Мілінкевіч: Праз 10 год пасьля Плошчы Каліноўскага я зразумеў, што народная рэвалюцыя ў Беларусі немагчымая. Пакуль што

«Мы спадзяваліся, што стануць заводы і спыняць заняткі ўнівэрсытэты. Мы рыхтавалі сваіх актывістаў на прадпрыемствах і ў ВНУ. Я сапраўды меў надзею, але толькі сама падзея магла паказаць, як усё пойдзе», — лідэр першай беларускай Плошчы, адзіны кандыдат ад апазыцыі на выбарах 2006 году, старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч узгадаў падзеі 10-гадовай даўнасьці і расказаў Свабодзе пра памылкі і дасягненьні, якія былі зробленыя на плошчы Каліноўскага.

— Прайшло 10 год ад выбарчай кампаніі 2006 году, падчас якой вы былі адзіным кандыдатам ад апазыцыі. Што даў той досьвед? Якая выснова была зробленая?

— Асноўная выснова прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году — трэба яднацца. У Беларусі жорсткі аўтарытарны рэжым. У нас няма самадастатковых дэмакратычных арганізацыяў, таму, калі не аб’яднаемся, ня маем шанцаў на стварэньне моцнай сілы на прэзыдэнцкіх выбарах. Акурат у 2006 годзе ўдалося аб’яднацца. Вядома, не на 100%, многія працавалі самааддана, а хтосьці без энтузіязму, бо ня іх партыя выйграла Кангрэс. Ну што ж — не бывае, каб усё ідэальна. І сёньня, і 10 год таму важна разумець, што палітыка — поле ня толькі для амбіцыяў, але і для адказнасьці. Я лічу, што Кангрэс дэмакратычных сілаў, які прайшоў у 2005 годзе і які аб’яднаў апазыцыю, быў прыкладам рэальнай адказнасьці беларускіх дэмакратаў.

Апроч ідэі яднаньня, у 2006 годзе быў абсалютна ўнікальны эмацыйны фон — я маю на ўвазе ў час і пасьля выбараў. Была вера і надзея, адчуваньне сілы. Нягледзячы на тое, што намётавае мястэчка зьліквідавалі амапаўцы, настрой у людзей быў вельмі добры, і масавыя акцыі праходзілі яшчэ доўгі час. Мы ў першую чаргу даказалі самім сабе, што можам адстойваць сваю годнасьць, праўду і справядлівасьць. Я ня думаю, што большасьць стала лічыць, што мы зможам лёгка перамагчы рэжым. Але была вера ў тое, што мы вартыя іншага жыцьця, бяз страху, без прыніжэньня, без афіцыйнай хлусьні.

— Чаму апазыцыі не ўдалося дамовіцца на наступных выбарах — у 2010 і 2015 гадах? Што пайшло ня так? Чаму не скарысталі досьвед аб’яднаньня?

— У 2010-м якраз таму, што бракавала адказнасьці, перамаглі асабістыя амбіцыі. Быў парад дэмкандыдатаў. Спробы яднаць апазыцыю вялікімі грашыма праваліліся. Тады ў многіх лідэраў было цьвёрдае перакананьне: на мінулых выбарах адзінаму кандыдату не хапіла рашучасьці — не павёў народ на штурм «пошты і тэлеграфа», а ў нас хопіць. Сёньня відавочна, што штурм Дому ўраду — гэта правакацыя спэцслужбаў з расейскім сьледам. Віна апазыцыі ў тым, што не змагла яе нэўтралізаваць. Хоць спыніць біцьцё шкла — справа простая, дастаткова мець пару дзясяткаў апазыцыйных дружыньнікаў.

У 2015 годзе ўжо ніхто ня верыў у магчымасьць перамогі і не зьбіраўся яднацца. Гэтыя прэзыдэнцкія выбары былі самыя нецікавыя, веры ў сур’ёзную кампанію не было. А калі нельга выйграць, то можна пагуляць у выбары, можна раскруціць сваю арганізацыю, прапіярыць свайго. Але людзям гэта нецікава, і як вынік — далейшая маргіналізацыя дэмакратаў. Дарэчы, чым слабейшая апазыцыя, тым горш яна аб’ядноўваецца.

У 2006 годзе яшчэ было перакананьне, што мы можам паўтарыць досьвед Бялграда, Кіева ці Тбілісі. Я разумею, што сёньня ідэя каляровай (мірнай, народнай) рэвалюцыі дыскрэдытаваная, лічыцца, што гэта ператворыцца ў нешта абавязкова крывавае. Але ў 2006 годзе гэта было ня так.

Цяпер, праз 10 гадоў пасьля падзеяў Плошчы-2006, я зрабіў такую выснову: у Беларусі ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму каляровая рэвалюцыя спрацаваць не магла. З той прычыны, што ў нас, у адрозьненьне ад Сэрбіі і Ўкраіны, не было прыватных тэлевізійных каналаў і няма апазыцыйных дэпутатаў у парлямэнце. Ва Ўкраіне і ў Сэрбіі не было татальнага страху, які быў у нас. А страх быў вельмі моцны і абгрунтаваны. Яшчэ адна рэч, якую варта браць у разьлік: дэмакратычны кандыдат павінен мець падтрымку прынамсі паловы выбарцаў, чаго нам, на жаль, ня стала ў 2006 годзе.

— Якое самае значнае дасягненьне Плошчы-2006 году?

— Найперш тое, што ня толькі кроў не пралілася, але нават ніводзін валасок зь міліцыянта не зваліўся. Мірны характар пратэсту надае акцыі асаблівую моц. А ўлада, вядома, дзейнічала подла: апазыцыянэраў хапалі яшчэ на падыходах да Плошчы, садзілі ў СІЗА. Усе нашы рэгіянальныя штабы ў дзень выбараў сядзелі ў турме. Сядзела таксама і частка агульнанацыянальнага штабу. Гэта і было дэманстрацыяй нашай маральнай перавагі над рэжымам.

Іншае дасягненьне — гэта пералом у стаўленьні да Беларусі з боку дэмакратычных краінаў. Я патлумачу. Калі мяне абралі адзіным кандыдатам, мяне прымалі прэзыдэнты і прэм’еры розных краінаў, лідэры Эўразьвязу. Цікава было тое, што многія пыталіся, ці беларусы насамрэч хочуць незалежнасьці і дэмакратыі, ці яны цалкам савецкія, ці частка ўсё ж эўрапейцы. А вось пасьля Плошчы такога пытаньня больш ніхто не задаваў. Плошча стала пераломным момантам у стаўленьні да Беларусі. Сьвет пабачыў, што ёсьць людзі, перш за ўсё моладзь, якія, ведаючы, што іх будуць выганяць з унівэрсытэтаў, звальняць з працы, могуць пасадзіць і забіць як тэрарыстаў, выйшлі на вулічны пратэст. Гэтыя людзі абаранілі сваю і нацыянальную годнасьць і прадэманстравалі веру ў нашу эўрапейскую будучыню ў вачах цывілізаванага сьвету. Гэта выключна важнае дасягненьне Плошчы.

— Чаму ў 2006 годзе Плошча не перамагла?

— Быў вельмі прыгожы эмацыйны пратэст актыўных, адукаваных, маладых. Але да нас не далучылася шырокае грамадзтва. Мы не маглі спрагназаваць гэтую падтрымку, але спадзяваліся, што, калі ня будзе арыштаў, зьбіцьця ў першы дзень пратэсту, то спыніцца пару заводаў і шырока выйдуць студэнты. І колькасьць пратэстоўцаў будзе расьці з кожным днём. Так, дарэчы, і было ва Ўкраіне. Але ў нас гэтага ня здарылася. У нас пайшло наадварот — пратэст спадаў. Тут нельга казаць, што гэта мы кепска спрацавалі. Проста людзі ў большасьці не былі гатовыя далучацца. Грамадзянская салідарнасьць і адказнасьць за свой лёс і лёс краіны яшчэ ня сталі нацыянальнай ідэяй.

Але гэта быў важны этап у разьвіцьці дэмакратычных настрояў, у станаўленьні грамадзянскай супольнасьці.

Сёньня, пасьля падзеяў ва Ўкраіне, Плошча можа стаць вельмі небясьпечнай для існаваньня краіны. Вулічныя пратэсты можа справакаваць сама ўлада сваім бязьдзеяньнем у крызіснай сытуацыі. Магчымы сацыяльны выбух ачоліць ня ўлада і, хутчэй, не апазыцыя, а чарговы папуліст, які зь вялікай доляй верагоднасьці будзе заклікаць да вяртаньня ў «сьветлае мінулае», у «русский мир». Менавіта Масква мае найболей шанцаў скарыстацца з магчымага каляпсу нашай эканомікі. Толькі шаленец можа сёньня прапанаваць лёзунг — чым горш, тым лепш. Гэтая зьнешняя пагроза павінна стаць імпульсам да пачатку ўнутранага дыялёгу ў Беларусі: Радзіма ў небясьпецы!

— А ці рыхтаваліся правакацыі ў 2006 годзе?

— Так, і вядомыя канкрэтныя факты. Ноч перад выбарамі я правёў у перамовах з мэтай спыніць рэалізацыю радыкальных сцэнараў. На сустрэчах я казаў, што пратэсты на Плошчы будуць адбывацца паводле сцэнару аднаго цэнтру — нашага штабу. Не сумняваюся — гэта наша заслуга, што тады не пайшлі на штурм уладных будынкаў. Лічу, што рэжым быў гатовы да жорсткіх мераў: на даху Палаца Рэспублікі знаходзіліся снайпэры. Я і сёньня лічу — палітык, які заклікае людзей на вулічныя акцыі, нясе пэрсанальную адказнасьць за іх жыцьцё і здароўе.

— Вам закідаюць, што было памылкай распусьціць людзей увечары 19 сакавіка і ставіць намёты толькі праз суткі — 20 сакавіка…

— 19 сакавіка мы аказаліся тэхнічна не падрыхтаваныя да таго, каб ставіць намёты на Плошчы. Штаб меркаваў ставіць намётавае мястэчка ў парку Горкага, бо лічыў, што ўлады ня пусьцяць людзей на Кастрычніцкую плошчу. Але нас нечакана пусьцілі. А трымаць людзей стоячы цэлыя суткі да наступнага вечара мы палічылі неразумным — мала хто б вытрымаў такі маратон, і пратэст бы пайшоў на спад ужо з прычыны стомленасьці. Разьлік быў на то, што калі пратэстоўцы спакойна разыдуцца, ніхто іх не адвязе ў СІЗА, не паб’е дубінкамі, то яны сьмялей выйдуць на працяг акцыі наступнага дня.

А моладзевыя структуры, якія ў выніку і зрабілі гэтую сымбалічную пратэстную акцыю, змаглі выставіць намётавы гарадок толькі на другі дзень.

— Гэта было рашэньне штабу?

— У штабу было некалькі сцэнараў. Трэба шчыра сказаць, што не было і адзінай думкі наконт намётавага мястэчка, была вялікая дыскусія. Частка лічыла, што Плошча — гэта вельмі небясьпечна для лёсу пратэстоўцаў, іншыя — што гэта выдатная падзея, якую трэба падтрымаць. Гэта натуральна, штаб быў усё ж не тэхналягічны, а вельмі разнастайны, у яго ўваходзілі лідэры розных структураў, а не паліттэхнолягі.

— Тое, што Плошча ў выніку адбылася, — гэта было ваша рашэньне? Моладзь, якая выставіла першыя намёты, раілася з вамі?

— Моладзь дзейнічала самастойна, але мы шчыльна супрацоўнічалі, давозілі намёты, арганізоўвалі харчаваньне, прыносілі цёплыя рэчы, нават спрабавалі ўсталяваць біятуалеты.

— Вашымі самымі моцнымі словамі на Плошчы былі словы пра тое, што народ перамог страх. Якія дачыненьні са страхам у народу цяпер?

— У адной са сваіх прамоваў на Плошчы я сказаў, што адбылася рэвалюцыя духу, я і сёньня так думаю.

Страх — вельмі эфэктыўная зброя ў руках улады. Лукашэнка адпрацаваў дасканала сваё ноў-хаў па стварэньні ўсёабдымнай атмасфэры страху праз просты і эфэктыўны мэханізм: ляяльны — працуеш, не ляяльны — беспрацоўны. Рэалізуецца ён праз сумна вядомую кантрактную сыстэму. Калі ты супраць беззаконьня, супраць нават маленькага начальніка — усё можаш страціць. Вось і ўся прырода страху — яна вельмі прымітыўная, але працуе бездакорна. Перад Плошчай у 2006 годзе быў яшчэ і дадатковы страх. Генэральны пракурор, старшыня КДБ і міністар унутраных спраў краіны неаднакроць папярэджвалі па тэлебачаньні, што тыя, хто выйдзе на Плошчу, будуць разглядацца як тэрарысты. Гэта не была пустая пагроза, а ў нас за тэрарызм можа быць і вышэйшая мера пакараньня. І ўсё ж, калі нават паводле афіцыйных зьвестак, выйшла 34 тысячы чалавек, гэта было вельмі нечакана. Людзі сапраўды перамаглі страх. Я ведаю, што некаторыя разьвітваліся зь сем’ямі, яны ня ведалі, ці вернуцца і калі. Гэта быў пераломны момант у жыцьці тысяч людзей. Так, на Плошчы не было мільёнаў, але найчасьцей лёс краінаў вырашае ня большасьць, а меншасьць, сумленная, мужная і самаарганізаваная частка грамадзтва.

Чаго не хапае беларусам сёньня? Не хапае веры. У сябе, у іншых, у краіну. У тое, што Беларусь можа быць беларускай, эўрапейскай і свабоднай. Гэта першае. Па-другое, уплывае тое, што аўтарытарны рэжым трывае ўжо больш за 20 год. Ёсьць стомленасьць, апатыя. Па-трэцяе, ёсьць значная віна апазыцыі, якая дэманструе безадказнасьць і няўменьне аб’яднацца хаця б фармальна. Напэўна, цяпер дэпрэсіўны час. Дадаўся і фактар Украіны, таму што Эўрамайдан, які спачатку выклікаў станоўчыя эмоцыі, хутка стаў асацыявацца з крывёю і сьмерцю, а таксама зьнешняй агрэсіяй і стратай тэрыторыі. Зьявіўся страх Майдану, страх пратэсту.

— Плошча-2006 пацягнула за сабой безьліч звальненьняў і адлічэньняў. Шмат каму дапамагла праграма Каліноўскага. Якія вынікі яе дзейнасьці за гэтыя 10 год? І ці будзе яна працягвацца?

— У 2006 годзе адлічылі больш за 500 студэнтаў, каля 1500 чалавек з нашай ініцыятыўнай групы страцілі працу. Больш за 1000 чалавек прайшлі праз СІЗА. Праграма Каліноўскага паўстала дзякуючы Плошчы. Калі пачалі браць студэнтаў, я зьвярнуўся праз прысутных журналістаў да дэмакратычных краінаў з заклікам падтрымаць моладзь. Асобны зварот быў да палякаў, якія прайшлі праз ахвяры і турмы пад сьцягамі «Салідарнасьці». За адну ноч польскі прэм’ер і яго дарадцы вырашылі пытаньне стварэньня ўрадавай праграмы імя Кастуся Каліноўскага для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў. І ўжо 30 сакавіка яна была ўрачыста адкрытая. Пасьля яна пашырылася і на моладзь, якая паходзіць зь сем’яў рэпрэсаваных актывістаў. Праграма пасьпяхова дзейнічае па сёньняшні дзень.

У той час у мяне была размова зь сьветлай памяці прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качыньскім, які ў адказ на маю падзяку за праграму Каліноўскага сказаў, што марыць, каб рэпрэсіі хутчэй скончыліся, а праграма доўжылася — як падтрымка для самых лепшых беларускіх студэнтаў. Я думаю, што так і павінна быць.

— Арганізацыя, якую вы ўзначальваеце, — рух «За свабоду» — таксама паўстала ў 2006 годзе. Яна стваралася як шырокі агульнанацыянальны рух, які на кантрасьце з малалікімі палітычнымі партыямі аб’яднае людзей, якія за дэмакратычныя перамены. Чаму так не атрымалася?

— Беларусі патрэбны народны рух. Я меў надзею, што Плошча паспрыяе гэтаму. Спадзеў быў на тое, што 90% тых, хто выйшаў на Плошчу, не былі зьвязаныя з палітычнымі партыямі і недзяржаўнымі арганізацыямі. Гэта былі новыя людзі, якія, да таго ж, перамаглі страх, праявілі цьвёрдую грамадзянскую пазыцыю. Аказалася, што гэта нялёгка. Час не дасьпеў у Беларусі для шырокага грамадзкага руху. Ня я ж адзін спрабаваў яго стварыць — але пакуль нікому не ўдалося. Гэта ня робіцца паводле плянаў палітыкаў. Павінны дасьпець умовы, рух павінен быць патрэбны самім людзям. Народны. Фокусаў не бывае.

http://nn.by/?c=ar&i=166975



Categories: Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: