Пётра Мурзёнак: Глабалізацыя супраць нацыі. Рэцэнзія на эсэ Васіля Якавенкі “Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве”.
“Культура, Нацыя”, №13, сакавік 2016, с.66-69.
Брашура вядомага пісьменніка і публіцыста В. Ц. Якавенкі “Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве” выйшла ў сьвет у канцы 2015 года ў Мінску (Васіль Якавенка. – Мінск: Тэхналогія, 2015.– 47с.). Брашура складаецца з трох частак, аб’яднаных адной тэмай, якая хвалюе аўтара, а менавіта – развіцьцё нацый ва ўмовах сучаснай глабалізацыі. Развіцьцё нацый разглядаецца ў кантэксьце розных умоў, якія могуць весьці як да росквіту, так і да заняпаду нацый і нават цывілізацый, у прыватнасьці, еўрапейскай цывілізацыі.
Першая частка брашуры прысьвячаецца выбітнаму беларускаму вучонаму і мысьляру М. І. Крукоўскаму (1923-2013), сусьветнавядомаму сваімі працамі ў галіне дынамікі развіцьця грамадства і яго культуры. Аўтар праводзіць паралелі творчасьці М. І. Крукоўскага па праблемах эстэтыкі і культуралогіі з працамі такіх філосафаў як Гумбальт і К. Лявонцеў. У кантэксце разглядаемай тэмы аўтар падкрэслівае важны ўклад М. І. Крукоўскага ў разуменьне спалучэньня ідэальнага і матэрыяльнага, духойнага і матэрыяльнага кампанентаў ў развіцьці чалавека і пазнаньня ім сусьвету. В. Ц. Якавенка добра ведаў М. І. Крукоўскага і вельмі цёпла і ўзнёсла піша таксама пра яго асабістыя інтарэсы і захапленьні. Паведамляецца, што рыхтуецца выданьне твораў М. І. Крукоўскага ў 5-ці тамах.
Разгледзеўшы некаторыя тэарэтычныя асьпекты станаўленьня гармоніі ў грамадстве, аўтар, у другой частцы, якая называецца “Ад забыцьця да адраджэньня”, дае негатыўную крытыку тэорыі Б. Андэрсэна аб уяўных нацыях\супольнасьцях, а таксама крытыку ідэалогіі трансуніверсалізму. Выказваецца занепакоеннасьць тым, што ідэя трануніверсалізма, канчатковай мэтай якого можа быць стварэньне універсальнай дзяржавы ці цывілізацыі, прывядзе да зьнікненьня нацый. Тэорыі трансуніверсалізма\трансгуманізма пакуль што не знаходзяць шырокага разуменьня ў краінах заходняй цывілізацыі, заснаванай у асноўным на хрысьціянскай маралі. Базуючыся на больш раньніх гістарычных мадэлях існаваньня дзяржаў ці супольнасьцяў (грэчаская, рымская цывілізацыі) гэтыя тэорыі сапраўды ў выніку рэалізацыі нясуць пагрозу існаваньню нацый. Аднак, гэта перспектыва вельмі аддаленая, улічваючы разнастайнасьць мадэляў глабальных супольнасьцяў; так, S. Huntington (1993) выдзяляе 8 цывілізацый – Заходняю, Артадокс, Ісламскую, Кітайскую, Індыйскую, Японскую, Лацінаамерыканскую і Афрыканскую (на поўдзень ад Сахары).
З другога боку, на думку многіх даследчыкаў працэс нацыяутварэньня працягваецца і ў нашы дні, у той час як другія лічуць, што эпоха ўтварэньня нацый скончылася ў канцы 19-га – пачатку 20-га стагоддзя. Сьведчаннем таму, што нацыянальнае будаўніцтва працягваецца і сёння, з’яўляюцца краіны былой Югаславіі і СССР, уключна з Украінай, Беларусьсю, Сербіяй, Літвой і іншымі. Тое ж назіраецца і ў Еўропе, дзе не сканчаюцца спрэчкі еўрааптымістаў, якія імкнуцца збудаваць адзіную дзяржаву – Еўрасаюз, і еўраскептыкаў, прадстаўленых нацыянальнымі сіламі, якія адстойваюць інтарэсы сваіх нацыянальных культур і схільныя да далейшага развіцьця нацый; еўраскептыкам зараз спрыяюць праблемы міграцыі з якімі Еўропа сутыкнулася ў апошнія 2 гады.
Аўтар брашуры спасылаецца на К. Хюбнера, які бачыць рэалізацыю нацыянальнай ідэі, як неабходнасьць для духоўнага і культурнага развіцьця народа. Звяртаючыся да прыкладу Беларусі, падкрэсліваецца, што рэалізацыя нацыянальнай ідэі ў нашай краіне стаіць перад беларускім народам вельмі востра – без зьберажэньня ідэнтычнасьці, развіцьця беларускай культуры і традыцый існаваньне беларускай дзяржавы праз некалькі гадоў можа быць пастаўлена пад вялікае сумненьне. У брашуры вельмі вобразна даецца вызначэньне паняцьцям народ і нацыя: народ уяўляецца ўяўным збудаваньнем без традыцыйнага даху, тады як нацыя вымагае, каб збудаваньне мела гэты дах, а менавіта, “уласную гісторыю, культуру, мову, веру, еднасць псіхічнага стану і традыцый”. Без належнага клопату пра гэтыя складнікі нацыі немагчыма яе далейшае развіцьцё і існаваньне. Тое, што дзяржава не клапоціцца аб развіцьці нацыі сьведчаць хаця б афіцыйныя адносіны да мовы, нізкі ўзровень нацыянальнай адукацыі (толькі 16% дзяцей вучыцца па-беларуску) і заняпаду выданьня кніг на беларускай мове.
Прапануюцца 3 магчымыя, даволі схематычныя мадэлі ўзаемаадносін паміж нацыяй, народам і уладай\дзяржавай. Яны наступныя:
- Варыянт гета: нацыя адсутнічае, бо народ ізаляваны ад духоўных скарбаў, ад сваёй культуры, мовы і гісторыі. Паміж народам і уладай існуюць толькі сацыяльна-вытворчыя сувязі.
- Варыянт гармоніі. Народ і дзяржава знаходзяцца ў парытэце з нацыяй.
- Варыянт партнёрства і гармоніі. Гарманічныя дачыненні існуюць паміж усімі трыма суб’ектамі.
Хаця і не вызначаецца які-небудзь канкрэтны варыянт для Беларусі, аднак, відавочна, што варыянт гета ў найбольшай ступені адпавядае цяперашняй сітуацыі: дзяржава стаіць асобна над народам і пазбаўляе народ многіх прызнакаў нацыі. Хаця механізмы гэтага негатыўнага ўплыву ўлады на нацыю і не паказаны, аднак, кожны можа прыгадаць прыклады дзеянняў рэпрэсіўнага аппарата як непасрэдна на саміх людзей, так і апасрэдавана праз сродкі масавай прапаганды. У гэтай сувязі аўтар б’е ў набат – страта духоўнай культуры раўназначна страце душы, і канчаткова, страце Айчыны.
Апошняя, заключная частка брашуры называецца “Ліст у Еўропу”, і прысвечана тэме захаваньня еўрапейскай цывілізацыі. Напачатку даецца аналіз тэндэнцый у вырашэньні нацыянальных пытаньняў у Еўропе і абмяркоўваецца даволі раманчычная ідэя аб адкрыцьці Музея гісторыі і культуры Еўропы. Ліст у Еўропу падпісаны навукоўцамі і публіцыстамі Беларусі і Украіны і накіраваны кіраўніцтву Еўрасаюза. Паводле меркаваньняў падпісантаў ёсьць шмат прыкмет дэградацыі нацыянальных супольнасьцяў. Нацыі пад час глабалізацыі не маюць належнай падтрымкі і абароны, што можа весьці да ліквідавання разнастайнасці этнічных культур і саміх нацый. Як прыклады, прыводзіцца спасылка на шведскую журналістку, зрабіўшую аналіз думак шведскіх еўрарамантыкаў, адмаўляючых ужо сёння шведскую культуру. Аднак, з другога боку, заявы некаторых палітыкаў у Францыі, Германіі і Англіі, зробленыя ў 2010-2011 г.г. сведчаць аб тым, што палітыка шматкультуралізму не працуе; як вынік у гэтых краінах умацоўваюцца арганізацыі правага толку. Зноў жа, пад’ёму нацыянальных сіл спрыяе міграцыя насельніцтва з Бліжняга і Сярэдняга Ўсходу. Гэта праблема патрабуе разумнага рэгуляваньня і калі, напрыклад, Германія праводзіць адкрытую палітыку ў дачыненьні да мігрантаў, то шэраг невялікіх краін (Венгрыя, Македонія) проста будуюць сьцены і зачыняюць межы. Тым не менш, у асноўным еўрапейскія краіны не адмаўляюцца ад дэмакратычных стандартаў роўнасьці і братства. Тут нельга пагадзіцца з аўтарам, што ў Еўропе дзейнічаюць амерыканскія стандарты. Якраз дэмакратычныя стандарты ў ЗША і ў Еўропе даволі блізкія і не таму, што яны амерыканскія і індывідуалістычныя, а таму, што яны дэмакратычныя. Да таго ж у цывілізацыйным плане краіны Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі звычайна адносяць да адной цывіліцыі – Заходняй.
Нельга таксама пагадзіцца з той думкай, што нацыям пагражаюць мігранты ці часовыя рабочыя: «Беларусь штогод прымае ўсё большую колькасць чужародных гастарбайтэраў, і неўзабаве з’явяцца кітайскія правінцыі. Магчыма, і ўкраінскія… Далібог, гэта не можа шыкаваць настрой у грамадстве». Тут гучыць прыхаваная неталерантнасьць да чужых, хаця агульнапрынята лічыць, што беларусы вельмі талерантныя людзі. Магчыма ў адносінах да прадстаўнікоў існуючых канфесій у Беларусі такая талерантнасьць сапраўды маецца, аднак, даследаваньні адносна чужых людзей у краіне, адносна смяротнага пакараньня не дазваляе ў поўнай меры казаць у такім сэнсе пра талерантнасьць беларусаў. На сёняшні дзень насельніцтва Беларусі даволі аднароднае, аднак, працэсы міграцыі адбываюцца зараз ва ўсім сьвеце і беларусам ў нейкай ступені трэба з разуменьнем да гэтага рыхтавацца.
Відаць, што трывога за еўрапейскія нацыі падштурхнула падпісантаў «Ліста ў Еўропу» на даволі рамантычную ідэю аб стварэньні Музея Еўропы. Музей Еўропы, на іх думку, павінен стаць важнейшым сродкам захаваньня культурнай памяці еўрапейцаў. У такім цэнтры прадугледжваецца навукова-даследчая праца па гісторыі развіцьця нацый на кантыненце, перасяленьні народаў, вывучэньне сучасных стасункаў паміж цывілізацыямі і нацыямі. Усё ж практычная рэалізацыя такога праекта, маючы на ўвазе сучасныя выклікі якія стаяць перад Еўропай, магчыма будзе адкладзена на невыразную будучыню, хаця падаецца вельмі цікавай з пункту гледжаньня абароны інтарэсаў нацый, асабліва малых нацый.
Нягледзячы на невялікі аб’ём брашуры, выкарыстаны аўтарам комплексны падыход (тэорыя, аналіз стану еўрапейскіх нацый, прапанаваны праект) дазволіў закрануць актуальныя праблемы існаваньня нацый у сучасных умовах, якія могуць быць цікавымі для многіх чытачоў.
Piotra Murzionak: Globalization versus nation. Review for the brochure “How to reach spirituality and harmony in society” written by Vasil Yakavenka.
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, March 2016, issue 13, pp. 66–69)
V. Yakavenka using an integrated approach (theory, analysis of the European nations, the proposed project) discussed urgent problems of the existence of nations in the modern society which can be interesting to many readers. Source: “Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве”. Васіль Якавенка. Мінск: Тэхналогія, 2015. 47с.
Пакінуць адказ