Валянціна Лебедзева: Палута Бадунова – мадэль беларускай пасіянарнасці

“Наша Ніва”, 10 сьнежня 2014г.

 

Палута Бадунова. Малюнак Язэпа Драздовіча.

Бадунова (сядзіць трэцяя справа) сярод дэлегатаў Усебеларускага з’езда.

Палута Бадунова.

Тамаш Грыб, у якога яна была закаханая.

У палітычнай гісторыі Беларусі жаночае імя было і застаецца найвялікшай рэдкасцю. Палута Бадунова (1885—1938) мала вядомая шырокаму грамадству яшчэ і па прычыне прыналежнасці да генерацыі нацыянальных дзеячоў, надоўга выкрэсленых з гістарычнай памяці.

Тым не менш, біяграфія П. Бадуновай падаецца нам цікавай не толькі для аднаўлення гістарычнай памяці, але і для аналізу жаночага лідарства ў палітычным жыцці Беларусі ХХ ст.

На рубяжы ХІХ—ХХ ст. сацыякультурныя перадумовы для новай мадэлі жаночых паводзін толькі пачыналі нараджацца. Жанчынам рабіліся даступныя спецыяльная адукацыя і прафесійная дзейнасць. П. Бадунова не абмінула гэтыя магчымасці, хаця галоўным чыннікам яе самарэалізацыі, на наш погляд, сталі асабіста-валявыя намаганні і прыроджанныя якасці характару.

Вялікая сям’я

Фарміраванне яе асобы адбылося ва ўмовах цалкам традыцыйнага правінцыяльнага асяродку. Яна нарадзілася ў Навабеліцы, паўаграрным прадмесці павятовага па тым часе Гомеля.

У вялікай сям’і жаночыя і мужчынскія ролі былі строга размеркаваныя: утрыманне жонкі і дзяцей поўнасцю ляжала на бацьку, а хатняй гаспадаркай і выхаваннем сямі дзяцей займаліся маці і незамужняя сястра бацькі.

Старэйшы сын Бадуновых Аляксандр абраў для сябе грамадскую дзейнасць: браў удзел у кіраўніцтве мясцовым Вайскова-пажарным таварыствам і арганізацыі мясцовага спорту, у часы Першай сусветнай вайны працаваў у навабеліцкім камітэце апекі сем’яў мабілізаваных салдатаў, у 1918 г. быў прызначаны камісарам альтэрнатыўнай бальшавікам Гомельскай дэмакратычнай дырэкторыі.

Яшчэ адзін брат Палуты — Даніла — зрабіў кар’еру ў галіне страхавання, працаваў у Кіеве.

Ніякіх звестак пра грамадскія справы сёстраў Бадуновых няма. Яны атрымалі хатняе выхаванне і ў далейшым задаволіліся ролямі маці і хатніх гаспадынь. Палута ж прадэманстравала разрыў традыцыі, калі скончыла двухкласную вучэльню ў Буйнічах пад Магілёвам і «вытрымала экзамен на званне хатняй настаўніцы рускай мовы і геаграфіі».

Тут яна абышла нават брата Аляксандра, які атрымаў добрую, але толькі хатнюю адукацыю.

Праца ў народных школах і вучэльнях Гомельскага павета забяспечыла Палуце роўную з мужчынамі ў сям’і магчымасць самастойнага заробку і выбару жыццёвых перспектыў.

Напярэдадні рэвалюцыі яна пераязджае ў вучыцца ў Петраград, што пэўна было яе самастойным рашэннем.

Вытрымала канкурэнцыю з мужчынамі

Унутраная гатоўнасць П. Бадуновай выйсці за межы вызначанай традыцыяй ХІХ ст. жаночый ролі не магла б знайсці настолькі радыкальнай рэалізацыі, каб не крызіс у грамадстве, створаны вайной, рэвалюцыямі і разгортваннем нацыянальна-вызваленчага руху. На фоне вострай запатрабаванасці ў актыўным сацыяльным дзеянні асабістыя якасці Бадуновай — энергія мэтаскіраванасць, настойлівасць, арганізацыйныя і аратарскія здольнасці дазволілі ёй не толькі імкліва ўвайсці на поле палітычнай дзейнасці. але і паспяхова вытрымаць канкурэцыю з мужчынамі.

У лютым 1917 г. ад імя слухачак Петраградскіх вышэйшых жаночых курсаў яна становіцца дэпутатам Петрасавета, а на працягу 1917—1919 г. стабільна ўваходзіць у склад усіх без выключэння кіруючых органаў нацыянальнага руху: ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, Цэнтральнай і Вялікай Беларускіх рад, Рады і Народнага сакратарыяту БНР, ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР), Народнай рады БНР 1919, Паўстанцкага антыпольскага камітэта.

Заўважым, што ўлік гендэрнага аспекту праявіўся толькі аднойчы, калі ў складзе Народнага сакратарыяту БНР Бадуновай дасталася самая «жаночая» пасада — народнага сакратара па справах апекі. У яе кампетэнцыю ўваходзіла дапамога бежанцам, беспрытульным, маламаёмасным. Ва ўсіх астатніх выпадках паплечнікі-мужчыны расцэньвалі яе як раўнапраўнага партнёра.

Наступальнасць і энергія

Больш за тое, па меры нарастання экстрэмальнасці ўмоў дзейнасці лева-эсэраўскага крыла нацыянальнага руху, яе лідэрская роля ўсё больш узрастае.

Ад лета 1919, калі ў ізаляцыі ад Беларусі аказаліся галоўныя паплечнікі, Т. Грыб, Я. Мамонька. В. Ластоўскі, на яе лёг увесь цяжар партыйна-палітычнай працы. І яна справілася. Распрацаваная ёю тактыка прымалася не толькі БПСР, але ў некаторых момантах і ўсім нацыянальным рухам.

Яна выступіла здольным арганізатарам, публіцыстам, дыпламатам пры наладжванні міжнародных і міжпартыйных сувязяў.

Стыль Бадуновай вызначаўся, а часам выгодна адрозніваўся ад стылю мужчын-паплечнікаў наступальнасцю і энэргіяй. Яна ўмела дасягнуць мэты, часам навязваць уласную пазіцыю і паплечнікам, і апанентам. Прыкладам апошняга можа быць сітуацыя ў снежні 1919, калі Бадунова пераканала групу Антона Луцкевіча ў неабходнасці склікаць Раду БНР. На выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы 1920 г. пасля яе выступаў перавагу атрымлівалі эсэры, а не бальшавікі. На яе асабістым рахунку дасягненне згоды ЦК РКП(б) на перамовы з беларускімі эсэрамі ў 1920 г.

«Цётка Бадунова едзе на белай кабыле з Смаленска»

Аўтарытэт Бадуновай у беларускім руху быў прызнаным у лагерах як паплечнікаў, так і праціўнікаў, усведамляўся прарокамі беларушчыны. Язэп Драздовіч намаляваў яе партрэт. Янка Купала ў сваіх знакамітых «Тутэйшых» зліў асабісты лёс менавіта Палуты з лёсам беларускай дэмакратычнай дзяржаўнасці:

«Мікіта. …дык у вас заводзіцца нейкая, меджду протчым, Беларуская Рэспубліка. Ужо нават едзе і старшыня Беларускага Рэўкому Чарвякоў — толькі затрымаўся нейдзе за Менскам на папаску.

Аленка. А я чула, што і Цётка Бадунова таксама едзе на белай кабыле з Смаленска.

Мікіта. Ну, яна меджду протчым, эсэр-беларус і ў рахунак не ідзе: доўга тут не затрымаецца.

На мяжы жыцця

Маскоўская ЧК таксама аддавала належнае Бадуновай як уплывоваму і «энергічнаму работніку». Напярэдадні падпісання Рыжскай дамовы аб падзеле Беларусі адбыліся масавыя арышты эсэраў у Мінску, але толькі Бадунову і Мамоньку адпраўляюць для следства ў Маскву.

Зачыненая ў Навінскую вязніцу Палута працягвае барацьбу адзіным магчымым спосабам: — галадоўкамі. Праз тры месяцы турэмны докутар паведаміў у ВЧК, што Бадунова знаходзіцца на мяжы жыцця і трымаецца толькі на камфары.

З Мінска Алесь Чарвякоў спрабуе ўратаваць яе спосабам, які падаецца яму найлепшым: ён папярэджвае кіраўніцтва РКП(б), што ў выпадку яе смерці ў вязніцы вакол яе стварыцца «арэол пакутніцы»

і даручаў прадстаўніку БССР у Маскве Аляксандру Марозу: «…настойваць на гэтым вызваленнi. Бадунова мае шмат заслуг перад рабочымi i сялянамi Беларусi».

«Спаткалі, як дзеці матку»

Ці праяўлялася ў яе стылі палітыка жаноцкасць? Праявай менавітага гэтага, на наш погляд, стала высокая самаахвярнасць, а часам і страта пачуцця самазахвання. Хаця б красавіцкі пераход Бярэзіны ў 1919 г. па дарозе ў Смаленск на перамовы ці турэмныя маскоўскія галадоўкі 1921 г.

Усе паплечнікі адзначалі, як Бадунова клапацілася пра сяброў і паплечнікаў, яе здольнасць да суперажывання, гатоўнасць да даверлівых сяброўскіх адносін без падтэксту як з мужчынамі, так і жанчынамі. Гэта выявілася ў адносінах да сястры Марыі, да Анеты Дуж-Душэўскай, Ластоўскага, Езавітава. У асяродку паплечнікаў і сяброў яна імкнулася наладзіць блізкую да сямейнай атмасферу, беларускія студэнты ў Празе яе «спаткалі, як тыя дзеці матку».

Вялікае пачуццё

Рызыкнём сцвярджаць, што выбар партыйна-палітычнай пазіцыі Бадуновай былі абумоўлены, акрамя ідэйнай перакананасці, вялікім пачуццём да Тамаша Грыба, якое валодала ёю ад моманту знаёмства і да канца яе жыцця. Палітыка і каханне засталіся раўназначнымі канстантамі лёсу Бадуновай. Яны ж сталі і чыннікамі яе трагедыі.

Спробы рацыянальнага, валявога падыходу да ўласнага пачуцця і намаганні пераключыць усю ўласную істоту на справу служэння свайму народу закончыліся крахам, аб чым Палута адкрыта прызнавалася ў дзённіку: «Няма слоў для таго, каб апісаць тую страшэнную ўнутраную барацьбу, якая вядзецца ўва мне днём і ноччу, і тады, калі вяду сур’ёзную справу, і тады, калі проста жыву, як звычайная кабета».

Жаночая нерэалізаванасць разам са стратай сяброўскіх сувязей і крахам палітычных спадзяванняў сталі прычынай душэўнага захворвання Бадуновай.

Гэта разумелі тыя, хто блізка назіраў яе пасля выхаду з пражскага шпіталя. Марыя Галубянка пісала да Ластоўскага: «…гэта няшчасны, бедны, я б сказала зламаны, разбіты чалавек…Адным словам, не хапае ёй галоўнага імпульсу ў жыцці — кахання, бо ці ж можа чалавек жыці без кахання… чым маладзейшы чалавек, мне здаецца, тым больш абстракцыйнае, тэарэтычнае яго каханне, чым старэйшы, тым больш рэальна-акрэсленае. І вось мне здаецца, што і П. Бадунова ў гэтакай стадыі свайго развіцця, калі мала тае абстракцыі, а хочацца больш рэальнага, акрэсленага».

Подзвіг і трагедыя Палуты Бадуновай — жанчыны і палітыка — варты таго, каб памяць аб ёй жыла не толькі ў гістарычных аналах, але і ў шырокай грамадскай свядомасці.

Валянціна Лебедзева



Categories: Асобы, Гісторыя

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: