Аляксандр Згерскі: ШТО БАДЗЕЦЬ РАСІЮ, або КУЛЬТЫВАЦЫЯ РЭСЕНТЫМЕНТУ

logo

 

Аляксандр Згерскі: ШТО БАДЗЕЦЬ РАСІЮ, або КУЛЬТЫВАЦЫЯ РЭСЕНТЫМЕНТУ

У сярэдзіне гэтага лета я вырашыў завітаць у вёску да сваякоў у Магілёўскай вобласці. Па дарозе туды надумаўся заехаць у вясковую краму. Там я пачаў з агляду асартыменту тавараў і іх кошту, пакуль я выбіраў, некалькі жанчын каля касы, у чаканні прывозу новага тавара, размаўлялі пра жыццё ды палітыку. Ну і зразумела ж дайшла справа і да падзей на Украіне. Адна з жанчын пачала пералічваць усе тыя жудасныя факты, якія можна пачуць як з боку ўкраінскіх СМІ, так і з боку расійскіх. Іншая жанчына, больш сталага ўзросту, задуменна слухаючы, сказала: “І што гэтую Расію ўсё бадзець, ну чаму яны ўсюды лезуць?”. “Дык гэта ж не яны, а амерыканцы ваду каламуцяць,” – нерашуча запярэчыла першая. Але прадаўшчыца не дала разгарнуцца дыскусіі і, падазрона пазіраючы ў мой бок, дыпламатычна ўставіла: “Ды ўсе яны там добрыя!” Я тым часам расплаціўся і выйшаў з крамы.

Вядома мяне крыху здзівіла, што жанчына з вёскі, якая напэўна глядзіць толькі дзяржаўныя беларускія ды расійскія ТВ каналы, можа мець такія погляды адносна ролі Расіі ў гэтым канфлікце ва ўсходняй Украіне. Але я патлумачыў гэты факт тым, што хутчэй за ўсё ў яе ёсць унук ці ўнучка, якія шукаюць альтэрнатыўную інфармацыю ў інтэрнэце. Зацікавіў мяне таксама і выраз: “Што бадзець Расію?” Я не ведаю як у іншых месцах Беларусі, а тут гэтае слова выкарыстоўваецца ў асноўным у негатыўных азначэннях. Так кажуць калі хочуць выказаць чыё-небудзь не вытлумачальнае ірацыянальнае памкненне нашкодзіць, прынесці страту, перарабіць усталяваны лад на вэрхал. Само ж слова відавочна паходзіць ад дзеяслова бадаць. Нашы продкі з дагістарычных часоў жылі побач з жывёламі і дзікімі, і свойскімі. Разбуральную моц іх капытоў, іклаў і рагоў, яны ведалі і назіралі ў сваім паўсядзённым жыцці. Дык вось бадзець азначае бадае, прычым не так, што баднула, а цяпер баліць, а так, што бадае зараз і пастаянна. Так кажуць пра негатыўны ўнутраны псіхалагічны стан, вытлумачыць рацыянальным чынам які немагчыма, быццам нябачны д’ябальскі рог разварочвае нешта ўнутры, у душы той істоты, аб якой ідзе гаворка, прымушаючы яе рабіць небяспечныя ўчынкі. Так, напрыклад, кажа гаспадыня пра збродлівую карову, якая, не гледзячы ні на якія бізуны, імкнецца адарвацца ад статка і ўлезці каму ў агарод ці забрысці ў які хмызняк. Альбо жонка ў роспачы будзе скардзіцца суседцы на мужа п’яніцу, якому толькі і бадзець, што гэтую чарку ў горла ўліць.

Дык што ж бадзе гэтую Расію? Як так выйшла, што кіруючая групоўка на чале з Пуціным спачатку падступна анэксавала Крым, а потым развязала крывавую бойню на ўсходзе Украіны? Пры гэтым падаўляючая большасць насельніцтва Расіі імгненна і вельмі ахвотна паверыла ў шалёную прапаганду крамлёўскіх ідэолагаў. Чаму яны раптам вырашылі, што на Украіне засталіся толькі фашысты і ўвесь свет жадае Расіі няшчасця?
Праглядаючы сёння нешматлікія незалежныя інтэрнэт-выданні ў Расіі нельга не заўважыць роспач расійскіх інтэлектуалаў. Тыя з іх, хто не падтрымлівае агрэсію супраць Украіны, хто аспрэчвае хлуслівыя заявы крамлёўскай прапагандычнай машыны, таксама задаюцца гэтым пытаннем: як так сталася, што народ пайшоў за дзікунамі, якія клічуць у ізаляцыю ад цывілізаванага свету і да дыктатуры, а не за дэмакратычнымі каштоўнасцямі? І трэба адзначыць шмат у каго з іх проста апускаюцца рукі ад бяссілля нешта змяніць, і шмат хто супраціўляецца гэтаму памутненню розуму толькі па інэрцыі з пачуцця грамадскага абавязку, зняверыўшысь у выніку. Варта аддаць ім належнае, гэтым некалькім адсоткам расійскага грамадства, што не згубілі розума і годнасці. Магчыма, у будучыні толькі яны і змогуць вырваць свой народ з цемры сярэднявечных уяўленняў, а таму толькі дзякуючы гэтай іх нязломнай пазіцыі ў расійскага народу ёсць шанец на існаванне.

Аднак не ў першыню ў гісторыі Расіі такое каласальнае разыходжанне ў грамадстве. Нікалай Бярдзяеў у сваёй працы “Руская ідэя” апісвае рэвалюцыйныя падзеі 1917-га году ў Расіі праз вобраз вежы: “. Я ўспамінаю яркі вобраз разрыву і расколу ў рускім жыцці. У Вячаслава Іванова на “вежы” – так называлася яго кватэра на рагу самага верхняга паверха высокага дома супраць Таўрычнага палаца – па серадах, на працягу некалькіх гадоў, збіралася культурная эліта: паэты, раманісты, філосафы, навукоўцы, мастакі, акцёры. На “ Іваноўскіх серадах “чыталіся даклады, вяліся самыя вытанчаныя спрэчкі. Гаварылі не толькі на літаратурныя тэмы, але і на тэмы філасофскія, рэлігійныя, містычныя, акультныя.

Прысутнічаў колер рускага рэнесансу. У гэты ж час унізе, у Таўрычаскім палацы, і вакол, бушавала рэвалюцыя. Дзеячы рэвалюцыі зусім не цікавіліся тэмамі “Іваноўскіх серад” … Яны не цікавіліся Дастаеўскім, Л. Талстым, Вл. Салаўёвым, не ведалі новых рухаў заходняй культуры. Таму рэвалюцыя была ў нас крызісам духоўнай культуры. Ваяўнічае бязбожнасць камуністычнай рэвалюцыі тлумачыцца не толькі станам свядомасці камуністаў, вельмі звужанага і які залежыць ад рознага роду ressentiments, але і гістарычнымі грахамі праваслаўя, якое не выконвала сваёй місіі ператварэння жыцця, падтрымліваючы лад, заснаваны на няпраўдзе і прыгнёце.”

Адзначым адну важную характарыстыку рэвалюцыі, якую прапануе Бярдзяеў – духоўны крызіс, а таксама залежнасць народных мас, якія рабілі рэвалюцыю, ад ressentiments. Гэта тэрмін ніцшэанскай філасофіі. Рэсентымент гэта мараль рабоў, гэта негатыўныя чалавечыя комплексы заснаваныя на зайздрасці да больш моцных, паспяховых, пры гэтым у свядомасці культывуецца вобраз ворага, а сістэма каштоўнасцей чалавека рэсентыментальнага не можа ствараць нічога свайго, але знішчае, спаганьвае, або прысвойваючы, сістэму каштоўнасцей ворага. Рэсентыментальнай маралі супрацьстаіць мараль высакароднага, свабодалюбівага чалавека.

Эсхаталагічным называў Бярдзяеў расійскі народ. Эсхаталагічнасць, паводле слоўніка, гэта сістэма рэлігійных поглядаў і ўяўленняў пра канец свету, адкупленне і замагільнае жыццё, пра лёс Сусвету і яго пераходу ў якасна новы стан. Эсхаталагічнасць рускіх людзей, паводле рэлігійнага расійскага філосафа Бярдзяева, гэта імкненне да ўсеагульнага выратавання, якое прымушае рускіх адчуваць сваё наканаванне і пакліканне перад высокай мэтай, якая з’яўляецца боскай воляй. Менавіта таму рускія такія максімалісты. Гэта канечне прыгожыя словы, якія выбітны расійскі інтэлектуал прысвячае свайму народу, гэта натуральна. Але ці адпавядаюць яны рэчаіснасці? Гледзячы на сённяшнія падзеі, на вайну, якую развязала Расія супраць Украіны, на ўсе тыя хвалі нянавісці, што захліснулі расійскі народ, эсхаталагічнасць сучаснага расійскага грамадства выглядае не як боская воля, а хутчэй як д’ябальская, і ў цьмяных злавесных водблісках гэтай нянавісці і шавінізму праглядаюцца карціны апакаліпсісу.

Напэўна, гісторыю дачынення паміж высакароднасцю і рэсентыментальнасцю можна прасачыць як у асобнага чалавека, так і ў цэлага народа. Я думаю, што шавіністычныя і нацысцкія (не нацыяналістычныя) праявы можна ў асноўным аднесці да рэсентыментальнай маралі, якія ў большай ці меншай ступені ўласцівы кожнаму народу. Так, напрыклад, яшчэ нядаўна, крыху больш за паўсотню год у Англіі можна было пабачыць надпісы, накшталт такой: “З сабакамі і ірландцам уваход забаронены”. Зараз жа Англія небеспадстаўна лічыцца адной з самых дэмакратычных і цывілізаваных краін.

Але гаворка зараз пра Расію, бо менавіта яна пачынае агрэсію ў суседняй краіне, падымаючы, скарыстоўваючы, культывуючы пры гэтым вялікі рэсентыментальны шавіністычны комплекс, які да часу дрэмле ў расійскай загадкавай душы. І вось адзін з найноўшых прыкладаў гэтага комплексу.
Мінулай вясной на прарасійскіх мітынгах ва ўсходняй Украіне прыхільнікі далучэння да Расіі, людзі з Георгіеўскімі стужкамі, патрабавалі ад тых, хто прытрымліваецца іншых меркаванняў і выступае за цэласную Украіну, стаць на калені перад раз’юшаным натоўпам, які гатовы парваць на кавалкі за любою іншую думку, за адрознае меркаванне, то бок, сімвалічна стаць на калені перад Расіяй. Так было паўсюль на такіх мерапрыемствах арганізаваных Масквой, яе дыверсантамі, якіх яна засылае на Украіну.

У гэты ж час па ўсіх расійскіх СМІ, падкантрольных пуцінскаму рэжыму, а такіх падаўляючая большасць, на ўсіх узроўнях улады і сярод вядомых прадстаўнікоў расійскага грамадства з рознымі палітычнымі поглядамі, пульсавала адна асноўная думка, адзін пасыл – Расія падымаецца з кален!
Гэта не выпадкова так склалася, гэта заканамернасць – калі Расія падымаецца з кален, яна імкнецца паставіць на калені бліжэйшыя народы. У Горлаўцы на мітынгу каля аддзелу міліцыі натоўп прарасійскіх мітынгоўцаў таксама патрабаваў ад захопленага імі супрацоўніка міліцыі стаць на калені, гэта ледзь не скончылася для яго смерцю. На некалькіх відыа былі зафіксаваны агідныя паводзіны азвярэлых прарасійскіх актывістаў. На адным з відыа гучыць пытанне: “А што будзе калі ён стане на калені?” У адказ чуем : “Нічога не будзе, тады яго адпусцяць”. Гэта істотны момант – не прыніжэнне муляе вочы расійскай імперскай свядомасці, а ўсё самастойнае, свабоднае, высакароднае, годнае. Патрабуючы ад суседніх народаў пакоры, расійская свядомасць засмечаная рэсентыментальнымі шавіністычнымі комплексамі, можа прымаць і цярпець побач з сабой толькі рабскае, маральна нізкае. Так расійская ментальнасць, падымаючыся, прапануе суседнім народам дзеля самазахавання апусціцца да ўзроўню рабскай самасвядомасці.

“Масковія была выхавана і вырасла ў жудаснай і гнюснай школе мангольскага рабства. Яна ўзмацнілася толькі дзякуючы таму, што стала virtuosa ў мастацтве рабства. Нават пасля свайго вызвалення Масковія працягвала гуляць сваю традыцыйную ролю раба, які стаў гаспадаром. Пасля Пётр Вялікі спалучаў палітычнае мастацтва мангольскага раба з ганарлівымі імкненнямі мангольскага ўладара, якому Чынгісхан завяшчаў ажыццявіць свой план заваёвы свету …”, – пісаў К. Маркс.

Расійская імперыя паўставала з Маскоўскага княства, побач з ім было некалькі канкуруючых княстваў, якія цяпер складаюць ядро Расіі. Адно з іх Ноўгародскае, па сутнасці гэта была рэспубліка з вечавым кіраваннем і выбарнай уладай. У 1478 годзе ноўгародская дзяржава перастала існаваць. Іван ІІІ бацька Івана Жахлівага захапіў Ноўгарад разагнаў і скасаваў веча, жорстка задушыў усялякую апазіцыю Маскве. Трагічным было падзенне гэтай унікальнай сярэднявечнай рэспублікі, яна не змагла супрацьстаяць Маскоўскаму княству, якое кіравалася па ўзору Залатой Арды. Дэспатычнасць, поўнае падпарадкаванне царквы свецкай уладзе, гарызантальная сацыяльная іерархія, паводле якой усё насельніцтва лічылася «государевыми холопами» даволі моцна спрыяла выспяванню рэсентыментальных комплексаў. Іван ІV Жахлівы, напэўна, адзін з самых рэсентыментальных кіраўнікоў Масковіі быў, як лічаць даследчыкі, чалавекам з цяжкімі псіхічнымі адхіленнямі, пры такой сістэме ўлады ніхто не мог пазбавіць яго трона. У 1569 годзе, падазраючы жыхароў Ноўгарада ў здрадзе, гэты дэспат, вар’ят распачаў крывавы паход на суседнія гарады, якія яшчэ нядаўна былі самастойнымі, на Ноўгарад і Пскоў. Апрычнікі, войска, якое падпарадкоўвалася толькі цару, і набранае ім дзеля расправы з апанентамі, якое здзяйсняла тэрор і рэпрэсіі па загаду цара, пачалі свае катаванні толькі трохі ад’ехаўшы ад Масквы. Аднымі з першых на шляху гэтага войска смерці сталі Цвер, Таржок, Клін і інш. Калі ж Іван ІV з апрычнікамі дайшлі да Ноўгарада, то месцячы гэтага гораду зазналі сапраўдныя пякельныя пакуты: людзей забівалі да смерці, тапілі, жарылі ў распаленай муцэ. Гісторыкі кажуць, што ў выніку гэтага паходу лічба забітых, закатаваных і тых, хто памёр ад голаду і эпідэмій, бо былі выграбены ўсе запасы ежы, дасягае 15-ці тысяч чалавек, пры тагачасным насельніцтве Ноўгарада ў 30 тысяч. І гэта толькі ў адным Ноўгарадзе! А тым часам пачасціліся набегі крымскіх татараў. У 1570 яны спустошылі Разаншчану, а ў 1571 крымскія татары ўжо палілі Маскву, падмануўшы ўдалым манеўрам расійскае войска, якое чакала іх пад Серпухавам. Сам Іван пасля гэтых паразаў выйшаў на перамовы да паслоў хана ў сярмязе, гэтым падкрэсліваючы, перавагу сваіх ворагаў і сваё жабрацтва. У гэтай гісторыі яскрава выяўляецца рэсентыментальная сутнасць тагачаснай маскоўскай улады. Татары для Івана ІV былі накшталт кары Божай, прыроднага бедства. А вось жыхары суседніх княстваў, якія ўжо належалі Масковіі, нават падумаць не маглі аб тым, каб нешта там вырашаць за саміх сябе – гэта быў самы вялікі грэх і правіна перад Масквой. Што для рэсентыментальнага і падступнага цара Івана Жахлівага было выйсці і прыніжацца перад пасламі? Ды нішто, а вось непадпарадкаванне, магчыма толькі ўяўнае, сваіх халопаў прыводзіла, па ўсім відаць, яго ў шаленства.

Напэўна, самым свабодным і менш абскурантысцкім для царскай Расіі было 19-е ст. Пачынаючы, з часоў Кацерыны II, расійская эліта стала актыўна далучацца да еўрапейскай культуры. Потым гэтаму паспрыяла сумесная перамога над Напалеонам, калі вялікая колькасць расійскіх людзей, афіцэраў перш за ўсё, адкрыла для сябе Еўропу. Як вынік еўрапеізацыі паўстанне дзекабрыстаў у 1825 годзе, якое цалкам правалілася, але праграма, якую прапанавалі дзекабрысты, была значна больш дэмакратычнай за дзяржаўны і сацыяльны лад у тагачаснай расійскай імперыі. Канечне можна сказаць, што ў цэлым і ў 19-м ст. расійская імперыя засталася такой жа азіяцкай як была раней, так, напрыклад, паўстанні ў 1830-м і 1863-м на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай было з большага расійскай элітай асуджаны. Але, так ці інакш, за гэтае стагоддзе ў расійскім грамадстве была створана катэгорыя людзей, што магла думаць і дзейнічаць незалежна ад дзяржавы, і нават ісці насуперак ёй, карыстаючыся сваім розумам і прынцыпамі. Напэўна, гэта дазваляе лічыць 19 ст. самым прагрэсіўным у расійскай гісторыі.

А далей была рэвалюцыя і як цалкам слушна паказвае Бярдзяеў, ізноў перамагла “маса”, якую накіроўвалі, даходлівымі, як шрот са стрэльбы рэсентыментальнымі лозунгамі бальшавікі. Усю зямлю сялянам, фабрыкі рабочым, мір народам, адабраць і падзяліць. І згодна рабскай маралі былі знойдзены ворагі: арыстакраты, буржуі, кулакі, інтэлігенты, імперыялісты і г. д. Наогул, ворагі былі патрэбны для СССР увесь час яго існавання, як патрэбны дровы ці вугаль для руху паравозу. І якім бы не быў маральны ўзровень расійскага народу да рэвалюцыі, пасля рэвалюцыі, пасля таго як уладу захапілі людзі, якія кіраваліся не самымі высакароднымі памкненнямі, ён стаў значна горшым. Рэпрэсіўная савецкая дзяржава наўпрост культывавала адмоўныя маральныя каштоўнасці ў грамадстве. Зайздрасць, паклёп, стукацтва практыкаваліся і падтрымліваліся дзяржаўнымі ворганамі. Зайздрасць да больш заможнага набыла сваю легітымнасць і стала адной з базісных актуальных рэакцый у савецкім грамадстве, яна маскіравалася пад заклікамі да ўсеагульнай роўнасці. Паталагічны недавер да чалавека, калегі, сябра, сваяка, і безумоўная адданасць партыі – такі маральны падмурак закладваўся ў імперыі зла. Хаця трэба адзначыць, што апошняе – безумоўная адданасць – ёсць нішто іншае як развіццё да максімума той самай цёмнай сярэднявечнай ідэі – “все государевы холопы”. Толькі цар цяпер быў калектыўны – ЦК КПСС.

У тэорыі ў савецкіх камуністаў атрымоўвалася ўсё вельмі ўдала. Але на практыцы выйшла не так проста як намалявалі сабе бальшавікі, прынамсі некаторыя з іх, якія сапраўды наіўна верылі, што змогуць пабудаваць рай на зямлі. Як бы там не было, а бязбольна замяніць дарэвалюцыйную этыку, з базіснымі каштоўнасцямі (хай сабе і выкананне іх бездакорным ніколі не было), заснаванымі на хрысціянстве і даўніх традыцыях, на этыку камуністычную не атрымалася. Цікавыя трансфармацыі гэтага жудаснага і, бадай, небывалага эксперыменту сталі добра праглядацца на прыканцы існавання СССР. Усеагульная “ураўнілаўка” прывяла да татальнай незацікаўленасці працоўных у самой працы, бо колькі і як якасна не рабі ўсё роўна атрымаеш як той, хто нічога не робіць. “Сачкаванне” – адвільванне ад працы, стала асноўнай прыкметай савецкага чалавека. З гэтага вынікаюць і адносіны да тых, хто імкнуўся працаваць добра, альбо рабіў выгляд, што працуе добра, такіх называлі выскачкамі і вінавацілі ў жаданні выслужыцца перад начальствам. Тут дарэчы будзе ўспомніць словы В. Высоцкага з песні “Выпадак на шахце”:

“Сидели пили вразнобой
“Мадеру”, “старку”, “зверобой”,
И вдруг нас всех зовут в забой, до одного:
У нас – стахановец, гагановец,
Загладовец,- и надо ведь,
Чтоб завалило именно его…
…Его нам ставили в пример,
Он был, как юный пионер – всегда готов…
… Спустились в штрек, и бывший зек –
Большого риска человек –
Сказал: “Беда для нас для всех, для всех одна:
Вот раскопаем – он опять
Начнет три нормы выполнять,
Начнет стране угля давать – и нам хана…”

Цяжка знайсці лепшы мастацкі прыклад для апісання гэтага феномена. Вось так, парадаксальным на першы погляд чынам, па сапраўднаму маральным у савецкім грамадстве, нават высока маральным, становіцца такое існаванне, калі чалавек не імкнецца добра выконваць свае абавязкі, а наадварот усяляк спрабуе адседзіцца да канца працоўнага дня. Але трэба адзначыць, што гэта адносіцца толькі да працоўных людзей. Што тычацца ўладных колаў, то адданасць працы і лініі камуністычнай партыі ўсяляк падкрэслівалася і выпіналася. Так амаль натуральным чынам узнікаюць два розныя па мэтах і матэрыяльнай забяспечанасці сацыяльныя класа, якія ў тэорыі ўзнікнуць не павінны былі.

Прадпрымальніцтва ў Саюзе жорстка пераследвалася. Шматлікія дзяржаўныя службы строга сачылі за тым, каб савецкія грамадзяне не займаліся спекуляцыяй, ці вытворчасцю якіх-небудзь тавараў на продаж. Але чалавек на тое і чалавек: ён заўсёды хоча жыць лепей. А на невялікі заробак лепей жыць не атрымоўвалася. Тут з’яўляюцца несуны – людзі, якія цішкам выносяць, крадуць з прадпрыемстваў, з калгасаў і саўгасаў розныя матэрыяльныя каштоўнасці. Нават падчас сталінскага тэрору гэтая з’ява мела месца, калі за скрадзены калгасны каласок і дванаццацігадовых падлеткаў накіроўвалі ў Сібір, дзеці і дарослыя з прычыны вялікага голаду ішлі на такую рызыку. З’ява гэта насіла татальны характар і была ўласцівай для любога месца ў СССР. У застойныя брэжнеўскія часы на ўсёй прасторы гэтай дзяржавы замацавалася не галосная маральная норма – у дзяржавы красці можна і нават трэба, а ў чалавека грэх. Менавіта так, за крадзёж дзяржаўнай маёмасці ніхто на міжасобным узроўні дрэннага слова ў бок злодзея не казаў, акрамя адпаведных органаў.

У Саюзе склалася цікавая каштоўнасная іерархія прафесій. Першай у ёй зразумела была партыйная наменклатура, якой належала ўся паўната ўлады. Пракуратура, міліцыя, суды падпарадкоўваліся партыйнай вертыкалі і былі ўжо другой прыступкай, да якой імкнуліся савецкія грамадзяне, якія хацелі апынуцца наверсе сацыяльнай структуры. Хаця трэба адзначыць, што ў тую ж міліцыю імкнуліся далёка не ўсе. Існавала вялікая непавага ў простых грамадзян да людзей гэтай прафесіі, бо метады, якія выкарыстоўвала савецкая міліцыя часта былі далёкімі ад літары закона. Далей ішлі тыя, хто меў доступ да размеркавання матэрыяльных рэсурсаў: загадчыкі складоў, магазінаў, базаў, гаражоў, начпроды ў войску, персанал сталовых, бойняў, ды проста прадаўшчыцы ў крамах, куды пастаўляліся дэфіцытныя тавары. Так у краіне працоўных, якая ў тэорыі павінна быць і для працоўных, узнікае новы сацыяльны феномен – “блат” – сувязі, дзякуючы якім можна было набыць сабе рэдкі тавар ці якуюсь палёгку ў прасоўванні па кар’ернай лесвіцы, ці пры паступленні ва ўніверсітэт. Адукацыя, разумовыя здольнасці, вопыт далёка не заўсёды мелі вырашальную ролю ў працаўладкаванні на “цёплае” месца. Галоўнымі былі сувязі, без іх, руху па сацыяльных ліфтах амаль не было, выключэнні былі рэдкімі. Чалавек працы, рабочыя спецыяльнасці сталі самымі непрывабнымі ў СССР.

Дазволю сабе адзін прыклад з уласнага досведу. Я пачынаў вучобу ў школе пры Саюзе, а скончыў яе ўжо ў незалежнай Беларусі. Памятаю як у трэцім класе настаўніца па чарзе спытала нас хто кім хоча стаць. Пасыпаліся стандартныя адказы: касманаўт, балерына, доктар. Але напрыканцы апытання адзін наш аднакласнік сказаў, што хоча стаць трактарыстам. Што тут сталася! Увесь клас грымнуў смехам! Справа ў тым, што ўсіх нас дома бацькі пужалі, што калі мы будзем дрэнна вучыцца і дрэнна сябе паводзіць, то хлопцы стануць трактарыстамі, а дзяўчынкі – даяркамі ці прыбіральшчыцамі. Настаўніца паспрабавала запярэчыць такой рэакцыі, сказаць, што ўсе прафесіі патрэбныя і вартыя павагі, але прагучала гэта па казённаму ненатуральна, было відаць, што сваіх дзяцей яна вучыць таму ж самаму чаму вучылі ўсе. Гэта яскрава сведчыць пра тое, як цанілася праца ў краіне працоўных. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што чалавек працы на Захадзе адчуваў сябе больш годна і не быў аб’ектам пагарды, як тое сталася ў СССР. Пры гэтым у дэмакратычных краінах з рынкавым капіталізмам гэтага дамагліся без пафасу і без клятваў верай і праўдай служыць менавіта працоўнаму народу.

Карысна ў сувязі з тым маральным становішчам, што існаваў у Савецкім Саюзе ў дачыненні да працы, успомніць словы і досвед расійскага пісьменніка Варлама Шаламава, які шмат год правеў у ГУЛАГу і пасля вяртання здолеў напісаць цыкл апавяданняў пра быт, парадкі, якія панавалі ў сталінскіх лагерах. Я падаю ўрывак з яго апавядання “Чырвоны Крыж”, у якім ён разважае аб уздзеянні лагернай сістэмы на асобу і аб ролі асаблівай крымінальнай катэгорыі зняволеных, т. з. “блатных” на гэтую сістэму: “Блатныя ж – ня людзі. Уплыў іх маралі на лагернае жыццё бязмежны, усебаковы. Лагер – адмоўная школа жыцця цалкам і поўнасцю. Нічога карыснага, патрэбнага ніхто адтуль не вынесе, ні сам зняволены, ні яго начальнік, ні яго ахова, ні міжвольныя сведкі – інжынеры, геолагі, урачы, – ні начальнікі, ні падначаленыя. Кожная хвіліна лагернага жыцця – атручаная хвіліна. Там шмат такога, чаго чалавек не павінен ведаць, не павінен бачыць, а калі бачыў – лепш яму памерці. Зняволены прывучаецца там ненавідзець працу – нічому іншаму і не можа ён там навучыцца. Ён навучаецца там ліслівасці, хлусні, дробным і вялікім подласцям, становіцца эгаістам. Вяртаючыся на волю, ён бачыць, што ён не толькі не вырас за час лагера, але што інтарэсы яго сталі маленькімі, сталі беднымі і грубымі. Маральныя бар’еры адсунуліся некуды ў бок. Аказваецца, можна рабіць подласьці і ўсё ж жыць. Можна хлусіць – і жыць. Можна абяцаць – і не выконваць абяцанняў і ўсё ж такі жыць. Можна прапіць грошы таварыша. Можна выпрошваць міласціну і жыць! Жабраваць і жыць!

… Начальнік прывучаецца ў лагеры да амаль бескантрольнай улады над арыштантамі, прывучаецца глядзець на сябе як на бога, як на адзінага паўнамоцнага прадстаўніка ўлады, як на чалавека вышэйшай расы.
… Малады селянін, які трапіў у заключэнне, бачыць, што ў гэтым пекле толькі вуркі жывуць параўнальна добра, з імі лічацца, іх пабойваецца ўсемагутнае начальства. Яны заўсёды апранутыя, сытыя, падтрымліваюць адзін аднаго … І селянін пачынае браць прыклад з блатарей у сваіх паводзінах, у сваіх учынках. Ён падтаквае кожнаму слову блатарей, гатовы выканаць усе іх даручэнні, кажа пра іх са страхам і глыбокай павагай. Ён спяшаецца ўпрыгожыць сваю прамову блатнымі слоўцамі – без гэтых блатных слоўцаў не застаўся ні адзін чалавек мужчынскага або жаночага полу, зняволены або вольны, які пабываў на Калыме.

Словы гэтыя – атрута, яд, які залез у душу чалавека, і менавіта з авалодання блатным дыялектам і пачынаецца збліжэнне фраера (чалавек, які не належыць да крымінальнага свету, заўвага мая А. З.) з блатным светам. Інтэлігент-зняволены падаўлены лагерам. Усё, што было дарагім, растаптана ў прах, цывілізацыя і культура злятаюць з чалавека ў самы кароткі тэрмін, які вылічваецца тыднямі.

…Інтэлігент напалоханы навечна. Дух яго зламаны. Гэтую напалоханасьць і зламаны дух ён прыносіць і ў вольнае жыццё. Інжынеры, геолагі, лекары, якія прыбылі на Калыму па дагаворах з Дальстроем, разбэшчваюцца хутка: доўгі рубель, закон – тайга, рабская праца, якой так лёгка і выгадна карыстацца, звужэнне інтарэсаў культурных – усё гэта разбэшчвае, чалавек, які доўга папрацаваў у лагеры, не едзе на мацярык – там яму грош цана, а ён прывык да багатага, забяспечанага жыцця. Вось гэтая разбэшчанасць і называецца ў літаратуры «клічам Поўначы». У гэтай разбэшчанасьці чалавечай душы ў значнай меры вінаваты блатны свет, крымінальнікі-рэцыдывісты, чые густы і звычкі адбіваюцца на ўсім жыцці Калымы.”

І вось паступова турэмныя паняцці і парадкі, разам са зняволенымі, якія адбылі свой тэрмін, прыходзяць і ў цывільнае грамадства. Паступова пэўная частка грамадства пачынае лічыць іх эталонамі маральных каштоўнасцей. Само савецкае грамадства моцна крыміналізуецца. Крымінальнае жыццё гераізуецца і рамантызуецца. А пачынаючы з 80-х, калі дзяржава крыху слабее, узровень злачыннасці значна ўзрастае. У гэты час канчаткова развальваецца бальшавіцкая ідэалогія, і тая атрута і разбэшчанасць, пра якую пісаў Шаламаў, паступова дае свае ўсходы. К канцу 80-х, пачатку 90-х крымінальны свет пачынае кантраляваць амаль увесь бізнес, які толькі пачаў нараджацца на прасторы СССР. Згодна з лепшымі лагернымі традыцыямі людзі, які ментальна былі заражаны савецкай турэмнай ідэалогіяй, пачынаюць шукаць спосабы ўзбагачэння любымі сродкамі за кошт тых, хто побач. Так з’яўляецца і распаўсюджваецца тэрмін “Лох”. Гэты тэрмін разыходзіцца, перш за ўсё, па Расіі, але мае месца яго выкарыстанне і на Украіне, і на Беларусі. Як паказаў час асабліва замацаваўся ён у Расіі і на паўднева-усходзе Украіны, то бок там, дзе насельніцтва найбольш засвоіла і прыняла свавецкую турэмную ідэалогію, праўда цяпер, калі Саюза ўжо не існуе, мабыць трэба казаць савецка-расійская турэмная ідэалогія. Зараз у Беларусі слова “лох” ужо амаль не пачуеш нават ад так званых гопнікаў, хаця гадоў 7-10 таму яно выкарыстоўвалася значна часцей. Свядомасць чалавека, які знаходзіцца пад уплывам такой ідэалогіі “лохаразмерная”. “Лох” – гэта чалавек, якога лёгка падмануць, які з’яўляецца лёгкай здабычай махляроў. “Если слышен денег шелест — значит лох пошёл на нерест!” – сучасная расійская прымаўка.

Шырока распаўсюджаны тэрмін “лох”, адпавядае вузкаспецыяльнаму турэмна-крымінальнаму слову “фраер”. Фраер – чалавек, які не мае ніякага дачынення да “блатнога” асяроддзя, чужы ў крымінальным свеце. Таксама гэтым словам у колах блізкіх да крыміналу могуць пазначаць любога чалавека, які модна апрануты, а таксама патэнцыйную ахвяру злачынства, неспрактыкаванага, наіўнага чалавека. Але выкарыстоўваць слова “фраер” могуць толькі людзі з крымінальнага свету. Напэўна таму ў расійскім грамадстве прыжылося слова “лох”. ( У красавіку гэтага году на сайце “Нашай Нівы” быў размешчаны артыкул пад назвай “Меркель: Тыя, хто не аказвае супраціву, церпяць паразу”, у ім у ліку іншага было адзначана: “Шмат гадоў нямецкі канцлер Ангела Меркель спрабавала зразумець прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Але анексія Крыма стала нечаканасцю нават для яе… Часам Ангела Меркель пераглядае запісы тэлевізійных выступаў Пуціна. Яна вывучае мову цела і ўважліва ўслухоўваецца ў арыгінальную рускую мову.” Далей гаворыцца, што Меркель лічыць, што “постсавецкая Расія выступае ў вобразе «пачаткоўца» у класе, які спачатку спрабуе інтэгравацца і прыстасавацца да Захаду, сучаснасці і дэмакратыі. Але калі ў яго не атрымліваецца, ён становіцца ўпартым і агрэсіўным”. Насамрэч усё значна прасцей: еўрапейскія палітыкі для Пуціна – фраера, лохі.)

Пасля развалу Саюзу большасць людзей, якія знаходзіліся ў палоне савецка-расійскіх крымінальных схем мыслення, кінуліся шукаць не суграмадзян і аднадумцаў, а лохаў, тых на кім можна “срубить “легких бабок”. Такая ментальнасць дзеліць людзей на лохаў і не лохаў. Той хто роўны, альбо вышэйшы на сацыяльнай лесвіцы той лохам не з’яўляецца, лохі тыя, хто ніжэй. Так для пераважнай большасці масквічоў за МКАДам жывуць лохі.

Вось такія вынікі меў грандыёзны камуністычны эксперымент. Камуністычная ідэалогія не прынесла нічога станоўчага ў маральным плане народу. Усе пазітыўныя каштоўнасці былі запазычаны імі ў дарэвалюцыйным грамадстве, а што да новых, прынесеных з рэвалюцыяй, то яны былі спрэс штучныя і хлуслівыя. І народ адносна хутка разабраўся ў гэтым. Дарэчы, тыя мутацыі ў сістэме каштоўнасцей, накшталт нясунства і сачкавання, не заўсёды былі цалкам адмоўнымі з’явамі, часта такія мутацыі былі адказам грамадства на спробы дзяржавы ва ўсім навязаць сваю волю асобнаму чалавеку. Такім абходным манеўрам і, магчыма, негатыўным чынам, грамадства ядналася і выступала супраць таталітарызму. Пад канец існавання саюзу дэклараваныя камуністычныя каштоўнасці былі амаль поўнасцю дэнамінаваныя. Ніхто ўжо не верыў у светлую будучыню, над ідэяй пабудовы справядлівага грамадства была створана безліч анекдотаў. Партыйная наменклатура збольшага займалася тым, што забяспечвала свой дастатак праз карупцыю. А тым часам савецкая эканамічная мадэль вычарпала сябе і эканамічны крызіс другой паловы 80-х прыскорыў крах СССР.

Пасля развалу жыхары былой імперыі з ліку тых, хто жадаў дэмакратычных пераменаў, адчувалі ўздым і цешылі сябе надзеяй, што хутка можна будзе пабудаваць сапраўды справядлівае грамадства заснаванае на прынцыпах роўнасці перад законам, свабоды слова і выбарнасці ўлады. Але калі павярхоўныя зрухі першых год пасля распаду падмацоўвалі такія надзеі, то больш глыбінныя з’явы, якія не маглі быць адразу заўважнымі, вельмі супярэчылі такім спадзяванням. Такой з’явай, на якую спачатку мала хто зважаў, было тое, што ўладная эліта ў Расіі, а таксама і ў большасці іншых былых рэспубліках у аснове сваёй засталася той жа самай. Часткова былыя партыйныя і камсамольскія бонзы перайшлі ў вялікі бізнэс, злачынна прыватызаваўшы былыя дзяржаўныя прадпрыемствы, часткова пераабраліся ў новую структуру ўлады. Адмыслоўцы сцвярджаюць, што ў 2000-м годзе ў расійскай уладзе знаходзілася каля 70-ці адсоткаў савецкай наменклатуры. Ужо ў 1993-м годзе, калі быў расстраляны расійскі парламент, прэзідэнт Ельцын ажыццявіў шэраг канстытуцыйных рэформ, якія дапамаглі яму сканцэнтраваць вялікую ўладу ў сваіх руках. Шмат хто з аналітыкаў лічыць, што тыя рэформы сталі перадумовай прыходу да ўлады Пуціна. Па вялікаму рахунку дэмакратыі ў Расіі і не было, была яе падманлівая цень.

Пасля распаду Саюзу новаствораныя суверэнныя дзяржавы пачалі жыць у новай рэчаіснасці. Пачаўся працэс фарміравання нацыянальных асаблівасцей. Дакладней не пачаўся, а працягнуўся, ён быў прыпынены савецкай сістэмай. Зараз у грамадствах Беларусі, Украіны і Расіі можна заўважыць значныя разыходжанні, якія на пачатку 90-х не былі такімі заўважнымі. Здавалася, што ўсе хадзілі ў савецкія школы вучылі адну і тую ж гісторыю, і вось так адносна хутка выявіліся нацыянальныя рысы кожнага народа, якія даследчык можа зафіксаваць. Напрыклад у параўнанні з расіянамі беларусы не ўхваляюць асобу Сталіна. Калі ў Расіі Сталін па сваёй ролі і станоўчай значнасці займае першыя месцы ў рэйтынгах, то на Беларусі недзе пятнаццатае. Таксама беларусы не імкнуцца некуды ўлезці з сваімі войскамі, мілітарызм не з’яўляецца нацыянальнай рысай. Яно і зразумела. Беларусам не ўласціва месіянства і нацыяналістычная гігантаманія. Як толькі чалавек усведамляе сябе беларусам, для яго адразу лагічна знікаюць падставы для варожых адносін да суседзяў, бо беларус як прадстаўнік, нявялікай нацыі, натуральным чынам уяўляе сябе нароўні з суседнімі народамі. А ў расіян у адрозненні ад нас застаюцца моцныя імперскія комплексы, якія базуюцца на ўпэўненасці ў сваёй перавазе над іншымі народамі.

Шмат можна прывесці прыкладаў розных нацыянальных асаблівасцей у расіян, беларусаў і ўкраінцаў, але хацелася б спыніцца на адносінах да ўлады. На сённяшні дзень можна канстатаваць, што ўкраінцы найбольш свабодна і крытычна ставяцца да сваёй улады. Некаторыя нават праводзяць аналогіі з казацкай вольніцай Запарожскай Сечы, дзе гетманы абіраліся на некалькі месяцаў, а потым хутка зрыналіся, пры чым часам развітваючыся з жыццём. Што да Расіі і Беларусі, то можа падацца, што адносіны да ўлады прыкладна аднолькавыя – цярплівыя. Але гэтыя інфантыльнасць расце з розных каранёў: на Беларусі ўладу церпяць, таму, што яе ўспрымаюць як непазбежнае зло. “Быў бы хамут, а шыя знойдзецца,” – так кажа народная мудрасць, і падобных ёй у беларускім фальклоры шмат. За апошнія 200-250 год беларусы часта цярпелі паразы ў справе пабудовы нацыянальнай дзяржавы. Хаця змаганне было напруджаным і крывавым. У расіян лаяльныя адносіны да ўлады заснаваныя на глыбокім недаверы да чалавечай асобы. З даўніх часоў на працягу сотняў гадоў улада ў Расіі культывавала гэты комплекс. Змест яго прыкладна наступны: кожны чалавек з’яўляецца халопам, хлусам, злодзеям, таму неабходна, каб існавала моцная рука, гаспадзін, цар, які будзе трымаць усіх у неабходным парадку. Я не збіраюся ідэалізаваць беларусаў у нас ёсць свае недахопы, але справа тут вядзецца аб агрэсіўных настроях у расійскім грамадстве, якую можа прасачыць па тым жа сацыялагічным апытанням, калі каму не стае асабістых назіранняў.

Як сталася магчыма, каб на працягу такога невялікага часу, на дадзены момант 23 гады, так моцна праявіліся нашыя нацыянальныя асаблівасці, так, што ў кожнага народа з’явіліся вартасці і недахопы ўласцівыя толькі яму. Справа мабыць у тым, што яны нікуды не знікалі, але былі прыхаваны пад упакоўкай “савецкі чалавек”, вынаходніцтва, якое анансаваў яшчэ Хрушчоў. Але савецкай нацыянальнасці ў прыродзе не існавала, нягледзячы нават на моцную ідэалагічную апрацоўку савецкіх грамадзян.

У кожнага чалавека ў свядомасці існуе нешта падобнае мапе, якую можна было б назваць ментальна-псіхалагічнай мапай. Гэта набор базавых каштоўнасцей і антыкаштоўнасцей з праграмай стаўлення і дзеяння адносна іх. Гэтая мапа фармуецца з самага ранняга дзяцінства, пачынаючы з першага знаёмства з навакольным асяроддзем. Замацоўвацца гэтая карта будзе рознымі спосабамі, найперш сістэма каштоўнасцей і рэакцый на пэўныя падзеі, здарэнні фармуюцца ў сям’і, потым гэта будзе бліжэйшая супольнасць, суседні, клас, калектыў, і ўжо потым дзяржаўная ідэалогія. Ментальна-псіхалагічная карта будзе фармавацца ўсё жыццё, але працэс гэты вельмі марудны, значныя, рэзкія змены не магчымыя. У кожнай сталай супольнасці такая карта мае свае асаблівасці, у жыхароў трох суседніх вёсак гэтая карта будзе мець адрозненні, хай сабе і невялікія. Гэта абумоўлена непазбежнай суб’ектыўнасцю кожнага жыхара гэтых вёсак, яго чалавекаразмернасцю, чалавек у сілу сваёй фізічнай і інтэлектуальнай абмежаванасці, а таксама індывідуальных асаблівасцей не можа аднолькава ўспрымаць прыроднае і сацыяльнае асяроддзе. На ўзроўні народаў адрозненні будуць больш заўважнымі. Ментальна-псіхалагічная карта народаў фармуецца стагоддзямі, гэты працэс не заўсёды навідавоку, як не заўсёды навідавоку псіхалагічнае сталенне індывіда, якое адбываецца ў цесным суіснаванні з іншымі. Псіхолагі ведаюць, што калі індывід у дзяцінстве выхоўваўся ў ненармальных абставінах, напрыклад сярод дзікіх жывёл, то патрапіўшы ў чалавечую супольнасць шмат чаго ён ужо не здолее засвоіць, бо шмат якія навыкі замацоўваюцца толькі на пэўным этапе развіцця. Людзі з пакалення ў пакаленне не заўважна для сябе перадаюць вопыт, які цягнецца з даўгіх вякоў. У розных грамадствах рэакцыя на пэўныя паводзіны будзе рознай. Так недзе нахабныя паводзіны будуць рэзка спынены навакольнымі і асоба, якая іх справакавала, будзе асуджана на негатыўнае стаўленне, а недзе такія паводзіны дадуць плён і выклічуць павагу ў пэўнай часткі супольнасці, тым самым, замацоўваючы такія дзеянні ў ментальна-псіхалагічнай мапе.

Вяртаючыся да праблемы адносін беларусаў да ўлады хочацца прыгадаць падзеі 1917 года. Тут трэба адзначыць што бальшавіцкі пераварот быў для беларусаў і расіян даволі рознай з’явай. У Расіі бальшасць насельніцтва, перш за ўсё ў гарадах, прыняла і падтрымала савецкую ўладу нягледзячы на супрацьстаянне пэўных колаў, класаў. Што да беларусаў, то ў большасці яны ўспрынялі саветы, як усё тое ж непазбежнае зло, якое змяніла ранейшае зло. У нас была легітымная Рада БНР, у адрозненні ад штучнага кіраўніцтва савецкай Беларусі, быў гераічны супраціў, быў Слуцкі збройны чын, была армія Булах-Булаховіча, было менш арганізаванае супрацьстаянне ў кожным раёне Беларусі. Але па розных прычынах незалежная дэмакратычная Беларусь паўстаць не змагла. Пасля кароткага перыяду беларусізацыі ў 20-я гады пачалася паслядоўная русіфікацыя. Што ж сталася з ментальна-псіхалагічнай картай беларусаў? Яна, не маючы магчымасці на паўнавартаснае нацыянальнае развіццё, закансервавалася і адступіла яшчэ далей – да мяжаў паселішчаў і сям’і. Напэўна ні для каго не будзе адкрыццём, што беларусы ў параўнанні з расіянамі менш мадэрновыя, больш кансерватыўныя і “вясковыя”. Гэта сталася магчымым дзякуючы захаванню асноўных ментальна-псіхалагічных установак у сям’і. Так, у выніку русіфікацыі, у выніку знішчэння беларускай гісторыі, шмат, чаго было згублена і забыта ў плане нацыянальных каштоўнасцей. Але як толькі ціск на беларускую культуру аслабеў, як толькі была створана суверэнная Беларусь, і ўвогуле, як толькі склаліся больш менш спрыяльныя ўмовы, ментальна-псіхалагічныя асаблівасці пачалі разгортвацца і паступова ўсведамляцца ўсё большай колькасцю людзей.

Хаця не ўсе хочуць бачыць нацыянальныя асаблівасці народаў Беларусі, Украіны, Расіі. Так сярод расіян распаўсюджана думка, што чысціня на вуліцах і плошчах беларускіх гарадоў і мястэчак, адносна спакойная крымінальная абстаноўка, засеяныя палі і гароды гэта заслуга выключна Лукашэнкі. Зразумела гэта зусім не так. Падставай для такіх разважанняў ёсць усё той жа імперскі комплекс, згодна якому з аднаго боку, маўляў, народу патрэбен бізун, каб быў парадак, а з іншага боку свядомае ці падсвядомае пачуццё таго, што калі прызнаць гэтыя з’явы як асаблівасці, якія ўласцівыя беларускаму народу, то прыйдзецца прызнаць, што мы маем адрозненні, прычым некаторыя з іх у лепшы бок, але гэтага не можа дазволіць сабе расійская імперская свядомасць.

Але вернемся да Расіі. Невялікі перыяд свабоды слова і больш менш дэмакратычных выбараў змяніўся новым этапам рэакцыі, якая зноў узняла савецкія імперскія лозунгі і памкненні. Гэта можна досыць выразна прасачыць па развіццю поп-культуры ў Расіі. Так напрыканцы 80-х у першай палове 90-х роля НКВД-КГБ у расійскіх фільмах, песнях, мастацкай літаратуры ацэньвалася і дэманстравалася негатыўна. А з канца дзевяностых пачатку нулявых пачалося пераасэнсаванне савецкай спадчыны. Чэкіст стаў паказвацца ў асноўным як станоўчы персанаж, з рознымі агаворкамі, але ўсё ж такі пазітыўна. За апошнія 15 год кардынальным чынам змяніўся змест гумарыстычных перадач і праектаў. На змену самакрытычнаму погляду на сябе, які неабходны як асобнаму чалавеку, так і любой супольнасці, прыйшоў вялікадзяржаўны шавіністычны, накіраваны на прадстаўнікоў іншых народаў гумар, які пастаянна мяжуе са знявагай. Адносіны да тэрарыстычных атак у Расіі, якія прыйшліся на перыяд прыходу да ўлады Пуціна, таксама досыць красамоўна дэманструюць паварот у расійскім грамадстве – расіяне даволі лёгка паверылі ў чачэнскі след і амаль поўнасцю згадзіліся з знішчэннем Чачні. Чаго не скажаш аб беларусах, якія ў большасці сваёй не паверылі ў афіцыйную версію ўлады ў справе аб тэрарыстычным акце ў мінскім метро.
Гэты савецка-імперскі рэванш пачаўся даўно, але найбольш яскрава стаў праяўляцца ў апошнія годы, калі Расія, дзякуючы высокім коштам на энергарэсурсы, ачуняла ад эканамічнага крызісу. Адным з выразных прыкладаў гэтага рэваншу ўнутры расійскага грамадства можа паслужыць справа Магніцкага. Сяргей Магніцкі займаўся юрыдычнай дзейнасцю ў сферы падаткаў і аўдыту. Робячы гэту справу, ён выйшаў на карупцыйныя схемы, да якіх мелі дачыненне супрацоўнікі расійскіх сілавых структур, ланцужок вёў на самыя вышэйшыя пасады ў расійскім кіраўніцтве. Але праваахоўныя ворганы не далі гэтай справе законны ход, наадварот, сам Магніцкі быў абвінавачаны ў нявыплаце падаткаў і змешчаны ў СІЗА. У 2009 годзе пасля 11 месяцаў папярэдняга зняволення Магніцкі памер у бальніцы следчага ізалятара. Смерць здарылася пры падазроных абставінах, у правядзенні паўторнага судова-медыцынскага абследавання па просьбе сваякоў было адмоўлена. У адказ на гэтае жудаснае здарэнне ЗША прынялі санкцыі (“закон Магніцкага”), якія забаранялі ўезд на сваю тэрыторыю расійскім чыноўнікам, якія мелі дачыненне да справы Магніцкага, ЕЗ таксама далучыўся да гэтых санкцый. Здавалася б расійская ўлада павінна была падзякаваць і Магніцкаму, і Захаду за барацьбу з карупцыяй, але не. На “закон Магніцкага” Расія ўводзіць санкцыі ў адказ – “антымагніцкі закон” – паводле якога ў Расію забараняўся ўезд пэўных катэгорый грамадзян ЗША, а таксама забаранялася ўсынаўленне расійскіх дзяцей грамадзянам ЗША. У сувязі з апошнім гэты закон часам называюць “законам падляцоў”. На гэтым прыкладзе добра бачна, што не прыярытэтам закона кіраваліся дэпутаты абедзвюх палат расійскага парламента, якія прынялі гэты закон, а толькі пачуццём помсты, галоўным матывам было як мага болей нашкодзіць Амерыцы. Галоўны аргумент – мы Расія і нам усё можна. І гэтыя дзеянні былі падтрыманы большасцю расійскага народа! То бок, пераважная большасць расіян ужо ў гэтым выпадку палічыла, што ў адстойванні сваіх карысных інтарэсаў Расія мае права напляваць на законы і маральныя нормы, і рабіць усё што пажадае з тае толькі прычыны, што яна Расія.

Наогул, шмат прыкладаў можна прывесці для таго каб паказаць як разгортваліся і культываваліся рэсентэментальныя комплексы расійскага народу за апошнія 10-15 год. Комплексы, якія заснаваны на пагардзе да простага чалавека і нізкапаклонствам перад уладай тырана, а таксама на пошуку ворага, падкопамі якога можна апраўдаць любыя асабістыя памылкі.

Калі паслухаць выказванні расійскіх чыноўнікаў, дэпутатаў за апошнія гады, асабліва ад пачатку ўкраінскай рэвалюцыі, на фоне ідэалагічнага супрацьстаяння з Захадам і нежадання дазволіць украінцам зрабіць свой выбар, то можна адчуць сябе ў нейкім сюрэальным, фантомным свеце. Так дэпутат расійскай Дзярждумы Фёдараў на поўным сур’ёзе кажа, што песні вядомага, культавага расійскага рок-музыкі В. Цоя пісаліся ў ЦРУ з мэтай разваліць СССР. А Сяргей Нарышкін, спікер Дзярждумы, прапанаваў пісаць абрэвіятуры “ЗША” і “ЕЗ” з маленькай літары, бо, маўляў, “не дараслі да павагі расійскай”. Дэпутат Дзярждумы Расіі Аляксей Дзідзенка ў прамым эфіры расійскай службы “Радыё Свабода” на конт увядзення забароны ўсынаўлення амерыканцам расійскіх дзяцей заявіў наступнае: “Больш за ўсё рускіх усынаўляюць амерыканцы і робяць гэта, відавочна, з нянавісці. Большая частка можа мець дзяцей і маюць дзяцей, бяруць другога, трэцяга, каб здзекавацца з-за нянавісці да Расійскай Федэрацыі, каб адчуваць сваю перавагу.” Слухаючы часам расійскіх дэпутатаў, палітолагаў, аналітыкаў, якія сёння падтрымліваюць афіцыйны курс Крамля на акупацыю Крыма, гібрыдную вайну ва Украіне, ціск на грамадзянскую супольнасць, пераслед палітычных апанентаў мяне не пакідала ўражанне, што пры аргуметацыі сваёй пазіцыі гэтым людзям нечага дужа не хапае, ім не хапае магчымасці паставіць пытанне пра правы асобнага чалавека на свае правы. Ім бы вельмі дапамагло, калі б яны на папрокі аб невыкананні правоў чалавека ў Расіі, маглі б адказаць прыкладна наступным чынам: “Правы якога чалавека? Гэтага чалавека? Хіба гэта чалавек?!”

Усё гэта сімптаматычна, тая велізарная падтрымка, якой карыстаецца агрэсіўная пуцінская палітыка ў дачыненні да суседніх дзяржаў і ў дачыненні да сваіх апанентаў, не вырасла на пустым месцы. Рэсентыментальныя комплексы, на якія паставіў пуцінскі рэжым, выспявалі і падтрымліваліся ў ментальна-псіхалагічнай мапе расійскага народа. Калі верыць апытанням, расіяне гатовы горш жыць, але каб захопніцкія планы працягваліся і надалей. Якія наступствы для нас беларусаў і ўкраінцаў прынясуць такія настроі расійскага грамадства? Змогуць яны пайсці на спад, паступова ўлагоджваючыся? Ці яны вынесуць на паверхню новых цемрашалаў яшчэ больш небяспечных за Пуціна?

Хочацца верыць, што рацыянальная частка грамадства, якая зараз апынулася ў меншасці, пераможа ресентыментальныя памкненні, і большаць, усвядоміўшы сапраўдны стан рэчаў, і ўсю тую бяду, што прынесла Украіне, а ў перспектыве і Расіі, пуцінская палітыка, далучыцца да тых, хто выступае супраць расійскай агрэсіі. Хочацца верыць, што рускі народ, як у тое верыў Бярдзяеў, праявіць свае лепшыя якасці, стане сапраўды годным павагі. І, перастаўшы навязваць сваю волю суседзям, пакажа прыклад свабоднага і справядлівага грамадства.

Але пакуль што ідзе так званая гібрыдная вайна Расіі з Украінай. Руская ідэя, пра якую пісаў Бярдзяеў, сёння ператварылася ў нацысцкую канцэпцыю “Рускага свету”, якую агучыў Пуцін. Бярдзяеў пісаў: “Рускі народ, па сваёй вечнай ідэі, не любіць уладкаванне гэтай зямной дзяржавы і скіраваны да Гораду Будучыні, да Новага Іерусаліму, але Новы Іерусалім не адарваны ад велізарнай рускай зямлі, ён з ёй звязаны, і яна ў яго ўвойдзе. Для Новага Іерусаліма неабходна кам’юнатарнасць, братэрства людзей, і для гэтага неабходна яшчэ перажыць эпоху Духа Святога, у якой будзе новае адкрыццё аб грамадстве. У Расіі гэта рыхтуюць”.

Але гледзячы на сённяшнія падзеі, на тыя запалохванні, якія гучаць ад расійскіх кіраўнікоў, што яны ператвораць Амерыку ў ядзерны попел, пра намеры лакальнага выкарыстання ядзернай зброі, складваецца ўражанне, што не эпоху Духа Святога рыхтуюць сёння ў Расіі. Сама руская ідэя палягае ў наш час у наступным: захапіць як мага больш тэрыторыі, стаць манапалістамі ў пастаўцы энергарэсурсаў, і выкарыстоўваючы энергетычны і ваенны шантаж, дабівацца сваіх мэтаў на міждзяржаўным узроўні, не мяняючыся знутры. Расія сёння гэта сусветны рэкецір, які ажыццяўляе рэйдарскія захопы суседніх тэрыторый.

Бярдзяеў у пачатку “Рускай ідэі” піша: “Мяне будзе цікавіць не столькі пытанне пра тое, чым эмпірычна была Расія, колькі пытанне аб тым, што задумаў Творца аб Расіі, разумовы вобраз рускага народа, яго ідэя.” Што ж кожны філосаф сам вольны выбіраць свае тэмы і накірункі іх развіцця. Але нас, тых, хто жыве сёння тут, цікавіць эмпірычны матэрыял не менш за метафізічныя развагі, бо справа тычацца самой нашай магчымасці быць. І калі ў працяг тэмы звярнуцца ізноў да расійскіх даследчыкаў, то мне хацелася б прывесці словы Л. Гудкова, вядомага расійскага сацыёлага. У перадачы “Лицом к событию” расійскай службы “Радыё свабода” ён наступным чынам ахарактарызаваў той велізарны ўзровень псэўдапатрыятызму, што захліснуў сённяшняю Расію: “Мне здаецца, цяперашні ўздым патрыятызму, як бы патрыятызму, нельга растлумачыць без адчування мацнейшага масіва чалавечага прыніжэння, пастаяннага пачуцця дыскрымінацыі, падаўлення, залежнасці ад улады, ад самавольства, бездапаможнасці і нянавісці да ўлады, непавагі і нянавісці. Падкрэсліваю – гэта вельмі моцны патэнцыял. І адначасова, калі ўлада загаварыла на мове калектыўнага адзінства, такога гераічнага варварства, абароны сваіх, то гэта спрацавала як кампенсатарны механізм. Нарэшце ўлада дзейнічала ў вачах гэтай большасці як павінна, не маральна, а як трэба, “абараняючы сваіх”.

Такім чынам, узровень агрэсіі да іншых нацыянальнасцяў, перш за ўсё да суседніх, можна назіраць, можна фіксаваць не галаслоўна, а на канкрэтным матэрыяле, які можна замераць навуковымі метадамі. Карані гэтых рэсентыментальных комплексаў знаходзяцца ў глыбіні стагоддзяў, з якіх вырастаюць народы, як комплексы дарослых людзей караняцца ў дзяцінстве і юнацтве. І гэта трэба ўлічваць. Мала прамаўляць як мантру, што патрэбны мір, згода, узаемаразуменне. Я не думаю, што Пуцін спыніцца па сваёй волі, ён ужо не можа спыніцца, тая хваля нянавісці, якую ён асядлаў можа накрыць яго самога. Трэба разумець, што “Рускі свет”, які прапануе сучасная расійская прапаганда суседнім народам зможа трымацца толькі на дыктатуры, мілітарызме, рэпрэсіях і падаўленні свабоды слова. Людзям, якія хочуць жыць у незалежных дэмакратычных краінах, павінны ведаць пра гэта і сумесна супрацьстаяць умацаванню дыктатуры. Найперш гэта тычацца Украіны, Беларусі і Расіі, бо гэта небяспека, перш за ўсё, для нашых краін.

Aljaksandr Zgerski: WHAT BOTHERS RUSSIA OR THE CULTIVATION OF RESSENTIMENT
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, December 2014, issue 8, pp. 16-35)

It is discussed the reasons why the majority of Russian population supports the Crimea annexation and the war in the East of Ukraine provoked by Putin’s government. Why Russians think that the only fascists live in Ukraine and the whole world wants Russia misfortune?

Author analyses this behavior from the point of view of “ressentiment”. A ressentiment is the term of philosophy which defines the morality of slaves, negative human complexes based on envy towards the more powerful and successful ones, and the cultivation of image of the enemy. Such system of human values can’t create anything of his own while destroying the value system of the enemy. Ressentiment morality opposes the noble morality of freedom-loving person.

Russia began the aggression in the neighboring country by rising, using and at the same time cultivating a large resentment chauvinistic complex which dreamt until the time in the mysterious Russian soul. Going back to history the appearance of that complex might be observed during the reign of Ivan III in the end of 15 century, Ivan IV in the second half of 16 century, and later. As Karl Marx wrote, “Muscovy was raised and grew up in a horrible and infamous school of the Mongolian slavery. It became so strong due to absorption of virtuosa art of slavery. Even after its release from Mongols, Muscovy continued to play its traditional role of servant who became the owner. Then Peter the Great combined the political art of Mongolian slave with the proud aspirations of the Mongol ruler, to whom Genghis Khan bequeathed to carry out his plan to conquer the world”.

Such sort of mentality continued then after revolution and how it is reasonable indicated by Berdyaev once again won the “mass”. It appears it was directed by ressentimental slogans of Bolsheviks: all the land to the peasants, factories to workers, and peace to the nations. From other side, according to slave morality there were found the enemies, the aristocracy, the bourgeoisie, kulaks, intellectuals, imperialists and so on. In general, the enemies were needed for the Soviet Union to his existence as well. Discussing the morality in the Soviet Union the author referred to the experience of Russian writer Shalamov who spent many years in the GULAG. It was clear that in a certain extent prison terms and orders, together with prisoners who have served their term, came gradually in a civil society. Over the hundreds of years, the authorities in Russia cultivated the complex of a person which is lackey, liar, thief, and as a consequence that’s why it is necessary to have a strong hand, Lord, tsar who will keep everyone in the correct order.

However, the mentality of Russians and mentality of people from other post-soviet countries, in particular Belarusians and Ukrainians, are different. Mental-psychological map of nations formed over the centuries, this process is not always in sight. Over the past 200-250 years Belarusians often suffered defeats in nation-state building. Although not everyone want to see the national peculiarities of the peoples of Belarus, Ukraine and Russia. Again, there are a lot of examples to show how ressentimental complexes of Russian people were cultured and then deployed towards their neighbours, in particular Belarus and Ukraine, during the last 10-15 years. It is necessary to understand that the “Russian World” that Russian propaganda offers to modern neighboring nations will hold only a dictatorship, militarism, repression and suppression of freedom. People who want to live in independent democratic countries should be aware of this and stand together against the strengthening of the dictatorship.



Categories: Асьвета, Гісторыя, Зьнешнія адносіны, Мараль, Нацыя, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар