Стась Карпаў:Найлепшае за 2014. Даведка нацыяналіста

“Наша Ніва”, 29 сьнежня 2014 г.

Піша Стась Карпаў.

А хто там і дзе?

Недзе год таму ў нас з Юрыем Зісерам адбылася невялікая дыскусія на тэму нацыяналізму. Ну такая, дыдактычная: што такое добра і што такое кепска. Важнасць гэтай размовы для мяне была ў тым, што на момант нашай сустрэчы я і забыў, што базавыя паняцці, якія нібыта і не патрабуюць абмеркавання, таксама варта ўмець даказваць ці прынамсі звязна выкладаць.

Вы, памятаю, моцна здзівілі мяне адказам на пытанні чытачоў «Нашай Нівы», сказаўшы, што варта замяніць герб «Пагоня» ў інтарэсах брэндынгу, бо ў Літвы такі самы, а гэта не камільфо.

Памятаю, я яшчэ падумаў, што вы б, напэўна, не сталі мяняць сваю маму на якую-небудзь іншую, нават у тым выпадку, калі б у яе знайшоўся двайнік. Падумаў, але прамаўчаў. А пасля, ведаеце, тое ды сёе. Здзіўляўся некаторым вашым учынкам і статусам, калі вы выступалі ад імя беларускага грамадства і тут і там. Хадзілі на сустрэчу з тым, каго вы назвалі «лідарам нацыі», і радаваліся мудрасці невялікіх порцый кавы на прыёме, добрым прыбіральням і махровым ручнікам.

Пра Майдан казалі, што там усіх, умоўна кажучы, падманулі.

А вось нядаўна пра ўшанаванне памяці Жызнеўскага ў Курапатах вы сказалі, што «аплакваюць бамжа» і што «БТ адпачывае».

Будзем справядлівымі. Вы праз некалькі гадзін удакладнілі, што думку сфармулявалі некарэктна, а карэктна будзе так: забітага вам шкада, але ікону з яго рабіць не варта. Не ўпэўнены, што «ўдакладненая» думка мае сувязь з папярэдняй, але ведаеце якая штука, я, напрыклад, таксама думаў, што ікону рабіць не варта. Але, падумаўшы так, я адразу вырашыў: ну і заткнуся. Памаўчу. Хай тыя людзі, для якіх гэта важна, ушануюць яго памяць. Калі трэба — хай у Курапатах. Я далёкі ад заяваў, што ўшанаванне памяці забітага хлопца неяк можа зняважыць курапацкія крыжы.

Даруйце мне такі персаналізаваны ўступ здалёк, але сэнс у ім вось які. Нацыяналізм, у якім вы бачыце пагрозу, — гэта тое пачуцце «неабыякавасці і зацікаўленасці», якое, будучы часткай грамадзяніна, дае яму права выказвацца з тае прычыны, што выказвацца наогул варта толькі па тых пытаннях, якія табе неабыякавыя.

Думаецца, што тыя, хто дэманізуе нацыяналістаў, проста ахоўваюць сваё імкненне рэалізоўваць «сферычныя правы ідэальна-пругкага касмапаліта ў вакууме». У адрыве ад кантэксту. Знесці помнік архітэктуры, каб забяспечыць зручны падвоз жратвы ў сельпо, — вось у чым метафарычная сутнасць пазіцыі неэмацыянальнага прагматыка. Усе гэтыя БАМы, пяцігодкі, новыя генерацыі «рабочых лю-дзей», інтэрнацыянал, «адрачомся ад свету старога», класавае мастацтва і адна мова на ўсіх: усё адтуль. Адтуль, дзе няма месца нацыяналізму. Адна прагматыка.

Маліся ж, бабулька, да бога, каб я проста ніколі не быў!

А пра нацыяналізм гэты пачварны я думаю і чую ўсялякае гадоў з дзесяці. Хто такі беларускі нацыяналіст? У чым яго страшная шкода і чаму так ад гэтага нацыяналізму засцерагаюць? Усе ж мы, нацыяналісты, сутыкаліся з «не дай бог, трым-тым-тым, «яны» прыйдуць да ўлады».

Во як. Не дай бог…

— А хто гэтыя «яны»? І што страшнага здарыцца?

— Ды вы ж і самі разумееце, што вы тут разводзіце дэмагогію.

Беларускі нацыяналіст — аб’ект дамоўленасці. Калі яго абмяркоўваюць два «ненацыяналісты», то іхны кансенсус у тым, што нацыяналіст — гэта ўсё, што ў стане нарадзіць іх калектыўная фантазія. Акрэсліваць нацыяналіста тэзісна не трэба. Ён — наш бабай.

Беларускія нацыяналісты супрацоўнічаюць (як усе ведаюць) з фашыстамі, а па сутнасці імі і ёсць, яны (усе мы памятаем) вывозілі босых рускамоўных жанчын з малымі дзецьмі ў маразы да расійскай мяжы. Яны (не сумняваемся) гатовыя падняць яўрэйскае пытанне і (самі ведаеце як) вырашыць. А яшчэ «нацыяналізм — апошні прытулак нягодніка». Ну! Праўда, Джэксан казаў канкрэтна аб практыцы высылаць ангельскіх зняволеных на флот — то бок практыку запісвання ўсялякага чалавечага смецця ў апірышча дзяржавы, а ў арыгінале казаў і не пра нацыяналізм, а пра патрыятызм. Ну і што з таго. Гучыць ёміста.

Нацыяналіст — адна штука, патрыёт — тры штукі

На першы погляд што кепскага ў тым, каб нейкім словам абазначаць умоўнага шызіка «ад нацыі»? Ды нічога. Пытанне ў тым, якая ў яго альтэрнатыва. Дапусцім, шызік — гэта адхіленне. Тады як назваць нармальнага? У Беларусі ён называецца патрыётам.

— Вы хто?

— Я — патрыёт.

— А хто такі патрыёт?

— Той, хто любіць радзіму!

— А хто такі тады нацыяналіст?

— Ды вы ж і самі разумееце, што вы тут разводзіце дэмагогію.

Праблема ў тым, што патрыётамі ў нас называюцца ўсе астатнія, хто не «нацыяналіст». Патрыётамі лічаць сябе ўсе людзі, якія проста звязваюць сваю будучыню з Беларуссю, і нават частка тых, хто не звязвае. У нас уся краіна ў гаўне, і ўсе, куды ні плюнь, патрыёты і «вольна дыхаюць».

Патрыётаў у нас па тыпажах — штукі тры.

Па-першае, беларускімі патрыётамі нязменна называюць сябе людзі, якія падтрымліваюць тое, што называецца ў нас «курсам прэзідэнта». Але паколькі прэзідэнт мяняе курс з зайздроснасцю метранома і пры гэтым не страчвае іх любові, ёсць меркаванне, што «patre» такія патрыёты ўспрымаюць дастаткова літаральна. Асаблівасцю беларускага patre-ёта ёсць тое, што ён амаль абавязкова не ведае ні беларускай мовы, ні беларускага мінулага, затое вельмі дакладна ўяўляе сабе беларускую будучыню.

Другі тып — людзі, якія «курс прэзідэнта», наадварот, не падзяляюць і менавіта ў гэтым бачаць сваю карыснасць для Беларусі — не любіць Лукашэнку. Іх любоў да радзімы выяўляецца найперш у тым, што яны маюць пэўную палітычную пазіцыю. Звычайна гэта імкненне да еўраінтэграцыі, якая не разглядаецца імі ў межах мэтазгоднасці для краіны, бо сябе яны бачаць у перспектыве як грамадзянаў Еўропы, а не Беларусі. То бок Беларусь — тое, пра што ім даводзіцца думаць, а не тое, пра што ім думаць хочацца. Да беларускай гісторыі яны звычайна ставяцца паблажліва, бо «нас усё адно чакае агульны еўрапейскі светлы дом», мову ведаюць слабавата ці не ведаюць зусім, але ганарацца тым, што паважаюць чужое права на ёй размаўляць.

Ну, і трэцяя група — людзі, што «тут жывуць» і «любяць». Ім падабаецца прырода, у іх ёсць любімы футбольны клуб, тут іх сябры, блізкія, дом і праца. Іх грамадзянская актыўнасць можа быць роўнай нулю, але хто мы такія, каб называць іх непатрыётамі?

Дыягназ, patre!

Такім чынам, відавочна, што для беларускага патрыёта неабавязковае веданне беларускай мовы, культуры і гісторыі. Акрамя таго, не ёсць неабходнай і наяўнасць нейкай палітычнай пазіцыі. Інакш кажучы, патрыёт можа быць поўнасцю рускамоўным жыхаром Беларусі з нулявымі ведамі пра культурны кампанент краіны і нулявой жа пазіцыяй па самых важных палітычных пытаннях жыцця краіны.

Нацыяналіста такім уявіць наўрад ці магчыма. Значыць, адзінае, што мы можам дакладна сцвярджаць пра нацыяналіста, — гэта тое, што ён — чалавек, у жыцці якога істотнымі кампанентамі ёсць беларуская мова, культура, гісторыя і палітыка, і гэтыя кампаненты ён гатовы ашчаджаць і бараніць.

Слава нацыі і фарэль!

Вось усе прыводзяць у прыклад тыя нацыі, грамадзяне якіх умеюць адно аднаму дапамагаць і дома, і на чужыне. Яўрэі, армяне, кітайцы і г.д. Яны адно аднаго цягнуць-пацягнуць і такі выцягнуць. Зайздросная якасць. А беларусы нібыта такой уласцівасці не маюць. У нас, як прынята лічыць, хаты з краю, чарка і скварка і абы не было вайны. І вялікая праблема такога абагульнення ў тым, што яно выводзіцца не на базе прадстаўнікоў нацыі, а на базе людзей, якія жывуць побач з імі. Гэта тое самае, што вывучаць кіта, даследуючы не кіта, а, скажам, вусаногага рачка на той падставе, што рачок усё жыццё праводзіць побач з кітом і за ягоны кошт харчуецца. Чалавек, які ідзе на мітынг, каб абараніць свой сцяг, які дакладна ведае, што яго будуць біць і што ён не можа перамагчы, — дзе, як вы думаеце, яго хата адносна краю?

Беларусы, якія размаўляюць па-беларуску, напрыклад, у значна большай ступені схільныя да ўзаемадапамогі. Яны ўнутры нашай вялікай краіны ўяўляюць сабой невялікі, але з’яднаны народ. Мне даішнікі, ведаеце, за апошнія пару гадоў штрафаў ужо напрабачалі баксаў на дзвесце. Проста таму, што мой беларускамоўны маркер паказаў ім, што я «свой». Менавіта таму наш патрыятычны «вусаногі рачок», які да бліжняга ставіцца, як да набору бялкоў, зняважліва называе беларускамоўнага «нацыяналістам» у значэнні «фашыста», проста пачуўшы яго на вуліцы. Патрыёт лічыць, што ў гэтым ужо і склад злачынства, і прысуд. Ну, што сказаць. Беларусы (беларускамоўныя і частка рускамоўных) — сапраўды нацыяналісты. Але гэта не дыягназ. Гэта вартасць. Гэта — гонар і наша апошняя надзея.

Пытанне простае: хто для нашай краіны больш каштоўны? Наш умоўны патрыёт, якому ў нас паўсюль дарога, ці наш умоўны нацыяналіст, прыходам якога да ўлады прынята пужаць?

Зразумела, што з пункту гледжання заканадаўства галасы абодвух гэтых умоўных людзей тоесныя. Яны ў нашым сацыялістычным свеце маюць аднолькавыя правы. І той, якога «эта ваша паліціка не інцірысует», і той, які дакладна ведае, куды і як павінна рухацца яго краіна. Закон не турбуе ваш унутраны свет. Закон турбуе факт наяўнасці ў вас пашпарта. Прыехаў у Беларусь, атрымаў пашпарт — херак! І ты ўжо беларускі патрыёт. Напрыклад, з тых патрыётаў, якія проста «за ўласць». Таму я вам раскажу вось што.

5 снежня, дарагія чытачы, у Ізраілі быў мітынг. Там нелегальныя эмігранты з Эрытрэі (у якой самае станоўчае, згодна з нацыянальным анекдотам, — аналіз на ВІЧ) і Судана ў колькасці ажно 15 тыс. арганізмаў зладзілі — што б вы думалі — забастоўку!

А хацелі нелегалы (я цытую) «трох простых рэчаў». Як сказаў найактыўнейшы чорны актывіст з тварам, скажоным ад гневу: «перастаць ставіцца да нелегалаў як да злачынцаў», выпусціць затрыманых нелегалаў з турмы і даць ім статус бежанцаў. Во як! Вінаватыя ў злачынстве, а менавіта ў нелегальным перасячэнні мяжы з боку Егіпта, патрабуюць не ставіцца да іх як да злачынцаў, а аплаціць іх пражыванне і даць у перспектыве роўныя з яўрэямі правы.

Штука ў тым, што, пакрысе засяліўшы паўднёвы Тэль-Авіў, яны зрабілі гэтае месца небяспечным. Сэксуальны гвалт стаў там справай звычайнай. І бедныя яўрэі вымушаныя былі нават пабудаваць сцяну ўздоўж мяжы, каб абараніцца ад людзей, якія, магчыма, праз пэўны тэрмін стануць ізраільскімі патрыётамі. Праўда, ёсць адна акалічнасць, як сказаў мне адзін мой знаёмы з Ізраіля: «Тут не негры, тут афра-афрыканцы, а вось для ўсіх белых ёсць адна назва ва ўсіх афрыканскіх мовах — музунгу, прыкладна аналагічнае слову «жыд» у рускай мове для габрэяў». Як беларускія patre-ёты называюць нас «опамі», «нацыяналістамі», «фашыстамі», «пятай калонай» і г.д., так чорныя неафіты будуць называць сапраўдных грамадзянаў Ізраіля «музунгу» і радавацца сваім роўным правам.

На памяць гаспадыні: калі вы хочаце ўбачыць такога чалавека ў Беларусі — пашукайце сярод вайскоўцаў на пенсіі, якіх у нас дафіга. І з пашпартамі і з лаканічнымі думкамі ў галавешках. Я падчас назірання на выбарах бачыў аднаго такога, які ўчыніў на выбарчым участку дэбош, бо ў спісе кандыдатаў у прэзідэнты «на нашай рускай зямлі» не знайшоў Пуціна.

Ці не падаецца вам, калі б мігранты з Эрытрэі любілі сваю краіну болей, чым жаданне гвалціць ізраільскіх жанчын, яны б займаліся найперш аднаўленнем уласнай бацькаўшчыны, а не давядзеннем да ручкі чужой? Калі б яны самі былі нацыяналістамі сваёй краіны, а не фашыстамі ад сваёй расы, ці не сядзелі б яны дома, ствараючы свае ўласныя кібуцы, як яўрэі, якія зрабілі аазіс пасярод пустэльні і, мабыць, не для таго, каб пасля бараніцца ад «патрыётаў Судана», якія імкнуцца стаць «патрыётамі Ізраіля»?

Дык вось, я, сцвярджаючы, што яўрэі — нацыяналісты, задаю пытанне: што яўрэйскім нацыяналістам рабіць, з будучымі чорнымі ізраільскімі патрыётамі, якія ўжо цяпер прагнуць прызнання іх правоў на гвалт, паразітычны лад жыцця і лічаць сябе грамадзянамі па факце перасячэння мяжы? Адказ у тым, што эрытрэйскія бандыты ніколі не стануць грамадзянамі Ізраіля, бо яўрэі іх выпруць сраным венікам туды, адкуль яны і прыехалі, бо ў нацыянальнай краіне, якой кіруюць нацыяналісты, нацыянальныя інтарэсы супадаюць з інтарэсамі індывідуальнымі.

Простая справядлівасць

Мне, дапусцім, ясна, што беларускі патрыёт, які млява верыць, што ягоны пафігізм — гэта і ёсць (брэндаваная гома саветыкусам) «беларуская талерантнасць», не ў стане асэнсаваць нацыянальныя інтарэсы маёй краіны: яму гэта не хочацца абдумваць.

Патрыёт-еўраінтэгратар з лямпачкай слабаўсвядомленых «еўрапейскіх каштоўнасцяў» над макавінкай — ці будзе для маёй краіны больш карысным, калі гэтая казуістычная ўлада скончыцца? Я, напрыклад, не хачу еўрапейскіх каштоўнасцяў у выглядзе прызнання права негра называць мяне «музунгу» і сяліцца адасобленымі гета, дзе на вуліцах будуць забіваць ахвярных бычкоў.

Я хачу камфорту і справядлівасці ў маёй краіне на базе дамоўленасці ўнутры найперш нацыяналістаў. Так, нацыяналістаў. Я хачу ўзважанага дыялогу: што нам пасуе, а што — не.

Некаторым людзям, дзякуй богу, зразумела, што Беларусь — не чысты аркуш. Нам не трэба «адракацца старога свету». І калі мы адсталі ад Еўропы, то давайце даганяць яе напрасткі, а не хадзіць па яе слядах, трапляючы ва ўсе пасткі, дзе яна пабывала.

Калі паўстане пытанне мовы, я б не хацеў чуць завыванні прыезджых з «эрытрэі», што я парушаю правы чалавека, пра якія яны самі даведаліся ўчора. Хочаш гаварыць па-эрытрэйску — не выязджай з факанай Эрытрэі. Мяне не турбуюць яго «чалавечыя правы» на навучанне на эрытрэйскай мове. У яго павінна быць права жыць па сваіх правілах у сябе дома і па маіх — у мяне. Гэтых правоў, па-мойму, хопіць.

Пра архітэктуру хай размаўляюць людзі, гатовыя, умоўна кажучы, задушыцца за кожную цагліну старажытнага мура. Такія людзі не будуць ставіць на кожны праваслаўны храм гэтыя пачварныя ўсходнія цыбуліны.

Прапанаваць адмовіцца ад «Пагоні», я думаю, можа той, хто прынамсі гатовы біцца за іншы герб, а не той, хто паблажліва разважае пра інтэрнацыянальны брэндынг і персанальную эстэтычную парадыгму. Гэта справядліва, як мне падаецца.

Хто дапаможа нам?

Паколькі для патрыёта, у адрозненне ад нацыяналіста, паняцце нацыі размытае, для яго няма і нацыянальнага інтарэсу, бо ўсведамленне апошняга — вялікі крок да нацыяналізму. Дарэчы, пра азначэнні нацыяналізму. Мне даспадобы такое: «Кірунак палітыкі, галоўным прынцыпам якога з’яўляецца тэзіс аб каштоўнасці нацыі як найвышэйшай формы грамадскага адзінства і яе першаснасці ў дзяржаваўтваральным працэсе. Як палітычны рух нацыяналізм імкнецца да адстойвання інтарэсаў пэўнай нацыянальнай супольнасці ў адносінах з дзяржаўнай уладай».

У спрэчках я часта чую папрок у тым, што нацыяналіст успрымае нацыянальную супольнасць як беларускамоўную. Гэта не так. Псіхічна здаровы нацыяналіст успрымае нацыянальную супольнасць як супольнасць свядомых беларусаў, але ў гэтай супольнасці бачыць важным наяўнасць беларускага моўнага кампанента.

А важнасць якога яшчэ, пардон, моўнага кампанента ён павінен пастуляваць? Удмурцкага? Эрытрэйскага? Рускага? Калі не беларускі нацыяналіст паставіць беларускую моўную праблему, то хто гэта зробіць? Рускі нацыяналіст? Фінскі? Дацкі?

Тыя, хто выступае супраць беларускага нацыяналізму, выступаюць супраць адзінай сілы, якая гарантавана трымаецца культывацыі нацыянальнага кампанента ўнутры беларускай нацыі. Калі гэта прызнаецца заганным, то хацелася б пачуць — што канкрэтна? Заганная мова? Літаратура? Гісторыя?

Давайце ўявім, што ўсе беларускія нацыяналісты зніклі. Усе да аднаго. Што застанецца ад гэтай краіны? На базе чаго будзе функцыянаваць дзяржава? Які інтарэс будзе прызнаны нацыянальным?

Арганічная насцярожанасць чалавека да чужой культуры без усведамлення межаў сваёй прывядзе да непрыняцця любога чужога на індывідуальным узроўні. Не таму, што «чужы» парушае нашы ўстоі, а таму, што ён не падобны персанальна да мяне.

Думай пра сваё

Паглядзіце. Для беларускіх нацыяналістаў не мае значэння колер скуры, разрэз вачэй і нацыянальнасць беларуса. Сярод нас ёсць прадстаўнікі розных рас і краін. Беларускую культуру стваралі безліч людзей, ад Змітрака Бядулі да Такінданга. Для беларускага нацыяналіста мэтай ёсць абарона і пашырэнне беларускага, і калі нейкі, скажам, кітаец у Беларусі выкажа жаданне вывучыць, напрыклад, беларускую мову — ён стане аб’ектам ухвалення. Беларускія ж патрыёты са славянскага саюза, якія поўзаюць з праваслаўнымі харугвамі і імперскімі сцягамі — вось каму перашкаджаюць «хачы, чорныя, жыды» і астатнія «нярускія» проста фактам свайго існавання. Яны хочуць бачыць Беларусь у складзе вялікай імперыі, якая ў перспектыве, безумоўна, пакажа свету ўсё тую ж «mother of Kuzka».

Мне ні разу не прыйшла ў галаву думка супрацьпаставіць беларускую нацыю нейкай іншай. Паказаць яе выключнасць і прывілеяванасць, а менавіта гэта прыпісваюць нацыяналістам усе, хто адчувае ў дачыненні да іх нейкі няпэўны дыскамфорт. Дык чаму ж я, нацыяналіст, так мала думаю пра іншыя нацыі? Што ж я за страшны беларускі нацыяналіст, віна якога ў тым, што ён думае пра сваё, а на астатніх яму, па шчырасці, пляваць?

Сапраўдны беларус — гэта не кроў, а база ведаў і каштоўнасцяў. Наша пакуль што невялікая беларуская нацыя, раствораная ў вялікім беларускім насельніцтве, колькасна меншая за літоўскую і нават эстонскую. Але ў нашай нацыі значна болей мажлівасцей для экспансіі. У яе пад бокам мільёны патрыёта», якія не маюць каштоўнасцяў, бо ім не хапае ведаў і прыкладу. Ім не хапае нас.

* * *

Вось, дарагія мае. Я б хацеў дажыць да таго моманту, калі б мне ніколі-ніколі-ніколі-ніколі-ніколі не прыйшлося абмяркоўваць беларусаў. Ні іх «гаротную мову», ні іх «адабраную гісторыю», ні іх перспектывы як нацыі.

Я б хацеў дажыць да моманту, калі я не буду звяртаць увагу на тое, што тарахціць псіхічна хворы пасол, ці не вельмі разумны блогер, ці тоўсты футбольны каментатар.

Хачу не выязджаць за мяжу, як лазутчык, і не хадзіць па сваім горадзе, як партызан.

Хачу дажыць да таго моманту, калі, пачуўшы «нашы гуляюць», я дакладна буду ведаць, што гэта пра беларусаў.

Хачу выглядаць касмапалітам і рэнегатам на фоне большасці беларусаў.

Хачу шмат маленькіх вынасных кавярняў уздоўж вуліц. Каб кавярні былі як у Вільні, а шырыня вуліц — як у Менску. Хачу саксафаністаў у пераходах і газеты на прыступках крамаў. І, калі гэта ўсё спраўдзіцца, хачу ведаць, што я меў да гэтага дачыненне.

Хачу зноў убачыць канцэрт «Новага Неба» на прыступках Оперы, і каб трымаць свайго сына ў сябе на плячах, як калісьці мой бацька — мяне.

Хачу назад той самы NRM.

Хачу чуць, як дзеці называюць тат «татамі».

Хачу, каб вясковыя бабулі не саромеліся сябе і не знікалі. Хачу, каб усе ім казалі, якія яны цудоўныя, і прасілі іх не знікаць.

* * *

Стась Карпаў нарадзіўся ў Мінску ў 1983. Скончыў філфак БДУ. Вэб-дызайнер, публіцыст, паэт.

http://nn.by/?c=ar&i=125014



Categories: Асьвета, Культура, Мараль, Нацыя

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: