Протаіерэй Дзімітрый Клімаў: Апамятайцеся!

У расійскім горадзе Калач-на-Доне 21 лютага перад казакамі выступіў мясцовы святар, протаіерэй Дзмітрый Клімаў.

2

Як святар я назіраю цяпер вельмі цікавую сітуацыю ў нашым грамадстве. У асноўным я намагаюся тэлевізар не глядзець і даўно ўжо гэтае правіла спрабую выконваць, але часам усё-ткі даводзіцца ўключаць, колькі разоў на месяц, і назіраць абмеркаванні ў грамадстве некаторых пытанняў, усялякія палітычныя рухі ў нашай краіне. Уключаючы тэлевізар апошнім часам, я бачу, з якой лёгкасцю многія людзі цяпер пачалі гаварыць пра вайну, у тым ліку пра ядзерную вайну. Я проста ў жаху.

Мне хочацца такім людзям сказаць: «Вы што, глуздануліся, хлопцы? Вы пра што, наогул, кажаце? З чым вы згаджаецеся, што вы абмяркоўваеце? »

З месяца ў месяц градус гэтай агрэсіўнасці, незразумела на каго накіраванай нянавісці павышаецца і павышаецца. Камусьці апошнім часам надта карціць паваяваць.

Не толькі як святар, а як гісторык з вышэйшай адукацыяй, я магу канстатаваць гістарычны закон: калі большасць у народзе згаджаецца з верагоднасцю, з магчымасцю вайны, то вайна ўзнікае. Пакуль людзі не дапускалі такой магчымасці, яе не было. Як толькі дапусцілі нейкую агітацыю, нейкую прапаганду, вайна возьме і ўзнікне. І нам цяпер здаецца, што мы на хвалі гэтай нянавісці усенароднай знаходзімся на ўздыме. У нас кажуць цяпер аб патрыятызме, аб нейкай асаблівай народнай згуртаванасці.

Дык вось, я ўжо як святар кажу вам, што нянавісць, калі і аб’ядноўвае народ, то на вельмі кароткі час, але потым яна народ раз’ядноўвае яшчэ больш. Няўжо мы будзем патрыётамі толькі праз тое, што мы кагосьці ненавідзім? На розных этапах нашай гісторыі мы ненавідзелі розных людзей: у 90-х мы ненавідзелі алігархаў, потым мы навучыліся ненавідзець людзей іншай нацыянальнасці, зараз мы ненавідзім Амерыку, Еўропу і гэтак далей. Шмат каму здаецца, што гэта прадуктыўна. Я лічу, што гэта контрпрадуктыўна.

Патрыятызм, сапраўдная любоў да Радзімы, да культуры мусяць грунтавацца на любові, разумееце? На любові да сваёй гісторыі, на павазе і веданні яе. Таму што калі мы кормім адзін аднаго нейкімі міфамі пра тое, што Расія, напрыклад, ніколі войнаў не прайгравала, і ніколі войнаў не распачынала, гэта проста кажа пра тое, што мы гісторыю не ведаем.

Калі мы лічым, што дастаткова казаць пра тое, што мы рускія, а самім нават на рускай мове не ўмець размаўляць – пра якую культуру можна казаць? Калі мы без мацюкоў ўжо размаўляць не ўмеем. Калі мы кажам аб нейкай згуртаванасці, аб якімсьці патрыятызме – паглядзіце на сем’і нашыя цяперашнія. Мне хочацца часам з неба на зямлю гэтых ілжэ-патрыётаў зцягнуць і сказаць: «Вы на рэчаіснасць нашую паглядзіце».

Мы цяпер усе сталі геапалітыкамі. Людзі, якія не ведаюць, дзе Бангладэш, Чылі і Аўстралія, не могуць на карце паказаць, лічаць, што яны ведаюць, што ў стратэгічным плане для Расіі выгадна, а што нявыгадна. Усе сталі геапалітыкі. Усе праблемы краіны нашай, аказваецца, цяпер знешнепалітычныя. У апошні год у нас ўнутрыпалітычных праблем увогуле няма. Дык вось, я глыбока перакананы, што асноўнымі праблемамі нашымі і асноўнымі ворагамі нашымі з’яўляюцца унутрыпалітычныя праблемы. Мы ворагамі самі сабе становімся.

Я вам некалькі лічбаў прывяду. Статыстыка абортаў. Расія займае першае месца ў свеце па колькасці абортаў. Задумайцеся над гэтым: першае месца ў свеце мы займаем па колькасці абортаў. Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі ў Расіі на 100 родаў прыпадае 60 абортаў. Гэтая афіцыйная статыстыка, вядома, заніжаная. Вось звярніце ўвагу, што ў Валгаградскай вобласці на 100 родаў прыпадае 100 абортаў. Валгаградская вобласць першая ў Расіі па колькасці абортаў. То бок у выніку мы атрымліваемся першымі ў свеце. Валгаградская вобласць першая ў свеце па колькасці абортаў. Якіх ворагаў знешнепалітычных мы яшчэ павінны шукаць, калі мы самі свае сем’і выразаем?

Наконт п’янства мае сэнс прыводзіць лічбы? Ведаеце, ёсць такая лічба, такі індэкс – колькасць выпітых літраў у год на душу насельніцтва. Калі 8 літраў на душу насельніцтва ў год, гэта лічыцца яшчэ лічбаю, якая ў межах ПДН (гранічна дапушчальнай нормы), а вось пасля 8 літраў ужо пачынаюцца ў народзе працэсы дэградацыі, працэсы памірання, то бок незваротныя працэсы. Што такое незваротны працэс? Да пэўнага моманту хваробу можна вылечыць, а пасля лекар кажа: «Усё, бывай, мы табе дапамагчы нічым не можам, ідзі дадому». Вось гэта незваротны працэс. Ведаеце, колькі ў нас п’юць у Расіі? Якая лічба гэтая ў нас? 16 літраў. Разумееце? Роўна ў два разы перавышае. Дык хто нам ворагам з’яўляецца, ці не мы самі?

Я вас мушу «павіншаваць» (у двукоссі) ад усяе душы: з 1 лютага ў нас цэны на гарэлку панізіліся. Я вас віншую, гэта вялікае дабрадзейства нашай улады ў адносінах да нашага народа.

Пра разводы. Паразмаўляўшы ў чарговы раз з маладой сям’ёй, якая праіснавала паўгода, а потым развалілася, я быў абураны, прыйшоў у ЗАГС і сказаў жанчынам, якія там працуюць: «Чаму вы з такой лёгкасцю разводзьце маладыя сем’і? Вы можаце нейкую строгасць праявіць, нейкі тэрмін выпрабавальны даваць?» «А што мы можам зрабіць, бацюшка?» Я кажу: «Вы падумайце, 70% шлюбаў развальваюцца». Для параўнання, пры канцы 90-х гадоў, калі яшчэ я ў Валгаградзе служыў, мы вянчалі, бывала, па чатыры, па пяць параў кожную нядзелю. Цяпер з самага Вялікадня вось да гэтага моманту, калі недзе пяць параў мы павянчалі, гэта добра. Ужо не тое кабшто вянчання, ужо шлюбаў няма, як такога інстытута шлюбу няма.

І гэтая жанчына ў ЗАГСе мне кажа: «Бацюшка, у вас састарэлыя звесткі: не 70% шлюбаў развальваецца, а 100%». То бок роўна столькі ж шлюбаў, колькі заключаецца, столькі ж і разводаў фіксуецца. Разумееце, хто? Гэта амерыканцы, гэта еўрапейцы, можа быць? Гомасэксуалісты нас прымушаюць, нашыя шлюбы развальваюць?

Датычна здрадаў і распусты. Я як святар вам скажу: гэта жахлівая сітуацыя. Ужо няма практычна сям’і, у якой бы захоўвалася вернасць сужэнская, каханне. Як мы на гэта мусім глядзець? Мне здаецца, вось гэтыя праблемы трэба абмяркоўваць. А калі мы кінемся цяпер у чарговую вайну і будзем сусветныя разборкі ладзіць, я не ўпэўнены, што мы пераможам.

Першая сусветная вайна, якую мы зусім не выйгралі, была сапраўды з велізарным рэзервам і людскім патэнцыялам, і то мы не здолелі. Другая сусветная вайна – мы яшчэ трымаліся на нейкім патэнцыяле дарэвалюцыйным. Па меншай меры, колькасна мы былі аграмадныя, у шмат разоў пераўзыходзілі сваіх супернікаў. Зараз ні ў колькасных, ні ў якасных суадносінах мы не вытрымліваем ніякага параўнання. Таму, перш чым махаць шашкамі і закідваць кагосьці шапкамі, крытыкаваць, казаць пра заганы іншых краінаў, ці не лепш, як Крылоў казаў, «на себя, кума, оборотиться»?

Можа быць, самае галоўнае, што трэба памяняць, – гэта ўнутрыпалітычную, а лепш сказаць – сямейную сітуацыю, духоўную, Унутрыасобасную сітуацыю ў нас саміх. І вось гэтая дэстабілізацыя, якую хтосьці ўносіць у нашае грамадства, нейкія майданаўцы, пятая калона і гэтак далей – гэта людзі, якія проста паказваюць на хібы нашага грамадства. Замест таго каб звярнуць на гэта ўвагу, як лёгка мы адносім іх да «нацыстаў» і да «фашыстаў», і да «прадажных дзевак капіталізму» і гэтак далей.

Мне асабіста здаецца (гэта я ўжо кажу як грамадзянін, а не як святар), што больш за ўсё дэстабілізуе нашую сітуацыю нашая ўлада, якая кажа пра нейкі патрыятызм, а дзяцей сваіх чамусьці нашыя дэпутаты і нашыя чыноўнікі вучаць за мяжой, у Амерыцы і ў Еўропе. Народ гэта ведае – гэта ў 30-х гадах можна было нешта схаваць. Цяпер гэта вядома, спісы вывешваюцца ў сетцы тых дэпутатаў, у якіх дзеці за мяжой вучацца. Адзін высокапастаўлены чыноўнік вучыць па тэлевізары патрыятызму, а жонушка яго благаверная закупляецца перад Новым Годам прадуктамі – каўбаскай і сырам у Парыжы і не саромеецца выкладваць усё гэта ў сеціве, паказваць свае прадукты, якія яна там купіла, і «Bentley» за 11 мільёнаў, якую ёй ейны благаверны муж падарыў.

Хочацца ўспомніць словы класіка Салтыкова-Шчадрына, які яшчэ ў XIX стагоддзі сказаў: «Калі ў Расіі пачынаюць казаць пра патрыятызм, ведай: дзесьці штосьці скралі …». У мяне такое адчуванне, што і цяпер тыя людзі, якія палову грошай народных вывезлі за мяжу, гучней за ўсё пра патрыятызм і крычаць.

Я не супраць патрыятызму. Наадварот, я лічу, што любоў да сваёй краіны, культуры, Бацькаўшчыны, да традыцый, да веры – гэта тое, што павінна быць у нас ва ўсіх, і ўжо пагатоў у казакоў. Але ў правільным рэчышчы трэба патрыятызм свой скіроўваць. Трэба кожную выпітую пляшку гарэлкі ўспрымаць як ракету, якая ў наш бок прыляцела і ў нашай краіне выбухнула. Кожны аборт, які вы ў сваіх сем’ях дапускаеце (а я ўпэўнены, што дапускаеце, таму што калі б не дапускалі, у вас б не двое і не трое дзяцей было, а значна больш) – гэта генацыд. Ніхто ні з Амерыкі, ні з Еўропы да нас з генацыдам не прыйшоў. Мы самі выразаем ўласных дзяцей.

Кожны развод, які мы дапускаем у сваёй сям’і, – гэта развал краіны, гэта сепаратызм, разумееце? Кожная здрада сваёй жонцы – гэта здрада Радзіме, гэта здрада Айчыне. Бо складана мне ўявіць такога вернага чалавека, які ў адным чымсьці верны да апошняй кроплі крыві, а жонцы сваёй не можа быць верны чамусьці.

На гэтыя праблемы я б хацеў вам паказаць. Рабіце тое, што сапраўды ў нашых сілах. А крычаць, плявацца, як Салаўёў, Кісялёў і іншая гэтая брація зараз навучылася – не патрэбна. Гэта контрпрадуктыўна і зусім нікому не цікава.

Не згаджайцеся з магчымасцю вайны. Мы павінны дапамагаць чым можам нашым пакутным братам на паўднёвым усходзе Украіны, матэрыяльна падтрымліваць іх і гэтак далей, але не дапускаць магчымасць нейкай сусветнай вайны. Як толькі мы гэтаму пакорымся, як толькі мы з гэтым пагодзімся, яна ўзнікне, яна адбудзецца. Я не ўпэўнены, што мы ў ёй выйграем. Я наагул не ўпэўнены, што ў ёй хтосьці можа выйграць. Таму не згаджайцеся.

Усімі сіламі памятаеце, што для хрысціяніна вельмі важны мір. Хрыстос сказаў: «Дабрашчасныя міратворцы, таму што яны будуць названы сынамі Божымі». Для хрысціяніна важна навучыцца не ненавідзець, а дараваць і любіць нават ворага свайго. Разумееце, свайго ворага. Не чужога, а свайго. Для хрысціяніна важна маліцца за чалавека. Калі ты не можаш нешта змяніць у сваім дзеянні, ты можаш маліцца, што мы і робім у Царкве. Ну, а вучыць ненавідзець, гневацца, праклінаць – гэта зусім не патрэбна.

http://nn.by/?c=ar&i=145272



Categories: Зьнешнія адносіны, Мараль, Рэлігія

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: