Прыемная мелодыя будзільніка, якая паспела за кароткі час абрыднуць, прарэзала цемру начнога небыцця і нагадала пра тое, што свет яшчэ не згас для адной пары вачэй, то бок для мяне. Так пачыналася раніца поўная песімізму, адна з безаблічнага шэрагу шматлікіх такіх жа самых раніц. Пахмельная свядомасць паспрабавала са старту ахапіць усе падзеі ўчарашняга вечара і ўсе планы на сёняшні дзень, але атрымалася няўдала – змардаваная свядомасць і млявая плоць адмаўляліся супрацоўнічаць. Потым рывок з ложка, некалькі крокаў да балконных дзвярэй – і я ўжо ўдыхаю свежае халоднае паветра, спрабуючы прывесці да ладу думкі, з таемнай надзеяй, што ўсе не так і дрэнна.
“Незваротныя працэсы, незваротныя працэсы…” – успаміналася ўчарашняя спрэчка. “Вось табе і незваротныя працэсы” – злуючыся на сябе самога, заключыў я, прыслухоўваючыся да непрыемных пачуццяў у сваіх вантробах. “Навошта было даганяцца яшчэ і гэтым бырлам, пладова-ягадным пойлам? А, ну як жа: трэба было паказаць сваё пралетарска-сялянскае паходжанне. Ну дурань, ну дурань!”
Справа ў тым, што ўчарашні вечар пайшоў крыху не па запланаванаму сцэнару. Яна пакінула мяне сам на сам у кавярні, з замоўленай вячэрай і бутэлькай лёгкага сухога віна, дарэчы, яе любімага. І ўсё толькі з-за таго, што не хачу ехаць на вяселле яе стрыечнай сястры, не хачу пакідаць сваіх заняткаў, дзеля таго, каб пазнаёміцца з яе сваякамі з далёкага гораду, якіх я магчыма ніколі не пабачу акрамя гэтага сабантуя. “Як я магу найважнейшы дзень у жыцці называць сабантуем?” – ды проста, магу і ўсё, у рэшце рэшт сабантуй гэта народнае свята. Няўдалае адзначэнне двухгоддзя першай сустрэчы…
Што было рабіць? Бегчы следам? Не, я ж таксама гонар маю – колькі можна ахвяраваць сваім часам дзеля ўсялякіх наведванняў, дыпламатычных нагадванняў, дэманстратыўных выхадаў у “свет”, – усяго сумнеўнага, што разбівае чалавека на кавалкі, не дае ні на чым сканцэнтравацца. “Гэта я та магу губляць свой час на ўсялякую бздуру?!”
Я наліў яшчэ келіх, зацягнуўся любімай маркай цыгарэт, і, нягледзячы на лёгкае ўзрушэнне ад віна, паспрабаваў уладкаваць свае не надта зграбныя думкі. Нечакана перад столікам быццам з-пад зямлі ўзнік чалавек. Я настолькі паглыбіўся ў сваё, што не ўбачыў як у кавярні паболела наведвальнікаў і ўсё месцы апынуліся занятымі, толькі адзін я самотна і непадзельна ўладарыў за сваім сталом у самым куце. Чалавек папрасіў дазволу сесці, я згодна кіўнуў, той сеў, акуратна паставіўшы распачатую ўжо бутэльку віскі, стакан і попельніцу на край стала.
Не вельмі зручны момант – калі ход думак, хай сабе і невясёлых, прыпыняецца невядома кім і адкуль. Непазбежнасць у свеце, дзе прыходзіцца суіснаваць з іншымі. І ў такой сітуацыі неадольна цягне агледзіць чалавека, які цяпер да часу падзяляе з табой стол, мабыць, гэта прыродны інстынкт – не дазваляць прадмету, які варушыцца побач, і хутчэй за ўсё з’яўляецца жывой істотай, заставацца неідэнтыфікаваным. Хаця этыкет, вынаходніцтва ўжо чалавека культурнага, не дазваляе наўпрост пільна глядзець на канкрэтнага чалавека, які таксама тэарэтычна можа быць культурнай істотай.
Мой выпадковы сусед па кавярным століку меў кароткую стрыжку, звычайны, нічым не характэрны лоб, не памятаю якога колеру ў яго былі вочы, але позірк у яго быў адметны. Менавіта на позірк гэтага чалавека натыкалася яго вывучэнне. Хітраваты, халодны, амаль што злы. Варта было б сказаць, што хітраватым яго рабіла правае, заўсёды прыжмуранае вока, а левае было адкрыта шырэй. Ён крыху горбіўся і неяк хіліўся на правы бок, быццам баксёр-праўшун перад каронным хукам, ад чаго ўражанне ад яго позірку рабілася яшчэ мацнейшым. Кінулася ў вочы каранастая фігура, шырокія плечы пры невялікім росце. Калі ён звярнуўся да мяне я падумаў было, што нехта побач без усялякага ўмення правёў смычком па струнах басэтлі: настолькі нізка, амаль зверападобна гучаў яго голас.
Завязалася звычайная размова. Гаварылі пра ўсё і ні пра што, пра недасканаласць абслугоўвання ў нашых кавярнях, пра адсталасць ад цывілізаванага свету, пра маральную разбэшчанасць нашых сучаснікаў. Ён быў абазнаны ў пытаннях параўноўвання “у нас” і “у іх”, было відавочна, што быў ён усюды, куды б не пераносіла нас размова, ды і адукаваны на добрым узроўні, лепш за шараговага марака – мне першапачаткова, не ведаю чаму падалося, што ён марак. Калі бутэлька віна, з якой я паціху пад гутарку падліваў у свой келіх, апусцела перада мной паўстала пытанне: ісці да дому альбо застацца? Але мой суразмоўца, быццам прачытаўшы мае думкі, дапамог вырашыць дылему, прагырчэў сваім басам:
– А што ты будзеш рабіць дома, трэба думаць яе не хутка адпусціць.
Я са здзіўленнем паглядзеў на яго.
– Я быў каля барнай стойкі, дзе толькі што распачаў вось гэтую бутэльку, калі твая сяброўка сарвалася з месца і пабегла да дзвярэй, гэтага нельга было не заўважыць, ну справа ясная – не дамовіліся. Пакуль я марудзіў, пляскаючыя языком з бармэнам, астатнія столікі пазаймалі іншыя наведвальнікі, і мне прыйшлося прышвартавацца тут.
Не, напэўна, ён усё ж такі марак.
– Ну, што ж, пайду закажу яшчэ віна, – прыняўшы рашэнне застацца, адказаў я і падняўся было з-за стала.
– Ай, якое віно, ёсць выдатны віскі! Вось! – і ён безапеляцыйна завалодаў маім келіхам, пляснуў туды бурштынавага колеру напой, не забыўшыся пры гэтым “абнавіць” свой.
– Павышаць градус можна, паніжаць – нельга, – цытаваў ён народную мудрасць падчас гэтых маніпуляцый.
Потым была яшчэ адна бутэлька віскі, размова пайшла весялей і ўрэшце перайшла да палітыкі. Колькі разоў заракаўся не размаўляць пра палітыку на п’яную галаву ды яшчэ з незнаёмцамі, ды яшчэ ў такой краіне як наша, бо ніякай карысці, на раніцу толькі непрыемны асадак. Але калі мяне падбухторыць, то я магу і не ўстрымацца, а падбухторваць мой суразмоўца ўмеў па майстэрску. Учора мне здавалася, што алкаголь на майго суседа дзейнічае так як і на мяне, але сёння, прыпамінаючы ўвесь ход размовы, я маю падазрэнне, што ён быў цверазейшы за мяне, калі не зусім цвярозы.
Калі віскі скончылася мы выйшлі з кавярні, я быў поўны намеру пайсці да хаты. Але па дарозе нам сустрэліся пара падпітых таварышаў бамжаватага выгляду, у аднаго з іх у руцэ была бутэлька таннага пладова-ягаднага віна – бырла. Мы спакойна, з жартамі ў бок адзін аднаго, без непаразуменняў размінуліся з імі, а мой знаёмы сказаў:
– Народ, нацыя, а вось можаш як яны хадзіць у дванаццаць ночы з
бутэлькай чарвіўкі, вось як гэтыя во?
Правакацыя была танная, але я павёўся:
– А што тут магчы, вунь начная крама пайшлі купім і будзем хадзіць як яны.
Мы рушылі да крамы дзе і набылі дзве бутэлькі, што было не проста, бо як аказалася пасля адзінаццаці вечара бырла не прадаецца. Але праз доўгія ўгаворы, праз некалькі хваляў кампліментаў і праз шакаладку набытую тут жа ў краме ў якасці падарунка, прадаўшчыца здалася і адпусціла нам таннае віно. Гэтыя перамовы, якія бліскуча правёў не я, а мой спадарожнік, былі вясёлым перапынкам нашай размовы, якая вялася ўсю дарогу. У ёй ён выпытваў мае адносіны да ўлады, да нацыянальнага пытання, я часам разыходзіўся, пачынаў гаварыць эмацыйна, а ён жа знарок, відаць, каб пабольш выпытаць, падбухторваў, правакаваў, задаваў непрыемныя пытанні там, дзе я не адчуваў сябе ўпэўнена.
Атрымаўшы сваё бырла, мы скіраваліся ў бліжэйшы парк, дзе раскаркавалі бутэльку. Наша палемічная, але мірная размова тым часам працягвалася. Я казаў нешта супраць татальнай глабалізацыі, супраць сцірання культурных асаблівасцяў і гэтак далей у тым жа духу. Мой суразмоўца патрабаваў доказаў таго, што гэта магчыма, калі я іх яму агучыў яго яны зразумела не задаволілі. Тады я сказаў, што ў такім выпадку мне застаецца абаперціся толькі на сваё пачуццё густу і веру ў тое, што ўсё так мае быць. На што ён задуменна прамовіў: “ Калі верыш, то добра”.
Калі першая бутэлька апусцела “марак” прапанаваў пачаць і другую, але я ўжо адчуваў сябе даволі п’яным і, памятаючы, што на раніцу мне спатрэбіцца ісці па справах, я адмовіўся. Мы сталі развітвацца, падчас доўгага пяціхвіліннага развітвання, як тое і прынята ў п’яных, мой новы знаёмца прычапіў мне на паліто з левага боку невялічкі значок з светаадбівальным эфектам і патлумачыў: “Гэта флікер, каб да цябе ўсялякія даішнікі не чапляліся, а то ж ты сам ведаеш у вас, у сэнсе ў нас, калі ўвечары без флікера адразу штраф, вось так яны за нас хвалююцца. Ха-ха-ха”. На тым мы і развіталіся канчаткова, і я пабрыў дадому, раздумваючы аб тым, што ёсць яшчэ добрыя людзі на гэтым свеце, а таксама аб тым, што не так ужо ўсё і дрэнна, і можна жыць і г. д.
А сёння свет падаваўся ў адмоўных дэфініцыях, добрыя людзі не зніклі зусім з маёй свядомасці, але значна зменшыліся ў памерах і аддаліліся ў прасторы. Я пачаў прыводзіць сябе ў парадак, бо праз пару гадзін мне трэба будзе сядаць у цягнік і ехаць у Берлін. Кантрасны душ, кубак гарбаты, і вельмі, вельмі нясмачны бутэр, які я загнаў у сябе праз сілу, мітуслівыя зборы, добра дакументы ўсе сабраны загадзя, і вось я ўжо бягу на прыпынак.
Аўтобус – маленькі жоўты, такія пускаюць у нашым горадзе калі невялікі пасажырапаток – выскачыў з снежнай завеі нечакана, але своечасова, мне нават не прыйшлося спыняцца на прыпынку дзеля чакання, я як ішоў нахіліўшыся ўперад, перамагаючы вецер, так і ўваліўся ў расчыненыя дзверы. Добра што ў салоне з цьмяным асвятленнем твары не надта добра былі бачны, і мне не прыходзілася хвалявацца за свой крыху пацёрты выгляд пасля ўчарашняй непамернай адданасці Бахусу. Мяшкі пад вачамі здаваліся вынікам дрэннага асвятлення. Ехаць мне трэба было некалькі прыпынкаў, таму я стаў у невялікай нішы каля ўваходу. Недалёка ад мяне, каля супрацьлеглай сцяны аўтобуса, стаяў чалавек, нічым асабліва не прыцягваючы да сябя ўвагі. Адзінае, што кідалася ў вочы была стомленасць гэтага чалавека. Я яшчэ было падумаў можа ён таксама ўчора за каўнер закладваў. І так мы ехалі з сумнымі і соннымі тварамі кожны заглыбіўшыся ў сваё, стараючыся не сутыкацца позіркамі.
І вось на адным з прыпынкаў у салон нашага аўтобуса ўвайшоў чалавек апрануты ў скураны плашч і капялюш з шырокімі поламі, вочы яго былі закрыты акулярамі з вялікімі цёмнымі лінзамі. Ён не стаў праходзіць не наперад салона ні ў сярэдзіну, як таго патрабуе прафесійная пасажырская этыка, а наўпрост спыніўся пасярод пляцоўкі і стаў уважліва аглядаць прысутных. Ён нават зняў акуляры, каб было зручней гэта рабіць. Прысутныя, бачачы такія неардынарныя паводзіны, пачалі ў адказ узірацца ў яго, адна дама паправіла прычоску, малады чалавек побач з ёю расправіў плечы і стаў здавацца на паўгалавы вышэй, павісла няёмкая паўза, усе чакалі, што гэты дзіўны чалавек зробіць, нарэшце позірк яго спыніўся на стомленым грамадзяніне, якога я прыняў было за таварыша па няшчасцю. Незвычайны зрабіў крок да стомленага і пільна узіраючыся яму ў вочы, пачаў бессаромна шнарыць па яго кішэнях. Па пасажырскай супольнасці прайшоў здзіўлены шэпт. Стомлены ў сваю чаргу пачаў абурацца, не перашкаджаючы пры гэтым свайму крыўдзіцелю пераглядаць ягоныя кішэні:
– Грамадзяне, гэта ж, што ж, што гэты чалавек робіць? Гэта ж, дзе справядлівасць? Гэта ж як называецца, гэта ж, гэта ж рабаўніцтва!
У адказ прысутныя не сказалі нічога, здавалася, што яны ўжо страцілі цікавасць да таго, што адбываецца. Тым часам, незвычайны нешта знайшоў ва ўнутраных кішэнях курткі стомленага, і з радасным воклічам выцягнуў і раскрыў у сваіх руках гаманец набіты добрай кіпай грошай.
– Дык гэта ж увесь мой месячны заробак! Ды я ж па начах батрачу, каб зарабіць гэтыя паперкі, – невядома чаму пачаў апраўдвацца стомлены.
– Усе батрачаць, – пачулася незадаволена соннае недзе ззаду салона.
– Гэты чалавек таксама працуе, у кожнага свая праца – сказала кабета, што папраўляла прычоску.
Незвычайны, тым часам, дастаў кіпу грошай і з хуткасцю машыны пачаў на месцы іх пералічваць.
– Нешта малавата за месяц будзе, а? Не прыхаваў дзе-небудзь? – спытаў ён не перастаючы пільна ўглядацца ў вочы сваёй ахвяры.
– Ды ў гэтым месяцы прэміі пазбавілі.
– Чаму ж так?
– Ды спазніўся на працу.
– Правільна зрабілі! – рэзюмаваў незвычайны, і адной рукой надзеў акуляры, а другой з абыякавасцю сунуў гаманец сабе ў кішэню доўгага скуранога плашча.
– Ды ў мяне ж дзеці, чым я іх карміць буду, ды мяне жонка з хаты пагоніць! – голас стомленага сарваўся амаль на галошанне.
– Ва ўсіх дзеці, сорамна павінна быць! – злосна сказала тая ж кабета.
– А яшчэ мужчына называецца, – сказаў малады чалавек побач з ёй.
– Грамадзяне, будзьце талерантны! – пачулася недзе спераду, каля кіроўцы.
– Так, так, і ў мяне дзеці! – падхапіў незвычайны чалавек, – Вось, вось паглядзіце! – Ён нарэшце адарваўся ад стомленага і пачаў паказваць прысутным фота.
– Дзве дзяўчынкі, як кветачкі.
Прысутныя, не вельмі ўважліва ўзіраючыся ў фота, згодна заківалі галовамі, прыгаворваючы кампліменты двум анёлападобным стварэнням. Пасля гэтага ён зноў апынуўся перад стомленым, які зусім абмяк, апусціў галаву, і здавалася знаходзіўся недзе далёка.
– Але добра, раз такая справа, вось. – Ён дастаў гаманец, не лічачы выхапіў з агульнай пачкі колькі купюраў, і ўзяўшы руку стомленага, паклаў іх яму ў далонь, – трымай, сябра!
Гэты жэст вызваў лёгкі шум адабрэння сярод публікі. Між тым аўтобус пад’ехаў да чарговага прыпынку, дзверы адчыніліся. Незвычайны выпырхнуў з салону і імгненна растварыўся ў шэрай раніцы. Нехта, калі дзверы зачыніліся і аўтобус ад’ехаў ад прыпынку, сказаў:
– А наш-та малайчына, трымаўся годна, як мае быць.
Усе з гэтым таропка пагадзіліся і пачалі рыхтавацца да выхаду, наступным прыпынкам быў чыгуначны вакзал, выходзіла большасць пасажыраў, я ў тым ліку. Наш, то бок стомлены, стаяў нерухома заціснуўшы грошы ў руцэ і глядзеў кудысьці ўніз. Адзін спагадлівы пасажыр, устаючы, паказаў яму на пустое сядзенне і прапанаваў: “Сядайце, калі ласка”, – той сеў.
Надвор’е крыху палепшала, снег перастаў сыпаць, але лужыны, у якіх плавалі брудна-сінія мазутныя плямы і кавалкі лёду і снегу, былі амаль паўсюль. Кіроўца не мог спыніцца нідзе акрамя як пасярод самай велізарнай лужыны і ўсе пасажыры, хто на пальчыках, хто на абцасах пачалі прабірацца да ўваходу ў вакзал. Набраўшы бруднай вады ў боты, я таксама пабрыў да дзвярэй. У руцэ я трымаў партфель з неабходнымі дакументамі, якія патрэбны былі для выезду за мяжу, і трымаў яго моцна, бо час і сілы, якія на іх ахвяраваў, як мне здаецца не паддаюцца ўліку.
У нашым горадзе вакзал падзелены на дзве часткі, першая для тых, хто вандруе па нашай краіне, другая для тых, хто выязджае за мяжу. Увайшоўшы ў будынак, я стаў кіравацца па стрэлках, якія паказвалі мой накірунак. Я зрабіў некалькі паваротаў і апынуўся адзін у доўгім калідоры, відавочна, за мяжу сёння збіраўся толькі я . Калідор заканчваўся масіўнымі дзвярыма, да якіх я і накіраваўся, пакідаючы за сабой мокрыя і брудныя сляды. Я патрапіў у вялізны пакой, святло ў якім было непрыемна яркім, асабліва пасля змроку шэрай зімовай раніцы, здавалася, што яно нахабна лезе ў вочы. У пакоі стаялі два сталы, за імі сядзелі жанчыны, не ведаю, якія ў іх былі пасады. Па пакоі прагульваўся мужчына моцнага целаскладу, відаць ахоўнік. Ад увахода да іх было метраў дванаццаць, я павітаўся, у адказ не прагучала ні слова. “Тым лепей”, – падумаў я і накіраваўся наўздагад да адной з служачых.
– Я тут, ведаеце, за мяжу збіраюся, вось дакументы…- пачаў я не ўпэўнена, дастаючы стос папер.
– Вы чытаць умееце? – замест адказу спытала жанчына, гледзячы на мяне знішчальным, пагардлівым позіркам.
– Умею, – адказаў я, пачынаючы пакрыху злавацца ад абыходжання, рэзкага святла і празмерна высокай тэмпературы ў пакоі.
– Дык вось пачытайце – гэты аддзел для заключнай рэгістрацыі, – і яна торкнула пальцам з доўгім пафарбаваным пазногцем у вялікі стэнд злева ад яе працоўнага месца, на якім было шмат усялякіх паперак, з шрыфтамі розных калібраў.
– Усе аб’явы ды пісулькі чытаць – жыцця не хопіць, – са злосцю прамовіў я і накіраваўся да стала на супрацьлеглым баку.
Калі я апынуўся побач з тым аддзелам, які мне быў патрэбны, я не стаў ужо разменьвацца на нерашучасці, проста перадаў паперы жанчыне без усялякіх тлумачэнняў. Яна іх прыняла і стала дэталёва вывучаць, раскладваючы на сваім стале быццам пасьянс.
– Так, гэта ёсць, і гэта таксама, добра…- прыгаворвала яна падчас гэтых маніпуляцый.
Я ўжо было пачаў супакойвацца, думаючы, што зараз у мяне запытаюць пашпарт, грошы, выдадуць квіток і ўсё – справа вырашана. Але раптам яна ўсклікнула, ды так нечакана, што я ледзь не падскочыў.
– А даведка аб складзе сям’і дзе?! І выпіскі з працоўнай я ва ўпор не бачу! Куды вы сабраліся? Вам толькі да бабулі ў вёску бульбу капаць з гэтым, – і яна ўзяла той набор паперак, які я ёй прынёс і патрэсла ім у паветры.
– Прабачце, – сказаў я набіраючы паветра ў лёгкія і вяртаючыся ў свой стан дрэннага настрою, з якога заўсёды падрыхтаваны наступаць і абараняцца, – якія такія даведкі і выпіскі, адкуль вы гэта ўзялі, калі яны, каму яны патрэбны раптам сталі?
– А вось чытайце, парадак выдачы праязных дакументаў на чыгуначны транспарт, для грамадзян, выязджаючых за мяжу, – і яна кінула на стол перада мною таўшчэзную цёмную папку, пераможна пры гэтым гледзячы на мяне.
Такі ход падзей ніяк не ўваходзіў у мае планы і я вырашыў змагацца:
– Спадарыня, я сабраў усе даведкі, як таго патрабуе наш закон, адпаведныя органы выдалі мне адпаведныя дакументы, вазьміце грошы і выдайце мне квіток, інакш я буду скардзіцца, бо нічога іншага мне не застаецца.
– Я ўсё разумею, я вас выдатна разумею, але і вы нас паспрабуйце зразумець, у нас таксама ведамства, і з нас спытаюць потым, ну не мы ж гэтыя правілы прыдумляем у рэшце рэшт, – сказала яна і, не даючы мне апамятацца, працягнула мне мае дакументы і дадала – што да скаргаў, то гэта мы таксама разумеем, мы таксама людзі дэмакратычныя. Ігар Віктаравіч, Ігар Віктаравіч, калі ласка, падыдзіце да нас, тут чалавек скардзіцца збіраецца.
Я хуценька схаваў дакументы назад у папку і паглядзеў да набліжаючагася ахоўніка. Ён набліжаўся ўпэўненым крокам, але ў мяне зрабілася ўражанне, што крочыў ён не даўжыню як усё, а неяк у шырыню. Падыйшоўшы, ён далікатна ўзяў мяне за руку крыху вышэй локця, і сказаў:
– Пройдзем, са скаргамі да дзяжурнага, – затым павёў мяне праз пакой у службовы калідор з некалькімі дзвярыма, я не пярэчыў і падпарадкаваўся, мне хацелася як мага хутчэй вырашыць справу.
Мы ўвайшлі да дзяжурнага.
– Вось, Мікалай Фёдаравіч, чалавек да вас, са скаргай, – звярнуўся ён да вусатага мужчыны маленькага росту з маленькімі крацінымі вачамі ў нейкай сіняй уніформе, які стаяў бокам да вакна і ўважліва назіраў за нечым, што рабілася звонку.
– Выязджаеце, – не адрываючыся спытаў той.
– Выязджаю, – адказаў я.
– І не сабралі ўсе дакументы?
– У мяне ўсе дакументы, гэта ў вас нейкія незразумелыя патрабаванні.
– Так, новае палажэнне, новыя ўмовы, – адказаў ён і накіраваўся да стала, дастаў ліст паперы і працягнуў мне, – пішыце скаргу, будзем разбірацца, праз два тыдні атрымаеце адказ.
– Праз два тыдні? Ды вы здзекуецеся?!
– А вось хаміць не трэба, малады чалавек, мы і не такіх бачылі. Так ці не, Ігар?
– Так, так, – пацвердзіў той крытычна мяне аглядаючы.
Раптам з маленькіх дзвярэй, якія знаходзіліся па праваруч ад увахода, выйшаў чалавек. Ён падышоў да дзяжурнага, які ўжо сеў на сваё месца, і стаў нешта шаптаць яму на вуха, пазіраючы пры гэтым на значок, флікер, што вісеў у мяне на паліто з учарашняга вечара, і які я хацеў было зняць ды забыўся. Дзяжурны таксама стаў неадрыўна, зачаравана глядзець на гэты флікер. Чалавек знік так жа хутка як і з’явіўся. Дзяжурны спачатку падскочыў, потым зноў сеў, не адрываючы позірка ад мяне хутка загаварыў:
– Прабачце, памылачка выйшла, не хацелі прычыняць вам турботы, таварыш, ой, прабачце, гаспадзін, грамадзянін. Так, Ігар, а ну Зінку сюды давай, хутка.
Ігар, які пры ўваходзе таго чалавека неяк знерухомеў, апусціў галаву і стаў уважліва вывучаць наскі сваіх бліскучых ботаў, куляй выляцеў з кабінету, выконваючы загад начальніка. Я нічога не зразумеў, што адбылося, але відавочна, што справа майго ад’езду пачала вырашацца на маю карысць пасля перашэптавання невядомага мне чалавека з дзяжурным, і прычынай гэтага стаў той самы флікер, які падараваў мне мой учарашні сабутэльнік. Як было паводзіць сябе? Я адвярнуўся да вакна быццам мне не цікавыя гэтыя перасоўванні, і з відам чалавека, які значна вышэй гэтага тлуму, заняў чакальную позу. Праз хвіліну з’явілася жанчына, якая загадвала прыёмам дакументаў.
– Зіна, выдайце гэтаму чалавеку неабходныя дакументы для яго падарожжа, – загадаў дзяжурны.
– Але…- пачала было яна.
– Хутка я сказаў, – павысіў тон начальнік і пачырванеў, – і Каці скажы, каб не марудзіла.
Жанчына падышла да мяне і нясмела папрасіла мае дакументы, вінавата паглядаючы кудысьці ў падлогу, я няспешна дастаў іх і перадаў ёй. Праз некалькі хвілін другая жанчына, тая, да якой я адразу звярнуўся, прынесла мне іх назад, уручыла мне квіток на цягнік і сказала:
– Вось, калі ласка, добрай дарогі! – і імгненна выскачыла з кабінету.
– Прабачце нас, не разабраліся адразу. Ігар, правадзі чалавека, хай Танюха яго давязе.
Я, як і раней нічога не разумеючы, прыняў дакументы і словы як належнае, і з выглядам яшчэ крыху пакрыўджанным холадна развітаўся і выйшаў за Ігарам, які мне пачаў ужо падабацца. Мы пайшлі ўглыб сутарэнняў нашага чыгуначнага вакзалу. І неўзабаве апынуліся ля вялізных двухстворкавых дзвярэй з маленькімі круглымі вакенцамі на кожнай, Ігар націснуў на чорную пластыкаваю кнопку, што не замацаванай боўталася на провадзе. Недзе наверсе нешта стрэльнула, прасела і прыйшло ў рух, калі маленькія вакенцы асвяціліся, гэтае нешта перастала на секунду стагнаць, сцішылася, каб з грукатам адчыніць свае дзверы. Тое быў службовы ліфт. Дзверы адчыніла, ды так што тынкоўка пасыпалася, тоўстая жанчына з вельмі незадаволеным выразам твару. Настолькі незадаволеным, што нават Ігар быў вымушаны прасіць, каб мяне падкінулі куды трэба – на самы верх.
Танюха змерыла мяне недабразычлівым позіркам і сказала:
– Ну, заходзьце.
Я не сказаў дзякуй, мне падалося, што ад гэтага будзе толькі горш. Дзверы Танюха зачыніла з такой сілаю, што я падумаў як бы мяне не прыбіла выбуховай хваляй да задняй сценкі ліфта.
– Трымайцеся добра,- папярэдзіла ліфцёрша.
– Тут часам паветраныя пробкі здараюцца, – дадала яна лёгкай здзеклівай усмешкай.
– Дык хоць бы поручні якія ўладкавалі ці што, – карэктна прапанаваў я.
– Не прадугледжана, – са злосцю абрубіла Танюха.
– А ехаць доўга?
– Хвілін пятнаццаць.
– Ну хоць бы зэдлік які…
– Не прадугледжана.
Я падумаў, што калі б мяне прывёў не Ігар, а які небудзь манцёр гэтага ліфта Вася, па-блату, мы б магчыма паразумеліся, а так…
І вось праз некаторы час гэты ліфт страсянула разы два, потым пачуўся вельмі жалобны скрыгат і нарэшце наш сумнеўны транспарт спыніўся. Танюха расчыніла дзверы з той жа лютасцю і прамовіла, саступаючы мне дарогу:
– Выходзце, прыехалі.
– А куды далей? – выходзячы, з нерашучасцю прамовіў я.
– А мяне гэта не калыша, – абрэзала Танюха і зачыніла дзверы ліфта.
Я пачаў азірацца, у маленькі пакой, куды мяне даставілі, выхад і ўваход быў напэўна адзіны праз невялікі авальны люк у паўчалавечага росту, да якога вяла невялікая лесвіца. Туды я і накіраваўся, замест ручкі ў люка было кола, як нам паказваюць у кіно пра субмарыны, якое я павярнуў і люк паддаўся. Я выйшаў і быў аслеплены яркім светам, сонца тут стаяла ў зеніце, такога я не чакаў.
Я апынуўся на велізарнай роўнай пляцоўкі, яна нагадвала стэп, не хапала толькі блукаючых перакаці-поле. Спякота, бязлітаснае сонца толькі ўзмацнялі гэтае пачуцце. Праз некалькі соцень метраў я ўгледзеў шматлікія чыгуначныя шляхі. І пайшоў ў іх накірунку, аднак прамому выхаду да іх перашкаджаў сетачны паркан, які быў густа змазаны нечым ліпкім падобным да мазуту. Хаця сам паркан быў невысокі, і можна было з лёгкасцю перамахнуць праз яго, я гэтага не зрабіў, бо баяўся выпацкаць сваё паліто. Я накіраваўся ўздоўж.
І, такім чынам, я прайшоў яшчэ якую колькасць сотняў метраў да таго як заўважыў вялікаю дзірку ў сетцы паркану, праз якую можна была свабодна ўвайсці на тэрыторыю. Я агледзеўся: там, далей на пуцях стаялі саставы, а адразу за парканам справа месціўся сарцір, а адразу злева – сабачая будка, з якой тырчала сабачая пыса.
Як толькі я пераступіў мяжу праз дзірку ў паркане сабака адразу зрэагаваў на гэта адзіночным “гаў”, пасля чаго вылез з будкі, і матаючы сваім хвастом, цягнучы доўгі ланцуг між ног, падыйшоў да мяне, каб пазнаёміцца, што на сабачай мове азначае добра абнюхаць. Немалады па сабачых мерках, паляўнічы сабака гончай пароды, карычневай масці, з чорнымі плямамі па баках, худы настолькі, што рэбры і пазванкі можна было падлічыць без паслуг патолагаанатама, тыцнуўся пысай у маё калена, вільнуў хвастом, і, не знайшоўшы ўва мне нічога цікавага і карыснага, панура накіраваўся назад у сваю будку, цягнучы ланцуг па пыльнай глебе між сваіх хударлявых ног. А ў мяне нічога не было для яго, у партфелі толькі паперы.
Я ступіў некалькі крокаў наперад. Нечакана перада мной з’явіўся дзіўны суб’ект, напэўна ён выскачыў з сарціру, пакуль я назіраў за сабакам, бо да гэтага нікога паблізу не было. Першым яго пытаннем пасля крытычнага візуальнага вывучэння маёй асобы было наступнае:
– Ты наш?
– А то!
– Як патрапіў?
– Танюха падкінула.
– А, ну тады дакладна наш!
Трэба крыху апісаць гэтага суб’екта. Хударлявы, жвавы, росту хутчэй высокага, гадоў сарака пяці, з доўгай шэяй, з вялікім кадыком, маленькай галавой на шырокіх плячах, людзей за такі целасклад часам называюць жылістымі. Апрануты ён быў у нейкую салдацкую робу пясочнага колеру.
Калі кароткі працэс ідэнтыфікацыі скончыўся ён заключыў мяне ў свае шырокія абдымкі і дыхнуў на мяне моцным перагарам, які я нават пасля ўчарашняга злоўжывання добра адчуваў.
– Братэла! Нас усё болей і болей, мы ім усім цяпер пакажам! Ты куды едзеш у Лондан ці можа ў Прагу?
– Ды не, я ў Берлін збіраюся, у мяне вось і дакументы ўсе сабраныя для гэтага…
– У Берлін? Дык ты спазніўся, у Берлін нашы ўчора паехалі, цяпер пэўна не хутка новы цягнік будзе, можа праз пару тыдняў, можа праз тры месяцы. Я вось учора аднаго нямецкага фрыца на цягнік без квітка ўладкаваў, праз знаёмую правадніцу, бо ён не ведаў, дзе і як яму яго набыць. Яна за гэта запатрабавала яго пінжак, у яе сына выпускны ў гэтым годзе, а я за свае паслугі зняў з яго вось гэтыя боты.
І, прыпадняўшы калашыны нагавіц, ён паказаў боты, якія ён апрануў на па-майстэрску завязаныя салдацкія анучы. Боты і праўда былі прыгожымі і стыльнымі, верагодна ручной работы.
– От жа, умее немчура… А навошта табе Берлін? Давай са мной у Лондан!
– А што сапраўды так доўга чакаць наступнага цягніка на Берлін? – мяне дзівіў такі расклад.
– Ну зразумела ж, пакуль усе нашы падцягнуцца, пакуль сітуацыя даспее, пакуль на версе ўсё вырашаць. Я вось на Лондан ужо амаль паўгода чакаю. Але кажуць, што ўжо вось-вось паедзем, хутка ўжо! Таму я і кажу давай на Лондан, – прапаноўваў ён.
– А ты ведаеш, як на самой справе гэтыя сэры-пэры сваю сталіцу называюць? – не сунімаўся ён з сваім Лонданам.
– Не.
– Ландан! Уяві сабе не Лондан, а Ландан! Сваю ж мову псуюць, макароннікі.
Я, застыўшы ў нерашучасці, задуменна глядзеў на яго боты. Але ён не даў мне доўга знаходзіцца ў такім стане, абняўшы мяне адной рукой за плечы, ён амаль сілком пацягнуў мяне ў бок перону, дзе стаялі некалькі пасажырскіх саставаў.
– Э, братэла, ды ты тут нічога пакуль не ведаеш! Пойдзем я табе ўсё пакажу і раскажу! А Лондан! Гэта ж маць гарадоў буржуйскіх, разумееш? Ты ведаеш, чаму майго нябожчыка бацьку Кромвелем сябры клікалі?
– Не, не ведаю.
– А таму, братэла, майго бацяню так празвалі, што была ў яго мара, – так ён распавядаў, цягнучы мяне па няроўнай пыльнай, камяністай глебе наперад, – ён марыў, што калі ўсё нарэшце пачнецца, ён вынырне з сваім узводам пасярод Лондана ў Тэмзе, зойдзе з хлопцамі ў іх парламент і паразганяе падсрачнікамі іхніх лордаў. Вось таму яго і называлі Кромвелем. Але не дачакаўся, зямля яму пухам.
– Спачуваю.
– Ды нічога, затое засталіся мы. Хутка мы ім усім пакажам!
Так мы набліжаліся да перону. Дайшоўшы да аднаго яго краю, мы прыпыніліся. Ішла пасадка на цягнік, які толькі што прыбыў.
– Вось, гэтыя сёння ў Прагу едуць. Хочаш у Прагу?
– Я там ужо быў.
Мы паціху сталі прабірацца скрозь натоўп пасажыраў трымаючыся супрацьлеглага краю платформы. Каля трэцяга і чацвёртага вагонаў натоўп быў асабліва шчыльны і вялікі. Нам зноў прыйшлося спыніцца і крыху пачакаць, каб людзей паменела і можна было прайсці. Пасажыры ціснулі адзін аднаго, напіралі, да таго ж падбягалі новыя, якія крыху спазняліся. Ва ўсіх былі вялікія сумкі, заплечнікі. У тых, што толькі падышлі акрамя сумак былі яшчэ і нейкія транспаранты, якія яны, падбягаючы да перону, хуценька скідвалі ў адну безладную кучу. Пасажыры, што садзіліся ў гэтыя вагоны накіроўваліся з боку хваста цягніка, мы ішлі з боку галавы. Раптам у паветры пачуўся моцны свіст і адразу за ім стрэл. Аказалася, што за апошнімі пасажырамі ішоў барадаты дзядзька з велізарнымі акулярамі на носе, у плашчы і гумавых ботах. У руцэ ён трымаў пугу даўжынёй метраў дзесяць, з такой у вёсках ганяюць статкі кароў. Са злосным выразам твару ён раз пораз уздымаў сваю страшэнную зброю, часам проста сцягаючы ў паветры, а часам падганяючы непаваротлівых. Удары былі моцнымі, тыя небаракі, якім не пашчасціла пакаштаваць іх на сваіх карках, атрымоўвалі добрае паскарэнне. Вось нарэшце, здаецца, усе з іх ужо сабраліся вакол сваіх вагонаў. Але барадаты і не думаў спыняцца, наадварот удары пасыпаліся яшчэ часцей, толькі цяпер яны ўжо не страсалі паветра дарэмна, а заўсёды знаходзілі сваю ахвяру. Некаторых яны ажно валілі на калені, але падсцёбнутыя такім чынам хуценька зноў ускоквалі на ногі і праціскаліся ў сярэдзіну натоўпа, а наступныя ўдары атрымоўвалі тыя, хто знаходзіўся па краях. Мы пэўны час моўчкі назіралі за гэтай карцінай, потым я спытаў у свайго спадарожніка:
– А гэта таксама нашы?
– Ну так, – адказаў ён, крыху паморшчыўся, і дадаў, – гэта нешта накшталт македонскага каня. Там лічаць, што яны іхнія, а насам рэч гэта не зусім так.
– У якім сэнсе македонскага, Буцэфала?
– Якога такога Буцэфала? – не зразумеў цяпер ён, коратка паглядзеў на мяне і цярпліва патлумачыў, – Конь македонскі, гэта калі нашы, то бок македонцы, ваявалі з Рымам і доўга не маглі ўзяць горад. Потым яны зрабілі велізарнага каня з саломы і адправілі на нейкае свята рымлянам як падарунак. А ў тым кані сядзелі байцы, ноччу яны вылезлі і парэзалі ўсіх рымлян.
– А як жа гусі? – спытаў я, не адрываючыся, гледзячы на пасадку пасажыраў.
– Якія такія гусі? – ужо з нейкай нецярплівасцю, раздражнёна спытаў ён.
– Ну гусі, якія ўратавалі Рым. Калі ворагі ўлезлі ў Рым менавіта гусі, а не сабакі пачулі гэта, загагаталі, прачнулася варта і пабіла ворагаў.
Гэтае пытанне заставіла на хвіліну задумацца майго суразмоўцу, здавалася ён нешта прыпамінаў, але хутка ён знайшоў памылку ў гэтай задачы:
– Не, ну гусі таксама былі, але тое было раней, а македонскі конь пазней.
Пакуль мы вырашалі складанае гістарычнае пытанне пагрузка пасажыраў падышла да завяршэння. Барадаты дзядзька таксама падняўся па прыступках вагону, але далей не пайшоў, спыніўся на верхняй прыступцы. Павярнуўшыся тварам да перону, ён і застаўся так стаяць, чамусьці пагрозліва і пераможна пазіраючы на нас. Мы тым часам рушылі далей. Калі мы абышлі цягнік, мой цыбаты экскурсавод перавёў мяне яшчэ праз некалькі перонаў і чыгуначных пуцей. І вось мы ўрэшце апынуліся на велізарнай адкрытай пляцоўцы, якая спрэс была застаўлена палаткамі.
– Вось, – урачыста сказаў мой правадыр, абводзячы рукой, разгарнуўшуюся перад намі панараму, – гэта наша заля чакання!
Палаткі былі паўсюль, розных колераў, ад бляклых да яркіх, новенькіх, задзірліва ззяючых. У некалькіх метрах ад нас каля адной з палатак напаўсядзелі, напаўляжалі людзі. Яны размясціліся шырокім колам каля вогнішча, над якім вісеў вялікі кацёл. Над ім завіхалася пажылая жанчына. Вакол вогнішча то тут, то там валяліся косткі.
– Пойдзем! – загадаў мне даўгалыгі, і не чакаючы мяне шырокімі крокамі накіраваўся да вогнішча.
– Што на абед, гаспадыня? – спытаў ён жанчыну.
Але адказу ён не атрымаў, ніякай рэакцыі наогул не было. Жанчына як і раней працягвала марудна мяшаць вялікім палоннікам у катле. Я паглядзеў на прысутных людзей, яны таксама засталіся ў тых жа самых паставах, не адрываючыся гледзячы на вогнішча. Я падумаў, што майго знаёмага тут добра ведаюць і ўвагі не звяртаюць.
– А, ялавічына, выдатна!
Даўгалыгі дастаў з кішэні відэльца з нязвыкла доўгай ручкай, нахіліўся да катла і, прыцэліўшыся быццам рыбак з гарпуном, ударыў і спрытна выцягнуў вялікую костку з мясам. У паветры разышоўся густы водар варанай ялавічыны.
– Братэла, трымай! – сказаў ён і працягнуў мне сваю здабычу.
– Не, дзякуй, мне проста пасля ўчарашняга нешта нічога ў рот не лезе…- апраўдваўся я.
– Ну глядзі сам, тут у нас пакуль не ўсё добра арганізавана, сёння ёсць абед, а заўтра глядзіш і не. Вось калі да іх даедзем, то там зажывем, у іх усё ё! Ну дык, што вырашыў, куды паедзеш? – спытаў ён размахваючы косткай з тым, каб яе астудзіць.
– Пакуль што нікуды.
– А што рабіць будзеш?
– Пайду ў наш райвыканкам, там мне тыя-сія дакументы павінны выдаць.
– А шкада, што не хочаш у Лондан. Але як ведаеш, братэла, нашым там усім прывітанне перадай.
Я паабяцаў, што так і зраблю, і мы развіталіся, ён, весела размахваючы косткай, пайшоў углыб палатачнага лагеру, а я амаль бегам кінуўся ў накірунку той дзіркі ў плоце, праз якую я сюды патрапіў. Справа ў тым, што мне зрабілася млосна. Пахмельнае самаадчуванне, невыносная спёка, рэзкі пах варанага мяса, – усё гэта цягнула на ваніты. Таму я спяшаўся вырвацца як мага хутчэй з гэтага дзіўнага месца. “ Ну і трасца яго бяры той Берлін, абы хутчэй патрапіць дадому”, – думаў я, з насцярогай прыслухоўваючыся да незадаволеных гукаў страўніка. Але здарылася тое, чаго я не хацеў і баяўся. Калі я быў ужо зусім побач з плотам мяне пачало ванітаваць. Рэзкі прыступ гэтай ганебнай хваробы прымусіў мяне сагнуцца, скласціся напалову. Я нават не паспеў нічога разгледзіць перад сваімі нагамі. Калі ж першая хваля прайшла, крыху выпрастаўшыся я ўбачыў, што званітаваў прама ў сабачыю міску. Сабака тым часам ужо вылазіў з сваёй будкі, шырока расставіўшы хударлявыя ногі, і цягнучы ланцуг між іх. Ён, прыціскаючы вушы, і лісліва пазіраючы на мяне, падышоў да сваёй міскі, панюхаў яе змесціва, падняў сваю пысу, паглядзеў на мяне, і вельмі прыязна, шырока замятаў хвастом, пасля пачаў хлябтаць з міскі. Я стаяў над ім яшчэ не поўнасцю выпрастаўшыся, думаючы над тым, што варта было б адпусціць гэтага сабаку, як мяне зноў прымусіла сагнуцца другая, на гэты раз кароткая хваля ванітаў. Сабака зрэагаваў на гэта, абачліва ўбраўшы ад міскі галаву, але адразу, калі мяне перастала ванітаваць, ужо не падымаючы галавы, і не трацячы час на падзяку, зноў пачаў есці. Калі я нарэшце распрастаўся, то адчуў сябе значна лепей. Кінуўшы позірк на сабаку, я вырашыў, што калі не я яго сюды прывязаў, то напэўна не мне яго і адвязваць. Пасля я рынуўся праз дзірку ў плоце і хутка пакрочыў прэч трымаючыся паралельна чыгуначным рэйкам за плотам, якія па маіх спадзяваннях павінны былі прывесці мяне на прывакзальную плошчу.
Я вельмі ўсцешыўся калі ўбачыў першыя прывакзальныя будынкі – дзе брудныя, дзе з нейкімі іржавымі плямамі, а дзе пабеленыя ў нейкі шэры колер – склады, прамысловыя сутарэнні. Іншым разам я б напэўна палічыў іх безгустоўнымі і занадта маркотнымі, але цяпер я быў у захапленні ад іх, яны мне здаваліся такімі ж прыгожымі і стройнымі быццам гатычныя храмы. Самаадчуванне маё значна палепшала, паветра стала дастаткова прахалодным і камфортным і мне захацелася есці.
Праз некаторы час я ўжо стаяў на прывакзальнай плошчы, на супрацьлеглым баку месцілася невялічкая танная кавярня, туды я і накіраваўся. Каля ўваходу я сутыкнуўся з адным сваім знаёмым імя якога я не памятаў. Бываюць такія знаёмыя, з якімі навучаешся ці то ў школе, ці то ва ўніверсітэце, альбо жывеш у адным раёне, з якімі некалькі разоў прыходзілася размаўляць, але імя іх альбо забылася, альбо і не было вядома. Адносіны з імі такія, што маючы зрэдку стасункі, спытаць імя ўсё ж такі неяк не выпадае, бо знаёмству вашаму не адзін год і трэба было б ужо даўно ведаць. Думаю ў кожнага чалавека ў жыцці назбіраецца колькі такіх знаёмых імёнаў, якія мы не памятаем.
Мы павіталіся. Ён стаяў крыху згорблена, каптур на галаве, які ён нацягнуў як мага глыбей, не мог схаваць яго няголенай фізіяноміі. Па ўсім было відаць, што стаіць тут ён досыць даўно і паспеў добра змерзнуць.
– Маеш што? – спытаў ён. Гэтае пытанне азначала: ці ёсць у мяне грошы на выпіўку.
– Ну пойдзем, што небудзь знойдзецца, – без асаблівага імпэту адказаў я.
Мы зайшлі ў кавярню. Я замовіў сабе каву і нешта з ежы, яму бутэльку таннага віна і таксама нешта з ежы.
– А сам што, захварэў? – спытаў ён, калі я адмовіўся ад віна.
– Ды не, проста мне зараз у райвыканкам па справах ісці, ды й ранавата яшчэ.
– Ну глядзі сам, – з гэтымі словамі мой знаёмы з задаволеным выглядам наліў сабе поўную шклянку.
Мы сядзелі, падсілкоўваліся, размаўлялі. Дапіўшы каву я адчуў, што прыйшоў у поўны парадак і гатоў быў ісці далей.
– Ну мне пара, – сказаў я і стаў збірацца сыходзіць.
– Дык, а куды ты там збіраўся? – спытаў мой знаёмы, наліваючы апошнюю шклянку віна.
– Ну я ж казаў ужо, у райвыканкам, па справах, – цярпліва патлумачыў я.
– Дык і я з табой, – сказаў ён, зрабіў выдах і адным махам спустошыў шклянку.
Я крыху здзівіўся такому жаданню, але паціснуў плячыма і адказаў абыякава:
– Пойдзем, калі хочаш.
І мы пайшлі, яму мабыць таксама палепшыла і ўжо не мела значэння куды ісці.
Да райвыканкаму было хвілін пятнаццаць хады, размаўляючы ні аб чым, мы незаўважна пераадолелі гэтую адлегласць і апынуліся перад вялікім двухпавярховым будынкам нашага мясцовага дома ўрада. Перад ім месцілася плошча, на ўскрайку якой мы спыніліся. Спыніцца нас прымусіла незвычайная карціна. Большая частка плошчы была застаўлена машынамі, прычым машынамі прадстаўнічага класа. Звычайна ў будзённыя дні іх было меней і яны былі не такімі шыкоўнымі. А перад уваходам стаяла ахова, пашыхтаваная ў некалькі шарэнгаў.
– А, ну так, я і забыўся – сёння ж да нас галоўны завітаць павінен быў, – прыпомніў мой спадарожнік.
– Вось і завітаў, халера яго бяры, – скрозь зубы працэдзіў я.
Гэта падзея ўскладняла мае планы. Але я не прывык паварочваць назад, ці пытаць дазволу ў нашых бюракратаў на праход, нейкае дзеянне, бо гэтая манера паводзін з імі не прыносіла плёну. У сваіх стасунках з нашымі чынушамі я добра засвоіў, што неабходна ісці куды трэба без усялякіх пытанняў – калі трэба спыняць і адправяць назад.
– Ну пайшлі, – сказаў я і, не чакаючы адказу, рушыў наперад. Мой знаёмы, імя якога я не памятаю, таксама пайшоў следам, адстаючы на паўметра.
У такім парадку мы падыходзілі да аховы. Яны здалёк заўважылі нас і глядзелі непрыязна і падазрона на нашае нахабнае набліжэнне, пагардліва мераючы нас позіркамі, вызначаючы наш фізічны патэнцыял. Калі мы наблізіліся амаль ушчыльную, адзін з іх выйшаў на крок уперад і выкінуў руку мне насустрач, у якую с ходу ўпёрся грудзьмі. Яго месца тым часам заняў ахоўнік з другой шарэнгі. Я думаў нас зараз пачнуць круціць і ламаць. Але здарылася нечаканае. Рука ахоўніка, які нас спыніў, завагалася і апусцілася, сам ён прыняў стойку сьмірна. Вочы яго зачаравана спыніліся на флікеры, што вісеў у мяне на паліто. Праз імгненне ён зрабіў крок у бок і, адрапартаваўшы, сказаў:
– Прабачце адразу не разгледзеў, – і звяртаючыся да сваіх, загадаў – а ну расступіся, дайце прайсці асобаўпаўнаважанаму.
– Гэты са мной, – сказаў я нізкім ціхім голасам, як любяць казаць начальнікі сваім падначаленым, прымушаючы прыслухоўвацца да сябе, і з гэтымі словамі азірнуўся на свайго спадарожніка, які выглядаў не надта прэзентабельна для дадзенай сітуацыі. Строй расступіўся і мы накіраваліся да ўваходу.
Калі мы былі ўжо ў фае, перад намі вырасла чарговая перашкода ў выглядзе мясцовага ахоўніка, які стаіць тут пастаянна нават і ў звычайныя дні. Гэты праўда аказаўся больш востравокім, ён адразу ўгледзеў значок на лацкане майго паліто і таксама выцягнуўся па стойцы сьмірна.
– Як, служба?- спытаў я замест прывітання.
– Дзякуй, усё добра, без здарэнняў! – адказваў ён па вайсковаму гучна.
– Галоўны ўжо там? – зноў спытаў я, кіўком галавы паказваючы на верх.
– Так точна, там, усе ўжо там! – дакладваў ён.
Я прайшоў праз турнікет і збіраўся падымацца на другі паверх, але прыйшлося крыху затрымацца.
– А гэты…- вымавіў ахоўнік крытычна аглядаючы майго знаёмага, вагаючыся прапускаць яго ці не.
– Гэты са мной, практыкант, апрануты так спецыяльна, бо праводзіў вонкавае сачэнне, – адказваў я, спыніўшыся ў нецярплівай позе, і не паварочваючы галавы.
Турнікет піскнуў і той прайшоў.
– Што за хрэнь тут адбываецца? – спытаў ён, калі дагнаў мяне на лесвіцы.
– Навошта ішоў, калі баішся ідзі назад.
– Ды не баюся, наадварот, весела, – ціха адказаў ён.
Мы выйшлі на калідор другога паверха нашага райвыканкама. Перад намі стаяў натоўп людзей пераважна сталага ўзросту, усе яны былі прыбраныя ў добрыя гарнітуры і ціхенька перагаворваліся паміж сабой нечага чакаючы. Зразумела, тое былі чыноўнікі – нашыя мясцовыя і сталічныя, якія прыехалі з галоўным. Наперадзе ўсіх стаяў намеснік галоўнага і размаўляў з тым бюракратам, які павінен быў выдаць мне дазвол на падставе дакументаў, якія я збіраў амаль тры гады. У руках у яго быў партфель, у якім магчыма яны зараз і знаходзіліся. Але падыйсці да яго вось так, прама зараз, неяк не выпадала, даволі шчыльна стаялі людзі ў натоўпе, ды і размаўляў ён з самім намеснікам. Я вырашыў крыху пачакаць і падабрацца да яго спакваля.
Тым часам дзверы на супрацьлеглым канцы калідора адчыніліся і ўвайшоў той, каго ўсе гэтыя людзі чакалі – галоўны. Яго паўколам атачалі велічэзныя ахоўнікі. З ім побач перабіраў нагамі, уцягваючы галаву ў плечы, кіраўнік нашага раёну. Падыйшоўшы да дэлегацыі чыноўнікаў галоўны сказаў:
– Ну што пойдзем паглядзім, што вы тут напрацавалі, як выконваеце мае загады.
У адказ пачуўся згодны гул галасоў. Дзверы з правага боку калідору расчыніліся і наш кіраўнік стаў запрашаць галоўнага ўвайсці. Ён увайшоў, следам за ім рушыў намеснік, ахова і ўсе астатнія прысутныя. Я між тым не марудзіў пры гэтым перасоўванні, абышоўшы некалькіх дэлегатаў гэтай сустрэчы, падабраўся крыху бліжэй да сваёй мэты – бюракрата з патрэбным партфелем, у якім магчыма былі мае дакументы. Мой знаёмы трымаўся побач. Калі мы ўвыйшлі ў пакой, я спыніўся ад нечаканасці. Аказваецца з калідору нашага райвыканкама мы патрапілі наўпрост на малочную ферму. Але на здзіўленне часу не было, пакуль у натоўпе былі яшчэ месцы, каб праціснуцца наперад, не прыцягваючы ўвагу, я зноў скараціў адлегласць да мэты.
Тым часам, галоўны распачаў паказальную экзекуцыю свайму намесніку. Пакуль мы заходзілі і размяшчаліся ў прасторы кароўніку, які блішчаў чысцінёй і навізной, галоўны з нейкім чалавекам, напэўна, з заатэхнікам гэтай фермы, хадзіў па праходзе між стойлаў і аглядаў спраўных кароў ды абсталяванне. Заатэхнік, адказваючы на пытанні, час ад часу ўздымаў рукі ў гору, а часам разводзіў імі ў паветры. Размовы з-за значнай адлегласці і з-за гудзення вентыляцыйнай сістэмы мы не чулі, але было бачна, што ён на нешта наракае. На нейкім этапе гэтай размовы галоўны рэзка абярнуўся да свайго намесніка і, нервова жэстыкулюючы, стаў нешта яму выгаворваць. Верагодна гэта былі папрокі, магчыма нават пагроза адстаўкі. Бо намеснік апусціў галаву, зніякавеў, позірк яго застыў на капытах бліжэйшай каровы, якая, жуючы жвачку, з цікаўнасцю назірала за тым, што адбывалася наўкол. І толькі зрэдку, баязліва, ён набіраўся смеласці глянуць на свайго начальніка, каб адразу ж адвесці вочы на першапачатковае месца. Усім сваім выглядам ён быў падобны на сабаку, які цалкам усведамляе сваю сабачасць, але хоча здавацца гаспадару яшчэ большым сабакам, чым ён ёсць сабакам на самой справе. Але ў гэтым сваім хваравітым хаценні ён ужо зноў рабіўся падобным да чалавека. Бо толькі чалавечая істота можа апускацца ніжэй прызначаных прыродай і выхаваннем межаў. Працягваючы бэсціць сваіх падначаленых, галоўны накіраваўся да выхаду. За ім у тым жа парадку, што і раней пацягнуліся астатнія.
Дзякуючы гэтым перасоўванням, калі мы зноў апынуліся на калідоры, я знаходзіўся ўжо амаль у сярэдзіне дэлегацыі. Мой знаёмы трымаўся побач, толькі зараз паміж намі апынуўся невялікага росту чалавек з сонным выглядам і з невыразнымі рысамі твару. Мы рухаліся марудна, быццам пахавальная працэсія. Галоўны час ад часу спыняўся, каб выказаць заўвагі то свайму намесніку, то кіраўніку нашага раёну.
Падчас аднога такога запынення мой знаёмы выцягнуў цыгарэту і запаліў. Я падумаў, што нас зараз выкрыюць і выкінуць як шалудзівых катоў. Але здарылася прыемная нечаканасць. У падлозе ў некалькіх месцах адчыніліся сетачныя акенцы і маленькія вентылятары, мякка буркаючы, пачалі засмоктваць дым ад цыгарэты. Майго знаёмага гэта ўразіла і ён яшчэ з большай асалодай пачаў пускаць дым дазваляючы маленькім прыстасаванням рабіць сваю справу. Але вось бяда – попельніцы тут прадугледжана не было. І ён, як выхаваны чалавек, не стаў трусіць попел на падлогу, а стаў збіваць яго ў нагрудную кішэню пінжака чыноўніка, які стаяў паміж намі. Той зразумела прачнуўся. Ён стаў круціць галавой наўкол, паглядаючы то на свайго крыўдзіцеля, то на мяне. А мой знаёмы, як ні ў чым не бывала, працягваў збіваць попел у яго кішэню. Нарэшце той не вытрымаў:
– Што вы сабе дазваляеце. Вы з якой арганізацыі, таварышы, – нягучна пачаў ён пратэставаць.
Прыйшлося ўмешвацца.
– Ну вы ж ужо ўсё зразумелі – мы з той самай арганізацыі, – сказаў я і павярнуўся да яго такім чынам, каб быў добра відаць мой флікер.
Я ўзяў цыгарэту, якую перадаў мне мой знаёмы, зацягнуўся горкім дымам і аддаў цыгарэту назад. Чыноўнік уважліва паглядзеў на мой флікер, уздыхнуў і прамовіў:
– Прабачце, таварышы, адразу не сцяміў, – сказаў ён і зноў супакоіўся.
– Правільна, – пахваліў яго мой знаёмы, – у наш час трэба быць пільным і правяраць усіх і ўсё.
І з гэтымі словамі ён наўпрост апусціў недапалак у кішэню небаракі бюракрата і некалькі разоў па-сяброўску паляпаў яго па грудзях, верагодна, жадаючы такім чынам патушыць недапалак. Але здарылася адваротнае, гэтае паляпванне спрацавала як мяхі ў кузні, і цыгарэта не толькі працягнула гарэць сама, але падпаліла тканіну ў кішэні пінжака. Праз некалькі хвілін з кішэні, з-пад полаў, з рукавоў пінжака паваліў густы дым. Вентылятары ў падлозе пачалі працаваць на поўнаю магутнасць, зараўлі мацней, ледзь спраўляючыся з нагрузкай. Спачатку чыноўнік не падаваў выгляду, што здарылася нешта не тое, але калі не толькі дым, а ўжо маленькія агеньчыкі сталі прабівацца з-пад яго пінжака, ён на хвіліну спыніўся, пастаяў так моўчкі, сціснуўшы зубы, потым прысеў, потым лёг, паджаўшы калені да грудзей, і ўжо ў гэтай позе без усялякага шуму запалаў яркім полымем. Вентылятары пачалі засмоктваць языкі полымя разам з дымам і з пахам гары, паскараючы працэс гарэння. Мы з маім знаёмым застылі ў нерашучасці, аглядаючыся назад на небараку, але нас мякка, аднак даволі ўпэўнена, пачалі падштурхоўваць тыя, хто ішоў за намі, рух працягваўся. Мы не сталі супярэчыць гэтай плыні і падпарадкаваліся ёй. За спінамі тым часам пачулі шэпт, перагаворваліся двое:
– Прыгожая смерць, што не кажы.
– Так, у прамым сэнсе згарэў на працы.
– Не тое што Міхалыч.
– Не дай бог, што б як Міхалыч скончыць.
– А як скончыў Міхалыч? – абярнуўшыся да суразмоўцаў, спытаў я.
– Ды ён, ведаеце, прыйшоў з адпачынку, ну і нікога не папярэдзіў, ні сакратарку, ні супрацоўнікаў. Прыйшоў, значыцца, сеў у сваё крэсла, ды і памёр небарака, сэрца прыхапіла. А ўсе думалі, што ён яшчэ ў адпачынку і забыліся пра чалавека. Знайшлі толькі праз тры тыдні.
– Хавалі ў зачыненай труне, летам справа была, спёка стаяла.
Калі мы са знаёмым зноў апынуліся побач, ён пасля ўбачанага і пачутага вырашыў падзяліцца ўражаннем:
– Натоўп тупых, агідных сракалізаў, – падсумаваў ён.
– А ты, значыць, у нас маральны аўтарытэт і прыклад, і ні перад кім не прыніжаешся, – пакпіў я.
– Мне ў гэтым няма патрэбы – я бухаю, – адказаў ён.
Нарэшце галоўны са сваім суправаджэннем падышлі да новых дзвярэй. Іх расчынілі і працэсія пачала павольна пранікаць у новаю прастору. З калідору гэтым разам мы патрапілі прама на жытняе поле. Яно было заліта сонечнымі промнямі і распасціралася на ўвесь далягляд. Буйныя каласы ўжо набралі неабходную моц і пачалі хіліцца да зямлі, паказваючы хлебаробам, што прыйшоў час жніва. На пляцоўцы ў пачатку поля, дзе знаходзілася наша дэлегацыя, жыта ўжо было зжата. Недалёка стаяў новенькі камбайн, абвіты чырвонай стужкай. Галоўны са світай падыйшлі да яго. Насустрач ім выйшаў камбайнер, які быў падазрона падобны да заатэхніка, якога мы сустрэлі на малочнай ферме. Пачалася звычайная рабочая размова пра перавагі і недахопы новай айчыннай тэхнікі.
Пры ўваходзе ад нечаканага кантрасту паміж калідорам з штучным асвятленнем і яркасцю сонечнага поля я ненадоўга разгубіўся і забыў было, што мне трэба падбірацца бліжэй да чалавека з партфелем. Але хутка справіўся са здзіўленнем і пачаў праціскацца далей праз натоўп чыноўнікаў, што не зводзілі вачэй з галоўнага. Прастора жытняга поля дазваляла размясціцца ўсім свабодна, без таўкатні, гэта палегчыла наша прасоўванне наперад. У хуткім часе мы ўжо стаялі ў першых шэрагах. Неабходны мне чалавек стаяў крыху збоку ад агульнай грамады. Нас з ім раздзяляла цяпер усяго толькі дзесяць-дванаццаць крокаў. Я нахабна ўтаропіўся ў яго. Ён жа, змяюка, рабіў выгляд, што мяне не заўважае. Тым часам, каля камбайна пачалася спрэчка. Камбайнер сцвярджаў, што жатка ў гэтым камбайне горшая за жатку аналагічных нямецкіх машын. З ім не пагадзіліся ні галоўны, ні яго падначаленыя. Галоўны казаў, што ён з маленства падпрацоўваў памочнікам камбайнера, што яму самому неаднаразова прыходзілася садзіцца за руль такіх машын, і што ён з першага погляду бачыць, што гэтая жатка лепшая за ўсе іншыя, маўляў, проста трэба лепей працаваць. Вырашана было неадкладна перарэзаць чырвоную стужку і праверыць, хто мае рацыю на практыцы. Што і было зроблена. Галоўнаму перадалі нажніцы і ён у трох месцах перарэзаў стужку. Атрымалася два невялікіх адрэзкі. Адзін з якіх намеснік галоўнага паспеў перахапіць, а іншы падхапіў вецер. Галоўны не звярнуў на гэта ніякай увагі. Яны з камбайнерам падняліся ў салон машыны, завялі рухавік і, працягваючы сваю спрэчку, махаючы ў кабіне рукамі, шалёна даказваючы нешта адзін аднаму, пачалі выпрабаванне.
Той адрэз стужкі, які застаўся ў руках намесніка, быў ганарова перакладзены ў нейкую прыгожую скрынку з шкляным вечкам. Але скрынак было дзве і другая засталася пустой. Пачаўся перапалох і намеснік са світай пачалі шукаць згублены кавалак чырвонай стужкі. Які ўжо знаходзіўся ў мяне. Парыў ветру, калі выхапіў яе з рук галоўнага, падняў яе было высока ўверх, але потым суцішыўся і гэты чырвоны шматок пачаў павольна апускацца на нас. Мой знаёмы, спрытна падскочыўшы, першым ухітрыўся перахапіць яго і аддаць мне. Адзін канец стужкі я моцна сціснуў у далоні, а другі, склаўшы на грудзях рукі, выпусціў вонкі, каб было добра бачна, што ён знаходзіцца ў мяне. За ўсім гэтым краем вока ўважліва сачыў чыноўнік, да якога я спрабаваў падабрацца. Мой час надышоў.
Чыноўнік падышоў да намесніка галоўнага, які разам з аховаю на пляцоўцы, дзе раней стаяў камбайн, шукаў страчаную стужку. Ён стаў нешта шаптаць намесніку на вуха, паказваючы пальцам на мяне. Намеснік угледзеў мяне і рашуча накіраваўся ў мой бок, чыноўнік заняў сваё ранейшае месца.
– Аддай сюды, – сказаў намеснік і моцна тузануў за свабодны канец стужкі. Але я трымаў яе добра.
– Так проста не аддам.
– Ты што ёбнуты? – спытаў намеснік, не чакаючы такога адказу.
– Хай гэты ёлупень аддасць спачатку мне мае паперы і выдасць дазвол, – адказаў я і кіўнуў на чыноўніка з партфелем.
Намеснік азірнуўся на яго і пазваў:
– Гэй, ты, ідзі сюды.
Той падышоў.
– Аддай ты гэтаму дурню яго сраныя паперы, – загадаў яму намеснік.
Чыноўнік падпарадкаваўся і выцягнуў з партфеля знаёмую мне папку.
– А дазвол? – недаверліва спытаў я.
Чыноўнік моўчкі раскрыў папку і прадэманстраваў мне дазвол з усімі неабходнымі пячацямі і подпісамі. Мы абмяняліся. Пасля чыноўнік вярнуўся на сваё месца, а намеснік беражліва панёс чырвоную стужку, каб пакласці яе ў прыгожую скрынку з шкляным вечкам. Мне ўжо нічога не заставалася тут рабіць і я рушыў да выхаду. Мой знаёмы накіраваўся следам.
Выходзіць тым жа самым шляхам, якім мы сюды патрапілі не выпадала, бо мерапрыемства яшчэ не скончылася і ў аховы маглі ўзнікнуць дадатковыя непрыемныя пытанні да нас. Таму я накіраваўся ў адваротным накірунку. За некалькі гадоў барацьбы з чыноўнікамі я выдатна ведаў усе ўваходы і выхады ў будынку райвыканкаму. Да аднаго, самага з іх, так бы мовіць, “чорнага”, якім амаль не карысталіся, можна было патрапіць прайшоўшы шэраг сутарэнняў, актавую залю і ўжо пасля выйсці на вуліцу. Нешматлікі службовыя асобы, якія трапляліся на нашым шляху, не звярталі на нас увагі. Візіт галоўнага надаў ім клопату і яны насіліся з рознымі паперкамі, не бачачы навакольнага свету.
Сталася так, што актавую залю нашага райвыканкама дабудоўвалі пасля ўзвядзення асноўнага корпусу. І так атрымалася, што архітэктарам не хапала дастаткова месца, каб зрабіць залю правільных формаў неабходнай плошчы, перашкаджалі прылеглыя пабудовы. Таму вырашана было зрабіць яе ў форме трохкутніка з усечанай вяршыняй. Атрымалася нешта падобнае да амфітэатру, сцэна была вузейшай за верхнія рады. Калі мы патрапілі ўнутр, то аказалася, што ўся заля была запоўнена слухачамі лекцыі, у асноўным дзяўчынкамі падлеткамі. Ні адно месца не пуставала. На сцэне за сталом, напаўпаварота да слухачоў, закінуўшы нага за нагу, сядзеў дакладчык, намеснік галоўнага па культуры і нешта распавядаў маладой аўдыторыі. Я амаль не запыняўся і хуткім крокам накіраваўся міма яго да выхаду. Прамоўца нават не адрэагаваў. А вось мой знаёмы чамусьці спыніўся каля стала намесніка па культуры. Той, відаць, прыняў нас за сваіх і стаў па-змоўніцку паглядаць на майго знаёмага, працягваючы сваю прамову. Ён звяртаўся да дзяўчынкі ў першым радзе:
– Таня, Таня, Таня, бачыш якой ты стала, лаўрэатка конкурсу, медалістка, – пералічваў яе заслугі намеснік.
Таня сядзела, па-вайсковаму расправіўшы плечы, і бессэнсоўна глядзела на яго. Яна была апранута ў шэрую сукенку і светлы фартух. Я прыгледзеўся да іншых і нечакана адкрыў для сябе, што і астатнія дзяўчынкі былі апранутыя таксама, як і Таня. І таксама як і яна бессэнсоўнымі позіркамі, якія не выказваюць ніякіх эмоцый, глядзелі на міністэрскую асобу.
– А памятаешь, як я цябе сустрэў у тваёй весцы і накіраваў вычыцца ў сталіцу? – працягваў намеснік, – Калі б не гэта, то ты б і зараз вучылася ў сваёй старой школцы і ніхто б пра цябе не ведаў. Таму ўсім раю браць прыклад з Тані – быць паслухмянымі і працавітымі.
Пры гэтым ён працягваў па-змоўніцку паглядаць на майго знаёмага. Таму відаць гэтая камедыя падабалася і ён не збіраўся сыходзіць. Я паклікаў яго, каб упэўніцца ў гэтым. Мой знаёмы паглядзеў на мяне, потым з хітрасцю драпежніка зірнуў на міністра, сплюнуў пад ногі і пайшоў да выхаду, дзе стаяў я, адной рукой трымаючы адчыненыя дзверы. Мы выйшлі без перашкод. Тут не было такой шчыльнай аховы, як перад галоўным уваходам, стаяла толькі некалькі асоб у цывільным, якія ўважліва праводзілі нас позіркамі, але не сказалі ні слова.
Змрочны кароткі зімовы дзень пераваліў за палову і пачаў падыходзіць да канца. Але настрой мой быў бадзёры. У мяне ў руце была папка з неабходнымі дакументамі і дазволам. Я паглядзеў на флікер, які ўпрыгожваў лацкан майго паліто. Я зняў яго і, спыніўшыся, стаў разглядаць. Як па мне, нічога гэткага ў ім не было, звычайны значок з светаадбівальным эфектам, і што яны ў ім бачылі?
– Вось трымай, можа спатрэбіцца, – прапанаваў я свайму знаёмаму.
Той узяў яго, пакруціў у руцэ і абыякава шпурнуў прэч. Значок адляцеў у бок, стукнуўся аб вугал тратуарнага бардзюру і канчаткова прапаў, патрапіўшы акурат паміж прутоў рашоткі дрэнажнага сцёку. Мы пайшлі далей. За будынкам райвыканкаму месціўся гарадскі парк. Пераадолеўшы яго, мы падыйшлі да раёну так званых “хрушчовак” – двухпавярховых дамоў, якія мелі дрэнную планіроўку знутры, і, нягледзячы на частыя рамонты, мелі заўсёды аблезлы выгляд звонку. Двухпавярховыя будынкі месцамі дапаўняліся доўгімі аднапавярховымі, на некалькі кватэр, дамамі, якія называлі баракамі. Не ведаю чаму, але я любіў гэтыя кварталы, пабудаваныя для рабочых камбіната будматэрыялаў, які даўно спыніў сваё існаванне. Тут была нейкая асаблівая атмасфера. Здавалася, што мясцовыя жыхары нікуды і ніколі не спяшаюцца, і добра ведаюць адзін аднога. Тут часам можна было пачуць гукі гармоніка альбо гітары і можна было не сумнявацца, што суседзі паадчыняюць вокны, каб паслухаць бясплатны і нікім не запланаваны канцэрт.
Мой далейшы шлях пралягаў між гэтых кварталаў. А мой знаёмы, імя якога я не памятаў, не супраць быў яшчэ выпіць і закусіць. І яму пашанцавала. Перад тым як я было вырашыў, што прыйшоў час развітвацца, нам насустрач з-за бліжэйшага бараку выйшла пара. І я, і мой знаёмы ведалі іх абодвух. Мужчынам аказаўся шараговы міліцыянер, які нядаўна здаў сваё дзяжурства і пераапрануўся ў цывільнае. Жанчыну я таксама ведаў даўно, мы вучыліся ў адной школе, яна была гады на два маладзейшая за мяне. Сёння яна відавочна выступала ў ролі палюбоўніцы свайго спадарожніка. Мы павіталіся з міліцыянерам, яго звалі Ягор. Жанчына засталася стаяць крыху наводдаль. Мае стасункі з гэтым Ягорам мелі цікавую гісторыю. Мы ведалі адзін аднаго з юнацтва, калі яшчэ хадзілі на дыскатэкі, упершыню спрабавалі алкаголь, і біліся за будынкам Дома Культуры за дзяўчат, ці за якую іншую прычыну, якая, як нам тады здавалася, была вартая таго, каб за яе біцца. Потым жыццё развяло нас па розных занятках і розных асяроддзях. Але пры кожнай сустрэчы ён заўсёды, калі мы былі адзін на адзін, заводзіў гаворку на палітычныя тэмы, якія і мне былі цікавымі. Ён быў вялікі песіміст гэты Ягор. Пасля працяглай і грунтоўнай крытыкі, якою ён накіроўваў і на сваё ведамства і на ўвесь дзяржаўны апарат, ён як правіла скончваў тым, што, маўляў, цяпер усё будзе толькі лепей, бо горш ужо няма куды. Але паколькі зараз мы былі не адны, то на такія тэмы мы размаўляць не сталі. Ён пацікавіўся куды мы накіроўваемся. Мой знаёмы сказаў, што асабіста ў яго шмат часу і пры гэтым шматзначна пачасаў шыю.
– Дык, давайце, далучайцеся да нас, я вось заробак атрымаў, да таго ж жонка выгнала з хаты – падстаў колькі заўгодна. Ды і Светка не дасць засумаваць – весела сказаў ён, падміргнуўшы сваёй палюбоўніцы, і дэманстратыўна ўзняў пакет, які трымаў руцэ. У пакеце паўзверх разнастайнай закускі ляжалі чатыры ці нават пяць пляшак таннага пладова-ягаднага віна.
– Не, я пас, не пайду, ёсць яшчэ справы на сёння, гуляйце без мяне, – адазваўся я, шукаючы па кішэнях пачак цыгарэт.
– Цыгарэты шукаеш, вось вазьмі мае, – з гэтымі словамі Ягор працягнуў мне толькі, што распачаты пачак.
– Ды не, дзякуй, павінны ж недзе быць свае, не мог жа я іх згубіць, – адказаў я.
Нарэшце я іх знайшоў і прыкурыў ад запальніцы, якую мне шчодра працягнуў наш агульны знаёмы. Запалілі і яны, і мы няспешна пайшлі па дарозе размаўляючы аб тым аб сім, яны да пад’езду бліжэйшай “хрушчоўкі”, а я да дому. Светка ішла на некалькі крокаў наперадзе нас манерна рухаючыся, быццам на подыуме. Калі мы амаль падыйшлі да пад’езду міліцыянер Ягор зноў прапанаваў далучыцца да іх кампаніі, але я зноў адмовіўся. Светка ж, эфектна павярнуўшыся да нас на мысочках, застыла ў даволі выклікаючай сексуальнай позе, і, звяртаючыся да мяне, спытала:
– А што, хлопчык, ты не жадаеш курвачкі?
Я пра сябе адзначыў, што гэта прагучала даволі замілавана. Да гэтай сітуацыі пасавала значна больш грубае і цынічнае за “курвачку” слова з ненарматыўнай лексікі. Але жанчыны, заўсёды жанчыны, таму нават у сваім падзенні да канца застаюцца жанчынамі, гуляючы ў хованкі з рэчаіснасцю.
Ці хацеў я яе? Як яе можна было не хацець. Ёй каля трыццаці год, распушчаны лад жыцця, які яна вяла апошнія некалькі год, яшчэ не паспеў адбіцца на яе знешнасці. Яе доўгія крыху ўскалмачаныя валасы льнянога колеру апускаліся амаль да паясніцы. У яе была выдатная фігура, апранута яна была ў кароткую карычневую куртку, настолькі кароткую, што была бачна аголеная палоска скуры на спіне, яе стройныя ногі ўпрыгожвалі чорныя скураныя брыджы і такога ж колеру боты на высокіх абцасах. Брыджы сядзелі так шчыльна, што паўзверх іх рамяня яе скура, празмерна сціснутая, крыху выступала, здавалася, што гэта гарачая плоць вось-вось парве путы свайго стрымліваючага адзення і вырвецца на волю. Яна не была падобна да анёла, яна выпраменьвала сэксуальнасць. Такія жанчыны распальваюць у затуманенай мужчынскай свядомасці шалёную жарсць, і ўсё самае злое.
Як я ўжо казаў, я ведаў яе яшчэ з школьных часоў, аднойчы я нават абараніў яе ад хулігана са старэйшага за мяне класа. Мы жылі ў адным двары, яе дом стаяў насупраць майго, а пад’езды выходзілі на агульную пляцоўку. Яна была з тых, каго называюць раннімі птушкамі. Хутка знайшла хлопца, хутка выйшла замуж першы раз, а потым і другі. Мне пра яе расказвалі некаторыя знаёмыя. Ці хацеў я яе? Так, хацеў. Тым не менш, хоць я і не быў прыкладам для пераймання, але мяне ніколі не цягнула да ўдзелу ў п’яных оргіях на сумнеўных кватэрах з нязменна абшарпанымі шпалерамі.
– Дзякуй, прыгажуня, але я як-небудзь другім часам далучуся, – адказаў я на яе нестандартнае запрашэнне.
– А не будзе ўжо ніколі ніякага другога разу, – сказала яна ці то расчаравана, ці то раззлавана, і павярнуўшыся, увайшла ў дзверы бараку.
– Відаць, не наканавана, – адказаў я шматзначна.
Я развітаўся з хлопцамі і накіраваўся да дому. Да якога мне заставалася хвілін дзесяць хады. Я пару год таму змяніў кватэру, перабраўшыся са звычайнага блочнага пяціпавярховага дому ў двухпавярховы аднапад’ездны дом на чатыры кватэры. Некаму падалося, што размен не быў раўназначным і я пралічыўся, бо плошча новай кватэры супадала з плошчай старой, а планіроўка была нават горшай. Але, што гэта быў за дом! Гэты дом быў пабудаваны напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя мясцовым панам-мецэнатам. Вакол дома гаспадар разбіў шыкоўны парк. Сам будынак размяшчаўся на ўзвышшы, а парк быў вакол яго і спускаўся да самага нізу, дзе працякала невялікая рачулка, праз якую было перакінута некалькі маляўнічых масткоў. Усё гэта: і парк, і дом, і масткі, як яны выглядалі ў тыя часы, можна было пабачыць у краязнаўчым музеі, на тагачасных карцінах невядомага мастака. Пасля рэвалюцыі будынак зразумела ж экспрапрыіравалі. Чаго толькі ў ім не размяшчалі пры саветах: дзіцячы дом, турму часовага ўтрымання, бібліятэку, мастацкую школу, але ў рэшце рэшт перавялі ў жыллёвы фонд горада. Пасля шматлікіх “рэстаўрацый” ад былой прыгажосці мала што засталося, але засталіся калоны, якія трымаюць дах над шырокім ганкам, высокая столь і высокія вокны. Частку парку выразалі, а частка, што размяшчалася ніжэй дома, бліжэй да рэчкі, прыйшла ў занядбанне, зарасла хмызняком. Вось на аднаўленне гэтай часткі парку я і выбіваў дазвол у нашых мясцовых бюракратаў.
Раней гэты дом стаяў каля цэнтральнай дарогі. Але пасля вайны дарогу перанеслі і каля яе пабудавалі Дом Культуры, які цалкам загарадзіў від на былы панскі дом. Я вельмі любіў вяртацца дадому восенню, па суботах у другой палове дня. Менавіта ў гэты час з расчыненых вокнаў на другім паверсе ляцела прыемная мелодыя скрыпкі, якую, як я нядаўна даведаўся ад дворніка, выконвала дачка дырэктара дома культуры, адпрацоўваючы сваё майстэрства перад нейкім конкурсам. Дык вось, з другога паверху ляцела цудоўная музыка, пад нагамі шамацела і мітусілася восеньскае лісце і я бачыў перад сваім унутраным позіркам, у выразных мроях, адноўлены парк, адноўлены панскі дом, які некалі быў невялікім палацам.
Я вяртаўся да дому, праўда была ўжо не восень, і сёння быў панядзелак, а не субота, але я адчуваў сябе амаль шчаслівым. Да таго ж па дарозе яна, тая што пакінула мяне ў кавярні, даслала паведамленне. Яна напісала, што прыйдзе да мяне сёння пасля сямі і што калі я мужчына, то паеду з ёй на вяселле яе стрыечнай сястры. Я ўзрадаваўся і пачаў планаваць, што прыгатаваць на вячэру. Добра, што ў мяне даўно мелася бутэлька добрага віна, яе любімага, спецыяльна прыхаваная для такіх прымірэнчых выпадкаў. Здавалася жыццё наладжваецца.
Я зайшоў у пад’езд і стаў падымацца па прыступках на другі паверх да сваёй кватэры. У пад’ездзе на здіўленне не было святла. Я падышоў да сваіх дзвярэй, дастаў ключы і стаў навобмацак шукаць замочную адтуліну. І тут здарылася нечаканае. Мне ззаду ўдарылі па нагах, павалілі на падлогу і сталі выкручваць рукі. Я пачаў шалёна супраціўляцца і вырывацца. Мне заехалі па вуху, я камусьці даў каленам, напэўна па галаве, а камусьці сам урэзаўся галавой у нешта мяккае, напэўна ў сонечнае спляценне. Пасля гэтага я адчуў палёгку і рвануў па прыступках уніз прэч з пад’езда, але на пляцоўцы першага паверху нехта сустрэў мяне добрым хукам з цемры. Я паваліўся і на імгненне страціў прытомнасць, а калі ачуняў, то знайшоў сябе вісячым на руках двух бамбізаў з кайданкамі на вывернутых за спіну запясцях. Святло ўжо гарэла. Перада мной стаяў высокі, жылісты, хударлявы чалавек у чорнай форме, у такой жа самай як і двое бамбізаў, што трымалі мяне пад рукі, толькі на пагонах у яго былі капітанскія зоркі.
– Вы хто такія, што вам ад мяне трэба? – спытаў я, сплёўваючы кроў з разбітых вуснаў.
– Ён яшчэ пытаецца, хто мы такія! Калегі твае. Ты што думаў, што можаш беспакарана са спецфлікерам па гораду гойсаць, дазваленні ўсялякія выбіваць? – адказаў мне чалавек з капітанскімі пагонамі.
– А гэта…- вымавіў я, – нешта вы спазніліся, дрэнна працуеце. А гэтым дваім, дык увогуле толькі з бабамі абнімацца, не маглі аднаго скруціць. Я б іх звольніў.
– Як мы працуем табе яшчэ прыйдзецца даведацца, – прашыпеў капітан, паціраючы выцятыя аб мой твар косткі на кулаку.
– Ну дык, што сталі, вядзіце, – як мага больш злосна гаркнуў я на сваіх канваіраў, бо лепшага нічога прыдумаць не змог, каб хоць неяк дапячы сваіх катаў.
Яны запытальна паглядзелі на свайго начальніка.
– Ну вядзіце ўжо, – загадаў ён і зрабіў крок назад, каб даць нам прайсці.
Мяне рванулі з месца і павалаклі прэч з пад’езда. Канваіры затаілі на мяне крыўду і неўзабаве адыграліся.
– Ты глядзі, Дзімон, чалавек сам у турму просіцца, – сказаў першы, калі мы выйшлі, яны цягнулі мяне далей да іх машыны – аўтазака.
– Ну, і то праўда, які свядомы, – адказаў другі
– Дык трэба ж дапамагчы чалавеку.
– Дык заўсёды, калі ласка, мы ж толькі гэтым і займаемся штодня.
Першы адпусціў мяне, пакінуўшы маю транспарціроўку на таварыша, а сам выбег на некалькі крокаў наперад і ўзяўся за ручку дзверцаў аўтазака, але не адчыніў, а пачакаў. Другі, тым часам, трымаючы мяне адной рукой пад паху, а другой штурхаючы ў плечы, пачаў паскарацца. Да машыны мы падышлі вялікімі хуткімі крокамі, амаль бягом, першы канвойны адчыніў дзверцы, але не насцеж, а пад прамым вуглом, другі з ходу накіраваў мяне на іх тварам. Я гваздануўся аб дзверцы носам і ўпаў.
– Гэй, вы, толькі не калечыць, – пачуўся голас капітана аднекуль з-за спіны.
– Ай-я-яй, ну, што ж вы, шаноўны, так у турму спяшаецеся, не шкадуючы сябе самога, – паспачуваў мне канваір, які адчыняў дзверы аўтазаку, падымаючы мяня з зямлі.
Потым яны ўдвух, добра ўхапіўшыся, шыбанулі мяне ў будку аўтазака так, што я апынуўся каля супрацьлеглай сценкі, бліжэй да кабіны. Яны залезлі следам, і амаль адразу аўтазак крануўся з месца. Я ляжаў на баку з майго носа цякла кроў прама на падлогу.
Першае, што я зрабіў у сваіх думках гэта абазваў сябе ідыётам. За тое што расслабіўся і стаў пачуваць сябе амаль шчаслівым – недаравальная раскоша ў наш час у той дзяржаве, дзе прыходзіцца існаваць. Потым падумаў пра яе, пра тое, як яна прыйдзе да мяне, у маю кватэру, і не застане там мяне, як будзе чакаць да ночы, і ў галаву ёй будуць прыходзіць розныя варыянты маёй адсутнасці адзін другога горш.
Канваір, якога я пазначыў нумарам два, седзячы на лаўцы каля бакавой сцяны аўтазаку, выцягнуў ногі і паклаў іх на мяне. Я не стаў змагацца з іх чарговай подласцю, у мяне ўсё круцілася ў галаве і крыху было млосна, напэўна я атрымаў страсенне мозгу, асноўная барацьба з імі ў мяне была наперадзе. Ён сядзеў і вясёла расказваў свайму калегу пра тое, як ён з сваім сынам на выходных аб’ездзіў увесь горад, каб выбраць падарунак сваёй жонцы. Першы канваір слухаў яго моўчкі, утаропіўшыся кудысьці ўбок, яго весялосць, якую ён выявіў па дарозе да аўтазаку кудысці знікла.
Аднак, нягледзячы на ўсё што адбывалася, я не быў а ні здзіўлены, а ні напалоханы. Бо ведаў, што гэта некалі павінна было здарыцца і быў заўсёды да гэтага падрыхтаваны. Там дзе кіруе не закон, а воля асобных людзей, ніхто не абаронены ад самавольства і гвалту. І калі твае інтэлектуальныя, духоўныя інтарэсы не абмяжоўваюцца фізіялагічнымі паступленнямі і выдзяленнямі твайго цела, то рана ці позна ты патрапіш у поля зроку нашых доблесных органаў. І кожны дзень пакуль ты застаешся на волі трэба памятаць, што проста пакуль у іх не дайшлі да цябе рукі. Нам кажуць, што нашы незмяняльныя і незаменныя кіраўнікі вынайшлі для нас нейкі асобны шлях развіцця не падобны да іншых, трэцці шлях. Але я заўсёды выдатна разумеў, што гэтая рыторыка патрэбна дзеля таго, каб прыхаваць іх неўтаймаваную вычварэнскую жарсць да ўлады. Бо насамрэч, ёсць толькі дзве формы праўлення – ідэальная дыктатура і ідэальная дэмакратыя. І ўсе рэальна існаваўшыя і існуючыя дзяржавы ёсць пункты на ўяўнай шкале паміж імі. І ўлада, якая за прыклад узяла ідэальную дыктатуру заўсёды будзе імкнуцца ў накірунку адваротным дэмакратыі, столькі, сколькі ёй будуць дазваляць абставіны. І раней ці пазней кожны чалавек зазнае на сабе ў большай або меншай ступені ўціск, пераслед пры такой сістэме.
Я ніколі не лез на ражон і не імкнуўся ні ў героі, ні ў мучанікі. Але я выдатна бачыў куды коціцца наша грамадства і не чакаў добрых навін. Я не ведаў, што дакладна трэба рабіць, каб выправіць сітуацыю. Ніхто дакладна не ведаў. Для нас улада зрабіла ўсё, каб пасеяць паняверку ў нашых здольнасцях і магчымасцях, каб насадзіць беспрасветную апатыю. Такое грамадства можна смела назваць грамадствам немагчымасці – дзе рухі наперад да лепшага асабістага жыцця, да пабудовы кар’еры ў асноўным звязаныя з гатоўнасцю парушаць закон і чалавечыя нормы, дзе заўсёды трэба быць падрыхтаваным дагадзіць вышэйшаму кіраўніцтву і прынізіць падначаленых. І стаяць пад крамай ці таннай кавярняй і піць таннае віно, нярэдка з’яўляецца нават больш пачэсным баўленнем часу, чым выконванне якіх-небудзь неадэкватных загадаў начальства. Але як бы там не было, а і тым хто дасягнуў пэўных уладных вяршынь не салодка – кожны дзень яны жывуць у прадчуванні, што вось-вось нехта больш моцны прыйдзе ў дрэнным настроі і выкіне іх на вуліцу з воўчым білетам. Гэта замкнёнае кола. І таму ў нас шмат п’юць, п’юць рабочыя і сяляне, п’юць інтэлегенты, п’е начальства. Я ж рабіў сваё, у чым цяміў, на што быў здольны і чакаў горшага.
Такія думкі круціліся ў маёй галаве пакуль мяне везлі. Раптам аўтазак падскочыў на нейкай калдобіне, нас штурханула і я адчуў што мне становіцца горш, перад вычыма паплылі шэрыя плямы, думкі пачалі блытацца. І апошняя, што паспеў выціснуць з сваёй свядомасці, якая хутка цьмянела, была ўжо не думка, а хутчэй трызненне: “Чаму ты не адпусціў таго сабаку?…Калі выкараскаюся з гэтага, абавязкова адпушчу таго сабаку…”
Aljaxandar Zgerski: MAGIC FLICKER
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, March 2015, issue 9, pp. 44-74)
Narrative “Magic flicker” is written in Belarusian in the pamphlet genre. It is about surrealism and reality in today’s Belarus.
Categories: Літаратура, Мараль, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ