2015 года стане багатым у беларускай музыцы на даты ды юбілеі. Так, першы беларускі рок-кароль Ігар Варашкевіч адсвяткуе летам 55 гадоў. Нязменны лідар “Крамы” разам з гуртом летась выдаў новы альбом “Белая вада” і стаў дзедам, а па вечарах часам яго можна сустрэць у мінскім пабе “Ля ратушы”: разам з “крамчукамі” Ігар забаўляе публіку кавер-версіямі хітоў усіх часоў і па-ранейшаму застаецца адным з самых сэксуальных беларускіх рокераў.

14 верасня легендарнаму і вечна маладому Лявону Вольскаму стукне 50! Панк-рок і ўнутраны пазітыў не даюць Лявону пасталець: знешне і, думаем, унутрана, ён па-ранейшаму той жа хлопчык у драных джынсах і з пафарбаваным чубам. Заслугі беларускага рокера можна пералічваць гадзінамі, як і напяваць хіты, створаныя Лявонам для гуртоў “Мроя”, N.R.M., “Крамбамбуля”, Zet ды для славутых праектаў “Народны альбом”, “Я нарадзіўся тут”, “Святы вечар” і іншых.

Айцу-заснавальніку знакамітага Apple Tea сёлета таксама споўніцца 50. Ігар Сацэвіч, як і Вольскі з Варашкевічам, знаходзіцца ў выдатнай творчай і фізічнай форме і нядаўна напісаў чарговы цікавы джазавы альбом. Ці будуць узгаданыя юбілеі суправаджацца гучнымі канцэртамі ці творчымі вечарамі, пакуль не вядома.

Галоўныя шансанье Беларусі і па некаторых чутках любімцы Лукашэнкі, гурт “Тяни Толкай”, падвядуць вынікі сваёй 15-гадовай працы вялікім і, безумоўна, “самым душэўным” канцэртам у Палацы Рэспублікі. За гэты час музыкі не толькі выступілі ў малых і вялікіх гарадах Беларусі, а выдалі 7 дыскаў, 14 кліпаў і ўсе разам са сваімі сем’ямі пасяліліся ў трохпакаёвыя кватэры палепшанай планіроўкі ля Кальцавой дарогі, на якія так жа дружна ўзялі крэдыт.

15-годдзе творчай дзейнасці сёлета адзначыць Зміцер Вайцюшкевіч. Музыкант супрацоўнічае з беларускімі і замежнымі паэтамі, і адзін за другім стварае шэраг альбомаў на вершы Алеся Камоцкага, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Някляева, Генадзя Бураўкіна, Рафала Ваячка, Уладзіміра Маякоўскага, японскіх, французскіх і шведскіх паэтаў. У 2010 годзе Вайцюшкевіч трапляе ў так званы “чорны спіс” беларускіх музыкаў, адпаведна, яго канцэрты не адбываюцца ў Беларусі. Выйсце музыка бачыць адно: прыводзіць у парадак свой хутар на Нёмане, зрабіўшы з яго шыкоўную аграсядзібу “Вайцюшкі”, і выступае там для гасцей і турыстаў. Напрыканцы 2014 года Вайцюшкевічу пры дапамозе Еўрарадыё ўдаецца выступіць за апошнія тры гады ў Мінску.

15 гадоў таму гітарыст Яўген Бузоўскі і рэперы Аляксандр Ракавец і Павел Зыгмантовіч ствараюць гурт IQ48. Пазней да хлопцаў далучаюцца бубнач, басіст і саксафаніст, і “здаровыя лосі” пачынаюць пракладаць свой шлях на ніве рока, хіп-хопа, ска, панка і фанка. У 2003 годзе гурт перамагае ў конкурсе фестывалю “Басовішча”. Праз год піша гімн футбольнаму клубу “Шахцёр” (Салігорск). А яшчэ праз год выдае сваю першую кружэлку “Вар’яты”, якая становіцца адной з самых яскравых прац у альтэрнатыўнай музыцы таго часу. У 2008 годзе выдаюць лонгплэй “Героі”, а потым змяняюць склад і, адпаведна, стылістыку: замест саксафона з’яўляецца другая гітара і больш жорсткае гучанне. У новым амплуа каманда выдае акустычны альбом “Зрабі сам. Акустыка” (у аўдыё- і відэа-версіях) і драйвовы “HMR”.

Гурта, які спявае на лясной мове, у Беларусі не было да 2000 года, пакуль не з’явіўся “НаГуаль”. Але куды ж лясная фанемная мова без балотнага панка і шаманскіх рок-н-ролаў? Натуральна, што каманда на чале з харызматычным Лёнем Паўлёнкам адразу робіцца ўдзельніцай разнастайных фестываляў як на Радзіме, так і за мяжой. У 2014 годзе гурт мяняе фармат, анексаваўшы ў свае шэрагі іншы праект Паўлёнка “Маланка orchestra”, і выдае танцавальны міні-альбом “Маладзік удалы”. Але галоўнае, што музыкі вырашаюць заспяваць на зразумелых беларускай і рускай мовах.

У 2005-м у Беларусі з’явіўся фрык-кабарэ-бэнд “Серебряная свадьба”. Свае душараздзіральныя, іранічныя, сумныя і жыццесцвярджальныя песні на рускай, нямецкай і французскай мовах спачатку каманда выконвае ў невялікіх мінскіх клубах. Але неўзабаве музыкі пачынаюць гастраляваць па ўсёй Расіі і Заходняй Еўропе. Выдаюць два альбомы і збіраюць тысячную залу ў Маскве. І для гэтага трэба было прайсці шлях у 10 гадоў.

10 гадоў таму пачынае сваю дзейнасць інтэлектуальнае інструментальнае трыа Port Mone. Музыкі граюць складаную сумесь акадэмічнай і эксперыментальнай музыкі, якая дазваляе пагрузіцца ў гармонію з Сусветам. За час існавання гурт выпусціў дзве кружэлкі “Dip” і “Thou” і ўзяў удзел у сумесным праекце з зоркамі ўкраінскага этна “Дахабраха”. Вынікам супрацоўніцтва стаў альбом “The Khmeleva project”.

20 гадоў сёлета спаўняецца першай беларускай пераможцы дзіцячага “Еўрабачання” Ксеніі Сітнік. Слава да Ксеніі прыйшла ў 10 гадоў, калі яна перамагла спачатку ў дзіцячым конкурсе на “Славянскім базары”, а потым на галоўным дзіцячым песенным конкурсе Еўропы. Праз год маладая спявачка выпусціла альбом “Мы вместе”. А ў 2010-м дзяўчына прадставіла свой другі лонгплэй “Республика Ксения”. На гэтым артыстычная кар’ера Ксеніі пакуль замарозілася. Цяпер дзяўчына вучыцца ў адным з прэстыжных прыватных пражскіх ВНУ на журналістку і актыўна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі, дзе не саромеецца паўставаць у самых смелых вобразах.

Фота з сацыяльных сетак