Пётра Рудкоўскі: Праблемныя ўяўленні Бэнэдыкта Андэрсана

“Наша Ніва”, 20 сьнежня 2015 г.

13 снежня памёр Бэнэдыкт Рычард Андэрсан, славуты гісторык, палітолаг і паліглот, аўтар векапомных «Уяўленых супольнасцяў», цягам апошняй чвэрці стагоддзя — ці не найчасцей цытаваны аўтарытэт у галіне нацыязнаўства. Ён спалучаў у сабе еўрапейца і азіята, інтэлектуала і дзеяча, навукоўца і літаратара-эсэіста. Глыбока закаханы ў марксізм і глыбока расчараваны ў ім. Душой і сэрцам адданы Інданэзіі і цягам доўгіх гадоў – персона нон грата у гэтай краіне. Крытык нацыяналізму і адначасова памяркоўны абаронца нацыяналізму. Карацей кажучы, багатая і каларытная постаць.

Адным з найлепшых спосабаў ушанаваць выбітнага інтэлектуала з’яўляецца крытычная рэфлексія над яго спадчынай. Менавіта гэты спосаб ушанавання хачу і абраць у гэтым допісе. Рэфлексія будзе прысвечана згаданай ужо працы «Уяўленыя супольнасці» і яе ўспрыманню ў акадэмічнай і медыйнай прасторы.

Прыкладна 97% кнігі «Уяўленыя супольнасці» — гэта бліскучы аналіз грамадска-палітычных ды культурных працэсаў, якія займелі месца ў XVIII—ХІХ стагоддзях і прывялі да паўстання навачасных нацыяў. Гаворка йдзе пра такія працэсы, як падзенне дынастый, секулярызацыя, заняпад «сакральнай мовы», а таксама змена канцэпцыі часу.

Прыкладна 3% кнігі (пераважна пачатак) прысвечана агульнай тэорыі нацыі. Аўтар спрабуе тут даць сінтэтычную дэфініцыю нацыі і сфармуляваць асноўныя прынцыпы даследавання нацыяналізму.

Даследчык Азіі і нацыянальных рухаў Бэнэдыкт Андэрсан памёр у сваёй улюбёнай Інданэзіі на 80-м годзе жыцця.

Лічу, што ў якасці гістарычнага аналітыка Андэрсан — выбітны аўтар. Але ў якасці тэарэтыка нацыі і нацыяналізму — не больш чым аматар. Так сталася, аднак, што гэтыя 3% марнай эсэістыкі Андэрсана зацямнілі 97% якаснай, навуковай аналітыкі.

Мас-медыі імгненна растыражавалі, быццам рэкламны ролік, гэтую беззмястоўную фразу: «Нацыі — уяўленыя супольнасці», а некаторыя акадэмічныя асяродкі хорам яе падхапілі і аб’явілі знакам новай эпохі ў нацыязнаўстве. Цягам апошніх дваццаці-трыццаці гадоў амаль ніводная канферэнцыя і ніводзін артыкул на тэму нацыі і нацыяналізму не абыходзіліся без рытуальнага цытавання гэтай фразы.

У чым праблема з канцэпцыяй нацыі як «уяўленай супольнасці»? Праблема тут не ў тым, што яна прыніжае або перабольшвае ролю нацыяў. Праблема ў тым, што яна пазбаўлена акрэсленага зместу. Што значыць, што нацыі — гэта нешта «ўяўленае»? Як адрозніць палітычную супольнасць, якая з’яўляецца «ўяўленай», ад супольнасці, якая «ўяўленай» не з’яўляецца? Гаворачы тэхнічнай мовай, што ёсць класам кантрасту для катэгорыі «ўяўленая палітычная супольнасць»?

Андэрсан у пэўным месцы нібыта паясняе: «Уяўленая — бо чальцы нават найменш шматлікай нацыі ніколі не ведаюць большасці сваіх суайчыннікаў». Ці гэта азначае, што калі чальцы ўзаемна пазнаёмяцца, то тым самым перастаюць быць «уяўленай супольнасцю»?

Паўстае тут яшчэ адно пытанне. Дапусцім, што некаторыя чальцы нейкай палітычнай супольнасці (ПС) не ведаюць адзін аднаго. Ці гэтага дастаткова, каб сцвердзіць, што ПС з’яўляецца уяўленай супольнасцю (=нацыяй)?

Андэрсанаўская канцэпцыя нацыі сфармулявана прэтэнцыёзна, але яна вельмі непрактычная ў даследніцкім плане. Любая супольнасць у нейкай ступені «ўяўленая» і ў дачыненні да любой супольнасці патрэбна ангажаваць сваё ўяўленне, будзь то нацыя, дзяржава, царква ці акадэмічная супольнасць. Інфармацыйная вартасць фразы «нацыя — уяўленая супольнасць» не нашмат большая, чым, скажам, фраза «Жывы чалавек — гэта жывы арганізм» або «Камень — гэта сукупнасць элементарных часцінак». Ухваленне канцэпцыі Андэрсана як «новага падыходу» або нават «новай парадыгмы» нагадвае «адкрыццё» Журдэна з п’есы Мальера. Журдэн, як вядома, на старасць гадоў са здзіўленнем адкрыў, што ў штодзённым жыцці «прамаўляе прозай».

Акрэсленне нацыі як «уяўленай супольнасці», аднак, займела сваё практычнае прымянне. З канца 80-х яно пачало прымяняцца як рытарычны біч на гэтак званых «прымардыялістаў». Калі хтось пачынаў разважаць аб нацыях як аб натуральнай або спрадвечна існуючай з’яве, то трэба было выцягнуць гэтыя два словы і лупцануць імі, быццам закляццем, у гэтага невука. У 80-х ды 90-х гадах (а ў некаторых асяроддзях да сённяшняга дня) было праявай добрага тону прынамсі ў некалькіх словах скрытыкаваць «прымардыялізм». Крытыка прымардыялізму стала свайго роду «пропускам» у свет «сучаснай канцэпцыі нацыі». А паколькі няшмат ёсць такіх, хто не хоча быць «сучасным», то гэта фактычна азначала быць або не быць тэарэтыкам нацыяналізму. (Метадалагічная вартасць або марнасць прымардыялізму — гэта асобная тэма, якую пакідаю на іншую аказію. У гэтым месцы падкрэсліваю толькі рытарычную функцыю Андэрсанавай «дэфініцыі».)

Спакусе выкарыстання «ўяўленых супольнасцяў» як рытарычнага прыёму ў атакаванні прымардыялізму паддаўся таксама адзін з найбольш шанаваных мной беларускіх інтэлектуалаў — Валер Булгакаў.

Аналагічна як і сам Андэрсан, спадар Булгакаў мае агромністыя заслугі ў даследаванні нацыяналізму (у гэтым выпадку — беларускага нацыяналізму), але гэтыя заслугі, на маю думку, месцяцца ў нечым іншым, чым адаптацыя згаданай канцэпцыі нацыі. Расплывістую катэгорыю «уяўленыя супольнасці» Булгакаў дапоўніў яшчэ больш расплывістай катэгорыяй «абстрактнага паняцця» і пачаў прымяняць яе да крытыкі «прымардыялістаў». Але ў чым заключаецца метадалагічная вышэйшасць канцэпцыі Андэрсана ў булгакавай адаптацыі — не дужа ясна.

«Нацыя, — ухвальна цытуе Булгакаў Міраслава Гроха, — гэта супольнасць, прадстаўнікі якой здольны ўявіць дадзеную супольнасць у якасці абстрактнага паняцця». Мала было праблем з паняццем уяўлення, то яшчэ трэба было ўскладніць сітуацыю катэгорыяй абстрактнага паняцця. Што значыць «уявіць супольнасць у якасці абстрактнага паняцця» і чым адрозніваецца ўяўленне нечага ў якасці абстрактнага паняцця ад уяўлення яго ў якасці канкрэтнага паняцця? Ці Дунін-Марцінкевіч быў здольны уяўляць Беларусь як абстрактнае паняцце ці не быў здольны? А Зянон Пазняк — здольны ці не здольны? А я — сканфужаны аўтар гэтых радкоў — здольны ці не здольны? Не ведаю. Катэгорыя «быцця здольным да абстрактнага ўяўлення нацыі» настолькі бедная сваім зместам, што можна яе прымяняць да чаго заўгодна.

У наш век паўстала шмат фразаў-мемаў, якія амаль аўтаматычна тыражуюцца мас-медыя і становяцца часткай рытарычнага рацыёну многіх прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці. «Сацыяльны канструкт», «постметафізіка», «постмадэрнізм», «смерць філасофіі», «смерць суб’екта» — вось некалькі прыкладаў выразаў-пустышак, якія ўтвараюць алібі для тых, хто не ўмее або лянуецца займацца карпатлівай аналітычнай працай. Андэрсаэнавы «уяўленыя супольнасці» — адно з такіх алібі. Але, у адрозненне ад некаторых іншых «знакавых інтэлектуалаў», Андэрсан пакінуў добры след у абшары гістарычна-культуралагічнай аналітыкі. І гэты след, спадзяюся, будзе станавіцца больш заўважным.

* * *

 



Categories: Нацыя

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: