Браніслаў Тарашкевіч. Прэм’ера спэктаклю ў Менску

У тэатры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту «На бальконе» аматарская трупа правяла прэм’еру спэктаклю «Браніслаў. Сцэны з жыцьця ды сноў» паводле аднайменнай п’есы Эльдара Бякірава.

Спэктакаль прысьвечаны Браніславу Тарашкевічу, выдатнаму навукоўцу, беларускаму незалежніку, грамадзкаму дзеячу.

Цягам некалькіх месяцаў акторы-аматары рэпэтавалі разам з рэжысэрам і аўтарам п’есы. Эльдар Бякіраў напісаў п’есу пра рэфарматара беларускага правапісу яшчэ ў 2012 годзе, але рэалізоўваецца пастаноўка толькі цяпер — пры падтрымцы Арт Сядзібы і Асамблеі няўрадавых арганізацыяў.

Перад прэм’ерай Эльдар Бякіраў сказаў Свабодзе, што рэжысэр ніколі не павінен быць задаволены вынікам сваёй працы — у тэатры заўсёды застаецца прастора для ўласканаленьня.

«Кастынг правялі летам, а рэпэтыцыі праходзілі ўвосень. Можна сказаць, што спэктакль быў зроблены за паўтара месяца. Пры гэтым мы ня мелі магчымасьці рэпэтаваць кожны дзень — акторы не прафэсіяналы, а аматары, у кожнага свае клопаты, вучоба, праца. Але я лічу, што за гэты час мы прысьвяцілі сябе спэктаклю, ужыліся ў яго. Пасьля спэктаклю я разьлічваю пачуць водгукі гледачоў, на падставе якіх, магчыма, будуць зробленыя нейкія зьмены. Гэта спэктакль-канструктар, пабудаваны са сцэнаў такім чынам, што іх можна мяняць месцамі, нешта выкідаць, нешта дадаваць».

Аляксей Сапрыкін у ролі Браніслава Тарашкевіча

Аляксей Сапрыкін у ролі Браніслава Тарашкевіча

У спэктаклі паўстае вобраз мовазнаўца Браніслава Тарашкевіча, яго каханай, маці-Беларусі, а таксама некалькі пэрсанажаў, якія ўвасабляюць рэаліі таго часу, калі жыў навуковец, — савецкі сьледчы, польскія камісары, савецкі вучоны.

Як патлумачыў рэжысэр-пастаноўшчык спэктаклю Эльдар Бякіраў, у вобразе Тарашкевіча можна пабачыць і сучаснага чалавека, які мае сваё ўяўленьне пра будучыню краіны і вымушаны сутыкацца з рознымі выпрабаваньнямі на сваім шляху.

«Каб ня страціць нацыю, трэба мець мову. Пакуль ёсьць надзея, я не пахіснуся. Але я бачыў кепскі сон — нібыта ў Менску праз 100 гадоў усё будзе на расейскай мове», — гаворыць галоўны герой у спэктаклі.

Як адзначыў пасьля прэм’еры мовазнаўца Вінцук Вячорка, папярэдні падобны паказ у сьценах БДУ адбыўся ў 1982 годзе:

«Беларуская Майстроўня ставіла ў БДУ спэктакаль „Цар Максіміліян“, які быў фармальна народнай драмай, а фактычна — пра тое, як вызваліцца з-пад чужацкіх культаў. І вось толькі праз 33 гады ўнівэрсытэцкія муры пабачылі наступны спэктакаль, пастаўлены студэнтамі, які перакідвае масток у тую эпоху, калі сьветлыя людзі разумелі, што такое каштоўнасьці. Прайшоў пэўны гістарычны цыкль, і мы нікуды не падзеліся бяз гэтага мосьціка», — адзначыў Вінцук Вячорка.

Ён таксама сказаў, што да рэальнага Тарашкевіча і яго біяграфіі п’еса мае дачыненьне пастолькі, паколькі ён быў адным з многіх, хто цягнуў на сабе мроеную Беларусь і хто зазнаў праз гэта экзыстэнцыйную трагедыю:

«Гэта паказана праз кліпы, якія адлюстроўваюць у спэктаклі выпадкі з жыцьця Тарашкевіча і яго сны, і архетыпы. Рэальны Тарашкевіч праходзіў праз свае выклікі».

Гледачы пасьля спэктаклю мелі магчымасьці падзяліцца з рэжысэрам і акторамі ўражаньнямі і задаць ім пытаньні:

«Гэта было моцна. У нас расейскамоўная сям’я, але пасьля спэктаклю мы з жонкай пачалі абмяркоўваць, што трэба нашу дачку аддаць у беларускамоўны садок. Ды і зь біяграфіяй Тарашкевіча захацелася пазнаёміцца», — сказаў адзін з гледачоў.

У межах прэм’еры заплянаваныя яшчэ чатыры паказы спэктаклю.



Categories: Аб'явы, Культура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: