Аляксандр Кашо: Знішчэнне аўтарытарызму – шлях выратавання Беларусі
“Культура, Нацыя”, №13, сакавік 2016, с. 5-15.
Цяперашні крызіс у Беларусі стаў заканамерным вынікам палітыкі рэжыму Лукашэнкі. І што б не казала ўлада, спасылаючыся на цяжкае становішча ва ўсім свеце, менавіта ўнутраная палітыка кіраўніцтва прывяла краіну да такога стану. Пабудаваная эканамічная мадэль, якая заснавана на кансерваванні савецкай эканамічнай мадэлі, на арыентацыі эканомікі ў асноўным на аднаго партнёра – Расію, на зацісканні прыватнай ініцыятывы, на ізаляцыі Беларусі ад супрацоўніцтва з дэмакратычнымі заходнімі краінамі, прывяла да такіх вынікаў.
Сістэма кіравання, якую пабудаваў на развалінах савецкай сістэмы ў Беларусі Лукашэнка, вырачана на знішчэнне, хаця сам ён магчыма аб гэтым не здагадваецца альбо не хоча ў гэта верыць. Але сённяшні крызіс гэта яскрава пацвярджае, яго негатыўныя вынікі можна да часу стрымліваць пры дапамозе сілы, рэпрэсій, і дзяржаўнай прапаганды. Але толькі да пэўнага часу, пакуль сістэма зусім перастане адказваць на выклікі. Увогуле, на дадзены момант большасць рашэнняў сённяшняга кіраўніцтва выклікае толькі раздражненне і кпіны ў грамадстве. Ніхто ўжо не верыць ні ў праславутую стабільнасць, ні ў сапраўднасць выбараў.
Апошнім часам усё часцей сталі казаць пра трансфармацыю сістэмы ў каляўладнай тусоўцы: сярод чыноўніках, эканамістаў, палітолагаў, бізнэсоўцаў, журналістаў падкантрольных дзяржаўных і недзяржаўных медыя. То бок, у той сферы, якая ў дэмакратычных краінах называецца кіроўнай элітай, але наша праўладная супольнасць можа прэтэндаваць у лепшым выпадку на тэрмін істэблішмент і тое з нацяжкай. Наогул, гэта сацыяльная група ў Беларусі вельмі блізкая па функцыянальнай ролі і па прынцыпу свайго фарміравання да савецкай наменклатуры, але не хапае аднаго істотнага фактару – там была камуністычная партыя з сваёй ідэалогіяй, а зараз гэтага няма.
Крызіс сістэмы стаў настолькі відавочным, што нават топавыя чыноўнікі сталі казаць пра неабходнасць рэформ. Яно і зразумела, людзі якія знаходзяцца ва ўладзе хочуць захаваць свой сацыяльны стан і дабрабыт, правёўшы невялікія рэформы, якія не закрануць іх становішча, бо сітуацыя складаная, пераўтварэнні саспелі і яны ўжо грукаюцца ў дзверы. Але ці магчыма гэта? Ці здолее цяперашняя сістэма самазахавацца пры невялікіх карэкціроўках? І ці зможа аўтарытарны рэжым паступова рэфармавацца ў дэмакратычны, як спадзяюцца некаторыя ліберальна настроеныя палітыкі? Тут варта паглядзець на тое, чым з’яўляецца той кіроўны клас, істэблішмент, які склаўся падчас праўлення Лукашэнкі.
Летась у адным з выступленняў былы прэм’ер адкрыў нам таямніцу, што без чыноўнікаў нам не абысціся. Гэта зразумела. Але зададзімся пытаннем, а на колькі неэфектыўная сённяшняя сістэма дзяржкіравання на 40, 50, ці 70 адсоткаў? А калі яшчэ прыкінуць, што ў выніку разняволення прыватнай ініцыятывы, у выніку перадачы шматлікіх функцый грамадзянскай супольнасці, якую колькасць дзяржслужачых трэба скараціць? Умоўна можна падзяліць цяперашнюю кіраўнічую мадэль на дзве функцыянальныя часткі: тэхнічную і аўтарытарна-ідэалагічную. Першая робіць неабходную працу – забяспечвае функцыянаванне эканамічнай, сацыяльнай сістэмы, другая – займаецца ўмацаваннем і забеспячэннем аўтарытарнай улады. Прычым нярэдка гэтыя дзве часткі сумяшчаюцца ў адным канкрэтным чалавеку, які займае пэўную пасаду, напрыклад, дырэктар якога-небудзь прадпрыемства, займаючыся сваімі непасрэднымі прафесійнымі абавязкамі, прыцягваецца да правядзення выбарчых кампаній у якасці агітатара і ідэолага, які павінен прасачыць і прымусіць сваіх падначаленых прыняць удзел у галасаванні. Чым бліжэй да вышэйшага кіраўніцтва, да вертыкалі ўлады тым аўтарытарна-ідэалагічная частка ўзрастае.
У дэмакратычнай краіне аўтарытарна-ідэялагічная частка істэблішменту непатрэбная (не толькі чыноўнікі, але і праваахоўнікі, якія займаюцца палітычным пераследам апанентаў улады, журналісты, якія займаюцца ідэалагічнай апрацоўкай насельніцтва, бізнэсоўцы, якія атрымліваюць дывідэнды ад супрацы з уладай, замест таго, каб займаюцца бізнесам у рыначным канкурэнтным асяроддзе). І што з імі рабіць? Гэта важнае пытанне для новай дэмакратычнай улады на Беларусі. Гэтыя людзі, магчыма самі таго не жадаючы, складаюць клас, які тармозіць развіццё краіны. Клас гэты наўпрост пераўтварае Беларусь у квазідзяржаву, пра якую кажуць тыя, хто варожа ставяцца да беларускай незалежнасці і мараць адрадзіць СССР.
Згодна закону аб неабходнай разнастайнасці, які ўвёў у навуковае абарачэнне Эшбі: «толькі разнастайнасць здольная паглынуць разнастайнасць». Гэтая асноўная фармуліроўка мае на сёння такую інтэрпрэтацыю: разнастайнасць кіруючай сістэмы павінна быць не меншай за разнастайнасць кіраванага аб’екта. З гэтага вынікае, што сістэма кіравання павінна мець дастаткова разнастайнасці і быць здольнай змяняцца ў адказ на змены і выклікі вонкавага асяроддзя. Інакш яна не здолее забяспечыць стабільнае існаванне і развіццё сістэмы, якой кіруе, цэнтральны орган кіравання складаных сістэм павінен перадаваць функцыі прыняцця і выканання рашэнняў, а значыць пэўную долю ўлады на ніжэйшыя ўзроўні, што можна назіраць у дэмакратычных краінах, дзе не толькі рэгіянальныя структуры маюць даволі вялікія паўнамоцтвы, але сама ўлада падзелена на тры галіны, якія стрымліваюць і дапаўняюць адна адну.
Зусім адваротны працэс назіраецца ў Беларусі. Лукашэнка ад пачатку свайго прэзідэнцтва зрабіў стаўку на падпарадкаванне ўсіх галін улады ўладзе выканаўчай, на чале якой сам, аднаасобна застаецца вось ужо больш дваццаці год. З першых дзён ён пачаў адбудоўваць савецкую сістэму кіравання, т. з. вертыкаль улады. Асноўным прынцыпам гэтай вертыкалі з’яўляецца поўная згода з курсам кіраўніцтва, пра разнастайнасць у сэнсе свабоды прыняцця рашэнняў, праяўлення ўласнай ініцыятывы, а тым больш крытыкі рашэнняў вышэйстаячага кіраўніцтва гаворкі быць не можа. Асноўнымі рысамі прадстаўнікоў гэтай вертыкалі з’яўляюцца поўная адсутнасць уласнай пазіцыі, а таксама адсутнасць якіх-небудзь лідарскіх якасцей і харызматычнасці – харызматычным лідарам у такой сістэме можа быць толькі сам кіраўнік аўтакратычнай сістэмы. І адбор у вертыкаль улады вядзецца адпаведны, з кожным годам улада ўсё больш метадычна выключае верагоднасць з’яўлення ў яе складзе асоб, якія не адпавядаюць строгім крытэрыям адбору. Для прыкладу можна ўзяць выступ Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх СМІ ў кастрычніку 2012 году, у якім ён назваў работу з кадрамі найважнейшай задачай унутранай палітыкі: “Гэтым займаецца адміністрацыя прэзідэнта. У нас ёсць кадравы рэестр прэзідэнта – парадку дзевяцьсот чалавек. Прэзідэнт трымае пад кантролем ключавыя пасады ва ўладзе і эканоміцы. Разам з прызначэннем чалавек атрымлівае і пэўны імунітэт. На яго без ведама прэзідэнта не наедзеш”.
Ад каго стаўленікі Лукашэнкі атрымліваюць імунітэт? Напэўна сам аўтар выказвання меў на ўвазе такія дзяржорганы як міліцыя, пракуратура, суд, бо крыху раней у гэтай жа прамове ён казаў, што гатовы прызначаць міністрамі вундэркіндаў незалежна ад узросту і не звяртаць увагі на крымінальнае мінулае некаторых кіраўнікоў прадпрыемстваў. Імунітэт вышэйшага чыноўніцтва ад прадстаўнікоў закону сам па сабе выклікае пытанні. Але не менш цікава тое, што такім чынам, кіраўнікі атрымліваюць імунітэт і ад кантролю з боку народа, бо іх прызначэнне залежыць не ад народа, а ад вышэйшага кіраўніцтва. А стаўленікі стаўленікаў атрымліваюць гэты антынародны імунітэт ужо на сваім больш лакальным узроўні. Такім чынам, кіраўнічыя вертыкаль губляе ўсялякую разнастайнасць, становіцца абсалютна нягнуткай, глухой да адваротнай сувязі, якую магла б атрымаць ад сістэмы, якой кіруе, каб мець магчымасць змяняцца самой у адпаведнасці з актуальнымі выклікамі часу і асяроддзя.
Дзякуючы такому прымітыўнаму механізму мы маем клас чыноўніцтва, які абслугоўвае адну асобу, і залежыць толькі ад волі гэтай асобы. Залежныя і недзеяздольныя стаўленікі Лукашэнкі не могуць прымаць самастойныя рашэнні, абапіраючыся на вызначаныя і зразумелыя законы, яны відавочна ўжо і развучыліся весці стваральную працу, якая патрабуе вялікай асабістай адказнасці, бо іх не па гэтай мерцы прымалі на працу.
Зразумела не ўсе чыноўнікі адыгрываюць адмоўную ролю ў руху грамадства да правоў і свабоды, да дэмакратычных рэформ, і не ўсе яны спрычыніліся да парушэнняў закону. Але і без датычнасці да парушэнняў і злачынстваў сама сістэма, у якой прыходзіцца выжываць толькі дагаджаючы начальству, не дае чалавеку вольна дыхаць. І нават калі чалавек не зрабіў значных парушэнняў закону, ён прама ці ўскосна спрыяе гэтаму рэжыму.
У мяне ёсць знаёмыя чыноўнікі, міліцыянеры, якія не надта шануюць гэты рэжым. Але служаць яму ў сілу жыццёвых абставін, напрыклад, таму што, атрымліваючы пэўную адукацыю, яны не збіраліся, працаўладкаваўшыся па сваёй спецыяльнасці, рабіць нічога такога, што б супярэчыла іх прафесійным, прававым абавязкам, а таксама маральным нормам. Але ім прыходзіцца часам такое рабіць (выконваць аўтарытарна-ідэалагічныя функцыі) і, адчуваючы сорам, яны пры гэтым трываюць, бо няма куды дзявацца. У такой сістэме чалавеку з неабходнасцю прыходзіцца выконваць непрыемныя для сябе абавязкі, напрыклад, звальненне ці адлічэнне некага за палітычныя погляды, скасаванне кантракту за тое, што нехта не падпісаўся на дзяржаўную газету, пры гэтым у такім чалавеку змагаецца дзве сутнасці: чалавечая, абавязаная выхаванню ў сям’і, школе, у коле сяброў, і звыродлівая, подлая, тая што дадаецца рэжымам. Менавіта так – аўтарытарная сістэма падштурхоўвае людзей да амаральных дзеянняў. Першая сутнасць поўнасцю перамагае рэдка, бо на практыцы гэта азначала б звальненне па “асабістаму” жаданню, але робячы брудную справу чалавек можа неяк паспрабаваць звесці да мінімуму вынікі свайго ўдзелу ў гэтай бруднай справе. Самае дрэннае для грамадства ў аўтарытарных сістэмах гэта калі амаральнасць, антызаконнасць патрабаванняў кіруючых вярхоў пачынаюць успрымацца як норма і закон.
Па вялікаму рахунку тыя служачыя, якія ціха-мірна, не парушаючы закону, працуюць і выконваюць далёка не заўсёды патрэбную і пачэсную працу на сваіх месцах не надта вінаватыя ў становішчы, якое склалася, бо яны проста пайшлі па тым шляху, які быў усталяваны гэтым рэжымам. Але шлях гэта заганны і з непазбежнасцю вядзе грамадства да тупіка, у якім вышэйшая кіраўніцтва проста не ў стане спрыяць стабільнаму развіццю, бо, па-першае, большасць з іх не валодае патрэбнымі ведамі і здольнасцямі, у сваіх прафесійных абавязках яны ў асноўным толькі і могуць накручваць сваіх падначаленых, прымушаючы апошніх да дзеянняў па прынцыпу: пайдзі невядома куды, зрабі невядома што. А па другое, нават калі хто з іх і захоча нешта змяніць, мяняць прыйдзецца ўсю сістэму, чаго яна не даруе. Ну а больш ніжэйшы кіраўнічы персанал проста пасіўна і цярпліва выконвае функцыю правадніка.
Цяперашні эканамічны крызіс гэта не кан’юнктурны, не часовы, гэта крызіс усёй сістэмы кіравання. У свой час пасля падзення камуністычнай сістэмы на Беларусі назіраўся ўсплёск эканамічнай актыўнасці. Гэты ўздым быў мэтанакіравана задушаны і адрадзіць яго не так проста, бо трэба, каб людзі паверылі дзяржаве. Шмат з тых, хто паспрабаваў пачаць сваю справу, сутыкнуліся з непераадольнымі бюракратычнымі цяжкасцямі, цяпер яны кажуць: “Не, я болей у азартныя гульні з дзяржавай не гуляю”. Бо так і атрымліваецца, што бізнес у Беларусі гэта азартная гульня і банкуе ў ёй дзяржава, шулер, які пакідае сабе козыры (“залатая акцыя”) і здае астатнім гульцам тое, што палічыць патрэбным. Грамадзяніну сёння прасцей і больш бяспечна працаваць у якой-небудзь арганізацыі, на прадпрыемстве ды падрабляць на часовых заробках, чым увязвацца ў ненадзейную авантуру, якая называецца бізнес у Беларусі, правіла гульні ў якой перманентна змяняюцца. Такім чынам, мы маем вялікія страты ў выніку заціскання ўласнай ініцыятывы грамадзян. І каб грамадзяне паверылі зноў дзяржаве, ёй трэба будзе пастарацца.
Сярэдні клас, на якім трымаецца эканоміка ў дэмакратычных краінах, і ў якім вялікая роля належыць сярэдняму і малому прадпрымальніцтву, не патрэбны ў аўтарытарных і таталітарных краінах. У такіх сістэмах саму ідэю гэтага класу спрабуюць альбо маргіналізаваць (такія ж працэсы адбываюцца і ў Расіі, дзе сярэдні клас дэманізуецца ў плыні ідэалагічнай антызаходняй крытыкі як гэткая маса зацыкленных на матэрыяльным дабрабыце людзей, якая абсалютна не дбае пра духоўныя каштоўнасці), альбо прыўладныя СМІ наўпрост перастаюць ужываць гэтае паняцце ў інфармацыйнай прасторы, бо ў звязцы з гэтым паняццем ідуць паняцці грамадзянскіх правоў і свабод, атрымліваецца, што ідэалогія аўтарытарнай сістэмы адчувае натуральную чужароднасць сярэдняга класа.
Што тычацца буйнога бізнесу, то ў большасці сваёй ён залежны ад дзяржавы і моцна кантралюецца чыноўніцтвам. І не выпадае чакаць, што прадстаўнікі гэтай супольнасці пачнуць дзейнічаць у інтарэсах дэмакратыі. Буйныя беларускія бізнесоўцы нясуць пэўныя выдаткі ў аўтарытарнай сістэме, але маюць і прэферэнцыі ад супрацы з рэжымам – такім рэзкія перамены, паварот да сапраўднай рыначнай эканомікі не патрэбны.
Як адзначалася вышэй, некаторыя чыноўнікі, праўладныя журналісты, разумеючы цяжкасць эканамічнага становішча, пачалі размовы пра рэформы. Але ўлічваючы тую кіруючую сістэму, якая ў агульных рысах была апісана вышэй цяжка паверыць у тое, што такая сістэма можа быць рэфармавана і эвалюцыйным шляхам пераўтворана ў дэмакратычную сістэму, у якой будуць праведзены сапраўдныя дэмакратычныя выбары і ўсталюецца канкурэнтаздольная рыначная эканоміка, каб тым самым вырваць краіну з эканамічнага крызісу, які пагражае яшчэ большымі стратамі ў хуткім часе. Вонкавыя, касметычныя змены ў цяперашняй аўтарытарнай сістэмы змогуць толькі адцягнуць набліжаючуюся эканамічную катастрофу, якая з непазбежнасцю выкліча разам з сабой крызіс сацыяльны. Аўтарытарна-ідэалагічная частка цяперашняга дзяржаўнага апарату павінна быць адхілена ад улады, павінны адбыцца сапраўдныя дэмакратычныя выбары. Крызіс ужо адчуваецца ўсімі грамадзянамі Беларусі, і трэба быць сумленнымі перад самімі сабой і грамадствам і казаць, што ён яшчэ больш паглыбіцца пры любой уладзе, бо цяжкасці, якія да яго прывялі не выпраўлены і не выпраўляюцца. Але калі сістэма, якая давяла краіну да такога стану будзе ліквідавана і адбудуцца сапраўдныя перамены, то ў грамадства з’явіцца магчымасць змяніць сітуацыю да лепшага, у адваротным выпадку сітуацыя можа аказацца настолькі цяжкай, што пад пагрозай апынуцца і грамадзянскі спакой, і дзяржаўнасць Беларусі.
Да тых, хто за рэфармаваннем аўтарытарнай сістэмы шукае шляхі яе захавання далучыліся і некаторыя з тых, хто раней лічыўся апазіцыяй дзейснаму рэжыму. Пры гэтым яны злоўжываюць лозунгам, што, маўляў, яны за мірныя перамены. Пад гэтым маецца на ўвазе супрацоўніцтва з рэжымам, якое насамрэч створыць ілюзію перамен, і падорыць падманлівыя спадзяванні людзям, якія ўпэўнены ў неабходнасці перамен і чакаюць іх, а такіх людзей на сёння большасць. Такім чынам, такая тактыка прывядзе толькі да паглыблення праблемы і непазбежных сацыяльных забурэнняў у будучым.
У гэтых палітыкаў, якія клічуць да перамен пад кантролем аўтарытарнай улады, дамінуюць аргументы, што народ не падрыхтаваны да сапраўдных перамен і дэмакратыі, яны спасылаюцца на цяжкасці пераходнага перыяду, на тое, што нельга дапусціць развязвання рэвалюцыі. Аднак, што азначаюць цяжкасці пераходу? Яны ў тым, што на шляху да пераўтварэнняў стаіць менавіта аўтарытарны рэжым, да супрацы з якім прызываюць чыноўнікі і некаторыя апазіцыянеры. Неабходнасць змены аўтарытарнай улады падмяняюць адсунутымі разважаннямі аб цяжкасцях пераходнага перыяду, але калі праблему не зацямняць, а наадварот праясніць, то – вось канкрэтныя інстытуцыянальныя бар’еры, вось канкрэтныя людзі, якія стаяць за цяперашнімі праблемамі і праз іх адхіленне ад улады праходзіць вырашэнне цяжкасцей пераходнага перыяду, бо з імі гэты перыяд будзе цягнуцца вечна. Дык можа трэба вярнуцца да ідэі дэмакратыі, якая замацавана ў Канстытуцыі, а потым мы паглядзім: падрыхтаваны беларускі народ да дэмакратычных пераўтварэнняў ці не?
Наконт ідэі мірнага шляху да перамен, якую вышэйзгаданыя палітычныя сілы залічылі да сваіх дасягненняў і маніпулююць ёй, быццам бы іншыя прагнуць крывавай развязкі. Ніхто з тых, хто знаходзіцца ў здаровым розуме не жадае такога шляху вырашэння склаўшагася становішча. Але логіка развіцця ўсіх канфліктаў і рэвалюцый у тым, што за дзень, за месяц, а то і за гады іх прадухіліць ужо нельга. Нельга было ніякім чынам прадухіліць расстрэл мітынгоўцаў на Банкавай вуліцы ў Кіеве за дзень ці за месяц. Бо нават калі б нехта папярэдзіў супрацьлеглыя бакі аб такім развіцці падзей наўрад ці хто спыніўся б і павярнуў назад. Спыніць такія канфлікты можна толькі прымусіўшы недэмакратычную ўладу, якая не збіраецца лічыцца з воляй народа, сысці да таго як сітуацыя патрапіць ў нязвяртальную каляіну. І той, хто прапануе вонкавыя, касметычныя рэформы такой сістэмы толькі адкладае і зацягвае развязку, а на сур’ёзныя дэмакратычныя рэформы вышэйшае кіраўніцтва не пойдзе, бо ў выніку іх згубіць уладу. Таму аўтарытарна-ідэалагічная частка цяперашняй кіроўнай сістэмы павінна быць адхілена ад улады.
Мы ўжо плацім вялікую цану за тое, што больш 20-ці год народ Беларусі пазбаўлены ўдзелу ў кіраўніцтве краінай. І ў гэтым становішчы часткова вінавата эліта, якая павінна супрацьстаяць аўтарытарнай сістэме. Тут дарэчы прывесці словы Л. Шаўцовай расійскага палітолага, якія яна выказала пра сучасную сітуацыю ў Расіі і рэжым В. Пуціна, але якія таксама падыходзяць і да нашай сітуацыі: “Палітычны філосаф Дарендорф казаў: жыццяздольнасць кожнага грамадства залежыць ад таго, дзе стаіць інтэлектуал … Інтэлектуал павінен змагацца з уладай пры любых сістэмах і пры любых таварыствах. Калі ў яго няма мужнасці рабіць гэта і калі ён служыць уладзе ў любых якасцях – гэта грамадства не мае будучыні … Што мы можам патрабаваць ад звычайных людзей, ад грамадства, калі інтэлектуалы служаць уладзе? … Ёсць дзве рэчы. Рэжым у нас, нягледзячы на тое, што ён умацаваўся, у яго ёсць пэўны загашнік, ёсць эканамічны рэсурс, але перш за ўсё асноўны рэсурс – гэта не эканоміка, а лаяльнасць і бесхрыбетнасць палітычнай эліты і саслоўя, якое павінна думаць” (http://www.svoboda.org/content/transcript/25214064.html).
Тая ж самая сітуацыя і з пытаннямі палітычнага і эканамічнага стану ў сучаснай Беларусі. Чаго толькі не пачуеш ад некаторых інтэлектуалаў, калі яны пачынаюць шукаць прычыны сённяшняга становішча – прыдумваецца безліч гісторый, якія не маюць дачыненне да рэчаіснасці. Можна зразумець публіцыстаў і журналістаў: ім трэба шукаць цікавае і новае нават у аднастайнасці і будзённасці, але ж нельга рабіць гэта насуперак самой відавочнасці. На пэўным этапе ў нашай незалежнай прэсе склалася сапраўдная традыцыя ўхваляць прыстасавальніцкі характар эканамічнай палітыкі паразітызму. Нярэдка можна было пачуць панегірыкі эканамічнай палітыкі Лукашэнкі, якая была заснавана на стратэгіі набірання грошай у крэдыт, маўляў, гэта геніяльная палітыка лавіравання паміж Захадам і Усходам. І вось гэтая палітыка прывяла да эканамічнага крызісу, які па некаторых паказчыках глыбей за крызіс ва Украіне, якая вядзе вайну.
Гледзячы на некаторых прадстаўнікоў нашай палітычнай эліты, не-не дый прыйдзе ў галаву думка, а ці вераць яны самі ў тое, што гэтую ўладу можна і неабходна змяняць, ці думаюць яны аб тым, якімі шляхам можна гэтага дасягнуць? А можа яны занялі чакальную пазіцыю пакуль рэжым сам па сабе згіне, і наўпрост спадзяюцца на тое, што толькі звонку можна зрынуць абрыдлую калгасную сістэму? А самі тым часам, абапіраючыся на матэрыяльнаю падтрымку дэмакратычных краін (або не абапіраючыся), мітусліва мільгацяць на недзяржаўных інфармацыйных рэсурсах, каб потым, калі рэжым па нейкай прычыне ў рэшце рэшт сам абрынецца, адарваць свой кавалак ад уладнага пірага? А можа іх задавальняе цяперашняе становішча, бо статус пакрыўджаных таксама сёе-тое можа прынесці?
Адной з шкодных, на мой погляд, тэндэнцый у інтэлектуальным асяродку з’яўляецца спроба прынізіць разбуральнасць, якую нясе грамадству аўтарытарная сістэма. Пры такім падыходзе адказнасць з сістэмы, за якой стаяць канкрэтныя людзі і структуры пераносіцца на грамадства. Можна пачуць пры гэтым, што беларусы амаль па прыродзе не здатныя да дэмакратыі, што “усё залежыць ад самога чалавека”, што “дух свабоды быў моцным і ў сталінскія 37-я, у каго ён быў”! Пры гэтым спасылаюцца на Заходняю Еўропу і забываюць, што спачатку ў Еўропе грамадскія каштоўнасці дэмакратыі, вяршэнства права, свабоды былі больш у ідэальнай сферы, у сферы разважанняў рэфарматараў і крытыкаў існуючых сацыяльных адносін, потым перайшлі на ўзровень сістэмы, дзе вядучая роля належыць дзяржаве, а ўжо затым перайшлі на ўзровень грамадскага жыцця, на ўзровень паўсядзённай рэчаіснасці, і ў рэшце рэшт пачалі ўспрымацца як асноўная характарыстыка заходняга грамадства, нібыта ад веку дадзеная. Так, напрыклад, добра вядома, што яшчэ і ў 19 ст. у Англіі хабарніцтва ў судах была з’явай звыклай. А знакаміты філосаф Бэкан у 17 стагоддзі быў абвінавачаны ў хабарніцтве і адлучаны ад пасады лорда-канцлера, пра што Бертран Расал у сваёй працы “Гісторыя заходняй філасофіі” заўважыў: “Этыка юрыдычнай прафесіі ў тыя дні была невысокая. Амаль кожны суддзя прымаў паднашэнні звычайна ад абодвух бакоў. У цяперашні час мы лічым, што для суддзі браць хабар жудасна, але яшчэ больш жудасна, узяўшы яго, вынесці рашэнне супраць таго, хто іх даў. Але ў тыя дні прынашэння былі справай звычайным, і суддзя паказваў сваю «дабрачыннасць», менавіта ня паддаючыся іх уплыву. Бэкан быў асуджаны выпадкова, у партыйнай сварцы, а не ў сілу яго выключнай вінаватасці.” Такім чынам, Заходняя Еўропа, якую мы бяром за прыклад, прайшла свой складаны шлях да ўсталявання тых каштоўнасцей, якія мы зараз лічым атрыбутамі заходняй цывілізацыі. Пры гэтым, канешне, зразумела, што разглядаемая ў канкрэтным гістарычным кантэксце Еўропа на працягу апошніх двух з паловай тысячагоддзяў была ў асноўным наперадзе астатніх цывілізацый. У працэсе развіцця ўзаемна рэфармаваліся і дзяржава, і грамадства, але па сапраўднаму ўніверсальнымі заходнія каштоўнасці сталі тады, калі ў дзяржавы з’явілася дастаткова палітычнай волі, каб выконваць свае ўласныя законы і нормы, і працэс гэты працягваецца.
Прыніжаючы ўзровень разбуральнага ўздзеяння аўтарытарнай сістэмы, многія сучасныя аналітыкі робяць памылку. Яны разважаюць з той перспектывы, у якой мы зараз апынуліся. Але карысна задумацца над тым, як нашы словы і дзеянні будуць успрымацца ў будучым з пазіцыі дэмакратычнага ладу, з адкрытымі таямніцамі аўтарытарнай мінуўшчыны, з яе вернутымі гісторыі негалоснымі распараджэннямі і рассакрэчанымі дзяржаўнымі архівамі, альбо як будуць, напрыклад, выглядаць цяперашнія заявы, калі сітуацыя пойдзе па найгоршаму сцэнару. Хайдагер неяк сказаў, што людзі думаюць выключна пры дапамозе “-ізмаў”, здаецца і сёння ў гэтым плане нічога не змянілася, можна сказаць, што людзі не думаюць, а трэндзяць (ад слова трэнд). Так, напрыклад, падтрымка аўтарытарнай улады, замоўчванне, тэндэнцыйнае падача фактаў на дадзены момант выглядае інакш чым яна будзе выглядаць калі, скажам, улада пойдзе на яшчэ больш брутальныя дзеянні чым раней ў дачыненні да тых, хто не пагаджаецца з цяперашнім рэжымам (а адпрацаваная рэпрэсіўная машына на месцы, яна падрыхтавана і прайшла выпрабаванні). Альбо калі Беларусь увяжацца ў які-небудзь ваенны канфлікт на баку Расіі, нават у лакальны на тэрыторыі АДКБ, не кажучы ўжо пра вялікую вайну супроць Захаду, то адказнасць і ступень віны за памылку, а тым больш за хлусню ўзрасце шматкроць, пасля таго як імперыя разваліцца. І ў гэтым плане стане неістотна пад якімі сцягамі выступаў той ці іншы эксперт, альбо журналіст – галоўнае будзе, што ён канкрэтна казаў тады, калі сітуацыя толькі развівалася.
Калі ў нас адбудуцца нарэшце перамены і Беларусь прыйдзе да дэмакратычнага ладу перад грамадствам паўстане пытанне люстрацыі. Ці патрэбна яна наогул, а калі патрэбна то якім чынам яе праводзіць? Краіны былой Варшаўскай дамовы прайшлі гэты працэс, а таксама некаторыя рэспублікі былога СССР. Ён меў розныя вынікі, але большасць экспертаў сыходзяцца ў яго станоўчай ацэнцы. Дзве асноўныя ідэі вылучаюцца як мэты люстрацыі гэта: ідэя справядлівасці і ідэя адхілення скарумпаванай антыдэмакратычнай і антызаконнай уладнай структуры дзеля будучага развіцця грамадства. Нягледзячы на ўсю важнасць ідэі справядлівасці, як пакарання вінаватых і прадухілення падобнага роду злачынстваў, больш важнай падаецца неабходнасць пазбаўлення былой наменклатуры магчымасці ўплываць на будучую ўладу. Уся цяперашняя аўтарытарна-ідэалагічная частка рэжыму павінна быць адхілена ад улады дзеля будучага краіны, а людзі, якія рэальна спрычыніліся да злачынстваў, павінны панесці адказнасць.
Імкнучыся спрыяць пабудове цывілізаванай дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі, не варта забываць, што адной з каштоўнасцей і здабыткаў еўрапейскай культуры з’яўляецца ўстаноўка на дакладнасць у фармуляванні праблемы, дакладнасць у вызначэнні, неабходнасць у вынясенні ацэнак, якімі б жорсткімі для сённяшняга часу яны не здаваліся, – гэта для Еўропы з’яўляецца тыпалагічнай рысай. Але ў нас былі і працягваюць развівацца тэндэнцыйныя спробы надаць імітацыйным рухам і заявам сучаснай улады сапраўдныя дэмакратычныя змест і мэты, якія насамрэч такімі не з’яўляюцца і не будуць з’яўляцца пры цяперашнім рэжыме. Тыя сілы, якія выступаюць за захаванне цяперашняй аўтарытарнай сістэмы, што прадстаўнікі цяперашняга істэблішменту, што прадстаўнікі контр-эліты, такім чынам, выступаюць як частка сістэмы. Пры гэтым яны аргументуюць сваю пазіцыю жаданнем мірнага шляху перамен. Але іх прытворная тактыка можа прывесці да адваротнага выніку.
Сёння нават бліжэйшыя да Лукашэнкі чыноўнікі пачалі казаць пра неабходнасць рэформ, гэта вынік крызісу, які паступова разварочваецца на Беларусі, перш за ўсё ў эканоміцы, стан якой выклікае вялікую заклапочанасць. За гады праўлення А. Лукашэнкі мы страцілі вельмі шмат: не развілі моцны індывідуальны сектар эканомікі (і не маглі гэта зрабіць, бо для палітыкі якую праводзіць Лукашэнка, клас прадпрымальнікаў, эканамічна свабодных грамадзян, стаўся б ворагам нумар адзін), у выніку палітыкі ізаляцыі ад цывілізаванага свету страцілі рынкі, тэхналогіі, інвестыцыі, завязаўшы сваю эканоміку ў асноўным на аднаго партнёра – Расію. Несумненна, што эканамічны крызіс пацягне за сабой крызісы ў іншых сферах грамадскага жыцця.
Ці маюць пад сабой падставы спадзеванні на тое, што цяперашні рэжым можа без вялікіх цяжкасцей паступова рэфармавацца ў дэмакратычную сістэму? Нават павярхоўны аналіз дае адмоўны адказ на гэтае пытанне. Бо гэта сістэма прынцыпова недэмакратычная і ўсе імітацыйныя размовы пра рэформы яна выкарыстоўвае толькі як спробу самазахавання. Адкладанне змены ўлады з аўтарытарызму на дэмакратыю прывядзе толькі да больш небяспечнага сцэнару вырашэння гэтага пытання. Аўтарытарна-ідэалагічная частка сённяшняга рэжыму павінна быць адхілена ад улады, і само сабой зразумела, што для ўсіх будзе лепей калі гэта пройдзе без вялікіх рэвалюцыйных забурэнняў. Галоўная роля ў працэсе пераўтварэнняў належыць нацыянальнай эліце, інтэлектуалам. Спадзевы на прадстаўнікоў цяперашняга істэблішменту недарэчныя, аднак, калі гэтыя людзі не здзейснілі ніякіх злачынстваў пры цяперашнім рэжыме, то яны, напэўна, могуць прыняць удзел у новай дэмакратычнай сістэме кіравання, але толькі пасля поўнага перафарматавання старой сістэмы, на роўных умовах з астатнімі грамадзянамі краіны.
Alexander Kasho: Destruction of Аuthoritarianism – the Way of Salvation of Belarus (Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, March 2016, issue 13, pp. 5–15)
The current crisis in Belarus is a natural result of the Lukashenka’s regime policy. Management system built on the ruins of the Soviet system can be divided into technical and authoritarian-ideological parts. The first part provides the functioning of the economic and social system, the second – strengthens and maintains the authoritarian regime. In a democracy, the authoritarian-ideological part of the establishment is not necessary as far as it inhibits the development of the country. It is hard to believe that current system in Belarus could be reformed and transformed into a democratic system by evolutionary way which will provide genuine democratic elections and establish a competitive market economy. The current economic crisis in Belarus threatens to further losses in the near future. Whoever offers external, cosmetic reforms of that system, both from the government side or from some opposition forces side, only postpones and delays the denouement. Authoritarian-ideological part of the current regime should be removed from power and that all will be better if it will pass without major revolutionary indignation. The question of lustration is discussed, especially the need to exclude the influence of the former nomenclature on the future government. The main role in the transformation process belongs to the national elite, intellectuals.
Categories: Мараль, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ