Імёны Свабоды: Браніслаў Тарашкевіч

Браніслаў Тарашкевіч

Браніслаў Тарашкевіч

Уладзімер Арлоў

[арыгінал публікацыі, 19 студзеня 2006]

Калі б нават Браніслаў Тарашкевіч выдаў толькі сваю «Беларускую граматыку для школ», ён ужо навекі застаўся б у аналах нацыянальнай гісторыі. Але жыцьцё гэтага чалавека, што прыйшоў на сьвет 20 студзеня 1892 году на Віленшчыне, ніколі не абмяжоўвалася навуковымі штудыямі.

Нарадзіўшыся на 50 гадоў раней, ён, безумоўна, стаў бы ў шэрагі каліноўцаў. Новая эпоха дыктавала іншыя формы змаганьня.

Адзін зь лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, заснавальнік Таварыства беларускай школы, кіраўнік 120 -тысячнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады — самай масавай грамадзкай арганізацыі Заходняй Беларусі…Яскравыя, вострыя і аналітычныя прамовы, зь якімі дэпутат Браніслаў Тарашкевіч выступаў з трыбуны Польскага сойму ў абарону правоў беларусаў, на добры лад, трэба было б прымусіць вывучаць цяперашніх беларускіх «дэпутатаў».

Першы арышт у 1927-м. Прысуд — 12 гадоў турмы. Датэрміновае вызваленьне не зьмяніла поглядаў і жыцьцёвых прынцыпаў Тарашкевіча. У 1932-м ён выслухаў новы вырак: 8 гадоў катаржнага астрогу. Праўда, польскія турмы крыху адрозьніваліся ад савецкіх. Пакуль суседзі па камэры перакідваліся картамі, Тарашкевіч перакладаў на беларускую мову Міцкевічавага «Пана Тадэвуша».

У выніку абмену палітвязьнямі ён быў перададзены Савецкаму Саюзу. У тыя часы для людзей кшталту Тарашкевіча гэта несла сьмяротную небясьпеку. У Беларусь, куды рвалася душа, яго не пусьцілі. Пасьля арышту ў 1937 годзе ўмоваў для перакладчыцкай працы ўжо не было. У студзені 1938-га гэтак званая «двойка» засудзіла Браніслава Тарашкевіча да вышэйшай меры пакараньня.

Праз 20 гадоў ён будзе рэабілітаваны «за адсутнасьцю складу злачынства». У 1980-я ў Менску і Ольштыне выйдуць ягоныя пераклады «Пана Тадэвуша». Зроблены Тарашкевічам поўны пераклад «Іліяды» дагэтуль ня знойдзены.

Застаецца дадаць, што пры падрыхтоўцы тэксту гэтай перадачы, як і ўсіх іншых праграмаў Радыё Свабода, выкарыстаны беларускі клясычны правапіс, які звычайна называюць тарашкевіцай.



Categories: Асобы, Мова

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: