Пятая калона дзейнічае: Адкуль у віцебскім універсітэце ўзялася псеўданавуковая «Залатая кафедра Расіі»

Чытач «Нашай Нівы» з Віцебска даслаў у рэдакцыю ліст, у якім звярнуў увагу на тое, што ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны ажно дзве кафедры ўзнагароджаныя званнем «Залатая кафедра Расіі». Як у беларускай установе адукацыі могуць існаваць кафедры іншых дзяржаваў? «Наша Ніва» разабралася і высветліла, што тое званне — не больш як псеўданавуковае махлярства.

Што такое «Залатая кафедра Расіі»? Гэта псеўданавуковая ўзнагарода, якую выдае г.зв. «Расійская акадэмія прыродазнаўства». У 2013 годзе гэтую ўзнагароду атрымала кафедра гігіены жывёлаў, якой кіраваў Мядведскі Уладзімір Аляксандравіч, а ў 2012 кафедра паразіталогіі і інвазійных хваробаў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі.

Тады гэтай кафедрай, як і усёй акадэміяй, кіраваў Антон Ятусевіч.

Трохі раней ён атрымаў ад той жа «Акадэміі прыродазнаўства» шэраг іншых узнагарод: званне «Заслужаны дзеяч навукі і адукацыі» і «Залаты медаль імя М.І. Вавілава».

«Антон Іванавіч, віншуем вас з наданнем ганаровага звання «Заслужаны дзеяч навукі і адукацыі» ад Расійскай акадэміі прыродазнаўства. Чым тлумачыцца такая ўвага да вас і да беларускага ВНУ ў замежжы?» — пыталіся ў лаўрэата журналісты «Беларускай нівы» ў 2013 годзе.

Прафесар Ятусевіч быў членам Савета Рэспублікі.

Той пералічваў шэраг сваіх дасягненняў і падсумоўваў, што і надалей разам з калегамі будзе трымаць «марку навукоўцаў сусветнага ўзроўню».

Між тым «Расійская акадэмія прыродазнаўства» — гэта акадэмія толькі па назве. Ніякіх навуковых складнікаў у ёй няма. Гэта выдавецкі дом, які друкуе і прадае прагным да ўзнагародаў навукоўцам свае ліпавыя дыпломы. Напрыклад, той «Залаты медаль імя М.І. Вавілава» «Расійскай акадэміі прыродазнаўства» — гэта копія аднайменнага медаля аўтарытэтнай Расійскай акадэміі навук.

Паводле «Вікіпедыі», з 1997 года сапраўдным медалём імя Вавілава ўзнагароджаныя толькі тры чалавекі. Прысуджаецца сапраўдны медаль за «выбітныя работы ў галіне генетыкі, селекцыі і раслінаводства». У «РАП» фармулёўка прысуджэння ўзнагароды абсалютна такая ж, з той розніцай, што за «ўзнагароды» РАП трэба плаціць, і атрымаць гэты медаль можа абсалютна кожны.

Робіцца гэта такім чынам: на сайце «РАП» ахвотнаму прапануецца стаць «сушукальнікам» узнагароды, якіх некалькі дзясяткаў на выбар.

Пасля афармлення запыту праз нейкі час на электронную пошту прыходзіць адказ ад «навуковага сакратара», дзе паведамляецца, што кандыдатура сушукальніка ўхваленая да ўзнагароджвання.

За грошы выдавецкі дом прадае нават званні акадэміка, прафесара і члена-карэспандэнта «РАП»!

Вядома, што гэтыя званні толькі дублююць афіцыйныя навуковыя пасады, бо «РАП» не з’яўляецца навуковай акадэміяй. Такое сабе «казацтва» ў навуковым асяродку.

Але адная справа купляць ліпавыя званні і прэміі для сябе. Другая справа — афармляць узнагароду на кафедру. Узнікае пытанне, ці не за дзяржаўныя сродкі набывалася тая «Залатая кафедра Расіі» ў Віцебскай акадэміі?

Мы датэлефанаваліся да спадара Антона Ятусевіча, які даў нам «чэснае прафесарскае слова», што за гэтыя ўзнагароды ён не заплаціў ні капейкі. Маўляў, «мы ўбачылі на сайце абвестку пра конкурс на «Залатую кафедру», адаслалі дакументы і перамаглі».

Журналісты «Нашай Нівы» таксама, для эксперыменту, напісалі запыт на ўзнагароджванне нашай «кафедры» званнем «Залатой кафедры Расіі».

Літаральна праз дзень прыйшоў адказ, сутнасць якога: «вы перамаглі, пералічыце на гэты рахунак 7000 расійскіх рублёў на «афармленне дакументаў» і забірайце сваю ўзнагароду». Пры жаданні можна прыехаць у «РАП» асабіста, альбо замовіць перасылку на свой адрас.

Апроч дзвюх кафедраў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, узнагароду «Залатая кафедра Расіі» мае, напрыклад, «кафедра» «эніяінжынерыі» «Акадэміі эніяінжынераў Расіі».

Яна існуе толькі ў інтэрнэце, і кіруюць гэтай «кафедрай» шарлатаны, якія называюць сябе «дактарамі энэргаінфармацыйных навук» і «лечаць» рак «энэргіяй жыцця з космасу», як ім тое дыктуе «Найвышэйшы касмічны розум». На пытанне, ці не засмучае яго тое, што гэтая «РАП» выдае свае фіктыўныя ўзнагароды ўсім ахвотным шарлатанам, Антон Ятусевіч сказаў, што яму пра гэта нічога не вядома.

Дарэчы, на сайце «РАП» ёсць спісы іхніх «членаў-карэспандэнтаў», «акадэмікаў» і «прафесараў», сярод якіх ёсць і беларусы.

Арцём Гарбацэвіч
http://nn.by/?c=ar&i=163696



Categories: Зьнешнія адносіны, Мараль

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: