Уладзіслаў Ахроменка: Афіцыйны патрыятызм беларусам не дапаможа

“Радыё свабода”, 10 ліпеня 2015 г.

Уладзіслаў Ахроменка

Трэба растлумачыць моладзі, што радзіма – гэта не сцяг над гарвыканкамам і не надпісы на білбордах «я люблю Беларусь».

Беларускі пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка ўжо сямнаццаць гадоў жыве ў Чарнігаве. Кнігі ягоныя выходзяць пераважна ў менскіх выдавецтвах, дзе іх апошнім часам пачалі цэнзураваць. Чым адрозніваецца ўкраінская свабода творчасці ад беларускай? За што ва Украіне любяць беларускую літаратуру? Калі скончыцца ваенны канфлікт на Данбасе?

Пра гэта пісьменнік распавёў «Радыё Свабода».

– Уладзіслаў, апошні раз вы прыязджалі ў Беларусь два гады таму. Згадаўшы барадулінскія радкі «трэба дома бываць часцей», перш за ўсё хачу спытаць: чаму так рэдка бываеце дома? Няўжо прыцягненне радзімы ўжо не дзейнічае?

– Прыцягненне радзімы, безумоўна, дзейнічае. Я ўсё ж беларус, пішу на беларускай мове і сны бачу па-беларуску. Апошнія два гады я проста не мог прыехаць. Рэч у тым, што летась увесь Чарнігаў перажыў праўдзівы жах. На мяжы з Чарнігаўскай вобласцю стаяла велізарная расейская вайсковая групоўка для наступу на Кіеў, і мы разумелі, што нічога нельга зрабіць. Разумееце, самая зручная дарога з Расеі на Кіеў ляжыць праз Чарнігаў, і з яго паспрабавалі б зрабіць яшчэ адно Дэбальцава. Але Чарнігаў – гэта не Дэбальцава, не Славянск, не Краматорск, не Данецк і не Луганск. Ясна, што ў нас пачалася б вельмі моцная партызанская вайна і супраціў. А ў мяне там сям’я, дачка, і я мусіў думаць, што рабіць.

– Гэтым разам прыехаўшы на радзіму, Вы апынуліся ў Беларусі пад святочнымі салютамі – адзначаўся Дзень Незалежнасці. Вас нейкім чынам усе гэтыя народныя бавенні закранаюць?

– Я не мяркую, што 3 ліпеня – Дзень Незалежнасці. Наша сакральная дата – 25 сакавіка. Тое, што святкуецца пад выглядам дня незалежнасці, усе гэтыя народныя бавенні 3 ліпеня – гэта болей свята гопнікаў. Усе ж нармальныя людзі з’язджаюць з Менска – хто на лецішча, хто на рыбалку, хто наогул за мяжу, каб усяго гэтага жаху не бачыць. Натоўпы гапаты з півам, лаянка, процьма прыезджых і мноства міліцыянтаў на вуліцах. Гэта не свята. Свята не можа быць з напругай, не можа святкавацца пад прымусам. І масавасць тут ні пры чым. Калі ў 1933 Гітлер атрымаў перамогу на трох рэферэндумах, яго віталі шалёныя натоўпы людзей. Але ці быў гэта народ? Прадстаўніком народа быў, напрыклад, пісьменнік Эрых Марыя Рэмарк. Ёсць знакамітая фатаграфія, на якой дзве або тры тысячы чалавек стаяць, выцягнуўшы руку – «Хайль Гітлер», і толькі адзін чалавек прынцыпова руку не цягне. Гэты чалавек і ёсць для мяне народ. Большасць арыфметычная не заўсёды мае рацыю.

– Надоечы саюзы пісьменнікаў Украіны і Беларусі заснавалі літаратурную прэмію імя Міхала Жызнеўскага. Гэта паспрыяе збліжэнню нашых літаратур?

– У мяне адразу пытанне: чаму імя Міхала Жызнеўскага? Пры ўсёй безумоўнай павазе да Жызнеўскага, ён усё ж не быў літаратарам.

– Дык і Нобэль не быў літаратарам, а прэмія яго імя існуе.

– Нобэль быў заснавальнікам. Гэта ўсё ж розныя рэчы. Беларуска-ўкраінскай прэміі больш слушна было б надаць імя Алены Тэлігі – украінскай пісьменніцы беларускага паходжання.

– Калі не памыляюся, яна ўзначальвала ўкраінскі Саюз пісьменнікаў падчас нямецкай акупацыі?

– Так, і была расстраляная ў Бабіным Яры гітлераўцамі. Што потым не перашкодзіла савецкім гісторыкам прыпісаць ёй калабарацыянізм і здраду. Што да збліжэння літаратур. Надоечы я быў на «Кніжным арсенале» у Кіеве, і хачу падзяліцца назіраннямі. Там беларускаму пісьменніку, каб прывабіць да сябе ўвагу, дастаткова было ўголас пачытаць што-небудзь па-беларуску. Праз тры хвіліны там ужо стаяла і ўважліва слухала чалавек з паўсотні. Цікавасць ва Украіне да беларускай літаратуры вельмі вялікая. Па-першае, украінцы сапраўды бачаць у нас братоў. Па-другое, беларуская літаратура, як і ўкраінская, мае каланіяльную савецкую мінуўшчыну, і яны шмат у чым сугучныя. І па-трэцяе, усё ж у нас вельмі блізкія мовы, мы разумеем адзін аднаго без перакладчыка. Як на мой погляд, гэтыя складнікі і ёсць прычына такой цікавасці. Дарэчы, у горадзе Цярнопалі ёсць выдавецтва, якое ўзначальвае Юрый Завадскі. Ён цяпер выдае цэлую серыю беларускіх паэтаў, выдае, падкрэсліваю, на беларускай мове! І беларускамоўныя кнігі купляюцца ва Украіне. Гэта неймаверна, але так і ёсць.

– У сацыяльных сетках Вы вельмі крытычна выказваліся пра сучасны літаратурны працэс у Беларусі. Быццам украінскія пісьменніцкія колы ўспрымаюць Вас больш прыхільна, чым беларускія. З чым гэта звязана?

– Прычын некалькі. Па-першае, апошнія гады я значна часцей кантактую з украінскімі калегамі, чым з беларускімі. Па-другое, мабыць, жывучы ва Украіне, я набраўся шкоднага віруса свабоды – свабоды выказвання, свабоды думкі. І некаторыя рэчы, якія я бачу ў Беларусі, для мяне на сённяшні дзень цалкам непрымальныя. Скажам, у Менску я сустракаюся з калегамі, класнымі празаікамі і паэтамі, і яны мяне пытаюцца: а ты не баішся так пісаць?! Я не разумею, як можна баяцца пісаць ?! Бачыце, у іх умыкаецца ўнутраны самацэнзар – пра гэта пісаць нельга, аб тым нельга. Калі, скажам, напісаць пра беларускую вёску без аграгарадкоў і дажынак, то ў аўтара могуць узнікнуць праблемы, ягонага сына могуць выкінуць з навучання, паставіўшы тры двойкі, ягонай жонцы не працягнуць кантракт і г.д. Чалавек адразу самаабмяжоўваецца. І ў мяне пытанне: як жа вы, хлопцы і дзяўчаткі, увогуле пішаце? А я, жывучы ва Украіне, ніякіх забарон не бачу. Я магу напісаць кнігу ў Чарнігаве, выдаць яе ў Менску. Хоць апошнім часам перашкоды паўсталі і ў выдавецтвах. Напрыклад, з кнігі «Музы і свінні» выдавец папросту выкінуў адну навэлку са словамі: «Гэта страшна друкаваць».

– А пра што была тая навэлка?

– Яна мела даволі красамоўную назву – «Як адзін украінскі парубак да смерці напалохаў Кучму, Лукашэнку і Пуціна». Мне выдавец так і сказаў: «Калі я яе надрукую, у мяне адбяруць ліцэнзію і пасадзяць».

– А як рэагуе ўкраінская літаратура на вайну на паўднёвым усходзе?

– Я думаю, рана казаць пра з’яўленне вялікага празаічнага твора – рамана або аповесці. Падзеі яшчэ патрабуюць свайго асэнсавання, яны яшчэ не скончаныя. Успомніце, у той жа беларускай літаратуры творы пра вайну, хоць «Каханы горад», хоць аповесці Васіля Быкава, з’явіліся праз шмат гадоў пасля вайны.

– Ну, «Каханы горад» Антона Адамовіча выйшаў ужо ў 1948 годзе.

– Усё ж праз тры гады пасля перамогі. Кропка на вайне была пастаўленая, і пачалося асэнсаванне. Што да вайны ва Украіне, то мы неяк аднабока яе ўспрымаем. Успрымаем як чытачы Рэмарка і Быкава, а там вайна зусім іншая. Там вайна ў пэўнай ступені інтэрнэтная. Вось вам сітуацыя проста з жыцця. На мяжы з ДНР сядзіць баец добраахвотнага батальёна. Ён сам з Данецка, а ягоны родны брат – ідэйны прыхільнік «расейскага свету», ваюе супраць яго. Яны ўжо адзін аднаго праклялі якімі толькі можна страшнымі словамі. Але пры гэтым яны сядзяць і перапісваюцца «Вконтакте»: «Сашко, праз сорак хвілін вас абстраляюць, сыходзь». – «Андрэй, заўтра будзе зачыстка, скажы ўсім з нашага класа». Адзін змагаецца за Украіну, другі – за міфічную ДНР, але пры гэтым клапоцяцца адзін пра аднаго як сваякі.

– Але прымірыцца як сваякі не могуць. На Вашу думку, як доўга яшчэ будзе трываць гэты канфлікт на Данбасе?

– Ва Украіне сярод людзей, якія ваююць на ўсходзе, існуе меркаванне, што гэты канфлікт скончыцца ці ў Ужгарадзе, або ва Уладзівастоку. А на маю думку, усё скончыцца толькі тады, калі Расея сапраўды раскідаецца, або калі там зменіцца ўлада. Але, мяркуючы з настрояў, якія цяпер пануюць у Расеі, супакою ў найбліжэйшай перспектыве чакаць не выпадае. На вялікі жаль, канфлікт разлічаны надоўга.

– Вы ўжо згадалі сваю кнігу «Музы і свінні», якую адцэнзуравалі ў менскім выдавецтве. Сярод яе герояў – дзед Талаш, Уладзімір Мулявін ды іншыя рэальныя персанажы, якія трапляюць у розныя камічныя сітуацыі. Кажуць, дзед Талаш быў незадаволены тым, як яго паказаў Якуб Колас у аповесці «Дрыгва». У вас дзед запалохаў палову Масквы, трапіў на прыймо да Сталіна… Вам бы ён падзякаваў, як Вы мяркуеце?

– Літаратура не пішацца дзеля падзякі. З дзедам Талашом усё так і было. Ён сапраўды, патрапіўшы ў Крэмль, папрасіў, нават запатрабаваў у таварыша Сталіна скураны доўгі плашч. Каб зверху застаўся пінжак, а з крысся можна было пашыць боты. Гэтую гісторыю я ведаю ад Маі Міхайлаўны Клімковіч – маці майго кума, сябра і суаўтара. У часе вайны яна як раз жыла ў гатэлі «Масква», чула і бачыла ўсё на свае вушы і вочы.

– Нягледзячы на ўсю «стабільнасць», пераважная частка беларускай моладзі марыць з’ехаць з Беларусі. Як зрабіць так, каб моладзь марыла жыць і працаваць для сваёй краіны?

– Трэба шмат што памяняць. Калі сказаць коратка, то трэба перш за ўсё пазбавіцца ад афіцыйнага патрыятызму. Ён у выпадку чаго нам не дапаможа. Трэба растлумачыць той самай моладзі, што радзіма – гэта не сцяг над гарвыканкамам і не надпісы на білбордах «я люблю Беларусь». Радзіма – гэта зямля, па якой мы ходзім, гэта магілы нашых дзядоў, гэта наша мова, гэта наша гісторыя, гэта наша школа. Сапраўдны патрыятызм ідзе не ад сцягоў, масавых свят і гопнікаў з півам у руках, ён – сума ўсіх пералічаных складнікаў.



Categories: Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: