Пётра Мурзёнак: Аб стратэгіі і тактыцы нацыянальнага будаўніцтва “Культура, Нацыя”, №13, сакавік 2016, с. 16-21.

logo for chasopis

Пётра Мурзёнак: Аб стратэгіі і тактыцы нацыянальнага будаўніцтва  

“Культура, Нацыя”, №13, сакавік 2016, с. 16-21.

Для многіх шараговых грамадзян Беларусі пытаньня аб будаўніцтве нацыі не існуе. І не таму, што яны занятыя вырашэньнем сваіх штодзённых спраў – проста яны падсьвядома адчуваюць нутром, што беларусы спакон вякоў існавалі і жывуць на гэтай зямлі, і што на сёняшні дзень у іх усё ў парадку, у сэнсе адчуваньня наяўнасьці нацыі\народа. Большасьць з іх, 83.7% па перапісу 2009 года, па крайне меры, адчуваюць сябе беларусамі. Беларускія карані ўрасьлі глыбока і калі хтосьці спрабуе закатаць іх пад савецкі асфальт ці пад асфальт “русского мира”, то з гэтых спроб нічога не атрымаецца. Беларускі нацыянальны парастак рана ці позна прабівае ўсе забароны і зноў з’яўляецца на нашай цудоўнай зямлі, нават з пад асфальта. Так паўтаралася шматкроць, так будзе і надалей. Беларускай нацыі – быць і прычынай таму ёсьць усведамленьне беларусаў, што яны ёсьць беларусамі.

Але калі мы пачынаем размаўляць акадэмічнымі катэгорыямі, у сэнсе, што такое нацыя, што яе вызначае, то вядома ж, тут яшчэ можна заўважыць шмат хібаў, якія могуць сьведчыць аб слабасьці нашай нацыі.  Прыкладаў тут шмат і не трэба многа паўтарацца. Перш за ўсё мова, гістарычныя веды і іх глыбіня аб беларускай спадчыне, гонар, гатоўнасьць абараняць сваю радзіму ад магчымых ворагаў. Што ж трэба рабіць каб паглыбляць гэтыя веды і ўдыхнуць у беларусаў веру, што яны ёсьць унікальная, як  і многія іншыя, нацыя ў сьвеце. Дзяржава пакуль што шмат не дбае пра нацыянальнае развіцьцё, прыгрэўшыся пад бокам у Расіі і будуючы цывільную рускамоўную дзяржаву. Перспектывы зьменаў у гэтым накірунку не заўважаецца, нягледзячы на варожасьць Расіі ў адносінах да Украіны і нейкія паслабленьні, зробленыя з боку Еўрапейскага Саюза. Відавочна, што кіруючая эліта, знаходзячыся паміж двумя агнямі, Расіяй і Захадам, вельмі нерашуча дэманструе зрэдку праявы беларускасьці. Аднак, гэта робіцца вельмі няўцямна, баючыся грознага крыку з боку ўсходняга суседа і не адчуваючы выразнага ціску з боку беларускай грамадзянскай супольнасьці, якая знаходзіцца, як і раней, у даволі глыбокім крызісе.

Паспрабуем акрэсліць магчымыя стратэгічныя шляхі ўмацаваньня нацыі. Першай і асноўнай задачай для гэтага бачыцца асьвета і адукацыя беларускага насельніцтва. Калісьці літоўцы, нашыя самыя блізкія суседзі ў Вялікім Княстве Літоўскім, у канцы 19-га стагоддзя выпрацавалі стратэгію сваіх узаемаадносін з суседзямі такім чынам, што змаглі даказаць сваю нацыю перад усімі, уключна з палякамі, якія дамінавалі ў Рэчы Паспалітай у 17-18-м стагоддзях. Яны нават выпрацавалі свой алфабіт, каб быць адрознымі ад правапісу польскага суседа. Спробы беларусаў зрабіць тое ж самае ў канчатковым выглядзе не далі такіх вынікаў, калі казаць пра станаўленьне нацыі. Так, была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (25 сакавіка 1918 года) і БССР (1 студзеня 1919 года), аднак нягледзячы на перыяды беларускага адраджэньня (20-30-я гады і 90-я гады мінулага стагоддзя), пытанне аб моцнасьці нацыі ўсё яшчэ дыскутуецца. Яно дыскутуецца з большага ва ўмовах зьнешніх пагрозаў (уплыў ‘русского мира’), і ў той жа час у выніку слабасьці ці недастатковай моцы нацыянальнай эліты, якая б мусіла выконваць задачы, акрэсленыя нацыянальнай ідэяй.

У гісторыі Радзімы было зроблена шмат высілкаў, каб беларуская ідэя рэалізавалася. Што такое беларуская ідэя? У канчатковым выглядзе гэта існаваньне незалежнай, беларускай дзяржавы. Такая дзяржава існуе. Хутка будзе роўна 100 год ад таго моманту, калі на карце сьвету з’явілася беларуская дзяржава. Падставы для яе стварэньня мелі вельмі сур’ёзны грунт – гэта існаваньне гістарычнай Полацкай дзяржавы, Вялікага Княства Літоўскага і наяўнасьць нацыянальна-сьвядомых людзей на пачатку 20-га стагоддзя. Але да гэтага часу народ Беларусі не мае выразнага нацыянальнага твару.

Пасьля развалу СССР Беларусь атрымала дэ юре незалежнасьць, за якую фактычна не змагалася, і вырвалася нарэшце з-пад рукі Расійскай і савецкай імперыі. Ці з’явілася пасьля гэтага беларуская нацыя ў поўным сэнсе гэтага слова? Відаць, не. Прыход да ўлады людзей з савецкім менталітэтам не дазваляе казаць пра будаўніцтва беларускай нацыі, хаця, па вялікаму рахунку, можна казаць пра тое, што незалежнасьць і суверэнітэт самой дзяржавы значна ўмацаваліся. Здавалася б, парадокс. Дзяржава ўмацоўваецца, а нацыя не развіваецца. Народ можа жыць эканамічна горш альбо лепш, але пытаньне стаіць аб духоўным жыцьці народа, якое не знаходзіць свайго развіцьця пры цяперашнім кіраўніцтве.

Спробы рэалізаваць нацыянальнае пытаньне рабіліся не раз, выкарыстоўваючы новыя падыходы,   адпаведаючыя свайму часу. Дыскусія, якая зараз ідзе на старонках часопіса “Культура, Нацыя” па пытаньню выпрацоўкі “Стратэгіі развіцьця беларускай нацыі”, гэта чарговая спроба нацыянальнай эліты кансалідаваць свае высілкі для рэалізацыі нацыянальнай ідэі. Гэта дыскусія, прадыктаваная новымі зьнешнімі і ўнутранымі фактарамі, чакае свайго працягу. Чым больш людзей і арганізацый далучыцца да абмеркаваньня “Стратэгіі”, тым лепш. Спяшацца не трэба. Праект разьлічаны на 20 гадоў,  тэрмін жыцьця аднаго пакаленьня, і калі мы здолеем яго рэлізаваць, то зможам паставіць сабе станоўчую адзнаку. Мы маем дастаткова часу, каб узвешана і грунтоўна прапанаваць грамадзянам нашай краіны асноўныя правілы паводзін, якія дазволяць нам зьберагчыся ў гэтым сьвеце і не растварыцца ў рускіх ці глабальных хвалях.

Хацелася б звярнуцца да ўзаемаадносін стратэгічных і тактычных задач рэалізацыі нацыянальнай ідэі. Дапоўнены праект “Стратэгіі развіццьця беларускай нацыі” (па стану на 25 сакавіка 2016 года) друкуецца ў гэтым нумары часопіса. Безумоўна, ключавой задачай “Стратэгіі” з’яўляецца будаўніцтва нейтральнай нацыянальнай дзяржавы, дзе будуць прадбачаны і выконвацца ўсе нормы роўнасьці і дэмакратыі. Нейтральнай – г.зн. палітычна незалежнай краіны, нацыянальнай – бо беларускай, дзе ўсе нацыянальныя меншасьці будуць карыстацца тымі ж правамі, што й беларусы – прадстаўнікі нацыяўтвараючага этнасу.

Прадбачваецца, што праект “Стратэгіі” будзе даведзены да ведама да большасьці беларускіх сем’яў на працягу некалькіх гадоў. Гэта ў нейкай ступені мара, але мара без якой немагчыма ўсталяваньне стабільнай, жыцьцяздольнай еўрапейскай нацыі. Імкненьне быць нейтральнай нацыяй  – не азначае адмаўленьня ад статуса еўрапейскай краіны. Еўрапейскасьць у нейтральнай краіне мусіць прысутнічаць у выглядзе  дэмакратычных прынцыпаў дзяржаўнага кіраваньня, зьберажэньня свабод і правоў чалавека, як прадугледжана “Хартыяй правоў чалавека”, зацверджанай ААН. Такая еўрапейскасьць не мусіць мець нічога агульнага з савецкасьцю ў тым сэнсе, што такія правы могуць быць прыхаваныя пад псеўдадэмакратычнымі лозунгамі і культурай, якая мае найперш прыярытэт сілы і падпарадкаваньне волі чалавека на карысьць дзяржаве.

Тыя выбары, якія праходзяць ў пост-савецкіх краінах, з вялікай цяжкасьцю, за некаторым выключэньнем,  можна аднесьці да свабодных. І справа не толькі ў фармальным выніку такіх выбараў, а ў той калектыўнай ментальнасьці, якая прапаведуе падпарадкаванасьць дзяржаве і якая ў значнай меры падтрымліваецца царквой, калі мець на ўвазе праваслаўе, да якога часова прыпісаны па кананічнаму, але не па нацыянальнаму праву тэрытыторыі.

Падаецца, што змаганьне за нацыянальныя правы ўскладняецца тым, што яно мусіць ісьці адначасова са змаганьнем за дэмакратычныя правы. У той жа час, ні ў якім разе мэта дасягненьня дэмакратычных свабод не можа падмяняць выкананьне тых задач, якія неабходны для будаўніцтва нацыянальнай дзяравы. Уявіце сабе такую сітуацыю, калі на свабодных дэмакратычных выбарах ў Беларусі перамогу могуць атрымаць сілы, якія не будуць дбаць пра вырашэньне нацыянальных пытаньняў.

Некаторыя з задач у прапануемай “Стратэгіі” адлюстраваны ў праграмах палітычных партый і рухаў. Аднак, да гэтага часу галоўнай памылкай нацыянальнай эліты з’яўляецца адсутнасьць сфармуляваных адзіных стратэгічных нацыянальных задач. Галоўнае тут не ў тым, хто першы ці хто “сапраўдны патрыёт”, а ў тым каб выпрацаваць агульную “Стратэгію” і пасьлядоўна год за годам, дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем яе  ажыцьцяўляць. У апошнія дзесяцігоддзі рабіліся тактычныя спробы аб’яднацца на час кароткачасовых выбарчых кампаній, прэзідэнцкіх ці парламенцкіх, але яны завяршаліся паразай. І адной з  прычынаў таму была адсутнасьць стратэгічнай праграмы дзеянняў, найперш у нацыянальных пытаньнях.

Нельга адмаўляць важнасьць такіх кампаній, але яны праводзіліся нешматлікімі сіламі. За 20 апошніх год ідэі правацэнтрысцкіх партый, такіх як БНФ ці КХП-БНФ, і іншых партый дэмакратычнага накірунку не знайшлі шырокай падтрымкі ў насельніцтва. Аб гэтым сьведчыць як адсутнасьць росту колькасьці сяброў гэтых партый, так і няведаньне большасьцю насельніцтва ідэй, якія яны нясуць. Нельга растлумачыць адсутнасьць прасоўваньня нацыянальных ідэй гэтымі сіламі толькі рэпрэсіўнымі дзеяньнямі ўладных структур.

Неканстукрыўная крытыка, якую часта можна пачуць у асяроддзі беларускай эліты, не спрыяе яднаньню, а наадварот вядзе да раз’яднаньня тых недастакова моцных сіл, якія бачны на нацыянальнай арэне. Падаецца, што пазіцыя судзіць усіх выглядае бяспройгрышнай, аднак, вялікі недахоп у ёй заключаецца ў адсутнасьці канструктыўных прапановаў, якія б дазвалялі рухаць нацыянальную ідэю наперад. І ў гэтым заключаецца яшчэ адзін парадокс – фармальна з’яўляючыяся носьбітамі нацыянальнай ідэі, некаторыя асобы сваёй крытыкай і абасобленасьцю тармазяць любыя ініцыятывы, якія выходзяць не з іх рук і вуснаў. Большай шкоды беларускай справе нельга прыдумаць. У дадатак, у асяроддзі нацыянальнай эліты культывуецца шпіёнаманія – агентамі спецслужб аб’яўляюцца людзі з розных бакоў дэмакратычнага лагера. Калі так будзе працягвацца, то мы нічога не асягнем. Трэба ўсё ж пакінуць асабістыя амбіцыі і крыўды і трымацца агульнага курса на будаўніцтва нацыі паводле адной стратэгіі. Самы сьвежы прыклад – напруга паміж беларускімі лідэрамі адчувалася падчас “Дня Волі – 2016” у Мінску, калі планаваліся розныя калоны і розныя маршруты шэсьця; усё ж большасьць людзей не зразумела такіх напружаных адносін, бо відаць не была добра з імі знаёма, і пайшла па крыху зьмененаму кампраміснаму (?) маршруту.

Падаецца, што партыйныя спрэчкі трэба пакінуць на пасьля, калі нацыя паўстаньне ў поўнай велічы. Пакуль што нацыянальныя і палітычныя сілы вельмі слабыя для таго каб змагацца паміж сабой за палітычную ўладу паасобку. Спачатку трэба з’яднацца. З’яднацца не ў сэнсе правесьці чарговы кангрэс і падпісаць мемарандум, які дзейнічае толькі да наступных выбараў. Яднаньне мусіць быць стратэгічнае. З’яднаная нацыянальная эліта здолее ажыцьцяўляць сваю асноўную задачу, а менавіта асьвету насельніцтва – моўную, гістарычную, культурную. Асьвета насельніцтва – працэс, які не можа быць кароткатэрміновым, бо патрабуе шмат высілкаў з боку ўсіх нацыянальна-сьвядомых сіл.

Няма чаго спадзявацца на зьнешнія сілы – развал Расіі, дапамогу Еўропы, ці зьмену кіруючай улады падчас магчымага перавароту, рэвалюцыі ці галоднага бунту. Усе гэтыя сцэнарыі малаверагодныя па розных прычынах. Асноўным шляхам да зьменаў у краіне, разам са змаганьнем за дэмакратычныя свабоды, з’яўляецца зьмена ментальнасьці беларуса, якая магчыма толькі праз асьвету. Трэба прыкласьці ўсе намаганьні, каб выхоўваць гонар за сваю бацькаўшчыну, прапагандаваць любоў да роднага краю і спрыяць нацыянальнаму развіцьцю беларускага  народа, гісторыя якога сягае ў глыб тысячагоддзяў.

Відавочна, што тактычныя задачы будаўніцтва нацыі павінны адаптавацца да новых умоваў. Стратэгія, якая прапануецца для абмеркаваньня беларускай эліце, утрымлівае шмат важных палажэньняў, рэалізацыя якіх магла б у канчатковым выглядзе прывесці да посьпеху, незалежна ад тых сіл, якія іх будуць падтрымліваць. Гэта можа быць пры жыцьцці аднаго пакаленьня альбо наступнага, аднак, калі гэта будзе сістэмная, узгодненая праца, то яна несумненна прывядзе да галоўнай мэты – мы будзем мець не цывільную, рускамоўную дзяржаву, а нейтральную, нацыянальную краіну з прыгожай назвай – Рэспубліка Беларусь.

Piotra Murzionak: About Strategy and Tactics of Belarusian Nation Building

(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, March 2016, issue 13, pp. 1621)

The main objective in the development of the Belarusian nation is a public education – linguistic, historical, cultural. Public education is the process that can not be a short-term process, as it requires a lot of effort of all national-conscious united elites and it should be guided by the common strategy. The strategy, which is proposed to discuss to the Belarusian elite, contains a number of objectives, the implementation of which could be in its final form lead to success, regardless of the forces that will support them. Needless to hope on external forces such as a collapse of the Russia, European aid or a change of the ruling power during a possible coup, revolution or hungry rebellion. All of those scenarios are unlikely for various reasons. It seems that the disputes of the parties should be left for later, when the nation uprising would be in a full grandeur. Only education combined with the struggle for democratic freedoms can change the mentality of the Belarusians. At the same time, the goal of democratic freedoms can not substitute for the execution of those tasks that are necessary for the construction of the national state. Changes can come during the lifetime of one generation or the next only when systemic, coordinated work of the national elite will be performed. That work will undoubtedly lead to the main goal – we will have not a civil, Russian-speaking state, but the neutral, national country with a beautiful name – the Republic of Belarus.



Categories: Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: