А. Кашо: Заўвага да пытання нейтралітэту Беларусі
“Культура, Нацыя”, №13, сакавік 2016, с. 43-44.
У абмеркаванні, якое распачалося ў рамках праекту “Стратэгія развіцця беларускай нацыі” адным з найбольш спрэчных пытанняў стала пытанне нейтралітэту Рэспублікі Беларусь. Пытанне гэта вельмі складанае і дыскусійнае.
Відавочна, што нам неабходна шукаць надзейных саюзнікаў, паколькі побач з намі краіна, якая выношвае агрэсіўныя планы аднаўлення імперыі і не збіраецца лічыцца з незалежнасцю былых савецкіх рэспублік. І ўзровень гэтай агрэсіўнасці праяўляецца не толькі ў заявах маргінальных палітыкаў, а на практыцы рэалізоўваецца ў дачыненні да Украіны, агрэсіўныя геапалітычныя памкненні носяць сістэмны характар і выяўляюцца ў рыторыцы і дзеяннях расійскага істэблішменту, незалежнасць суседніх дзяржаў ставіцца пад сумнеў, нецярпімасць да яе пастаянна падаграецца і накручваецца ў расійскіх СМІ, якія ў пераважнай большасці адлюстроўваюць жаданні і настроі кіруючай партыі. І ёсць усе падставы лічыць, што такая палітыка працягнецца на даволі доўгі тэрмін.
Але трэба разумець, што вырашэнне пытання нейтральнасці альбо далучэння патрабуе шмат часу. На гэтым шляху стаіць аўтарытарны рэжым, па віне якога паўнавартасная грамадскае абмеркаванне такіх пытаннях проста немагчымае. Па аўтарытарнай волі цяперашняга кіраўніцтва, насуперак Канстытуцыі наша краіна апынулася ў розных гандлёвых і вайсковых саюзах з Расіяй. У цяперашняй сітуацыі патрабаванне нейтралітэту раўназначна патрабаванню вяртання да канстытуцыйнага ладу і выхаду з саюзаў з агрэсіўнай Расіяй, а значыць у гэтым ёсць карысць.
Так ці інакш, але цяперашні рэжым абрынецца, і дзеля будучыні незалежнай і дэмакратычнай Беларусі трэба ўсяляк паскараць гэту падзею. На што абаперціся ў гэтым руху? На пазіцыю якой-небудзь уплывовай партыі, якую ўсе падзяляюць? Але такіх здаецца няма. Затое ёсць Канстытуцыя 94-га году, на яе і трэба арыентавацца. Аднак, там закладзена ідэя нейтралітэту і яе трэба будзе прыняць на першапачатковым этапе. Адзначым таксама, што значная частка нашых грамадзян у сілу ўздзеяння расійскай прапаганды не гатова прыняць ідэю далучэння да НАТА, гэтае пытанне патрабуе абмеркавання і тлумачэння, якое толькі і можна будзе наладзіць пасля вяртання да канстытуцыйнага ладу.
“Стратэгія развіцця беларускай нацыі” разлічана на 20 год, і як мне падаецца, гэтыя гады і варта выкарыстаць на вяртанне да дэмакратыі з тым, каб вызначыцца як нам супрацоўнічаць з цывілізаваным светам і якім чынам у яго інтэгравацца, вызначыцца ва ўмовах паўнавартаснага дыялогу. У кожнай палітычнай сілы сваё бачанне вонкавай палітыкі: адныя лічаць, што нам трэба далучацца да ЕС, але не да НАТА, іншыя наадварот за далучэнне да НАТА, але не да Еўразвязу, нехта не супраць таго, каб Беларусь была прадстаўлена і там, і там.
Да таго ж досвед паказвае, што не ўсе міжнародныя дамовы выконваюцца. Так у выніку агрэсіі ў Крыме і на Данбасе Расіяй быў груба парушаны Будапешцкі мемарандум, згодна з якім краіны-гаранты Расія, ЗША і Вялікабрытанія абавязаліся паважаць незалежнасць, суверэнітэт і існыя дзяржаўныя межы Украіны. Заходнія краіны-гаранты незалежнасці, як шмат каму падаецца, прынялі не дастатковыя захады ў супраціве захопніцкім дзеянням Расіі.
Нядаўна на тэлеканале BBS быў паказаны дакументальным фільме, дзе даволі грунтоўна змадэлявана развіццё падзей у выпадку пачатку 3-й сусветнай вайны, у гэтым фільме досыць выразна прадэманстраваны ваганні Захаду наконт адказу на магчымую агрэсію Расіі, нават калі апошняя нападзе на прыбалтыйскія краіны. “Ці гатовы брытанцы паміраць за Даўгаўпілс?” – так ставіцца пытанне.
Таму бясспрэчна тое, што перш за ўсё неабходна мацаваць сваю абараназдольнасць, што і патрэбна будзе рабіць беларуская дзяржава пры аднаўленні канстытуцыйнага ладу. Калі правесці мысліцельны эксперымент і ўявіць, што згода наконт далучэння да блока НАТА ў беларускім грамадстве ўзнікла б у хуткім часе, то сам гэты блок адразу не зможа нас прыняць, так як на гэта патрэбен час і не адзін год. А вайна тым часам як лічаць многія, ужо на парозе. Захад, калі ў яго будзе воля мог бы дапамагчы той жа Украіне, ва ўсялякім разе зброяй, ужо ў рамках Будапешцкай дамовы, але пакуль што гэтага не адбываецца.
Такім чынам, атрымліваецца, што каб вярнуцца да пытання далучэння да блока НАТА нам неабходна вярнуцца да Канстытуцыі 94 года, без пазнейшых дапаўненняў прынятых на незаконных і непрызнаных АБСЕ рэферэндумах, але там прапісана ідэя нейтральнасці РБ. На мой погляд гэтым шляхам і трэба кіравацца, то бок, пытанне нейтралітэту ці далучэння вырашаць толькі пасля аднаўлення канстытуцыйнага кіравання на Беларусі. Фарсіраванае вырашэнне праблемы далучэння да НАТА ў хуткатэрміновай перспектыве немагчымае.
Падсумоўваючы сказанае трэба адзначыць, што на дадзеным этапе ідэю нейтралітэту можна ўключыць у “Стратэгію развіцця беларускай нацыі”, як мэту выхаду з саюзаў з Расіяй, а таксама адзначыць дыскусійнасць гэтай ідэі і магчымасць яе поўнага вырашэння толькі пры вяртанні да дэмакратыі.
Categories: Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ