Пётра Мурзёнак: Аб пераносе Дня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь з 3 ліпеня
Ніколі ў гісторыі Беларусі гэтая дата, 3 ліпеня, не была нейкім чынам зьвязана з абвяшчэньнем ці з заваяваньнем незалежнасьці краіны. Пасьля развалу СССР Дзень незалежнасьці сьвяткаваўся 27 ліпеня на працягу шасці гадоў (1991- 1996) – 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце БССР.
Сьвяткаваньні ж Дня незалежнасьці 3 ліпеня пачаліся пасьля рэферэндуму, праведзенага 24 лістапада 1996 года, на якім першае пытаньне было пастаўлена так “Перанесьці Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) на 3 ліпеня – Дзень вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне”. Людзям ніхто нічога ў той час не патлумачыў. Паставілі пытаньне на галасаваньне і людзі прагаласавалі амаль так, як і раней галасавалі ў СССР за кандытаў блока партыйных і беспартыйных. «За» прагаласавала 5,450,830 выбарцаў (88.18%), «супраць» — 646,708 (10,46%). У рэфэрэндуме прынялі ўдзел 6 181 463 чалавекі, або 84,14% электарата.
Відавочна, што тлумачэньні і паданьне беларусам правільнай гістарычнай інфармацыі памяняла б іх стаўленьне да выбара адказу на пытаньне аб прызначэньні даты сьвяткаваньня Дня Рэспублікі і зьмяніла б вынікі галасаваньня. Аднак, адбылася яшчэ адна маніпуляцыя са сьвядомасьцю беларусаў. Людзі прагаласавалі і сьвяткуюць Дзень Рэспублікі ў той дзень, у які раней святкавалі Дзень вызваленьня Мінска ад немцаў (Дзень вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне).
Нават калі прыняць вызваленьне горада Мінска ад чужынцаў як адпраўны пункт для выбара святочнага дня, трымаючы ў галаве, што гэта тычыцца вызваленьня ад чужынцаў усёй тэрыторыі Беларусі, то трэба мець на ўвазе наступнае. Горад Мінск, які ў пачатку 20-га стагоддзя знаходзіўся на акраінах Расійскай імперыі, некалькі разоў станавіўся вольным горадам, пасля таго як захопліваўся ці вызваляўся чужынцамі:
– У другой палове верасня 1917 г. у ходзе перавыбараў Саветаў бальшавікі атрымалі большасьць у Мінскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў і ўзялі ўладу ў свае рукі. Беларускія нацыянальныя сілы не прызнавалі бальшавіцкую ўладу. У “Грамаце да ўсяго беларускага народа”, надрукаванай 27 кастрычніка 1917 года ад імя Вялікай Беларускай Рады, Часовай цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Беларускага выканаўчага камітэту Заходняга фронта, Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай партыі сацыялістаў, звяржэньне Часовага ўрада і пераход улады ў рукі Савета Народных Камісараў характарызаваліся як “найвялікшае бедства”, “віхор бязладу”, што можа “згубіць святую нацыянальную справу абароны вольнасьцей і правоў Беларускага народу”, пагражае нават самому існаваньню беларусаў;
– 21 лютага 1918 года горад занялі немцы;
– 10 снежня 1918 года, вярнуліся бальшавікі;
– 8 жніўня 1919 года, прыйшлі палякі;
– 11 ліпеня 1920 года, палякі пакінулі горад, вярнуліся бальшавікі;
– 26 чэрвеня 1941 года, горад занялі немцы;
– 3 ліпеня 1944 года, Чырвоная Армія вызваліла горад ад немцаў.
Кожны раз з захопам ці вызваленьнем горада Мінска войскі займалі і значную тэрыторыю Беларусі. Аднак, зноў жа, вайсковыя дзеяньні ў гэтыя даты ніяк не суправаджаліся палітычнымі актамі, звязанымі з абвяшчэньнем незалежнасьці Беларусі.
У 20-м стагоддзі было шэсць абвяшчэньняў незалежнасьці краіны. Гістарычныя умовы, у якіх яны адбываліся, можа прасачыць кожны чытач і зрабіць свае высновы аб справядлівасьці гэтых абвяшчэньняў.
Першае абвяшчэньне зроблена 25 сакавіка 1918 года пашыраным складам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У галасаваньні, якое праходзіла ва ўмовах нямецкай акупацыі, прынялі ўдзел 71 чалавек, з іх 36 сяброў Рады 1-га Усебеларускага з’езда, які праходзіў 5-18 снежня 1917 года. У працы 1-га Ўсебеларускага з’езда прымалі ўдзел 1872 дэлегаты (1167 – з правам рашаючага голасу і 705 – з правам дарадчага голасу), якія прадстаўлялі ўсе рэгіёны Беларусі. З’езд быў перарваны і разагнаны бальшавікамі 18 снежня 1917 года.
Другое абвяшчэньне, Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ), сталася 1 студзеня 1919 года падчас канферэнцыі Паўночна-заходняй вобласьці Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) ў Смаленску (канферэнцыя была пераіменавана ў Першы з’езд Камуністычнай партыі Беларусі). У канферэнцыі удзельнічаў 181 дэлегат; дэлегаты прадстаўлялі толькі камуністычныя арганізацыі. Першы з’езд Саветаў Беларусі (2-3 лютага 1918 года) адобрыў утварэньне БССР і гэты ж з’езд прыняў пастанову аб аб’яднаньні з Літвой (гл. ніжэй). На з’ездзе прысутнічалі 230 дэлегатаў – 213 камуністаў і 17 спачуваючых (Мінская губерня – 121, Гродзенская – 11, Магілёўская – 10, Віленская – 25, Смаленская – 49, Віцебская – 0) (Круталевіч, Юхо, 2000, с.34).
Трэцяе абвяшчэньне адбылося 27 лютага 1919 года ( праз два месяцы пасля другога абвяшчэньня) пры ўтварэньні ЛітБел(а) – Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў адпаведнасьці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) – шляхам аб’яднаньня ССРБ і Літоўскай ССР. ЛітБелССР праіснавала да жніўня 1919 г., калі яе тэрыторыя была захоплена польскімі войскамі ў часе польска-савецкай вайны (студзень 1919— сакавік 1921).
Чацвёртае абвяшчэньне прыпадае на 31 ліпеня 1920 года – пасьля прыходу войск Чырвонай Арміі і адступленьня польскіх войск з тэрыторыі Беларусі на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, савецкіх і прафсаюзных арганізацый Мінска і Мінскай губерні была прынята Дэкларацыя аб незалежнасьці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ) – дзяржаўны і палітычны акт аб аднаўленьні Беларускай ССР на асновах, вызначаных у Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі 1 студзеня 1919 г. (гл. другое абвяшчэньне). Паводле Дэкларацыі да скліканьня з’езда Саветаў БССР уся ўлада ў рэспубліцы перадавалася Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту БССР. Другі з’езд Саветаў, які зацьвердзіў гэту Дэкларацыю, адбыўся 13-17 снежня 1920 года. Прысутнічала 218 дэлегатаў, за невялікім выключэньнем – камуністы. Па нацыянальнаму складу беларусаў было – 111, рускіх – 42, яўрэяў – 36, палякаў – 8, іншых нацыянальнасьцяў – 21 (Круталевіч, Юхо, 2000, с.91-92).
Пятае абвяшчэньне было зроблена 27 чэрвеня 1944 года на 2-м Ўсебеларускім кангрэсе, які абвясьціў пра незалежнасьць краіны ад Масквы і прызначыў Беларускую Цэнтральную Раду (БЦР) на чале з Радаславам Астроўскім пераемніцай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (гл. першае абвяшчэньне). На з’ездзе прысутнічалі 1039 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Кангрэс праходзіў ва ўмовах нямецкай акупацыі.
Шостае абвяшчэнне адбылося 27 ліпеня 1990 года. Вярхоўны Савет БССР прыняў у гэты дзень Дэкларацыю аб суверэнітэце БССР. Тамчасны Вярхоўны Савет 12-га скліканьня многімі лічыцца часткова дэмакратычна абраным, налічваў 346 абраных дэпутатаў, з іх 50 дэпутатаў былі непасрэдна вылучаны грамадскімі арганізацыямі. 25 жніўня 1991 года Дэкларацыя набыла статус закона.
Такім чынам, валюнтарысцкі выбар 3 ліпеня як дня сьвяткаваньня Дня незалежнасьці РБ ці Дня Рэспублікі абсалютна не адпавядае ні логіцы, ні гістарычнай праўдзе. Відавочна, што рана ці позна гэта будзе выпраўлена, калі на разгляд кожнаму беларусу ці беларусцы будзе данесена поўная інфармацыя для прыняцьця свядомага рашэньня на рэферэндуме. Можна меркаваць, што многія знойдуць непрыймальнымі па розных прычынах даты, звязаныя з вышэйупамянутымі абвяшчэньнямі незалежнасьці з другога па пятае: другое, трэцяе і чацвёртае абвяшчэньні (1 студзеня 1919 г., 19 лютага 1919 г., 31 ліпеня 1920 г.) рабіліся вузкім колам людзей, якія не прадстаўлялі беларускі народ, а толькі камуністычную партыю; пятае абвяшчэньне (27 чэрвеня 1944 года) праходзіла са згоды нямецкіх акупацыйных войск. Такім чынам, на рэферэндум могуць быць пастаўлены дзве даты, 25 сакавіка і 27 ліпеня. Дата 27 ліпеня па многіх параметрах найбольш адпавядае Дню незалежнасьці. Дата 25 сакавіка, нягледзячы на некаторыя недахопы, аб якіх пішуць дасьледчыкі (нямецкая акупацыя, немагчымасьць скліканьня Ўсебеларускага з’езду), можа быць пастаўлена альтэрнатыўна на рэферэндум як дзень першага, гістарычнага абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ў сучаснай гісторыі. 3 ліпеня можа быць пакінута як і раней, Днём горада Мінска ці Днём вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў.
Piotra Murzionak: Transfer of the Independence Day of the Republic of Belarus from July 3
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, June 2015, issue 10, pp. 42-45)
In the 20th century, there were six of the country’s independence day declaration: March 25, 1918, January 1, 1919, February 19, 1919, July 31, 1920, June 27, 1944, and July 27, 1990. Therefore, discretionary choice of July 3 as a day of celebration of Independence Day or the Day of the Republic of Belarus does not correspond to any logic or historical truth. It is obvious that sooner or later this will be fixed when the complete information will be reported to every Belarusian for making a conscious decision in the referendum. The author gives an explanation why, in case of appointment of a new referendum, it can be delivered only two dates for voting: 25 March and 27 July. Date July 27 in many ways is most appropriate to the Independence Day. Date March 25, despite some shortcomings, which the researchers wrote (the German occupation, the impossibility of convening All-Belarusian Congress), can alternatively be supplied to the referendum as the first historical day, when the independence of Belarus in modern history was announced. July 3 can be left as before, the Day of the city of Minsk, or the Day of liberation of Belarus from Nazi invaders.
Categories: Асьвета, Гісторыя, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ