У Мінску прэзентавалі кнігі пра беларускую эміграцыю

Тры новыя кнігі пра жыццё беларусаў замежжа прэзентавалі ў музеі Максіма Багдановіча, а таксама пагаварылі пра тое, што рабіць, каб не страціць каштоўныя факты эміграцыйнай гісторыі.

Кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка

Няпростыя часы Рады БНР

Усе тры выданні пабачылі свет на пачатку гэтага года. Зборнік «Рада БНР (1970—1982): Падзеі і дакументы», укладзены Наталляй Гардзіенкай і Лявонам Юрэвічам, — гэта ўжо другая кніга, прысвечаная пасляваеннай дзейнасці самага старога ў свеце «урада ў выгнанні».

Кніга рэпрэзентуе перыяд кіравання Вінцэнта Жука-Грышкевіча. Тут можна знайсці дакументы, пратаколы паседжанняў, ліставанні і фотаздымкі. Гісторык Наталля Гардзіенка распавядае, што 1970-я гады былі няпростым часам для Рады, бо якраз назіраліся паляпшэнні ў дачыненнях паміж Захадам і СССР. Адпаведна ўвага да антыкамуністычна скіраваных эміграцыйных арганізацый з боку заходніх структур зменшылася, і Радзе БНР давялося шукаць новыя шляхі, каб працягваць дзейнасць. Ужо рыхтуецца і аналагічны працяг кнігі, які будзе адлюстроўваць перыяд кіраўніцтва наступнага старшыні – Язэпа Сажыча.

Выданне стала 23-м у серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны», у якой ўжо 11 гадоў выходзяць кнігі, прысвечаныя беларускай эміграцыі. Старшыня Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская зазначыла, што нашая дыяспара сёння – гэта больш як тры мільёны людзей і каля 200 асяродкаў: «Для нас гэта не толькі велізарны чалавечы патэнцыял, але і культурніцкі. Бо гэта людзі, якія ў розныя часы запачаткоўвалі культурніцкія цэнтры, будавалі бібліятэкі, стваралі музеі, друкавалі кнігі, выдавалі газеты. Шмат нашых суайчыннікаў сталі вядомымі ў іншых краінах свету. Вялікая роля менавіта заходняй эміграцыі ў тым што яна захоўвала культуру, літаратуру і традыцыі, у той час калі тут быў Савецкі Саюз. Гэтыя людзі першыя віталі незалежнасць Беларусі, яны першыя працягнулі руку, калі ў нас здарыўся Чарнобыль. І сёння вельмі важна захаваць эмігранцкую спадчыну, перадаць яе нашчадкам».

Доктар філалагічных навук Арсень Ліс

Смешная, сумная, незабранзавелая праўда

Другая прэзентаваная кніга – відаць, можа найбольш зацікавіць не толькі даследчыкаў. Называецца яна вузка-спецыяльным словам «Відымусы»,  што азначае завераныя вытрымкі з дакументаў. У кнігу якраз і ўвайшлі фрагменты з розных эміграцыйных дакументаў, якія паказваюць сумныя і смешныя эпізоды з жыцця беларускіх дзеячаў, а таксама мае каментары да іх. Аўтар кнігі Лявон Юрэвіч – архівіст і літаратуразнаўца, які з 1990-х гадоў жыве ў Нью-Ёрку і неверагодна актыўна апекуецца эмігранцкай спадчынай.

Літаратуразнаўца і крытык Ціхан Чарнякевіч распавёў, што Лявон Юрэвіч для яго чалавек унікальны і напаўміфічны: «Я знаёмы з ім толькі віртуальна, з цяжкасцю ўяўляю, як ён выглядае і які ў яго голас. Але ён пагрузіў мяне ў гэтыя матэрыялы і далучыў да даследаванняў». На думку Чарнякевіча, які займаецца літаратурай 20-30-х гадоў, у Беларусі сведчанні тых гадоў вельмі стрыманыя, у лепшым выпадку гераічна-услаўляльныя, тады як эмігранцкі пласт наадварот дапамагае адчуць літратуру незабранзавелай – эпісталярый і мемуарыстыка даволі шчырыя і разняволеныя.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка

Кніга «Відымусы» складаецца з маленькіх займальных дэталяў, разнастайных сюжэтаў, якія дэманструюць асаблівасці пэўных сітуацый на эміграцыі і часу ў цэлым – да і пасля вайны. Напрыклад, можна пачытаць задачкі з падручніка па матэматыцы, па якім вучыліся дзеці ў лагеры для перамешчаных асобаў. Некаторыя асабліва ўражваюць, напрыклад такая: «Беларуская газета «Крыніца» пачала выходзіць 8 кастрычніка 1917 года і спыненая прыходам у Вільню бальшавікоў 19 ліпеня 1940 года, як доўга яна выходзіла?». Тут можна прачытаць, напрыклад, лісты Наталлі Арсенневай, у якіх яна скардзіцца на нервовую дэпрэсію, знайсці выказванне Тамаша Грыба 1934 года, актуальнае і сёння, альбо гісторыю пра тое, як у лагеры для перамешчаных асобаў шавецкія курсы сталі савецкімі (пісалі лацінкай і забылі дадаць значок над літарай «с»).

Аўтар прадмовы да кнігі, літаратуразнаўца і крытык Ганна Кісліцына распавяла, што знайшла тут праўду пра мінулае, але не загладжаную і стэрылізаваную, як часта бывае з беларускімі дзеячамі, а жывую і цікавую:«Матэрыял тут самы розны. Ну, напрыклад, прачытала, як Тамара Стагановіч лечыць валасень. І здзівілася: я ж помню, як мяне ў дзяцінстве вучылі гэта рабіць, хоць за ўсё сваё жыццё (а я працавала медсястрой)я потым таго валасня ні разу не бачыла. Ці напрыклад чытаеш, што Паўлік Марозаў быў беларусам. Ну, канешна, кім яшчэ яму быць, увесь нацыянальны характар у гэтым Паўліку Марозаве! Альбо чытаю, што ў Багушэвіча быў унук, а ў Каліноўскага быў сын. Увесь спектр дэталяў, якія могуць разбранзавець нашых герояў, ёсць у гэтай кнізе».

Даследчык эміграцыі, лінгвіст Зміцер Саўка

Кіраўнік ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская



Categories: Гісторыя, Культура, Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: