Шышко Вадзім: Заўвагі па практычнай рэалізацыі “Стратэгіі” “Культура, Нацыя”, №13, сакавік 2016, с. 45-47.

logo for chasopis

 

Шышко Вадзім:  Заўвагі па практычнай рэалізацыі “Стратэгіі”

“Культура, Нацыя”, №13, сакавік 2016, с. 45-47.

У цэлым праект “Стратэгіі разьвіцьця беларускай нацыі” выглядае добра. Адначасова прысутнічаюць і ўзважанасьць і мэтанакіраванасьць.

Пытаньне ўзьнікла толькі адно, у разьдзеле “Падыходы і сродкі рэалізацыі” па пункту 2: “Давесці змест Стратэгіі да максімальнай колькасці грамадзян РБ. Пажадана каб тэкст Стратэгіі мела кожная сям’я.” Якім чынам плануецца рэалізаваць гэты пункт? Нам усім вядома, што наша дзяржава ні распаўсюджваньнем гэтай стратэгіі, ні ёй самой увогуле займацца не будзе. У такім выпадку якія яшчэ застаюцца сродкі? Хацелася б убачыць іх больш дэтальна, калі, вядома, гэты пункт не з’яўляецца чыста дэкларатыўным – сказаць толькі дзеля таго, каб сказаць.

А ад сябе я бы яшчэ дадаў да гэтай стратэгіі крыху больш жыцьцёва-пабытовы кірунак дзейнасьці. Не буду зноў распісваць падрабязна тэзіс аб тым, што беларуская мова з’яўляецца адным з наймацнейшых гарантаў захаваньня беларускай нацыі, які спрацоўвае на ўзроўні падсьвядомасьці чалавека. Перад намі цяпер стаіць іншае важнае пытаньне – як нашу мову ў гэту самую падсьвядомасьць беларусам укараніць? Жывучы ў правінцыі і назіраючы за звычайнымі людзьмі рознага ўзроўню дастатку я заўважыў, што іх даволі мала кранаюць усе тыя ідэі, якія выкладзеныя ў стратэгіі. Не таму, што яны супраць гэтых ідэй, а хутчэй таму, што мы, беларускія нацыяналісты-ідэялісты, жывём крыху ў іншым “сусьвеце” ў параўнаньні з большасьцю астатніх беларусаў-прагматыкаў.

Іншымі словамі я бы сказаў так: калі мы хочам “дагрукацца” да нашых суайчыньнікаў, то нам трэба паспрабаваць навучыцца размаўляць зь імі на іх “мове”. Іх “мова” не расейская і не беларуская. Іх “мова” – гэта “мова” матэрыяльнага забяспячэньня. Гэта зусім не значыць, што нам цяпер трэба матэрыяльна забясьпечваць беларусаў. Гэта нерэальна і не трэба. Беларусы павінны самі навучыцца самі сябе забяспечваць. А наша задача – стварыць для гэтага матэрыяльнага забеспячэньня беларускамоўную “абалонку”.

Ідэя тут у чым. Кожны дзень беларусы ходзяць у крамы і набываюць самыя розныя штодзённа неабходныя для жыцьця тавары. Кожны дзень яны глядзяць на этыкеткі і назвы гэтых тавараў, каб выбраць тое, што ім больш пасуе. Іх не надта хвалюе, на якой мове напісана інфармацыя на тавары, беларускай ці рускай. Іх хвалюе, каб тавар быў максімальна якасны і танны. Успрыняцьце якасных уласьцівасьцяў тавару чалавекам успрымаецца на ўзроўні сьвядомасьці – ён чытае інфармацыю і аналізуе, што для яго тут добра, а што не надта. А вось мова, на якой ён чытае гэту інфармацыю, успрымаецца чалавекам падсьвядома. Ён не думае аб ёй, бо ў яго іншыя задачы. А сама мова, тым часам, незаўважна, пасіўна адбіваецца ў памяці чалавека. Калі такое здарыцца раз-два, то гэта будзе незаўважна для чалавека і ніяк не паўплывае на яго. Але калі такі спосаб падачы інфармацыі будзе паўтарацца штодзень, на працягу ўсяго жыцьця, то незаўважна для чалавека беларуская мова пачне арганічна ўпісвацца ў сьветаўспрыняцьце чалавека. То бок, менавіта тое, што нам патрэбна.

Па сутнасьці ідэя не новая. Аб гэтым ужо шмат казалі і абмяркоўвалі. У маіх Паставах па ініцыятыве нашай раённай арганізацыі ТБМ мы дасылалі лісты кіраўнікам розных дзяржаўных прадпрыемстваў (у асноўным харчовых), каб яны на сваіх таварах зьмяшчалі беларускую мову. У адказ мы заўсёды атрымлівалі ветлівую адмову. Наша памылка была ў тым, што мы дасылалі свае просьбы тым, каму беларуская мова нецікавая. Таму вынік мы мелі заканамерны.

Мая ідэя палягае ў тым, каб накіраваць нашыя высілкі не ў бок тых прадпрыемстваў, кіраўнікам якіх беларуская мова нецікавая, а наадварот. Час ад часу там-сям мы сустракаем нейкую інфармацыю аб тым, што недзе з’явіўся або нейкі тавар, аформлены па-беларуску, або нейкая прадпрымальніцкая ўстанова, якая актыўна карыстаецца беларускай мовай. Вось на такіх прэцэдэнтах я раіў бы засяроджваць нашу ўвагу. Калі мы выпадкова даведаліся пра такога прадпрымальніка, які спрабуе ў сваім бізнэсе выкарыстоўваць беларускую мову, то трэба ісьці да яго і прапаноўваць яму супрацоўніцтва. Выглядаць супрацоўніцтва можа, напрыклад, у мовазнаўчай і інфармацыйнай падтрымцы дадзенага тавару або паслугі. Вядома, што наша прапанова павінны быць бясплатнай (прынамсі спачатку, каб не напалохаць чалавека, бо ўсе прадпрымальнікі баяцца лішніх выдаткаў).

Для збору інфармацыі аб такіх прадпрымальніках і таварах можна выкарыстоўваць грамадскія арганізацыі (той жа самы ТБМ, напрыклад, сетка якога ёсьць па ўсё краіне). Тэарэтычна такія прадпрымальнікі хутчэй за ўсё будуць знаходзіцца ў Менску (але не факт). Наведацца да яго з якой-небудзь прызначанай для гэтага працоўнай групай і прапанаваць нашыя паслугі. Калі ён хоча, то мы можам правільна перакласьці на беларускую мову ўсю інфармацыю аб яго іншых таварах, якая знаходзіцца на ўпакоўцы. А рэкламу аб дадзеным беларускамоўным тавары (толькі беларускамоўным, выключна!) мы можам даваць у нашых недзяржаўных перыядычных выданьнях. Бясплатна! Мала які прадпрымальнік адмовіцца ад бясплатнай рэкламы свайго тавару ці паслуг.

Для такой рэкламы добра было б дамовіцца з рознымі нашымі недзяржаўнымі выданьнямі, якія ідэйна нас падтрымліваюць (накшталт “Наша слова”, “Наша ніва”, Народная воля” і інш.). Для прыкладу, як у газеце “Наша слова” перыядычна з’яўляецца рэклама аднаго менскага беларускамоўнага псіхолага. Вядома, што забясплатна газеты не надта разгоняцца друкаваць у сябе рэкламу. Але будзем рэалістамі, наўрад ці мы знойдзем столькі розных беларускамоўных тавараў і ўстаноў, што іх рэклама зойме шмат месца ў газеце.

Дадзеная працоўная група будзе мець сьпіс наяўных беларускамоўных найменьняў тавараў і прадпрыемстваў, каб іх рэкламу перыядычна запускаць праз СМІ, якія захочуць далучыцца да такой кампаніі. Як правільна заўважана ў стратэгіі, спробы дзяржавы праз розныя спарадычныя акцыі папулярызацыі беларускай мовы носяць выпадковы і несістэмны характар. Улічваючы гэта, працу з беларускамоўнымі прадпрымальнікамі трэба рабіць доўгатэрміновай і сістэмнай. Працоўная група павінна на працягу года зьбіраць інфармацыю аб любых розных новых таварах і прадпрыемствах, якія пачалі актыўна выкарыстоўваць беларускую мову і штогод актуалізаваць базу дадзеных, у выпадку, калі нехта з прадпрымальнікаў скончыў сваю дзейнасьць, або адмовіўся ад беларускай мовы.

Што дасьць такая дзейнасьць? Для прадпрымальнікаў, як сказана вышэй, бясплатную дадатковую рэкламу. А для людзей нацыянальна-арыентаваных гэта рэклама будзе ўказваць наяўныя тавары і паслугі, якія можна як набываць самім, так і прапаноўваць сваім знаёмым. Гэта будзе даваць дадатковыя прыбыткі для прадпрымальнікаў, стымулюючы яго на павелічэньне вытворчасьці менавіта гэтай самай беларускамоўнай лінейкі тавараў. Чым больш такіх тавараў, тым часьцей яны будуць трапляцца людзям на крамных паліцах. Тым часьцей звычайныя людзі, перасьледуючы выключна свае матэрыяльныя, гаспадарчыя мэты, будуць сустракаць у звычайным побыце беларускую мову, якая, у сваю чаргу, атрымае магчымасьць трапіць, такім чынам, у падсьвядомасьць сярэднестатыстычнага беларуса.

Я разумею, што гэта ўсё толькі ў тэорыі, у маёй галаве. Калі гэтым пачаць займацца, то давядзецца вырашаць шмат дадатковых пытаньняў, якія не бачныя на першы погляд. Як ідэяліст я прапаную толькі ідэю, а ў рэчаіснасьці ўсё можа атрымацца зусім не так, як я сабе ўяўляю. Але ж, немагчыма нічога дакладна сьвярджаць, пакуль не паспрабуеш гэта зрабіць.



Categories: Мова, Праект "РАЗАМ", Uncategorized

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: