі падзел Еўропы, але таксама знішчэнне еўрапейскага парадку.

Падпісваючы саюз з Гітлерам, Сталін кіраваўся палітычнай логікай. Ён уяўляў сабе, што, калі падтрымае нацысцкую дзяржаву, якая паволі ішла ў кірунку вайны супраць усіх, нямецкія сілы сканцэнтруюцца на барацьбе з заходнімі краінамі. Тым самым пад цяжарам супярэчнасцяў капіталістычнага свету Германія, Францыя і Вялікабрытанія, а таксама ЗША адначасова б заняпалі, не закранаючы пры гэтым СССР. Пуцін, як здаецца, імкнецца зрабіць нешта падобнае ў сучаснасці. Так як Сталін спрабаваў скіраваць адну з самых радыкальных еўрапейскіх сіл на ўласна Еўропу, Пуцін фліртуе з папулістамі, фашыстамі і сепаратыстамі. Ягоныя саюзнікі — гэта акурат тыя сілы, якія хочуць пахаваць сучасны еўрапейскі парадак — гэта значыць, Еўрапейскі Саюз. Павінна быць зразумелым, што вяртанне ў Еўропу, што складаецца з нацыянальных дзяржаў узору 1938 года, было б катастрофай для ўсіх зацікаўленых, у тым ліку — для самой Расіі.

Існуе, аднак, вельмі істотная розніца паміж Сталіным-1939 і Пуціным-2014.

Сталін, як бы там ні было, імкнуўся вырашыць рэальную праблему — Гітлер насамрэч імкнуўся да знішчэння СССР. Так, Сталін выракся ўласнай ідэалогіі і зрабіў стратэгічную памылку, але мэтай было ўсё ж змяншэнне рэальнай пагрозы. Пуціну Еўропа ніяк не пагражала. Без усякай прычыны ў 2013 г. расійскі ўрад упершыню афіцыйна акрэсліў Еўрапейскі Саюз як непрыяцеля.

У СМІ і афіцыйных выступах з таго моманту ЕС часта прыпісваецца заняпад і абмяркоўваецца ягоны хуткі распад. Пасля змены палітыкі ў адносінах да Еўропы, калі Расія імкліва стварала Еўразійскую садружнасць, што мела стацца канкурэнцыяй для ЕС, пачаўся расійскі напад на Украіну. Прычым Крэмль няспынна паказвае напад як супрацьстаянне заходняй агрэсіі, што здаецца крыху дзіўным. Расійскі напад на Украіну выклікаў раскол у адносінах з Захадам, што, беручы пад увагу інтарэсы Расіі, абсалютна не мае сэнсу. Такі выбар Крамля не выглядае шэдэўрам стратэгічнага мыслення. Аднак

адчайны пошук абгрунтавання і гістарычнага прэцэдэнту змусіў Крэмль да адмовы ад аднаго з маральных фундаментаў пасляваеннай палітыкі: асуджэння наступальнай вайны ў Еўропе ў цэлым і фашысцкай вайны 1939 года ў прыватнасці.

The New York Review of Books, пераклад Яўгена Грыневіча

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=139438



Categories: Асьвета, Гісторыя, Зьнешнія адносіны, Мараль

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: