Не стала Анатоля Грыцкевіча (1929-2015)

“Наша Ніва”, “Радыё Свабода”, 20 студзеня 2015 г.

 

Сёння вечарам, 20 студзеня, пасля цяжкай хваробы на 86-м годзе жыцця памёр доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч.

Пра гэта паведамілі «Нашай Ніве» сябры гісторыка.

Анатоль Пятровіч Грыцкевіч нарадзіўся 31 студзеня 1929 г. у Мінску. У 1950 скончыў Мінскі медыцынскі інстытут, у 1955 — Мінскі інстытут замежных моваў, а ў 1958 — БДУ, нейкі час працаваў доктарам. А з 1959 — у Інстытуце гісторыі АН Беларусі, з 1975 — загадчык кафедры Мінскага інстытута культуры (з 1993 — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры), у 2001—2005 гг. быў прэзідэнтам МГА Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», пасля ганаровым старшынём «Бацькаўшчыны».

Даследаваў гісторыю Беларусі перыяду феадалізму, гістарыяграфію, рэлігійныя праблемы ў ВКЛ, становішча праваслаўнай, уніяцкай царквы, гісторыю Беларусі 1917—1920 гг., Слуцкі збройны чын.

У 2013 г. выйшла яго кніга «Выбранае» ў «Кнігазборы», а ўвосень 2014-га «Сцягі Оршы», прысвечаная 500-годдзю бітвы пад Оршай.

Рыцар беларушчыны: Пісьменнік Уладзімір Арлоў пра гісторыка Анатоля Грыцкевіча

«Сьмерць Анатоля Грыцкевіча — вельмі цяжкая навіна для мяне. Здаецца, усё жыцьцё я быў знаёмы зь ім, з тых гадоў, як я адчуў сабе беларусам. Мы жылі па суседзтве, і мне часта даводзілася бываць у Анатоля Пятровіча. Ён быў рэцэнзэнтам кніг, якія вельмі важныя для мяне — «Краіна Беларусь» і «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя». Ён вельмі цешыўся, калі ўзяў у рукі кнігу «Вялікае Княства Літоўскае» і англамоўны пераклад кнігі «Краіна Беларусь».

Грыцкевіч вельмі годна рэпрэзэнтаваў беларускую гістарычную навуку у Эўропе і сьвеце.

Ён увёў у гістарыяграфію азначэньне Рэчы Паспалітай як фэдэрацыі двух раўнапраўных дзяржаваў — нашай старажытнай краіны Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы.

Спадар Анатоль ня раз выступаў на міжнародных канфэрэнцыях у Лёндане, Рыме, Парыжы, Будапэшце, Санкт-Пецярбурзе, дзе нязьменна выказваў свой погляд на гісторыю Беларусі як самастойнай эўрапейскай дзяржавы і народа, са сваёй мовай і культурай, якому належала вызначальная роля ў стварэньні і разьвіцьці Вялікага Княства Літоўскага.

Анатоль Грыцкевіч — аўтар шасьці манаграфій і больш тысячы навуковых публікацый. У 2012 годзе ў сэрыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў том ягоных выбраных працаў.

Апошняя кніга, над якой мы працавалі разам, былі «Сьцягі Воршы», прысьвечаныя 500-годдзю славутай перамогі нашых продкаў над маскоўскімі захопнікамі. Гэтая кніга адкрывае сэрыю «Славутыя бітвы». Ён быў аўтарам кнігі, а я — рэдактарам і аўтарам прадмовы, у якой не мог не згадаць:

Анатоль Грыцкевіч знайшоў у Мэтрыцы Вялікага Княства Літоўскага, што ягоны далёкі продак, баярын Юхно Грыцкевіч, удзельнічаў у той бітве і вярнуўся пераможцам. Анатоль Пятровіч быў годным нашчадкам таго рыцара, ён сам быў рыцарам у навуцы і грамадзкім жыцьці Беларусі.

Паводле сваёй першай вышэйшай адукацыі Анатоль Грыцкевіч быў доктарам, ён скончыў мэдінстытут і нейкі час працаваў па спэцыяльнасьці. Але я сказаў бы што ён заставаўся лекарам усё сваё жыцьцё, лекуючы беларусаў ад гістарычнага бяспамяцтва».

 



Categories: Асобы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: