Дарагія чытачы часопіса “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”!
Прыемна паведаміць Вам аб выхадзе чарговага нумара часопіса. Хачу нагадаць, што наш часопіс быў заснаваны ў сьнежні 2012 года. Па рашэньню рэдакцыі, пачынаючы з сёмага нумара, часопіс выходзіць пад назвай “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ” (першыя шэсьць нумароў часопіса выйшлі пад назвай “САКАВІК”). За два гады, прайшоўшыя ад выхаду першага нумара часопіса, нашы матэрыялы чыталі каля 7 тысяч наведвальнікаў з 78 краін, большая палова чытачоў з Беларусі.
У чарговым нумары часопіса пытаньням нацыянальнага будаўніцтва прысьвечаны артыкулы Нелі Бекас “Гібрыдная” самабытнасьць мовы пост-савецкай Беларусі” (у перакладзе з англійскай мовы), у якім абмяркоўваюцца лінгвістычныя мадэлі беларускай ідэнтычнасьці, Пётры Мурзёнка “Які нацыяналізм патрэбен Беларусі”, і частка дыскусіі “Нацыянальнае будаўніцтва і сучаснасьць – 2014”, праведзенай часопісам у лістападзе мінулага года (у перакладзе на беларускую мову). У дыскусіі ўдзельнічалі Інга Поповайтэ, Ірына Хадарэнка, Антон Шэхаўцоў і Пётра Мурзёнак.
Пытаньні нацыянальнага будаўніцтва і роля ў гэтых працэсах роднай мовы да гэтага часу актуальныя, бо як бы ні даводзілі апаненты, а будаўніцтва нацый працягваецца і ў сучасны, пост-мадэрны перыяд. Сьведчаньнем гэтаму – новыя дзяржавы, узьнікшыя на тэрыторыях былой Югаславіі і Савецкага Саюза. Зьберажэньне нацыянальнай ідэнтычнасьці і культуры хвалююць не толькі народы новаствораных дзяржаваў, але і даўноўсталяваўшыяся еўрапейскія дзяржавы. Нягледзячы на існуючыя тэндэнцыі да ўтварэньня такой наднацыянальнай палітычнай і эканамічнай структуры як Еўрапейскі Саюз, у многіх краінах Еўропы шырыцца рух за ўмацаваньне адметнасьці культуры, традыцый і гісторыі народаў, якія ў яго ўваходзяць. Немалую ролю ў гэтым адыгрываюць нацыянальныя сілы і партыі. Аднак, вырашэньне нацыянальных пытаньняў рэч даволі тонкая і далікатная і патрабуе разуменьня і адукаванасьці прадстаўнікоў усіх нацыянальнасьцяў, якія пражываюць у той ці іншай краіне. Нацыяналістычныя рухі ня ёсьць аднародныя, ад тых, якія прапаведуюць нацысцкую і фашысцкую ідэалогіі, да тых, якія прапануюць вырашаць нацыянальныя пытаньні выкарыстоўваючы прынцыпы ўключнасьці, г.зн. такія падыходы, якія задавальняюць усе групы і слаі насельніцтва.
У секцыі літаратуры зьмешчаны апавяданьне Аляксандра Згерскага “Чароўны флікер” і нарыс Галіны Туміловіч “Оттавская рапсодия (или жизнь на границе)”. Апавяданьне “Чароўны флікер” напісана ў жанры памфлета, у ім супастаўляецца сюррэальнасьць і рэчаіснасьць у сучаснай Беларусі. Галіна Туміловіч піша пра ўражаньні ад першых гадоў жыцьця ў Канадзе, прыводзяцца зьвесткі аб жыцьці знакамітых людзей расійскага і беларускага паходжаньня, эміграваўшых у Канаду ў розныя эпохі. Спадзяёмся знаёмства з гэтымі творамі прынясе Вам сапраўднае задавальненьне.
У раздзеле юбілеі мы разьмясьцілі матэрыялы прысьвечаныя шчырай патрыётцы Беларусі Алесі Умпіровіч і вядомай пісьменьніцы і грамадскаму дзеячу Вользе Іпатавай.
Часопіс працягвае працу ў рамках праекта “РАЗАМ”, пашырыў аб’ём матэрыялаў, скіраваных на асьвету насельніцтва Беларусі.
Часопіс па-ранейшаму чакае ад чытачоў карысных прапаноў і актыўнага ўдзелу.
Пётра Мурзёнак
Categories: Аб'явы, Слова рэдактара
Пакінуць адказ