Васіль Герасімчык і Генадзь Семянчук: Усе браты і сёстры Кастуся Каліноўскага

“Наша Ніва”, 19 сьнежня 2015 года

У Сымона Каліноўскага ад двух шлюбаў было 22 дзіцяці, але толькі шасці з іх было наканавана перажыць яго. Пішуць Васіль Герасімчык і Генадзь Семянчук.

Штогод 31 кастрычніка ў дзень народзінаў Віктара Каліноўскага — ідэолага Паўстання — у Свіслачы адбываюцца памятныя мерапрыемствы. Н фота: ўдзельнікі каля магілы Віктара Каліноўскага. Дзесьці побач ляжаць і іншыя браты і сёстры Кастуся.

Кастусь Каліноўскі. 1862 год.

Каліноўскія, згодна гісторыку Анатолю Смірнову, вялі свой радавод ад Амброзія Самойлава, які ў 1679 годзе на тэрыторыі Бельскай зямлі набыў маёнтак Калінава з пяццю хутарамі.

Сам Амброзій быў мечнікам Візенскай зямлі ў паўночна-заходняй Мазовіі, на мяжы Беларусі і Літвы — той яе часткі, якая ў старажытнасці пэўны час уваходзіла ў склад рускіх княстваў. Нашчадкі Амброзія атрымалі прозвішча Каліноўскія ад назвы радавога ўладання Калінава, размешчанага недалёка ад Бранска, у судзе якога яны вырашалі спрэчкі з суседзямі, пакідаючы пасля сябе адпаведныя запісы ў судовых кнігах.

Паступовы заняпад краю, выкліканы шматлікімі войнамі і пастоямі варожых войскаў, якія ператварылі Рэч Паспалітую ў аўстэрыю, сваім цяжарам абрынуўся на мясцовую шляхту.

Прадзед Кастуся Каліноўскага — Мацей, вымушаны быў у 1769 годзе прадаць радавы маёнтак і зрабіўся беззямельным шляхцічам.

Дзеці Мацея рассяліліся па розных месцах, а адзін з сыноў — Стэфан, пасяліўся ў вёсцы Рэпля Ваўкавыскага павета, дзе ў яго разам з жонкаю Тэрэзіяй (у дзявоцтве — Дабравольскай) у 1795 годзе нарадзіўся сын Сымон. У Тэрэзы і Стэфана было шмат дзяцей, але толькі тром з іх — Сымону, Рыгору і Антаніне — удалося перажыць бацькоў.

Сымон Стэфанавіч Каліноўскі ад прыроды быў кемлівым і мэтаскіраваным чалавекам, марыў пра вялікую сям’ю і ўласны маёнтак. Аднак на гэтым шляху мелася шмат перашкод, асабліва ва ўмовах вызначанага сацыяльнага падзелу грамадства на прывілеяваныя і непрывілеяваныя саслоўі.

Першай сваёй задачай Сымон бачыў даказаць шляхецтва: ён нарадзіўся ў Ваўкавыскім павеце, але ў раннім дзяцінстве пераехаў у Гродзенскі, так і не атрымаўшы пасведчання аб уласным шляхецкім паходжанні.

Пацверджанне шляхецтва было яму дадзена 4 лістапада 1822 года ад Беластоцкага дваранскага сходу.

Сымон Каліноўскі ажаніўся з Веранікай з Рыбінскіх,

маладзейшай за яго на 11 гадоў, і ад яе ўжо ў 1833 годзе меў чатырох сыноў: Кандрата (7 г.), Іосіфа (5 г.), Юрыя (2 г.) і нованароджанага Віктара Отана. Усяго Вераніка нарадзіла яму 12 дзяцей, пакуль не памерла ад родаў у веку 37 гадоў 29 красавіка 1843 года ў Мастаўлянах Гродзенскага павета (сёння — тэрыторыя Польшчы, на мяжы з Беларуссю).

Менавіта ў Мастаўлянах, дзе ў 1835 годзе Сымон Каліноўскі заснаваў фабрыку льняных вырабаў, увечары 21 студзеня (2 лютага па н.ст.) 1838 года нарадзіўся яго сын, названы ў гонар каталіцкіх святых Вінцэнта Палоцці і Вінцэнта Сарагоскага.

Аднак, як адзначае гісторык літаратуры Язэп Янушкевіч, даўняя звычка называць дзіця ў гонар святога, у залежнасці ад дня нараджэння, не заўсёды падабалася бацькам. Адсюль паходзіць з’ява надавання дзіцяці другога, і нават трэцяга імя, як у выпадку Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі. Таму

пасля хрышчэння немаўляці ў парафіяльным касцёле мястэчка Ялоўка 6 лютага імем Вінцэнт, 4 красавіка ксёндз Францішак Кажанеўскі ахрысціў яго яшчэ імем Канстанцін.

Гэтае другое імя Каліноўскі выкарыстоўваў у адносінах са сваякамі і сябрамі. Вінцэнтам жа ён пазней стаў падпісваць афіцыйныя паперы.

Яго сястра Казіміра Ізабэла адзначала, што брат, быццам Янус, меў два ўвасабленні — адно ў адносінах з дзяржавай, другое — для самых блізкіх людзей.

Пасля смерці Веранікі сям’ю Каліноўскіх напаткала сапраўдная пошасць: адно за адным услед за матуляю сталі выпраўляцца дзеці…

Глядзець сям’ю і пры гэтым займацца фабрыкай бацьку было неймаверна цяжка, што і стала адной з асноўных прычын яго другога шлюбу — з Ізабэлай Лазарэвіч.

Сумесна з другой жонкай Сымон у красавіку 1849 года набыў ў памешчыка Вінцэнта Ляскоўскага 226 дзесяцін і маёнтак Якушоўка. У ім амаль штогод сталі нараджацца дзеці.

Усяго Сымон з Ізабэлай мелі 10 дзяцей. Іх імёны ўзгадваюцца ў метрыках Свіслацкага касцёла за 1848-1868 гады.

У 1848 годзе яшчэ ў Мастаўлянах нарадзіўся сын Сымона і Ізабэлы Фелікс, які памёр 28 чэрвеня 1853 года ў Якушоўцы ад залатухі, не дажыўшы да пяці гадоў. Пахаваны ў Свіслачы.

4 лютага 1851 года нарадзіўся Ісідор Тэафіл Каліноўскі, 6 лютага ахрышчаны ў Якушоўцы. Кумы: Мікалай Лазарэвіч і Юлія Каменская. Таксама пры хрышчэнні прысутнічалі Мікалай Камінскі і Юлія Лазарэвіч. Ён памёр 5 жніўня 1851 года «от вреда» у веку 7 месяцаў і быў пахаваны ў Свіслачы.

24 ліпеня 1852 года нарадзіўся Юльян Каліноўскі, 27 ліпеня ахрышчаны ў Якушоўцы. Кумы: Аляксандр Антановіч і Лізавета Банькоўская. У запісы аб смерці за 15 верасня 1852 года малое дзіця названа «девицей», пахаваны ў Свіслачы.

11 ліпеня 1853 года нарадзілася Лізавета Каліноўская, 19 ліпеня ахрышчана ў Якушоўцы.

9 лістапада 1854 года нарадзілася Іосіфа Уршуля Каліноўская, ахрышчаная 14 лістапада 1854. Кумы: Восіп Мадзеньскі з Іосіфай Савашкевіч. Прысутнічаў Пётр Савашкевіч з Вольгаю Каліноўскай. У запісе аб смерці «от вреда» за 21 студзеня 1855 года малое названа Ізабэлай, памерлай у веку 3 месяцаў. Пахавана ў Свіслачы.

8 снежня 1855 года ў сям’і Каліноўскіх нарадзіўся сын Міхаіл, які быў ахрышчаны ў Якушоўцы 20 снежня 1855. Кумы: Мікалай Каліноўскі з Юзэфай — жонкай Пятра Савашкевіча.

29 студзеня 1858 года ў Якушоўцы ва ўзросце 85 гадоў памерла маці Сымона Каліноўскага, бабуля Кастуся — Тэрэзія, пахаваная ў Свіслачы.

1 ліпеня 1858 года нарадзілася Іаганна-Юзэфа Каліноўская. 3 ліпеня 1858 ахрышчана ў Якушоўцы. Кумы: Фелікс Яновіч і Юзэфа Савашкевіч.

3 сакавіка 1860 нарадзілася Казіміра Ізабэла Каліноўская, у замужжы — Багушэвіч. 7 сакавіка 1860 года ахрышчана ў Якушоўцы. У 1913 годзе звесткі з яе ліста да Людвіга Чарноўскага былі выкарыстаны пры напісанні гістарычнай даведкі на Кастуся Каліноўскага, змешчанай у якасці дадатка да мемуараў палітычнага праціўніка яе брата — Якуба Гейштара.

6 верасня 1861 года нарадзілася Сабіна Каліноўская, ахрышчаная 20 верасня 1861 года.

25 кастрычніка 1862 года ў Якушоўцы ва ўзросце 29 гадоў ад сухотаў памёр Віктар Каліноўскі, пахаваны 27 кастрычніка 1862 года ў Свіслачы.

Апошняй у сям’і Сымона і Ізабэлы Каліноўскіх 21 лютага 1864 года нарадзілася дачка Міраслава Элеанора, ахрышчаная 2 сакавіка1864 года. Праз тыдзень, 10 сакавіка (22.03 паводле новага стылю) на Лукішскім пляцы ў Вільні быў павешаны яе старэйшы брат — Кастусь Каліноўскі.



Categories: Гісторыя

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: