Аляксандр Кашо: ПАНМАНГАЛІЗМ – ІДЭАЛАГІЧНАЯ ІНТЭНЦЫЯ КРАІНЫ, ЯКАЯ ХЛУСІЦЬ

logo for chasopis

У гэтым артыкуле пад краінай, якая хлусіць я разумею Расію як імперыю, з усімі ўласцівымі ёй імперскімі прэтэнзіямі, комплексамі і нянавісцю да суседніх народаў. Я ведаю, што ёсць іншая Расія, краіна якая імкнецца да дэмакратыі, да свабоды асобы і правоў чалавека, краіна якая лічыць сябе часткаю Еўропы і імкнецца да супрацы, а не да канфрантацыі з ёй. Але на дадзены момант перамагае і перамагае з вялікім адрывам Расія імперская, і менавіта яна вінавата ў крывавай братазабойчай вайне на Данбасе. І гэта цяпер самае актуальнае пытанне на сённяшні дзень, таму я так назваў свой артыкул.

У красавіку гэтага года па сеціве, па розных міравых СМІ шырока разышлася навіна аб параненым на Украіне бураце Доржы Батамункуеве, кантрактніку расійскага войска, які атрымаў моцныя апёкі падчас бою ў раёне мястэчка Дэбальцева Данецкай вобласці. У сваім інтэрв’ю журналістцы расійскай “Новай газеты” ён падрабязна распавёў пра тое як патрапіў на Украіну, як атрымаў раненне. У прыватнасці ён адзначыў: ім было сказана, што яны быццам бы едуць на вучэнні, але і салдаты, і афіцэры выдатна ведалі куды едуць і былі маральна і фізічна падрыхтаваны. Яны ведалі, што “едуць бамбіць хахлоў”. Ён таксама распавёў, што можна было і адмовіцца, як вынікае з яго слоў адмовіліся толькі двое: адзін яшчэ на месцы дыслакацыі часткі, другі ўжо па прыбыццю ў Растоў нехта Раманаў. Пры гэтым Батамункуеў называе Раманава чалавекам нізкіх прыярытэтаў. Далей ён адзначае, што ні аб чым не шкадуе.

Прызнацца мяне здзівіла такая адданасць простага бурацкага хлопца справе пабудовы «рускага свету» ў далёкай Украіне, бо, нягледзячы на тое, што ў галаве гэтага чалавека відавочна прысутнічаюць сляды прапаганды, тым не менш, у цэлым гэтае інтэрв’ю пакідае ўражанне, што гэты чалавек падтрымлівае мілітарысцкія памкненні і захопніцкую вайну, гэта можна было вывесці са шматлікіх ягоных захапляльных рэплік, калі ён апісваў усё, што бачыў і ў чым удзельнічаў.

Гэты выпадак нагадаў мне пра тэрмін панмангалізм. Ён быў уведзены расійскім філосафам Уладзімірам Салаўёвым у «Аповесці аб Антыхрысце». Потым ён выкарыстоўваўся бурацкай інтэлігенцыяй як ідэя для ўз’яднання мангольскіх народаў у адзіную нацыянальную дзяржаву. Але пакінуўшы ў баку гісторыю і значэння панмангалізма для мангольскіх народаў я прапаную праглядзець як гэтая ідэя, нават не ідэя, а ідэалагічная інтэнцыя, адлюстравалася ў расійскай культуры і палітыцы.
У вершы Ўл. Салаўёў піша:
Панмонголизм! Хоть слово дико,
Но мне ласкает слух оно,
Как бы предвестием великой
Судьбины божией полно.
…О Русь! забудь былую славу:
Орел двухглавый сокрушен,
И желтым детям на забаву
Даны клочки твоих знамен.

Смирится в трепете и страхе,
Кто мог завет любви забыть…
И Третий Рим лежит во прахе,
А уж четвертому не быть.

Такім чынам, у вершы выказваецца непакой за тое, што Расія можа абрынуцца пад націскам з усходу. Для Салаўёва ідэя панмангалізма ўяўлялася як помста Еўропе ад народаў усходу. У згаданай аповесці Салаўёў словамі аднаго героя прадракае заваяванне заходняга свету народамі Японіі, Кітая, Монголіі, якія павінны аб’яднацца супраць агульнага ворага. Пры гэтым Расію філосаф бачыць на баку Еўропы. Аляксандр Блок выкарыстаў першых дзве строчкі верша “Панмангалізм” як эпіграф да свайго вядомага верша «Скіфы», і ў гэтым вершы панмангалізму надаюцца зусім іншыя канатацыі. Блок называе расіян скіфамі, азіятамі і таксама папярэджвае Еўропу аб небяспецы:
Мильоны — вас. Нас — тьмы, и тьмы, и тьмы.
Попробуйте, сразитесь с нами!
Да, Скифы — мы! Да, азиаты — мы, —
С раскосыми и жадными очами!
… Виновны ль мы, коль хрустнет ваш скелет
В тяжелых, нежных наших лапах?

Так у расійская паэзіі і філасофіі закладаецца тэрмін панмангалізм. Далейшы лес гэтай інтэнцыі цікава будзе прасачыць па яе развіццю ў ідэакратычнай філасофска-палітычнай плыні, якая сфармавалася сярод расійскіх эмігрантаў на Захадзе ў пачатку 20-х гадоў дваццатага стагоддзя – еўразійства, і якая працягвае існаваць і па сённяшні дзень, перш за ўсе, сярод тых палітычных і іншых дзеячоў, якія мараць пра аднаўленне савецкай ці расійскай імперыі. І пачаць тут можна з аднаго з самых вядомым заснавальнікаў гэтага руху князя Мікалая Трубяцкога лінгвіста, культуролага. Аб’ектам сваёй крытыкі ён выбраў рамана-германскую культуру, ён адкідвае гіпотэзу аб агульначалавечай культуры, робячы стаўку на значнасць асобных культур. Еўрапейская культура крытыкавалася ім за эгацэнтрызм, еўропацэтрызм. І тут ён напэўна меў рацыю, але ж ён быў не першы, шмат хто з еўрапейскіх даследчыкаў і да Трубяцкога, і ў адзін і той жа час з ім крытыкавалі сваіх сучаснікаў і папярэднікаў за еўропацэнтрызм. Але ж нам цікава канцэпцыя Трубяцкога адносна расійскай дзяржавы. Ён адмаўляе Кіеўскай Русі ў справе заснавання і станаўлення Расіі, крытыкуе дзейнасць Пятра Першага і негатыўна ацэньвае яго гістарычную ролю, бо гэты цар прынёс значную шкоду тым, што спрабаваў далучыць Расію да еўрапейскай культуры. У падмурак расійскай нацыі Трубяцкі змяшчаў «туранскі элемент» – кангламерат цюркскіх, уграфінскіх, мангольскіх і іншых народаў. Славянства ўспрымалася як моўная, а не культурная ці этнічная супольнасць. Да пераваг туранскай псіхікі адносіліся: духоўная дысцыпліна, гатоўнасць да змагання як з знешнім ворагам, так і да вонкавай экспансіі, жорсткую падпарадкаванасць правадыру. Маскоўскае княства, па Трубяцкому, гэта па сутнасці аправаслаўленая туранская культура. Расійская імперыя, як і СССР з’яўляецца, на яго думку, пераемнікам вялікай імперыі Чынгісхана, яе тэрыторыя палягае ад вусця Дуная да Ціхага акіяна. Еўразійская этыка стаіць на трох прынцыпах: вернасць, адданасць, стойкасць. Фізічная праца і матэрыяльны дабрабыт не маюць этычнай каштоўнасці, яны ўласцівы нізкім людзям. Гераічнасць, фаталізм, іерархія, – вось каштоўнасці сапраўднага качэўніка, якім і з’яўляецца туранскі псіхатып.

У сваёй працы «Еўропа і чалавецтва» (1920) Трубяцкі нават у назве катэгарыяльна выносіць еўрапейцаў за рамкі чалавецтва, еўрапейцы для яго гэта рамана-германскія народы. У гэтай кнізе, паслядоўна праводзячы крытыку еўрапеізацыі, ён задаецца пытаннем: «Пытанне абвяшчае: «з’яўляецца далучэнне да еўрапейскай культуры (паколькі такое далучэнне магчыма) дабром ці злом?» Адказ наступны: «Такім чынам, наступствы еўрапеізацыі настолькі цяжкія і жудасныя, што еўрапеізацыю даводзіцца лічыць не дабром, а злом». І далей ідзе наступнае пытанне і за ім адказ: «Як жа змагацца з гэтым кашмарам непазбежнасці ўсеагульнай еўрапеізацыі? На першы погляд здаецца, што барацьба магчымая толькі пры дапамозе ўсенароднага паўстання супраць раманагерманцаў. Калі б чалавецтва, – не тое чалавецтва, пра якое любяць казаць раманагерманцы, а сапраўднае чалавецтва, якое складаецца ў сваёй большасці з славян, кітайцаў, індусаў, арабаў, неграў і іншых плямёнаў, якія ўсе, без розніцы па колеру скуры, стогнуць пад цяжкім прыгнётам раманагерманцаў і марнуюць свае нацыянальныя сілы на здабыванне сыравіны, патрэбнай для еўрапейскіх фабрык, – калі б усё гэта чалавецтва аб’ядналася ў агульнай барацьбе з прыгнятальнікамі-раманагерманцамі, то, трэба думаць, яму рана ці позна атрымалася б зрынуць ненавіснае ярмо і сцерці з твару зямлі гэтых драпежнікаў і ўсю іх культуру. Але як арганізаваць такое паўстанне, ці не ёсьць гэта нязбытная мара? Чым больш уважліва мы будзем узірацца ў гэты план, тым больш зразумелым стане для нас, – што ён невыканальны, і што, калі гэта ёсць адзіны спосаб барацьбы з усеагульнай еўрапеізацыяй, барацьба гэтая проста немагчымая.

Справа, аднак, не так безнадзейная. Мы сказалі вышэй, што адной з галоўных умоў, якія робяць усеагульную еўрапеізацыю непазбежнай, з’яўляецца эгацэнтрызм, які пранікае праз усю культуру раманагерманцаў. Спадзявацца на тое, што раманагерманцы самі выправяць гэты фатальны недахоп сваёй культуры, вядома, немагчыма. Але еўрапеізаваныя не-раманагерманскія народы пры ўспрыняцці еўрапейскай культуры цалкам могуць ачысціць яе ад эгацэнтрызму. Калі гэта атрымаецца ў іх, то запазычанне асобных элементаў раманагерманскай культуры не будзе ўжо мець тых адмоўных наступстваў, пра якія мы казалі вышэй, і толькі ўзбагаціць нацыянальную культуру названых народаў».
Такім чынам, атрымліваецца, што Мікалай Трубяцкі не супраць таго, каб народы, якія стогнуць пад гнётам, паўсталі і сцерлі гэтую ненавісную Еўропу, але паколькі арганізаваць такое паўстанне немагчыма, то можна хаця б скарыстацца некаторымі здабыткамі гэтай цывілізацыі. У апошнія гады гэты аўтар расчараваўся ў шматлікіх сваіх ранніх высновах, але, тым не менш, яго погляды былі пакладзены ў ідэалагічны падмурак еўразійства ў сувязі з чым мы іх тут і разглядаем.

Што тычацца сучасных ідэалагічных пабудоў прыхільнікаў еўразійства, то можна выдзеліць наступныя характэрныя ўстаноўкі: ідэакратыя, як падмурак дзяржавы і грамадства (стыль кіравання краінай шляхам ідэалагічнага інструктавання мас); моцная дзяржава праводзіць рэформы ў інтарэсах большасці насельніцтва; фармаванне ўлады зверху ўніз; кантроль дзяржавай эканамічных працэсаў, капіталізм, але не рынкавы; кіраўніку краіны надаецца права прымаць стратэгічныя рашэнні, вызначаць скіраванасць і дух заканадаўчых ініцыятыў; прыярытэт інтарэсаў грамадскіх груп над неабмежаванымі індывідуальнымі патрэбамі па прыродзе сваёй асацыяльных індывідаў; дамінаванне праваслаўя як рэлігіі. Па-ранейшаму, як і ў першай сваёй версіі прадстаўнікі сучаснага еўразійства супрацьпастаўляюць Заходнюю Еўропу Расіі-Еўразіі, па-ранейшаму, ставіцца задача распаўсюджвання «рускай» культуры на ўсю тэрыторыю ад вусця Дуная да Ціхага акіяна.

Напрыканцы 20 ст. значную ролю ў адраджэнні ідэй еўразійства адыграў вядомы савецкі гісторык, этнограф Леў Гумілёў (1912-1992). Ён з’яўляецца аўтарам даволі своеасаблівай канцэпцыі этнагенезу, якая шмат у чым супярэчыць сучаснай акадэмічнай навуцы. Так, напрыклад, Гумілёў адмаўляецца ад асноўных характарыстык этнасу: мова, асобная культура, самасвядомасць, адзінасць паходжання. Думкі гэтыя выкладзены ў працы «Этнагенез і біясфера Зямлі». У ёй аўтар звязвае развіццё этнасаў з касмічнымі працэсамі, ён разглядае гэты працэс як энергетычны феномен, які абумоўлены біяхімічнай энергіяй жывога рэчыва. Як і заснавальнікі еўразійства ён імкнецца ліквідаваць еўропацэнтрызм і падкрэслівае мазаічнасць чалавецтва. Адзінай прыкметай, па якой можна вызначыць этнас у гэтай канцэпцыі з’яўляецца стэрэатып этнічных паводзін. У этнасаў існуе два накірункі развіцця – адзін гэта стваральная праца, напрыклад, будаўніцтва, другі гэта так званая пасіянарнасць, тэрмін з якім асацыюецца імя самога Гумілёва. У адрозненне ад стваральнасці пасіянарнасць імкнецца да знішчэння ўсталяванага ладу жыцця і агрэгатнага стану асяроддзя. Яна выяўляецца ў стыхійных учынках, якія могуць быць самаразбуральнымі, але ўсё гэта прадыктавана падсвядомым памкненнем да самазахавання. Пад уздзеяннем касмічнай энергіі пэўны этнас, адчуўшы пасіянарны штуршок, пачынае сваю пасіянарную дзейнасць, пашыраецца, падпарадкоўваючы сабе іншыя этнасы, якія павінны стаць субстратам для суперэтнасу, які нараджаецца такім чынам.

Прадстаўнікі еўразійства што заснавальнікі, што іх сучасныя паслядоўнікі, абапіраючыся на свае канцэпцыі, нязменна імкнуцца апраўдаць права імперыі, няважна ў якім выглядзе ці то ў выглядзе Расійскай імперыі, ці то ў выглядзе СССР, на захаванне кантролю над гэтай велізарнай тэрыторыяй. Таму не дзіўна, што Трубяцкі трактаваў славянскі элемент толькі як моўнаю супольнасць, бо ён разумеў, што славянства не ўпісваецца ў ідэалогію Маскоўскага княства, як пераемніцы імперыі Чынгісхана, як носьбіта інтэнцыі панмангалізма. Зразумела чаму Гумілёў адмаўляўся ад прынятых характарыстык этнасаў і пакідаў толькі стэрэатып этнічных паводзін. Відавочна, што суперэтнасам на тэрыторыі Еўразіі быў самы пасіянарны этнас, то бок сучасны расійскі этнас, у аснове якога, па Гумілёву, пераважна былі хрышчоныя татары, і тая ж інтэнцыя панмангалізма ў такім выпадку становіцца законным, абумоўленым касмічнымі працэсамі, натуральным развіццём гістарычных падзей. Бо пры такой трактоўцы этнаса ўжо не трэба звяртаць увагі на моўныя адрозненні, культуру асобных этнасаў. Трэба адзначыць, што Трубяцкі пісаў, што ўваходжанне народаў у еўразійскую цывілізацыю прынясе ім свабоду і абароніць нацыянальную ідэнтычнасць. Але мы ведаем як яно было на самой справе. На справе і Расійская імперыя, і СССР праводзілі палітыку татальнай русіфікацыі, якую канцэптуальна аформіў яшчэ граф Увараў, на практыцы дзясяткі, калі ня сотні паняволеных імперыяй народаў ужо не існуюць.

Але вернемся да палоннага бурата, на пытанне журналісткі калі яны даведаліся, што апынуліся ў Данецку ён адказаў: «Калі даведаліся? Калі прачыталі, што Данецк. Гэта калі ў горад заязджаеш … Там яшчэ надпіс – ДНР. О, мы на Украіне! Цёмна было, ноччу ехалі. Я з люка высунуўся горад паглядзець. Прыгожы горад, спадабаўся. Справа, злева – усё прыгожа. З правага боку гляджу – велізарны сабор пабудаваны. Вельмі прыгожа. У Данецку мы ў сховішча заехалі, прыпаркаваліся. Нас павялі паесці гарачага ў кампус, потым змясцілі ў пакоі … Знайшлі радыё «Спадарожнік». І як раз там была дыскусія наконт ці ёсць ваенныя тут на Украіне. І ўсе госці такія: «Не-не-не». Мы ротай ляжым такія: ну да. Ну а ў адкрытую хто скажа? Наш урад усё роўна разумее, што трэба дапамагаць, а калі афіцыйны ўвод войскаў зробяць, гэта ўжо Еўропа залупнецца, НАТА. Хаця вы ж разумееце, што НАТА таксама ў гэтым удзельнічае, вядома, зброю пастаўляе ім.» Цікава, а як бы яму спадабалася Прага, Кёльн, Рым, Парыж, Лондан? У гэтым адказе яскрава адчуваецца нейкая падсвядомая, ці напаўсвядомая згода з той акупацыйнай палітыкай, якую праводзіць сённяшняе кіраўніцтва Крамля, і якую праводзіла Расія пачынаючы ад заснавання Маскоўскага княства, панмангалізм у сваім практычным увасабленні. Гэтыя простыя хлопцы з расійскай глубінкі гатовыя ехаць ваяваць за тысячы кіламетраў, забіваць і назіраць за хараством гарадоў, якія будаваліся стагоддзямі і тысячагоддзямі да іх, не імі і не іх продкамі. Дзе тут не ўспомніць Блока: «Виновны ль мы, коль хрустнет ваш скелет в тяжелых, нежных наших лапах?»

Але гэта чалавек вайсковы. Што тычацца тых расійскіх грамадзян, хто сапраўды едзе ваяваць добраахвотна, за грошы ці за ідэю, то гэта тыя яшчэ пасіянарыі. Відавочна, што касмічная энергія, якая пасіянарна штурхнула іх на братазабойчую вайну спачатку акумулявалася ў расійскіх сродках масавай інфармацыі, увабрала ў сябе ўсю хлусню, а ўжо потым ударыла па галовах, выклікаючы неардынарныя паводзіны. Расійскія добраахвотнікі гэта ў асноўным людзі, якія не знайшлі сябе ў жыцці, таму вайна для іх шлях да самарэалізацыі. Паназірайце за тым як і каго адпраўляюць, прымаюць у якасці дабравольцаў, у сеціве дастаткова такіх відэа. Існуе думка, што адправіцца ваяваць надзвычай цяжка, бо патрабуе вялікіх здольнасцей і геройства. Гэта лухта. Калі чалавек на радзіме, у сябе дома нічым не быў заняты, быў бяльмом на вачах сваіх родных, то пайсці ваяваць зусім не цяжка. Насамрэч цяжка сумленна вучыцца, атрымоўваць вышэйшую адукацыю, потым пайсці ў аспірантуру, цяжка весці сваю справу і з году ў год клапаціцца аб рэпутацыі, цяжка выхоўваць і падымаць дзяцей на ногі.

У аднаго такога добраахвотніка журналістка расійскага тэлеканала «Дождж» Марыя Эйсмонт узяла інтэрв’ю. Прозвішча гэтага чалавека Грабцоў, ён лічыць, што Украіна гэта кусок Расіі, знаходзячыся на Данбасе ён здзейсніў подзвіг, падбіў украінскі танк і крыху памарадзёрнічаў, ён з задавальненнем паказваў журналістам забраныя з танку малюнкі дзяцей, якія пісалі ўкраінскі ваенным просячы абароны. На пытанне ці ўпэўнены ён, што забіваў фашыстаў ён адказаў наступнае: «Строга кажучы, не. Але наогул – так. Рускія ўвесь час ваююць з фашыстамі. Нашы продкі, нашы дзяды ваявалі з фашыстамі, і пакаленне рускіх людзей чакалі, калі нарэшце будзе нейкі такі ж дрэнны вораг. Калі з’яўляўся, мы назвалі іх фашыстамі. Пляваць, што яны думаюць аб сабе. Нам падабаецца называць іх фашыстамі». Дарэчы гэты чалавек у сябе дома, у сваім горадзе працуе журналістам, не цяжка ўявіць, што напіша чалавек з такімі поглядамі і якім чынам паўплываюць яго словы на чытачоў.

У гэтым прызнанні палягае ўся квінтэсэнцыя цяперашняй інфармацыйнай расійскай прапаганды. У сучасным расійскім грамадстве, прынамсі ў большасці, існуе негалосная ўстаноўка на хлусню. Гэта тычацца і расійскай эліты, і насельніцтва гэтай краіны. Расійскія сродкі масавай інфармацыі ператварыліся ў фабрыкі хлусні, у розных месцах Расіі існуюць канторы троляў, якія за грошы штампуюць хлусню, знявагу, нянавісць да ўкраінцаў, да Захаду. Усе згодны з тым, што ім хлусіць можна. Цікава будзе звярнуцца ў гэтым пытанні да аналізу расійскага грамадства сацыёлага «Левадацэнтра» Льва Гудкова, вось што ён кажа: «Нашы даследаванні паказваюць не столькі маральную тупасць большай часткі насельніцтва, колькі выцясненне гэтых пытанняў. Няздольнасць да вынясення маральнага меркавання выяўляецца ў любым аспекце грамадскіх адносін, будзь-то стаўленне да ўлады, да карупцыі, да дзяцей або да мінулага, да сталінскіх рэпрэсій. Напрыклад, на пытанне «Ці можна лічыць сталінскія рэпрэсіі злачынствам?» Большасць адказваюць, што сталінскія рэпрэсіі былі накіраваны супраць нявінных людзей, захоплівалі ўсе слаі грамадства. Але калі спытаць, ці можна гэта лічыць дзяржаўным злачынствам, і калі так, то хто ў гэтым вінаваты, надыходзіць стан прастрацыі. Людзі кажуць: «Мы не ў стане разабрацца ў гэтым. А таму давайце лепш гэта забудзем». Іншымі словамі, з-за немагчымасці назваць дзеянні ўлады злачыннымі (усё роўна – савецкай, сталінскай або цяперашняй улады, напрыклад, дзеянні федэральных уладаў у Чачні, а трэба сказаць, што ад 65 да 70% рэспандэнтаў лічаць абедзве гэтыя чачэнскія вайны несправядлівымі) адбываецца сістэматычнае выцясненне, дэрэалізацыя непрыемнага мінулага. Ніякай спагады загінуўшым, мірнаму насельніцтву (а ў гэтых войнах загінулі дзясяткі тысяч грамадзянскага насельніцтва), суперажывання пацярпеламу боку. Ёсць некаторая «бабіна жаль» да салдат тэрміновай службы, якія вымушаныя ваяваць. Свайго роду ідэнтыфікацыя з паднявольнымі, якіх гоняць і прымушаюць забіваць іншых. Але да тых, каго яны забівалі, – не.

…. Салідарнасць са сваімі або адказнасць толькі за сваіх можа разглядацца як сімптом адсутнасці механізмаў маральнай свядомасці. Такі тып адказнасці называюць племянной этыкай, а не мараллю.» ( З атрыкула «Моральных скреп не обнаружено…»)

І вось у гэтай племянной этыцы сучасных расіян і існуе негалосная ўстаноўка на хлусню, калі яны лічаць, што ім можна хлусіць. Сам прэзідэнт Расіі Пуцін паказвае яскравы прыклад такой устаноўкі. У лістападзе мінулага году Пуцін сустракаўся з маладымі расійскімі гісторыкамі, на сустрэчы ён правёў майстар-клас на тэму патрыятызму ў гістарыяграфіі: “Гісторыкі павінны адстойваць расійскія пазіцыі ў інфармацыйнай прасторы… Абарона сваіх поглядаў і інтарэсаў павінна быць грунтоўнай, пісьменнай, таленавіта выкананай… Змест павінен быць добрым, і абгортка павінна быць яркай, якая аказвае ўражанне на розумы … Перыяд грамадзянскай вайны – гэта найцяжэйшае выпрабаванне для нашага народа. Добра гэта ці дрэнна, але бальшавіцкія лозунгі і плакаты выглядалі ярчэй, больш лаканічна і дзейнічалі напэўна больш эфектыўна. Акрамя ўсяго іншага гэта было модна, таму што працягу вайны ніхто не хацеў, бальшавікі выступалі за спыненне вайны. Праўда, яны ашукалі грамадства … Так што ашуканства поўнае, стопрацэнтнае. Ашукалі прыгожа, але ва ўсякім выпадку зрабілі гэта вытанчана, і гэта таксама напэўна адыграла ў іх карысць. Таму абарона сваіх уласных інтарэсаў павінна быць таленавіта выкананай.” Пуцін таксама адзначыў, што зараз існуе тэндэцыя да перакадавання грамадства шмат у якіх краінах. Відавочна, што яго трывога накіравана на забеспячэнне сумленнага асвятлення гістарычных падзей, што ён і прадэманстраваў у прыведзеным урыўку з яго прамовы.

Дз. Кісялёў, рупар крамлёўскай прапаганды, вядучы праграмы «Вести недели», каментуючы гэтую сустрэчу, зноў абвінаваціў Захад: “Зразумела, пра што казаў прэзідэнт. Перакадаваць – значыць, змяніць культурны код, змяніць у людзей сістэму ўяўленняў пра дабро і зло, пра прыгожае і пачварнае, аб належным і забароненым, аб высакароднай і нізкім, пра подзвіг і здраду… Перакадаванне грамадскіх каштоўнасцяў – гэта загрузка новай праграмы, якая дазволіць людзьмі, краінамі і светам кіраваць. Ўручную. У сваіх інтарэсах. З фільмаў жахаў? Антыўтопія? Не! Працэс ужо ідзе. Ці сустракае ён супраціў? Так. Сустракае. З боку Расіі? Дакладна.

…Ды і што можна пабудаваць на нянавісці? Ўкраіну? Вось зараз спрабуюць. Бачым, што атрымліваецца. Нянавісць да Расіі як аснова нацыянальнага духу –прыклад паспяховага перакадавання. З Бандерай у сэрцы.”

У цэлым пасыл зразумелы: падступны Захад імкнецца перакадаваць свядомасць расіян і прадстаўнікоў «рускага свету», і ў выніку атрымоўваем што? Правільна – Украіну. Гэта ўсё тая ж старая песня, што, маўляў, Украіна квазідзяржава, толькі гэта заход з іншага боку. Можна не сумнявацца, што гэткае ж стаўленне будзе і да незалежнасці Беларусі.

Вось тут варта прыгадаць адзін з асноўных слупоў еўразійства – ідэакратыя, як падмурак дзяржавы і грамадства (стыль кіравання краінай шляхам ідэалагічнага інструктавання мас). Вышэй прыведзены выдатны прыклад увасаблення гэтага прынцыпу на практыцы. Дарэчы апошнім часам у Расіі любяць перарабляць падручнікі гісторыі падпарадкоўваючы іх змест пад бягучыя патрэбы сучаснага кіраўніцтва. І вось адным з апошніх новаўвядзенняў стала адмова ад тэрміну «мангола-татарскае іга» і заменай яго на «складаная сістэма ўзаемазалежнасцяў».

Такім чынам, у расійскім грамадстве існуе попыт на апраўданне захопніцкай палітыкі. У адказ на гэты попыт развіваліся і рэалізуюцца розныя грамадзянска-палітычныя тэорыі, якія ставілі мэту навукова апраўдаць правамернасць і неабходнасць існавання Расіі як імперыі. Але паколькі зрабіць гэтага ніякім навуковым чынам немагчыма прыходзіцца прыбягаць да шалёнай прапаганды і хлусні. Жыццяздольнасці гэтай хлусні ў расійскім грамадстве спрыяюць комплексы, якія Л. Гудкоў назваў племянной этыкай. Але ж відавочна, што такая ўстаноўка на хлусню ўрэшце адаб’ецца і на саміх расійскіх грамадзянах, яна ўжо адбіваецца, напрыклад, у выглядзе санкцый, у поўным бяспраўі простых грамадзян перад прадстаўнікамі ўлады, у беспрэцэдэнтным абкраданні ўладай расійскага народа. Але яны пакуль яшчэ гэтага не разумеюць, бо знаходзяцца пад уздзеяннем той прапаганды, на якую ў большасці сваёй пагадзіліся.

Alexander Kasho: PANMANGALIZM – IDEOLOGICAL INTENTION OF COUNTRY THAT LIES
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, September 2015, issue 11, pp. 4-13)

It is discussed some issues of the existence of the Russian ethnos based on different theories of the last century, Panmangalism (Salauyou), Eurasism (Trubyatski, Gumilyou), in respect of promoting the idea of the “Russian world” today. The analysis of work of the Russian mass media aimed at justifying the restoration of the Russian empire is highlighted through the prism of a hybrid war of Russia against Ukraine. It has been suggested that in Russian society there is a demand to justify the aggressive policy. In response to this demand a variety of civil and political theories are developed, which have a scientific purpose to justify the legitimacy and necessity of the existence of Russia as an empire. Russian media have become a factory of lies, there are trolling offices in different parts of Russia those for money stamp lies, humiliation, and hatred of Ukrainians.



Categories: Асьвета, Зьнешнія адносіны, Мараль

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: