Ірына Хадарэнка: НАЦЫЯ VS. ПРАФАНАЦЫЯ?
Нягледзячы на тое, што мноства сучасных інтэлектуалаў любяць шпацыраваць па інфармацыйнай прасторы з хабермасаўскім транспарантам – “час постнацыянальнай ідэнтычнасці”, шэраг апошніх падзей у геапалітычнай сферы красамоўна даказвае адваротнае: здаваць у антыкварную краму гісторыі таямнічы куфэрак Пандоры з нацыяльнымі пытаннямі яшчэ вельмі рана. Спрэчкі пра сутнасць нацыянальнай ідэі, нацыянальнага адраджэння і нацыю як такую не толькі не згасаюць, але і значна абвастраюцца на фоне новых сацыяльных канфліктаў і крызісу мультыкультуралізму ў Еўропе. Натуральна, што гэтыя тэндэнцыі не абмінаюць Беларусь. І нават больш за тое – для беларусаў, як маладой, мадэрнай нацыі, што толькі набліжаецца да фіналізацыі працэсу свайго станаўлення, увесь спектр праблем самаідэнтыфікацыі ўяўляецца неабходным гармонам росту. Адмовіцца цяпер ад нацыянальнай самаідэнтыфікацыі на карысць ідэі грамадзянскай нацыі – значыць, займець у віртуальным сэнсе рызыку здабыцця небяспечнай і невылечнай хваробы прагерыі, якая імкліва робіць з дзяцей бездапаможных старых.
Пра нацыянальную ідэю, якую на працягу стагоддзя на паўпадпольным узроўні павольна выношвалі прадстаўнікі нашай нешматлікай эліты (ад Ігната Канчэўскага да Міколы Крукоўскага), сёння пачалі гаварыць нават з высокіх трыбун. Але ці магчыма дакладна сфармуляваць тую ідэю, адначасова адкідваюцы ўбок, нібы анахранізм, сам панятак нацыі або размываючы яго да ўзроўню абстрактнай грамадзянскай супольнасці? Нацыянальная самабытнасць – гэта стрыжань нацыянальнай ідэі, таму вышукванне разнастайных абстрактных канцэптаў, лагодна абмінаючых феномен нацыянальнага, гэта, умоўна кажучы, выплёскванне дзіцёнка разам з вадой. Адпаведна, лозунгі кшталту “моцнай і квітнеючай Беларусі” або “мірнага суіснавання людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў у адзінай культурнай прасторы” не могуць разглядацца ў якасці нацыянальнай ідэі, у іх проста іншыя функцыі – ідэй-субстытутаў.
Нацыянальная ідэя – гэта, перш за ўсё, выява пазітыўных адметнасцяў таго ці іншага народа, якая акрэслівае яго гістарычную місію ў свеце. Беларусам, па-ранейшаму заклапочаным вызначэннем тых самых адметнасцяў, пакуль цяжка замахвацца на вызначэнне сваёй гістарычнай місіі. Мы сёння, на жаль, не даспелі да таго, каб узняцца са ступені “ня быць скотам” і “людзьмі звацца” на ступень “заняць свой пачэсны пасад між народамі”. Але гэта не азначае, што мы нейкія “адсталыя” і “затарможаныя” ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі нацыямі. Па-першае, наіўна было б спадзявацца, што ў нашым выпадку нацыябудаўніцтва мусіць адбывацца ў паскораным рэжыме, па-другое, “цішэй едзеш – далей будзеш”.
У той час, калі большасць народаў Заходняй Еўропы паспела апрача свайго нацыянальнага характару акрэсліць яшчэ і шэраг палітычных інтарэсаў, беларусы толькі спрабавалі выпрастацца з сеціва каланіялізму і намацаць глебу для далейшых крокаў наперад. Запаволенасць этнакультурнага самаўсведамлення дала падставу для шматлікіх спекуляцыйных разваг на тэму, а ці з’яўляюцца наогул беларусы нацыяй, або гэта: мадэрнізаваная тутэйшасць, новае крэольства, рамантычна-геапалітычны праект “Беларусь”, транзітна-маргінальная зона паміж Усходам і Захадам і г.д.? Тутака, з аднаго боку, утварыўся вялікі разлог для заходнерусістаў, якія няспынна танчаць вакол спарахнелага ідала “трыадзінага брацтва”, абразліва сцярджаючы, што “беларусы – гэта ўсяго толькі этнаграфічная супольнасць усходнеславянскага этнасу, а беларуская мова – не больш чым дыялект”, і постмадэрністаў з другога боку, схільных упікаць беларусаў у прыналежнасці да ментальнай балоцвіны Еўропы.
А між тым, балота – гэта не толькі ўніверсальная метафара і наш нацыянальны архетып. Балота – гэта “лёгкія” усёй Еўропы, арэал фільтрацыі разнастайных ідэй, месца здабычы карысных выкапняў і пражывання мноства ўнікальных відаў. Ніхто звычайна не збіраецца на балота, каб там загінуць. Туды скіроўваюцца з практычнымі мэтамі – напрыклад, назбіраць грыбоў, журавін і лекавых раслін. І вядома, не варта лезці на балота дзеля прымусовай меліярацыі, фігуральнай аналогіяй якой мне ўяўляецца актыўнае прасоўванне канцэпту грамадзянскай нацыі і прапаганда адмовы ад нацыянальнага самавызначэння на карысць нейкай абстрактнай талерантнасці.
Варта зазначыць, што славутая талерантнасць беларусаў – гэта такі ж папулярны міф, які і скнарлівасць немцаў. Падаецца, што ў сучаснай версіі беларусы выглядаюць значна большымі скнарамі, а талерантнасць да людзей іншых нацыянальнасцяў акурат уласціва немцам. А вось схільнасць да канфармізму і насамрэч можа лічыцца нашай нацыянальнай рысай. Між іншым, паводле дадзеных аднаго з апошніх сацыялагічных даследаванняў аналітыкаў з НІСЭПД, каля 48 % беларусаў пры ўсталяванні акупацыйнай улады “імкнуліся б прыстасавацца да новых абставін жыцця”. Выходзіць, што мы – народ не толькі партызанаў, але і паліцаяў. У свой час гэтую асаблівасць геніяльна адлюстраваў Купала ў п’есе “Тутэйшыя”. Дарэчы, як паказваюць сучасныя даследаванні нейрабіёлагаў, канфармізм – гэта натуральная рэакцыя мозгу, абумоўленая неабходнасцю выжывання ў соцыўме. То бок дзеля захавання відаў апошнія вымушаны мімікрыраваць згодна з умовамі навакольнага асяроддзя і прыстасоўвацца да паводзін большасці.
Аднойчы ў інтэрв’ю на “Радыё Свабода” пісьменнік Янка Брыль прамовіў легендарную фразу: “Калі б беларусу загадалі быць беларусам, які б гэта быў выдатны беларус!”. І ў гэтай, крыху правакацыйнай думцы, змяшчаецца пэўная мудрасць. Бо яшчэ адна з яскравых адметнасцяў беларусаў – браць прыклад з тых, хто “выйшаў у людзі”, прабіўся наверх, прыдбаў уладу і дасягнуў вядомасці (лепш за ўсё ў далёкім замежжы). Таму, у прыватнасці, беларуская мова не можа быць усталявана прымусовым шляхам у якасці паўсядзённага сродку камунікацыі і здолее атрымаць шырокі распаўсюд толькі пасля таго, як на ёй пачне размаўляць чынавенства, вайскоўцы і знакамітасці з пазалітаратурнага асяроддзя. Апроч таго, пакуль чалавек з пасіянарнымі здольнасцямі – гэта жыхар суседняга пад’езду, ягоныя ўчынкі могуць быць прыкладам пераважна на побытавым узроўні: “глядзі, якое аўто або паліто сабе набыў”. Калі ж гэта асоба набывае грамадскую вядомасць дзесьці за межамі краіны, дык былыя суседзі пачынаюць глядзець ужо не столькі на знешнія праявы, сколькі на вынікі дзейнасці: “О, гэта ж таксама наш!”. Так “нашымі” надзвычай лёгка становяцца тыя, хто не мае аніякага дачынення да беларускай культуры, і адзінай повяззю якіх з беларускай зямлёй з’яўляецца тое, што яны некалі тут нарадзіліся. Але ці варта, падобна сарокам, цягнуць ва ўласнае гняздо ўсё тое, што блішчыць, мяркуючы гэткім чынам “узбагаціць” беларушчыну? Ці не прывядзе гэта ўрэшце рэшт да празмернай “мазаічнасці”, пад спрэсам якой ужо цяжка будзе разглядзець першасныя падмуркі нашай адмысловасці?
У публічным дыскурсе апошніх дзесяцігоддзяў нярэдка можна патрапіць на гарачыя дэбаты, прысвечаныя вызначэнню таго, хто ж такі беларус. Адны кажуць, што беларус – той, у каго бацькі беларусы. Другія – той, у каго дзеці ўсведамляюць сябе беларусамі. Трэція патрабуюць лічыць беларусамі тых, хто пражывае ў Беларусі і мае беларускае грамадзянства. Чацвёртыя прапаноўваюць запісваць у беларусы ўсіх, хто хоць нейкім бокам мае стасунак да нашай зямлі, пачынаючы ад Еўфрасінні Полацкай і заканчваючы Жарэсам Алфёравым.
Дадзеная блытаніна шмат у чым звязана з канкурэнцыяй паміж нямецкай (этнічна-прымардыялісцкай) і французскай (супольна-грамадзянскай) мадэлямі нацыі, а таксама са звычайнай недакладнасцю ў разуменні феноменаў нацыі і нацыяналізму. Апошні дык наогул часта прыроўніваецца да нацызму і фашызму, у розных варыяцыях спалучаецца з ксенафобіяй і выстаўляецца выключна ў негатыўным святле. А між тым, для беларусаў з іх нетрывалай самаідэнтыфікацыяй канструктыўны нацыяналізм мог бы выканаць ролю той горкай, але неабходнай мікстуры, без якой цяжка пераадолець хваробу посткаланіяльнага манкуртызму.
Відавочна, што нацыі, апісаныя заходнееўрапейскімі рамантыкамі ў XIX стагоддзі, і нацыі сучаснага глабалізаванага свету – гэта не адно і тое ж. Але блытаць з грамадзянствам нацыю, пад якой разумеецца палітычна акрэсленая этнакультурная супольнасць людзей, аб’яднаная адзінствам паходжання і калектыўным усведамленнем прыналежнасці да агульных традыцый, каштоўнасцяў, мовы, нельга. Змена грамадзянства не прыводзіць да аўтаматычнай змены нацыянальнасці. Аднак апошняя, у адрозненні ад этнічнасці, якую, як і бацькоў, не выбіраюць, можа існаваць у гібрыдных формах. Іншымі словамі, нацыянальнасць пераважна вызначаецца фактарам, што ілюструе: носьбітам якой культуры з’яўляецца чалавек. І нават ва ўмовах існавання ў цяперашнім полікультурным свеце ў свядомасці чалавека змястоўная частка адной з культур так ці інакш будзе пераважаць над іншымі, бо немагчыма камфортна сядзець на двух ці трох зэдліках адразу.
Калі б Й. Гэрдэру давялося жыць у нашы дні, яго думка адносна таго, што “нішто так не супрацьстаіць мэтам дзяржаўнага кіравання, як хаатычная мяшанка розных чалавечых плямёнаў пад адным скіпетрам” успрымалася б як праява цемрашальства. Але цемрашальствам чамусьці не лічацца спробы паставіць ганаровую пячатку з надпісам “беларус” на кожнага жыхара нашай краіны. Парадаксальнасць становішча ў тым, што апалагеты грамадзянскага канцэпту нацыі, сярод якіх нямала прадстаўнікоў так званых этнічных меньшасцяў, ігнаруюць тую акалічнасць, што аўтаматычнае залічэнне ўсіх грамадзян краіны да ліку беларусаў супярэчыць магчымасці вольнага нацыянальнага самавызначэння гэтых самых меньшасцяў. Чаму, напрыклад, армянін, татарын або кітаец, якія жывуць у Беларусі, мусяць лічыць сябе менавіта беларусамі, а не дэклараваць іншую ідэнтычнасць? І чаму, разам з тым, наяўнасць беларускага грамадзянства зусім не абавязвае іх ведаць беларускую гісторыю і традыцыі, валодаць беларускай мовай? Куды ў дадзеным выпадку далучаць этнічных беларусаў, якія змянілі грамадзянства і жывуць на іншых кантынентах? І няўжо памыляўся і быў “непаліткарэктны” знакаміты спявак Міхась Забэйда-Суміцкі, які жыў у розных кутках свету, але заўсёды падкрэсліваў: “Беларусам нарадзіўся, беларусам і памру”?
Вырашэнне нацыянальнага пытання ў часы існавання СССР аказалася зусім нялёгкай справай. Штучнае формаўтварэнне ў выглядзе “шматнацыянальнага савецкага народа” ляснулася, ніба фарфоравы сподак, адразу пасла распаду камуністычнай імперыі. Аднак вострыя ашчэпкі гэтага, мацаванага дзесяцігоддзямі, субстрату, не даюць нам спакою і дагэтуль. І вось наперадзе пачынаюць мільгацець новыя наднацыянальныя штучнасці ў выглядзе еўразійства з аднаго боку, амерыканізму з другога боку, і еўрапейскасці – з трэцяга, для сілкавання якіх прыцягваюцца людзі з досыць моцным інтэлектуальным бэкграўндам.
І куды ж падацца бедным беларусам, калі іх увесь час спакушаюць выпрастацца ў розныя бакі? Адказ зашыфраваны ў ключавым элеменце нашага нацыянальнага арнаменту: Дзянніца (васьмікутная зорка) – гэта фактычна адлюстраванне ўсіх накірункаў на ружы компаса, а не толькі аднастайнага, уласцівага нам зараз, хістання паміж Усходам і Захадам. Гарманічная збалансаванасць быцця дасягаецца толькі ў выпадку наяўнасці паўнавартаснай, а не абсечанай выявы і яе спалучанасці з іншымі арнаментальнымі элементамі. Інакш кажучы, куды б мы не рухаліся – на Захад або на Ўсход, на Поўнач або на Поўдзень, але Беларусь мусіць быць перадусім.
Канешне, радыкальны нацыяналізм, пабудаваны на выключнасці правоў для адных і іхняй абмежаванасці для другіх, сёння выглядае атавістычна. У прыватнасці, прыхільнікі лозунга “Расія для рускіх” не разумеюць простай рэчы – у такой поліэтнічнай дзяржаве, як Расія, увасабленне ў жыццё дадзенага закліку мусіць спалучыцца з тым, што рускім трэба будзе лакалізавацца недзе ў межах аўтахтоннай прасторы Сярэдне-Рускай, Валдайскай, Валагодскай, Данілаўскай і Галічска-Чухломскай узвышанасцяў, пакідаючы населеным на іншых расійскіх тэрыторыях народам і этнічным групам справядлівае права на суверэнітэт і выйсце з федэрацыі. Але зусім іншая сітуацыя ў Беларусі, дзе грамадства адносна монаэтнічнае, таму скарыстоўваць тут выключна грамадзянскую мадэль нацыябудавання – справа недарэчная, прынамсі на бягучым этапе. Не варта брацца за кіраванне самалётам, не здолеўшы перад гэтым хаця б навучыцца ездзіць на ровары.
Наогул, нельга не пагадзіцца з меркаваннем палітолага Віталя Сіліцкага пра тое, што “Еўропа – гэта не нацыя (што б там ні казалі Хабермас і Дэрыда пры канструяванні еўрапейскай ідэнтычнасці ў якасці супраціву амерыканізму)”. Таму калі мы хочам у перспектыве пачувацца еўрапейцамі (або нават дзецьмі Галактыкі), трэба найперш навучыцца быць беларусамі. А гэта значыць, сярод іншага, мацаваць беларушчыну словам і справай, не зводзячы наш народ да ўзроўню этнасу і не размываючы сваю ўласную ідэнтычнасць у глабальным віры транснацыяналізму.
_______________________________________________
Iryna Khadarenka: NATION VS. PROFANATION?
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, December 2014, issue 8, pp. 41-46)
The essay is dedicated to the complexity of the nation-building process in modern Belarus on a background of ideological competition between ethnic-primordial and common-civic concepts of the nation. The author mentioned that before the realization of civic nation’s model in the Belarusian society, it’s necessary to define a clear basis of national idea, language, symbols, values and traditions. And it’s absolutely not correct to use the nationality and the citizenship as synonyms. Belarusian identity could be manifested among citizens of different countries, and at the same time various Belarusian citizens do not have to identify themselves namely as Belarusians.
Categories: Асьвета, Нацыя, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ