Беларусы сёньня ў асноўнай масе яшчэ не гатовы ні да асэнсаваных выбараў сярод магчымых альтэрнатыў, ні да актыўных дзеяньняў, ськіраваных на зьмены ў бок дэмакратыі ці нават на ўзброеную абарону дзяржавы. Гаворка йдзе не пра беларускую эліту, якая заўжды існавала на працягу апошняга стагоддзя і змагалася за свободу, незалежнасьць і дэмакратыю, а аб гатоўнасьці ўсяго беларускага грамадства, якое не мае гістарычнай памяці, традыцый і досьведу ў гэтых пытаньнях.
Беларусы ў сваёй большасьці ніколі ў поўнай меры не змагаліся за свабоду, калі мець на ўвазе рамкі нацыянальна-вызвольнага руху. Тыя ўсплескі узброенай барацьбы, якія часам лакальна ўзьнікалі (Слуцкі збройны чын, групавы ці адзіночны супраціў пасьля 2-й сусьветнай вайны) не пакінулі значнага сьледу ў гістарычнай памяці беларусаў. Беларусь на працягу сучаснай гісторыі атрымоўвала незалежнасьць амаль задарма і гэта было абумоўлена ў асноўным зьбегам абставін і воляй больш магутных дзяржаў. Хаця трэба адзначыць, што ў гэтым сэнсе Беларусь не з’яўляецца выключэньнем, бо нараджэньне, жыцьцё і развіцьцё многіх малых краін і народаў у Еўропе амаль заўсёды працякалі па падобнаму сцэнару.
100 гадоў таму назад беларусы жылі ў Расійскай імперыі, якая была ў стане вайны з Германіяй. Падзел Еўропы пасьля 1-й сусьветнай вайны праходзіў пад дыктоўку вялікай чацьвёркі: ЗША, Брытаніі, Францыі і Італіі (Парыжская канферэнцыя, пачалася 18 студзеня 1919 года; Версальскі дагавор, 28 чэрвеня 1919 года). Рашэньні гэтых краін зафіксавалі распад імперый (Расійскай, Германскай, Аўстра-Венгерскай, Атаманскай) і ўтварэньне шэрагу новых краін: Чэхаславакіі, Польшчы (аднаўленьне), балтыйскіх краін, Сербіі і іншых. На жаль, вялікія краіны не пачулі голас урада Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 года дзейнічаў на выгнаньні і які патрабаваў прызнаньня Беларусі як дзяржавы, незалежнасьць якой была абвешчана 25 сакавіка 1918 года Радай БНР. Наступныя падзеі (рашэньні Лігі нацый, Рыжскі дагавор) паказалі, што інтарэсы беларускага народа ніяк не былі прыняты да ўвагі.
Тым не менш, нацыянальны рух беларускага і іншых народаў на тэрыторыі былой Расійскай імперыі і абяцаньні бальшавікоў на права нацый на самавызначэньне адыгралі галоўную ролю ў стварэньні БССР (1 студзеня 1919 года). Аднак, трэба падкрэсьліць, што рашэньне аб гэтым было прынята не ў Мінску, Полацку, альбо ў Гародні, а ў Маскве Пленумам ЦК Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) і ў канчатковым выглядзе на канферэнцыі Паўночна-заходняй вобласьці РКП(б) у Смаленску (канферэнцыя была пераіменавана ў Першы з’езд Камуністычнай партыі Беларусі). У канферэнцыі удзельнічаў 181 дэлегат – усе яны прадстаўлялі толькі камуністычныя арганізацыі, большасьць з якіх дзейнічалі па-за беларускай тэрыторыяй; выбарных дэлегатаў ад беларускага народа там не было. Тым не менш, утварэньне БССР, няхай спачатку і не на значнай тэрыторыі, гэта бадай найважнейшая падзея ў гісторыі сучаснай Беларусі. Гэта быў як падарунак лёсу. Перыяд беларусізацыі 30-х гадоў мінулага стагоддзя ёсьць таму сьведчаньнем.
Такі жа падарунак Беларусь атрымала на пачатку 2-й сусьветнай вайны, калі яна значна прырасла і тэрыторыяй, і насельніцтвам, за кошт далучэньня Заходняй Беларусі. Зноў жа, гэта сталася вынікам дзеяньня зьнешніх сіл і абставін, а не ў выніку кансалідацыі нацыянальных, унутраных сіл, якая, калі і была, то толькі не вырашальная.
Аб’яднаньне дзьвюх частак Беларусі здарылася амаль праз 20 год пасьля 1-й сусьветнай вайны (1914-1918). Гэты 20-гадовы перыяд характарызаваўся адносна спакойным жыцьцём у Еўропе. Аднак, аншлюс Аўстрыі (сакавік 1938 года) і захоп Судэтаў нацысцкай Германіяй (1-10 кастрычніка 1938 года), зноў паказалі, што моцныя дзяржавы лёгка дамаўляюцца між сабой. Сведчаньнем таму ёсьць Мюнхенскі дагавор, паводле якога ЗША, Францыя і Брытанія пагадзіліся аддаць Германіі Судэты ў абмен на часовы спакой. Падаецца, што характар пакта Молатава-Рыбентропа аб ненападзе, заключаны 23 жніўня 1939 года паміж Германіяй і СССР, меў зусім іншы характар. Бо праз тыдзень пасьля яго заключэньня, 1 верасьня Германія пачала вайну з Польшчай, а 17 верасьня да Германіі ў вайну супраць Польшчы далучыўся Савецкі Саюз. Паводле таемнай дамовы пад непасрэднай пагрозай апынуліся народы некалькі краін Усходняй Еўропы: Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва, Малдовіі, і Польшчы, якая валодала ў той час тэрыторыямі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. На абарону Польшчы паўсталі Францыя, Вялікабрытанія – пачалася 2-я сусьветная вайна.
І надалей беларусаў ніхто не пытаўся пра рэалізацыю важных пытаньняў жыцьця краіны: Масква вольна ставіла межы паміж Польшчай, Літвой і Беларусьсю, у выніку чаго былі страчаны тэрыторыі, дзе пражывалі этнічныя беларусы (Беласточчына, Вілейшчына); палітычным было і рашэньне аб прыёме БССР у якасьці сябра ААН (чым да 90-х гадоў Беларусь ганарылася). Ніхто не праводзіў па гэтых пытаньнях плебісцытаў, рэферэндумаў, а каб і праводзіліся, то вынік быў бы вядомы. Сістэма савецкіх выбараў, калі кандыдатамі ў саветы усіх узроўняў былі прадстаўнікі блока камуністаў і беспартыйных, давала заўжды амаль 100-адсоткавы вынік “за”, бо альтэрнатывы не было. Адной альтэрнатывай было выжываньне – з-за пагрозаў страху і голаду. Існуюць розныя ацэнкі наступстваў пакта для Беларусі: адны аўтары ставяцца станоўча, ківаючы на значны прырост насельніцтва і тэрыторыі Беларусі, што знаходзіліся ў міжваенны час пад Польшчай, другія, адмоўна, бо беларускае насельніцтва вызваленых раёнаў патрапіла пад сталінскія рэпрэсіі, а пасьля яшчэ і зьведала 3-гадовую нямецкую акупацыю. Бо з пакта Молатава-Рыбентропа і пачалася 2-я сусьветная вайна (беларускі супраціў падчас акупацыі не падлягае ў поўнай меры пад катэгорыю нацыянальна-вызвольнага і не абмяркоўваецца ў артыкуле).
Жыцьцё без асэнсаванага выбару доўжылася на працягу халоднай вайны, калі ў беларусаў асабліва ніхто не пытаўся іх думкі і меркаваньняў. Усё як заўжды вырашалі моцныя дзяржавы. Амерыканскія і савецкія штабныя афіцэры парэзалі на карце Карэю на дзьве часткі па 38-й паралелі. Да гэтага часу Паўночная і Паўднёвая Карэя знаходзяцца ў стане вайны (перамір’е заключана ў 1953 годзе) і паміж імі існуе дэмілітарызаваная зона шырынёй 4 км і даўжынёй 241 км. Такім жа чынам, берлінская сьцяна падзяляла сьвет на два варожыя лагеры і хаця пагроза непасрэднай вайны зьнікла (дамовы аб абмежаваньні ядзернай зброі паміж СССР і ЗША, Хельсінскі Акт), але Беларусь жыла пад савецкім ядзерным парасонам, за жалезнай сьцяной, па-за якой жылі ворагі. Альтэрнатывы не было.
Жыцьцё якое станавілася пакрысе лепшым раптам абрынулася пасьля афганскай аванцюры, развалу КПСС, і затым СССР. Лёс падарыў у 1990 годзе Беларусі яшчэ адзін шанс – сёньня Беларусь спрабуе адбудаваць незалежную, самастойную і суверэнную краіну. Фармальна так выглядае. Аднак, па сутнасьці, як і ўсе малыя краіны, Беларусь знаходзіцца пад прэсам – зараз, як і ў часы СССР, яна ўваходзіць у сферу надзвычайна блізкіх геапалітычных інтарэсаў Расіі. Падаецца што курс, узяты Лукашэнкам на самым пачатку яго кіраваньня на яднаньне з Расіяй, абцяжарвае развіцьцё краіны. І не толькі таму, што Беларусь прывязана да расійскіх прыродных рэсурсаў і яе эканомікі – многія краіны знаходзяцца ў падобным узаемазалежным стане, напрыклад, Канада і ЗША. Але непрыймальным з’яўляецца стан грамадскай супольнасьці, якая, дарэчы, пачала прыціскацца спачатку ў Беларусі. Сітуацыя ў Расіі зараз па многіх асьпектах нагадвае Беларусь – прыцясненьні прэсы, палітычных рухаў, незалежных грамадскіх арганізацый, з’яўленьне палітзняволеных (у часы Ельцына гэта не было так выразна бачна). Лукашэнка, забаўляючы вярхушку Расіі, выціснуў з краіны амаль усе сьвядомыя беларускія сілы, па крайней меры, задавіў актыўнасьць беларускай эліты, якая яшчэ спрабуе штосьці здзейсьніць. З другога боку, напладзіліся шматлікія пра-расійскія арганізацыі (больш за сотню), якія змогуць адыграць пры неабходнасьці роль 5-й калоны. Казакі, якімі ніколі на беларускай тэрыторыі не пахла (хіба залётнымі), ужо пайшлі ў прэзідэнты.
З другога боку, кіраўніцтва Расіі працягвае гнуць сваю лінію. Пагрозы для незалежнасьці Беларусі ідуць як эканамічныя, так і ваенныя. З самых апошніх навін: у канцы жніўня Пуцін прапанаваў увесьці рубль як плацёжны сродак у краінах СНГ; 2 верасьня Мядзьведзеў на паседжаньні ўрада Расіі абмяркоўваў прапанову падпісаць Пагадненне паміж Расіяй і Беларуссю аб расійскай авіяцыйнай базе на беларускай тэрыторыі. Пра гэта паведамляе РІАН са спасылкай на прэс-службу Кабміна Расіі: “Падпісанне пагаднення будзе садзейнічаць арганізацыі сумеснай аховы знешняй мяжы саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь і доўгатэрмінова замацуе расійскую вайсковую прысутнасць у рэгіёне».
Гэта непасрэдная ваенная пагроза нашай краіне. Абвастрэньне халоднай вайны і сбліжэньне да вайны гарачай адбываецца паміж Расіяй і ЗША, Расіяй і НАТА, а Беларусь знаходзіцца на гэтай мяжы.
Як выстаяць у гэтым сьвеце, ды яшчэ зьберагчы і адбудаваць нацыянальную краіну? Прыклад Украіны сьведчыць, што для гэтага патрэбна мабілізацыя ўсіх унутраных сіл нацыі. Каб падпарадкаваць Украіну, краіну па маштабах не маленькую, Расія пачала ваенную агрэсію і анэксавала Крым (сакавік 2014) і працягвае правакацыйную гібрыдную вайну на у Данбасе. Расія, парушаючы шматлікія міжнародныя дамовы, ня здолеўшы пераадолець нечаканы і ярасны супраціў украінскага народа, зараз вядзе гандаль за геапалітычную украінскую прастору з ЗША і Еўрапейскім Саюзам, дзе галоўную ролю іграе Германія. Сёньня з-за пагрозы з боку Расіі хвалююцца тыя ж краіны Усходняй Еўропы, што былі ўключаны ў пакт Молатава-Рыбентропа ў 1939 годзе. Не выключэньне складае і Беларусь. Стан Беларусі дваякі – з аднаго боку па многіх асьпектах (палітычным, эканамічным, ваенным) яна часткова залежыць ад Расіі, але з другога боку як суб’ект міжнароднага права і незалежная краіна – яна мусіць весьці сябе адпаведна статусу.
У нядаўнім інтэрв’ю, які даў “Нашай Ніве” былы беларускі дысідэнд М. Кукабака, выказана думка што тое, што робіць Лукашэнка з’яўляецца найлепшым пакуль у Расіі кіруе Пуцін. Магчыма, што многія людзі падзяляюць яго думку і прызнаюць існаваньне “феномена Лукашэнкі”. Але беларускаму кіраўніцтву ў цяперашняй сітуацыі трэба быць больш рашучым. Спробы шукаць альтэрнатыўныя падыходы, да прыкладу, праз сумесныя праекты Украіны, Беларусі і Літвы, як абмяркоўвалася нядаўна міністрамі замежных спраў гэтых краін, выглядаюць не зусім пераканаўчымі. Відавочна, таксама, што вызваленьня палітвязьняў, якое адбылося 22 жніўня, будзе таксама недасткова, каб пацепліць адносіны з Захадам. Моцным і правільным ходам было б правядзеньне рэферэндуму (нават разам з цяперашнімі выбарамі) аб нейтральным стане Беларусі, што вырашыла б многія праблемы для краіны. Калі гэтага не будзе рабіць сучасны ўрад, то на гэта павінны быць скіраваны сілы нацыянальнай эліты.
Па якому шляху будзе развівацца далей Беларусь прагназаваць немагчыма. Можна толькі адзначыць, што найлепшым варыянтам, калі б такое было магчымым, было б дасягненьне стану нейтральнай дзяржавы, што дарэчы і прапісана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – “Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю без’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай” (Артыкул 18). Аднак, для гэтага трэба пакінуць ОДКБ як мінімум і вывесьці чужыя войскі са сваёй тэрыторыі (расійскія базы ў Ганцавічах і Вілейцы).
Тэарэтычна, пры ваенным нападзе Расіі, бараніць краіну будзе некаму. Не таму, што такіх людзей не знойдзецца, а таму, што іх будзе недастаткова, як бы гэтага не хацелі некаторыя палітыкі, уключна з Лукашэнкам, і як бы да гэтага не заклікалі (назапашваць зброю, спадзявацца на беларусаў-удзельнікаў вайны на Украіне, і г.д.). Думаецца, што ў цэлым беларусы не гатовы бачыць на сваёй тэрыторыі вайсковыя дзеі, бо як і многія цывілізаваныя народы паважаюць мірнае суіснаваньне. Да таго ж у Беларусі адсутнічаюць сур’ёзныя палітычныя сілы, за выключэньнем дзейнай улады, якія б маглі паднімаць людзей на барацьбу. Сёлетняя выбарчая кампанія гэта яскрава паказала – нават так называемыя казакі нейкім чынам сабралі больш за сто тысяч галасоў у сваю падтрымку, аднак не апазіцыйныя партыі. Калі браць прыклад з заходніх дэмакратый, то для большасьці партыйных лідэраў прайграўшых партый, лепшым чэсным выйсьцем была б адстаўка. Чым можна тлумачыць такія вынікі – дыктатурай, стомленасьцю насельніцтва ад выбараў, страхам, недаверам да апазіцыі і яе слабасьцю, абыякавасьцю беларусаў да палітыкі ці падтрымкай курса ўрада? Ці ўсім разам?
Можна сколькі заўгодна заклікаць да байкоту, ці з-за мяжы, ці выйшаўшы на плошчу ў Мінску, аднак, не маючы сур’ёзных арганізацыйных структураў, гэта будзе не больш чым голас у пустыні. Заклікі без падтрымкі дзеямі гэта поўны абсурд. Калі нават дапусьціць, што здарыцца нейкі байкот ці няўдзел, то, відавочна, што ён будзе не дзеля прызываў і заклікаў прыхільнікаў такога падыходу, а проста ад прадвырашанасьці выбараў і абыякавасьці беларусаў. Але нават такі тып байкоту не зьменіць іх вынікаў.
Інтэнсіўныя спрэчкі, якія распачаліся вакол кандыдата ў прэзідэнты, Тацьцяны Караткевіч, сьведчаць, што ў стане беларускай эліты няма адзінства. Сказываецца старая хвароба – пошук ворагаў. З прыхільнікамі практычных дзеяў, як гэта іранічна падае С. Карпаў (nn.by/?c=ar&i=155617), спрачаюцца людзі, якія прытрымліваюцца прынцыпіяльных пазіцый (В. Пракопчык, nn.by/?c=ar&i=155729). Калі дапусьціць, што Караткевіч не здымецца з выбараў і набярэ працэнтаў 15, то магчыма тон гэтых дыскусій зьменіцца. У той жа час, дыскусіі гэтыя маюць элітарны характар – яны мусяць быць, але як зразумела данесьці іх зьмест хаця бы да 25% выбарцаў? Як заявіў нядаўна былы палітвязень-анархіст, Ігар Аліневіч, менавіта народ, а не дзейнасьць адзінак будзе вырашаць лёс краіны.
З павагай ставячыся да лідэраў старой апазіцыі трэба канстатаваць, што нават іх аб’яднаньне цяпер не будзе вырашальным. Хаця б туды і падключыўся мужны чалавек і змагар, Мікалай Статкевіч. Голас яскравых прадстаўнікоў беларускай эліты вельмі важны, гэта іскра, якая калі-небудзь разгарыцца. Аднак, зноў жа, адных гэтых галасоў пакуль што недастаткова каб пабудаваць нейтральную, нацыянальную дзяржаву ў цэнтры Еўропы.
Можна пагадзіцца з тым, што выбары ўжо адбыліся. Бо рэальнай альтэрнатывы Лукашэнку няма. Трэба чэсна прызнаць – і не было. Апазіцыя (старая) разгромлена, у чым яна ж, не ў меньшай ступені чым дзейнасьць рэпрэсіўнага апарата, і вінавата. За 20 гадоў апазіцыйныя партыі істотна не прырасьлі колькасна, г.зн. не здолелі прыцягнуць на свой бок людзей. Грамадскія недзяржаўныя арганізацыі не з’яднаныя. Думаецца, што пакуль няма агульнай сістэмнай працы з насельніцтвам, якое было б гатова ўспрымаць моцныя, цікавыя эканамічныя праграмы, ці палітычныя рашэньні, то краіна будзе праз 5 год напяпэдадні новых выбараў у такім жа стане, як гэта назіраецца зараз, і як гэта было ў мінулыя выбары (2001, 2006, 2010).
З аднаго боку, гэта будзе зноў абумоўлена традыцыямі савецкай выбарчай сістэмы, якая культывуецца Лукашэнкам, а з другога боку тым, што беларусы не адукаваныя ў палітычнай культуры. Мала хто з шараговых беларусаў адрозніць ідэалогію ліберальнай партыі ад ідэалогіі партыі сацыял-дэмакратычнага накірунку. Беларусы не гатовыя да альтэрнатыўнага выбара – ім, як бы, і так добра. Таму адукацыя і асьвета застаюцца амаль адзінымі сродкамі беларускай эліты, каб адкрыць беларусам вочы і праясьніць іх розум у дачыненьні да дэмакратычных падыходаў арганізацыі грамадства. Пакуль што ў Беларусі амаль адсутнічаюць грамадскія інстытуты і ініцыятывы, якія б у істотнай ступені кантралявалі дзейнасьць дзяржаўных устаноў і аўтарытарныя падыходы ў галіне правоў і свабод чалавека.
Нягледзячы на такі пессымістычны аналіз фінал артыкула мусіць быць пазітыўным і тут, ідэя яднаньня, хоць і зусім не новая, стаіць на першым плане. Няма будучыні ў дэмакратычным развіцьці Беларусі без яднаньня палітычных партый, недзяржаўных грамадскіх арганізацый і актыўных беларускіх грамадзян, без утварэньня новага нацыянальна руху з адзінай платформай\стратэгіяй. Сябры партый маглі б уключыцца ў склад такога руху толькі на непартыйнай аснове. Такі рух можа быць створаны нават у віртуальнай прасторы, праз інтэрнэт, са свабодным выхадам і ўваходам (прыкладная схема прадстаўлена ў праекце “Разам”, http://www.sakavik.net). Ключавой ідэяй яднаньня і новай стратэгіі можа быць будаўніцтва нейтральнай, нацыянальнай дзяржавы ў Еўропе.
Piotra Murzionak: CHOICE OF PEACE
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, September 2015, issue 11, pp. 14-20)
It is discussed that in its history Belarus was almost never really fighting for its independence as it might be defined as a national liberation movement. That it was while getting a statehood in 1919 or joining of two parts of the country, East and West, just before II World War. During the time indicated the great countries, countries of “four” and Russia determined the fate of Belarusians. It was also true that they were strongly influenced by political, ideological, and cultural policies of Russia and were protected by Russian umbrella from the West. Russian pressure for two centuries resulted in almost absence of the will in Belarusians to fight for freedom and in a very low level of political culture. Belarus now continues to be under Russian economical and military pressure (propositions by Russian leaders to have a rouble as main money in Commonwealth countries, to create military airbase on Belarusian territory). As optimal outcome in this situation, a conducting of referendum about neutral status of Belarus is discussed.
Categories: Асьвета, Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ