Дапоўнены праект «СТРАТЭГІІ РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ» (па стану на 25 чэрвеня 2016 года). “Культура, Нацыя”, №14, чэрвень 2016, с. 22-33.

logo for chasopis

Дыскусія “Нацыянальнае будаўніцтва і сучаснасць – 2015”  (працяг)

Тэма: “СТРАТЭГІЯ РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ”

Дапоўнены праект «СТРАТЭГІІ РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ»           

(па стану на 25 чэрвеня 2016 года, зьмены высьветлены ў жоўты колер)

“Стратэгія развіцьця беларускай нацыі” упершыню апублікавана на старонках часопіса “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ” 6 лютага 2016 года.

 

Калі ласка, свае  каментары і заўвагі дасылайце на адрас: chasopis.sakavik@hotmail.com   

 

Стан беларускай нацыі

За мінулае стагоддзе беларусы дасягнулі значнага прагрэсу ў будаўніцтве сваёй дзяржавы – у свеце стала існаваць незалежная і суверэнная краіна Беларусь, прынятая ў ААН. У развіцці краіны за гэты час былі спрыяльныя і неспрыяльныя перыяды, а сучасныя дзяржаўнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь значна ўмацаваліся толькі пасля выхаду з СССР. Аднак, трэба адзначыць шэраг фактараў, якія не спрыяюць будаўніцтву нацыянальнай дзяржавы, а менавіта, прыхільнасць сучаснага кіраўніцтва да пабудовы рускамоўнай, цывільнай дзяржавы, зберажэнне савецкага, аўтарытарнага стылю кіравання краінай, выхаванне патрыятызму, заснаванагаму толькі на кароткачасовай гісторыі апошняй вайны, прыгнёт беларускай мовы і беларускасці, удзел у ваенных блоках (ОДКБ, асобныя дамовы з Расіяй), усё большае уключэнне краіны ў сферу “русского мира”,  ідэалогія якога скіравана на ваенную, палітычную і культурную экспансію не толькі на суседнія, але і на далёкія краіны, дзе ёсць прыкметы рускай мовы і культуры.

Цяперашняя дзяржаўная палітыка знаходзіцца ў супярэчнасці з рэалізацыяй нацыянальнай ідэі, аб чым сведчаць неўжыванне роднай мовы ў дзяржаўных установах, савецкая інтэрпрэтацыя гісторыі Беларусі, увядзенне ў вучэбных установах дысцыпліны «Ідэалогія беларускай дзяржавы», якая не асвятляе вырашэнне нацыянальных пытанняў, выцясненне нацыянальна свядомых беларусаў са школ і ўніверсітэтаў, беларускіх выканаўцаў і аўтараў з дзяржаўных тэле- і радыёканалаў, існаванне чорных спісаў музыкаў, пісьменнікаў, прадстаўнікоў іншых творчых прафесій, забарона ўжывання нацыянальных сімвалаў. Некаторыя праявы беларускасці з боку дзяржавы (рэдкія выступы кіраўнікоў па-беларуску, з’яўленне беларускіх білбордаў) не маюць сістэмнага характару і хутчэй выглядаюць рэхам лавіравання ў дзейснай геапалітычнай сітуацыі. Найноўшая мадыфікацыя патрыятызму, якая пераважна грунтуецца на дасягненнях савецкай эпохі і факце перамогі ў Другой сусветнай вайне, не можа лічыцца прадуктыўнай і перспектыўнай, бо перакрэслівае ўсю папярэднюю 1000-гадовую гісторыю станаўлення беларускай дзяржаўнасці, што пачынаецца з часоў Полацкага і Турава-Пінскага княстваў.У той жа час трэба адзначыць, што без чыннага ўдзелу самой дзяржавы нацыянальнае будаўніцтва сіламі толькі нацыянальнай эліты будзе ў значнай ступені запаволена.

Сярод шэрагу мадэляў будаўніцтва дзяржавы (грамадзянская/цывільная, культурная, уяўная) выбар мадэлі этнанацыянальнай дзяржавы ў найбольшай ступені адпавядае рэальнай сітуацыі ў Беларусі. Будаўніцтва цывільнай нацыі без належнага грунту этнакультурнай еднасці, падмацаванай агульнай гісторыяй, традыцыямі, мовай, светапоглядамі і, так ці іначай, этнічным паходжаннем, – з’яўляецца памылковым шляхам. Нішто ў сучасных умовах не можа так спрыяць будаўніцтву дзяржавы як прыналежнасць большасці грамадзян да аднаго этнасу (83.7% насельніцтва краіны адчуваюць сябе беларусамі, 2009). Нельга пагадзіцца з тым, што Беларусь многанацыянальная краіна. Большасць нацыі складаюць беларусы (нацыўтваральны этнас, тытульная нацыя), якія ў асноўным і вызначаюць менталітэт краіны, яе агульны настрой і адносіны да знешняга свету.

У той жа час у Беларусі нацыянальныя меншасці жывуць у бяспецы, дзякуючы як існуючым цывільным рэгулам, так і міралюбівым адносінам да нацыянальных меншасцяў саміх беларусаў. Будучая этнанацыянальная дзяржава ўяўляецца такой дзяржавай, якая рэальна адстойвае інтарэсы тытульнай нацыі і ў якой грамадзянам меншасцяў гарантуюцца роўныя правы і абарона ад асіміляцыі пры рэалізацыі іх нацыянальных праектаў. Толькі на гэтым шляху бачыцца будучыня нашай краіны. Беларусь не можа будаваць дзяржаву на аснове культурнай мадэлі ці цывільнай рускамоўнай мадэлі, як гэта робіцца цяпер, па адной простай прычыне. І ў адным, і ў другім выпадку паглынанне беларускай дзяржавы “русским миром”, з’яўляецца непазбежным.

Мяркуецца, што далейшае існаванне беларускай дзяржавы мусіць набыць фармат нейтральнасці. На сёння ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь запісана, што “Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю без’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай” (Артыкул 18). Стан нейтральнасці будзе палітычным выхадам з-пад пагрозы быць уцягнутымі ў сферу “рускага свету” і адпавядае як ментальнасці беларускага народа, так і дзяржаўным інтарэсам. Відавочна, што стан нейтральнасці не прадугледжвае сяброўства ў ваенных ці іншых блоках, уцягнутых у рэгіянальныя ці глабальныя канфлікты. Стан нейтральнасці дае прававыя і маральныя падставы супрацьстаяць ваеннай ці эканамічнай агрэсіі, якія пагражаюць незалежнасці і суверэнітэту краіны. Правы і абавязкі нейтральнай дзяржавы вызначаны ў раздзелах 5 [1] і 13 [2] Гаагскай канвенцыі  ад 1907 года. Набыццё краінай юрыдычнага статусу нейтральнасці ў нашы дні можа быць прызнана ААН.  Нейтральнымі краінамі ў Еўропе на сёння з’яўляюцца: Аўстрыя, Ірландыя, Ліхтэнштэйн, Мальта, Малдова (з 1994), Сан-Марыно, Сербія (з 2007), Фінляндыя, Швейцарыя, Швецыя (хаця некаторыя з гэтых краін ёсць сябрамі Еўрапейскага Саюза, ЕС). Пры гэтым важна таксама ўсведамляць, што ні шчыльная сувязь з Еўрасаюзам, ні – тым больш – з Расіяй не будуць аптымальнымі варыянтамі далейшага развіцця.

Падаецца, што будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы не можа быць заснавана выключна на хрысціянскай маралі, па некалькіх прычынах, многаканфесійнасці ў краіне, адсутнасці абсалютнай перавагі (больш 50%) якой-небудзь рэлігійнай канфесіі, наяўнасці значнай долі атэістаў сярод насельніцтва (41%). Нам трэба будаваць свецкую (не рэлігійную) нацыянальную дзяржаву, у якой будзе забяспечана свабода ўсіх веравызнанняў, калі іх дзейнасць не супярэчыць заканадаўству РБ.

Стан самаідэнтыфікацыі беларускай нацыі па-ранейшаму застаецца недастакова трывалым. Прычынамі для гэтага з’яўляюцца як савецкая спадчына, так і працяг сучасным кіраўніцтвам амаль той жа палітыкі ў дачыненні да нацыянальных пытанняў. Грамадзяне Беларусі да гэтага часу не разглядаюць незалежнасць краіны, як адну з найважнейшых каштоўнасцяў. Але ў той жа час, калі казаць пра аднясенне сябе да беларускай нацыі, то 83.7% насельніцтва краіны называюць сябе беларусамі (перапіс 2009 года). Такая высокая нацыянальная аднароднасць выглядае добрым грунтам для будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы.

Сітуацыя з роднай мовай вельмі балючая і катастрафічная, што сталася вынікам як аб’ектыўных працэсаў, звязаных з урбанізацыяй, так і з бяздзейнасцю і наўмыснай этнацыднай палітыкі цяперашняга ўрада, што фактычна вядзе да паступовага выцяснення мовы з нацыянальнай свядомасці. Адзначаючы, што пераважная большасць грамадзян Беларусі прыхільна ставіцца да беларускай мовы і культуры, усё ж ва ўмовах заняпаду беларускай мовы спадзявацца на дастойнае і поўнае будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы можна толькі пры дапушчэнні, што беларусы будуць глыбока ведаць сваю даўнішнюю гісторыю (Полацкае княства, ВКЛ), узровень ведаў пра якую яшчэ недастатковы.

Магчымасці станаўлення і развіцця грамадзянскай супольнасці, заснаванай на дэмакратычных каштоўнасцях, ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму вельмі абмежаваныя. Пад уплывам Расіі і Расійскай праваслаўнай царквы ў апошнія 2 стагоддзі ментальнасць беларускага насельніцтва фармавалася на карысць інтарэсаў царскай улады Расійскай імперыі, а потым у інтарэсах камуністычнай дыктатуры СССР – пасіўнасці, моцнай дзяржаўнай улады, і не была скіравана на развіццё асобы, яе свабоды і павагі да прыватнай уласнасці. Усё гэта разам з сучаснай дзяржаўнай прапагандай прывяло да таго, што палітычная культура беларусаў і ўзровень развіцця грамадзянскай супольнасці застаюцца ўсё яшчэ на неапраўдана нізкім узроўні. Відавочна, што людзі не ўспрымаюць аўтарытарны рэжым, як пагрозу дэмакратычным свабодам, што магчыма звязана як з асобай кіраўніка дзяржавы і з той палітыкай якую ён праводзіць, з эканамічнай і палітычнай стабільнасцю, якая на гэты час іх задавальняе, так і з антыканстытуцыйным ціскам на свабоду слова і татальным падпарадкаваннем СМІ дзяржаве. Парадаксальна, але грамадзяне Беларусі, падтрымліваючы ў большасці дэмакратыю (75.3%),  у той жа час не супраць аўтарытарнага стылю кіравання (61.6%). На рэферэндуме 1996-га году 65% грамадзян прагаласавалі за тое, што дзяржава не павінна даваць справаздачу грамадскасці за фінансаванне ўсіх галін улады. Толькі дэзарыентаванае, збітае з тропу прапагандай насельніцтва магло прагаласаваць такім чынам. Спадзявацца ж на сапраўднае паўнавартаснае супрацоўніцтва з аўтарытарнай дзяржавай не выпадае ў сілу таго, што сучаснае кіраўніцтва не разглядае грамадства ў якасці раўнапраўнага партнёра.

Ментальнасць беларусаў недасткова падрыхтаваная да ўспрыймання каштоўнасцей, звязаных з роўнасцю людзей, якія ў цывілізаваным свеце паступова ўваходзяць у жыццё і з разуменнем успрымаюцца грамадствам, у прыватнасці, беларусы  недастаткова талерантныя ў адносінах да іншых расаў, нетрадыцыйных рэлігій і да асоб нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, адмоўна ставяцца да адмены смяротнага пакарання.

Нацыянальная свядомасць саміх грамадзян Беларусі пакуль што вельмі слабая. Такія прыметы як некарыстанне роднай мовай, нежаданне весці дзяцей у беларускія школы і садкі, нізкая актыўнасць у пратэстных акцыях, абыякавасць да нацыянальных каштоўнасцяў, настальгія па савецкасці, успрыманне рускай культуры як сваёй, а ўспрыманне сваёй культуры як другаснай, знівеліраванае пачуццё нацыянальнага гонару ніяк нельга залічыць у актыў нацыянальнай свядомасці. Да таго ж “русский мир” непазбежна атачае нас штодня. На вывучэнні твораў менавіта рускіх пісьменнікаў грунтуюцца каштоўнасныя арыентацыі навучэнцаў сярэдніх школ; п’есы рускіх драматургаў пераважаюць у айчынных тэатрах; расійская папса гнятуча дамінуе  на большасці канцэртных пляцовак Беларусі і ў медыясферы. Відавочна, што беларускае грамадства не зможа пазбавіцца са сваіх посткаланіяльных поглядаў да таго часу, пакуль не пераадолее рэфлекс бясконцага азірання на Расію. Не спрыяе росту нацыянальнай свядомасці і пастаянна прапагандуемая і не адпавядаючая гістарычным фактам ідэя аб трыадзінстве усходнеславянскіх народаў, што асабліва стала відавочна падчас ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Будаўніцтва паўнавартаснай нацыянальнай дзяржавы пры недахопе якасцяў аб якіх ішла размова вышэй будзе запаволена, нягледзячы на тое, што па сваёй адукаванасці і нават па ўзроўню жыцця Беларусь магла б адпавядаць еўрапейскім стандартам. Будаўніцтва нацый-дзяржаў у Еўропе працягваецца ў такіх этнічна аднародных краінах як Сербія (83% насельніцтва складаюць сербы), Харватыя (88%), Славенія (89%), Літва (84%). Беларусь мае патэнцыял будаваць нацыянальную дзяржаву таксама.

Беларуская нацыянальная эліта імкнецца выкарыстоўваць каштоўнасці, заснаваныя на глыбокай гісторыі, адвечнай культуры і традыцыях беларускага народа. Сучаснае дзяржаўнае чынавенства і нацыянальная эліта, як высвятляецца з публічных прамоваў, збіраюцца будаваць розныя мадэлі Беларусі, якія, паводле логікі, слаба сумяшчальныя паміж сабой. Аднак, у грамадстве няма свабоднага абмену думкамі, адкрытага поля для змагання ідэй. Грамадзяне краіны за свае погляды і незалежную пазіцыю загнаны ў палітычную і культурную рэзервацыю, запісаны ў творчыя чорныя спісы.

Прапануемая Стратэгія развіцця беларускай нацыі разлічана на бліжэйшыя два дзесяцігоддзі ў незалежнасці ад магчымых змен унутранага ці знешняга палітычнага\геапалітычнага характару (рэвалюцыя, агрэсія ці іншае). Не адмаўляючы і падтрымліваючы палітычныя падыходы, трэба заўважыць, што пастаяннай задачай нацыянальных сіл мусіць быць змаганне за нацыянальную свядомасць грамадзян Беларусі, а такая праца патрабуе доўгага часу і не можа быць вырашана кароткачасовымі кампаніямі.

Сілы нацыянальнай эліты за апошні час значна пашырыліся за кошт шматлікіх інстытутаў, арганізацый і вэб-структур, аднак, на жаль, значная колькасць іх вымушана дзейнічаць з-за мяжы. Свабодна ж працаваць на радзіме вельмі складана з-за шматлікіх абмежаванняў і прынятых законаў, якія фактычна загналі свабодную думку разам з мовай тытульнай нацыі ў “беларускае гета”. У дадатак, трэба адзначыць, што сёньняшнія апазіцыйныя СМІ – радыё “Свабода”, газеты “Наша Ніва”, “Народная воля”, спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” – за столькі гадоў працы так і ня сталі сапраўды незалежнымі беларускімі СМІ і вельмі часта адлюстроўваць інтарэсы толькі асобных груп людзей.

Нягледзячы на пэўныя слабасці «няспелай» беларускай нацыі магчымасць будаўніцтва поўнавартаснай нацыі і нейтральнай, беларускай нацыянальнай дзяржавы застаецца. Гэта надзея базуецца на: незалежнасці і суверэнітэце, якую зараз мае РБ, высокай нацыянальнай аднароднасці насельніцтва (83.7% беларусы), наяўнасці нязначнай па колькасці, але актыўна працуючай нацыянальнай эліты, істотнай долі насельніцтва, якая спачувае ці можа падтрымаць ідэі, скіраваныя на ўмацаванне нацыі, узрастаючай колькасці інфармацыйных рэсурсаў, спрыяльных знешніх умовах, тэарэтычных доказах магчымасці будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы ў пост-мадэрны перыяд, у часы існавання інфармацыйнага грамадства.

Мэта Cтратэгіі

Мэтай прапаноўваемай Стратэгіі з’яўляецца пабудова нейтральнай, нацыянальнай дзяржавы,у якой абсалютна роўныя правы будуць мець прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў і прадстаўнікі нацыяўтваральнага этнаса – беларусы.

Задачы, які вынікаюць з характарыстыкі сучаснага стану беларускай нацыі і пастаўленай мэты:

Распаўсюджваць ідэю аб атрыманні краінай нейтральнага стану праз правядзенне рэферэндума і замацаванні гэтага палажэння ў Канстытуцыі РБ.

Падтрымліваць і прапагандаваць, абапіраючыся на гістарычныя факты, ідэю аб этнічнай гістарычнай унікальнасці беларускай народа, развіццё якога істотна адрозніваецца ад развіцця народаў Расіі. Лічыць ідэю аб трыадзінстве усходнеславянскіх народаў (Беларусі, Расіі, Украіны) не адпавядаючай гістарычнай праўдзе і шкоднай.

Падтрымліваць ідэю пераемнасці ў гістарычным развіцці беларускай дзяржаўнасці. Дабівацца сусветнага прызнання выключнай ці роўнай ролі беларускага народа ў развіцці Вялікага Княства Літоўскага – вялікай еўрапейскай дзяржавы мінулага, на тэрыторыі якой сёння пражываюць людзі  сучасных незалежных краін, Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. Першыя княствы на тэрыторыі Беларусі, Вялікае Княства Літоўскае, станаўленне і здабыццё незалежнасці Рэспублікі Беларусь, – усе гэтыя перыяды з’яўляюцца састаўнымі часткамі нашай нацыянальнай гісторыі. Выцісканне і прыніжэнне любога гістарычнага перыяда не адпавядае інтарэсам нацыі.

Для папярэджання пагрозы страты незалежнасці і суверэнітэту РБ праз ваенныя, эканамічныя ці культурныя механізмы супрацьстаяць ідэалогіі “русского мира” і н’юеўразізма, якія ўяўляюць сабой абноўленыя формы імперскага шавінізму.

Не падтрымліваць сучасны ўрад у будаўніцтве цывільнай, рускамоўнай дзяржавы, і адначасова працягваць пошук актыўнага ўзаемадзеяння з мясцовымі ўладамі ў рамках законаў, рабіць гэта індывідуальна і арганізаванымі групамі грамадзян для паляпшэння сітуацыі ў адносінах да мовы (садкі, класы, школы, дакументацыя), гісторыі (назвы вуліц, памятныя знакі) і па іншых пытаннях.

На сучасным этапе праводзіць асветніцкую дзейнасць сярод насельніцтва ў першую чаргу ў галіне гісторыі, элітарнай і мас-культуры і традыцый беларускага народа (Полацкая дзяржава, ВКЛ, БНР, БССР, адраджэнне 90-х), не збаўляючы высілкаў па вызваленні беларускай мовы з прыгнечанага стану. Дабівацца раўнапраўнага, непрымусовага ўжывання беларускай мовы ў дзяржаве, стварэння нарматыўнай базы на мове тытульнай нацыі.

Ва ўмовах сфальшаванага двухмоўя і невыканання “Закона аб мовах” стымуляваць выкарыстанне Мовы ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця, ужываючы ўсе магчымыя падыходы і сродкі, прадстаўленыя ў “Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі” (2012), уключаючы: адкрыццё беларускіх нацыянальных універсітэтаў, якіх павінна быць не менш паловы з усіх існуючых у краіне, заахвочванне грамадзян Беларусі аддаваць дзяцей у беларускія садкі і школы, мовазнаўчую і інфармацыйную падтрымку беларускай рэкламы прадуктаў і тавараў, заахвочванне рэлігійных абшчын розных канфесій да правядзення багаслужбы на беларускай мове і грамадскіх арганізацый нацыянальных меншасцяў да вывучэння беларускай мовы і гісторыі, заахвочванне грамадзян Беларусі і адпаведных рытуальных агенцтваў ужываць беларускую мову на надмагільных надпісах.

Для асветы насельніцтва стварыць агульны нацыянальны інфармацыйны канал і шэраг інфармацыйных пляцовак (газеты, часопісы, радыё, тэлебачанне), пабудаваных па прынцыпу грамадскіх СМІ, на якія не змогуць ўплываць і ціснуць ідэалагічныя структуры аўтарытарнага рэжыму.

Даводзіць (грамадству) інфармацыю пра ўсе станоўчыя праяўленні беларускасці і рэагаваць на ўсе без выключэння праявы этнацыду беларусаў. Шанаваць і развіваць гонар за дасягненні, якія мае беларускі народ сёння.

Папулярызаваць нацыянальных дзеячаў, зрабіўшых найбольшы ўклад у развіццё нацыі: І. Насовіч, Н. Орда, В. Дунін-Марцінкевіч, С. Манюшка, К. Каліноўскі, Ф. Багушэвіч, Я. Карскі, М. Доўнар-Запольскі, Б. Эпімах-Шыпіла, І. Луцкевіч, Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі, У. Галубок, В. Ластоўскі, Я. Лёсік, А. Луцкевіч, М. Багдановіч, А. Чарвякоў, Б. Тарашкевіч, Р. Шырма, Г. Цітовіч, Л. Геніюш, М. Ермаловіч, В. Быкаў, А. Адамовіч, У. Караткевіч, М. Крукоўскі, Р. Барадулін, Г. Бураўкін, У. Мулявін.

Адзначаць нацыянальныя святы, якія пакуль што не значацца ў афіцыйным календары: 25 сакавіка – Дзень Волі, першае абвяшчэнне незалежнасці краіны, Беларускай Народнай Рэспублікі; 15 ліпеня – Грунвальдская бітва; 27 ліпеня – Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь; 8 верасня  – Дзень беларускай вайсковай славы, 27 лістапада – Слуцкі збройны чын.

Падыходы і сродкі рэалізацыі 

  1. У сваіх адносінах паміж людзьмі, якія будуць падтрымліваць рэалізацыю Стратэгіі пажадана выконваць наступныя правілы “Кодэкса гонару”: лічыць, што ўдзел у будаўніцтве нацыянальнай дзяржавы гэта вялікі гонар для беларусаў і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў; праяўляць узаемапавагу і падтрымку; крытычна і абгрунтавана вясці спрэчкі, не дапускаючы пры гэтым абраз і спасылак на неправераныя факты; быць талерантнымі да выказванняў апанентаў; максімальна ўжываць беларускую мову дома і па-за домам; прытрымлівацца адзіных падыходаў пры выкананні задач Стратэгіі; пазбягаць фракцыйнасці – пабудаваць нацыянальную дзяржаву можна толькі праз адзінства людзей, незалежна ад таго, прыхільнікамі якіх партый, рухаў, рэлігійных і іншых плыняў яны з’яўляюцца.
  2. Давесці змест Стратэгіі да максімальнай колькасці грамадзян РБ. Пажадана каб тэкст Стратэгіі мела кожная сям’я. Адказнасць за выкананне гэтай задачы бяруць на сябе часопіс «Культура, Нацыя», Таварыства беларускай мовы з далейшым далучэннем нацыянальна-арыентаваных вэб-сайтаў і іншых СМІ.
  3. Рэалізацыя Стратэгіі разлічана на бліжэйшыя два дзесяцігоддзі ў незалежнасці ад магчымых змен унутранага ці знешняга характару (рэвалюцыя, агрэсія ці іншае).
  4. Мець на ўвазе, што для рэалізацыі Стратэгіі больш важным з’яўляецца выхаванне і падтрымка адпаведнага нацыянальна-свядомага настрою ў грамадстве ў доўгатэрміновай перспектыве, чым нават наяўнасць ці адсутнасць матэрыяльных магчымасцяў.
  5. Паступовае пашырэнне кола нацыянальна свядомых грамадзян РБ праз асвету і правядзенне пастаянных і рэгулярных акцый, скіраванных на выкананне пастаўленых задач, з удзелам адбудаванай адкрытай грамадзянскай супольнасці як унутры краіны, так і за яе межамі.
  6. Для вырашэння задач стратэгіі, ва ўмовах абмежаванага доступу да СМІ і адсутнасці дапамогі з боку дзяржавы, выкарыстоўваць усе наяўныя і шукаць новыя сілы і сродкі беларускага грамадства, прыхільных да нацыянальнай ідэі грамадзян РБ, спонсараў, інтэрнэт-рэсурсы, незалежныя і дзяржаўныя СМІ.
  7. Шукаць магчымасцi лабiравання нацыянальных iнтарэсаў шляхам народнай дыпламатыi i праз спробы наладжвання дыялогу з тымi супрацоўнiкамi праўладных структур i колаў, якiя падзяляюць акрэсленую сiстэму каштоўнасцяў.

У распрацоўцы праекта прымалі ўдзел: Алена Анісім, Аляксандр Кашо, Пётра Мурзёнак, Алег Трусаў, Ірына Шумская.

  


 

Заўвагі рэдакцыі «Нашай зямлі» (рэдактар сп. Алесь Астроўскі) на версію «Стратэгіі развіцця беларускай нацыі” ад 25 сакавіка 2016 года

У цэлым мы несумненна падтрымліваем і аптымістычна-змагарны настрой, і галоўны пасыл данай “Стратэгіі”. Асабліва падтрымліваем пазіцыю (гэта вынікае з кантэкста), што этнічная беларуская нацыя – зь яе культурай, мовай, гісторыяй, сімваламі (а таксама нейтральным, бязьядзерным, сьвецкім статусам яе дзяржавы) – зьяўляецца адной з найвялікшых каштоўнасьцяў людскай цывілізацыі, якую неабходна захаваць. Тым больш гэта ўсё – і беларуская дзяржава, і нацыя – неабходна самім беларусам-літвінам.

Тым ня менш, у нас ёсьць і некалькі заўваг.

  1. Гісторыя беларускага народу на яго ўласнай этнічнай тэрыторыі налічвае не 1000 гадоў, а некалькі тысячагоддзяў.
  2. У лукашэнкаўскай Беларусі адбываецца ня толькі “выцясьненьне беларускіх выканаўцаў і аўтараў зь дзяржаўных тэле- і радыёканалаў”, сёньня выкідаюцца нацыянальна сьвядомыя беларусы таксама і са школ ды ўніверсітэтаў (пры гэтым не зьвяртаецца ўвага ні на іх афіцыйны статус, ні на рэальныя дасягненьні) – галоўнае, што яны “сьвядомыя”.
  3. Сітуацыя з роднай Мовай стала катастрафічнай не па прычыне “бязьдзейнасьці” цяперскага ўраду, а па прычыне яго наўмыснай этнацыднай палітыкі (напрыклад, з 40 тэлевізійных каналаў, якія можна глядзець у Гародні па кабельным тэлебачньні, няма ні воднага беларускамоўнага…).
  4. У праекце запісана: “Для асветы насельніцтва стварыць агульны нацыянальны інфармацыйны канал і шэраг інфармацыйных пляцовак (газеты, часопісы, радыё, тэлебачанне), пабудаваных па прынцыпу грамадскіх СМІ, на якія не змогуць ўплываць і ціснуць ідэалагічныя структуры аўтарытарнага рэжыму”. Але пры гэтым не прааналізавана, чаму сёньняшнія апазіцыйныя СМІ – радыё “Свабода”, газеты “Наша Ніва”, “Народная воля”, спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” – за столькі гадоў працы так і ня сталі сапраўды незалежнымі беларускімі СМІ. Без аналізу гэтай зьявы і адпаведных высноў, зробленых зь яе, дзейнасьць у кірунку стварэньня будучага “нацыянальнага інфармацыйнага каналу”, нават, калі на яго нехта (хто?!) дасьць грошы, ня мае персьпектывы.
  5. Беларусізацыя ніколі не адбудзецца, калі беларусы-літвіны, жывучы на ўласнай зямлі, будуць прасіць ва ўрада дазволіць ім беларускія “садкі, класы, школы” і… адзін універсітэт. Нават у лукашэнкаўскай канстытуцыі запісана, што ў РБ дзяржаўнымі зьяўляюцца “беларуская і руская мовы”. Гэта дазваляе нават пры цяперскім рэжыме патрабаваць, каб у Беларусі на нашай мове працавала, мінімум, палова ўніверсітэтаў! Усё іншае – беларускія садкі, класы, школы – тады значна лягчэй будзе адкрываць…
  6. На жаль, таксама ў “Статэгіі” нічога не сказана пра Беларускую аўтакефальную хрысьціянскую царкву… А яна аб’ектыўна мусіць быць дамінуючай на нашай зямлі.
  7. Добра было б, калі б у “Стратэгіі” ня толькі было запісана, што яна павінна трапіць у кожную беларускую сям’ю, а і названы тыя, хто будзе арганізоўваць выкананьне гэтага пажаданьня і возьме адказнасьць за яго выкананьне…
  8. Галоўнае ж, што ў нас выклікае пярэчаньне, заключаецца ў наступным…

З аднаго боку ў “Стратэгіі” заяўляецца: “Сярод шэрагу мадэляў будаўніцтва дзяржавы … выбар мадэлі этнанацыянальнай дзяржавы ў найбольшай ступені адпавядае рэальнай сітуацыі ў Беларусі. Будаўніцтва цывільнай нацыі без належнага грунту этнакультурнай еднасці, падмацаванай агульнай гісторыяй, традыцыямі, мовай, светапоглядамі і, так ці іначай, этнічным паходжаннем, – з’яўляецца памылковым шляхам. Нішто ў сучасных умовах не можа так спрыяць будаўніцтву дзяржавы як прыналежнасць большасці грамадзян да аднаго этнасу”.  Зь іншага боку, “роўныя правы для прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў” уведзены нават у мэту “Стратэгіі”. Такім чынам, у наяўнасьці ўнутраная супярэчнасьць.

Але праблема ня толькі ў гэтай супярэчнасьці, а яшчэ, мінімум, у дзьвюх рэчах.

Спадарове, па-першае, у цяперашняй лукашэнкаўскай РБ у заключнай стадыі інфармацыйнай версіі генацыду – у стане татальнага шматгадовага этнацыду – знаходзіцца  наш карэнны нацыяўтваральны этнас. Беларусы-літвіны — старажытнейшы аўтахтонны народ, які тысячагоддзямі мірна жыў выключна на сваёй зямлі, які столькі ўсяго перажыў і столькі стварыў для агульналюдскай цывілізацыі… І раптам гэты народ апынуўся на краі бездані, за якім — сьмерць! Мы, жывучы на ўласнай зямлі, вось-вось можам быць сьцёртыя з твару Зямлі!… Гэта ключавая праблема, пры наяўнасьці якой кожны сьвядомы беларус павінен увесь час думаць пра яе і ўсе наяўныя рэсурсы (усе!) накіроўваць на яе вырашэньне. Тым больш, што ні перад палякамі, ні перад рускімі, ні перад габрэямі, ні перад украінцамі, прадстаўнікамі шматлікіх іншых народаў, якія таксама жывуць на нашай зямлі, падобная праблема і блізка не стаіць! У іх ёсьць свае значна больш уладкаваныя, пасьпяховыя ў нацыянальна-культурным, эканамічным, экалагічным, грамадска-палітычным асьпектах нацыянальныя дзяржавы.

Па-другое, у гэты вырашальны і адначасна трагічны час у наш адрас з боку прадстаўнікоў іншых народаў не чутно практычна ніводнага слова падтрымкі-спачуваньня. Пра справы мы і ўвогуле ня кажам… Больш за тое, мы часта назіраем нешта супрацьлеглае. Так, адзначаючы ў 2010 годзе 600-годдзе Грунвальдскай бітвы, прэзідэнты Польшчы і Летувы забылі нават узгадаць ключавую ролю ў ёй нашых продкаў; Польшча і Расея, якія толькі ў ХХ стагоддзі двойчы “дзялілі” Беларусь паміж сабой, у нашы дні робяць наступнае: з Расеі на нас наступае “русскій мір”, а з Польшчы ня меншая бяда — “карта паляка”; беларусы Смаленшчыны ды Браншчыны па-ранейшаму падвяргаюцца такому ж этнацыду, як і беларусы Беласточчыны; габрэі, якія 600 гадоў карысталіся гасьціннасьцю беларускага народу – мірным жыцьцём на нашай зямлі (перад гэтым зьведаўшы шмат разоў пагромы ды татальныя выгнаньні з боку іншых еўрапейскіх народаў), дасёньня так і не наважыліся паўдзячыць нам — дапамагчы беларусам пазбавіцца ад этнацыднай прамаскоўскай дыктатуры. Хаця маглі б… (дарэчы, калі ацаніць гасьцяваньне габрэяў на нашай зямлі па самым мізэрным кошце (усяго толькі ў 100 мільёнаў даляраў за год) і выразіць гэты кошт у золаце па яго сёньняшнім курсе (40 $ за 1 гр. – 40.000.000 $ за 1 тону), атрымаецца, што габрэйскі народ вінны беларускаму народу 600х100.000.000 / 40х1000.000 = 1500 тон золата!) Гэтыя факты можна было б працягваць прыводзіць, але пакуль спынімся…

З улікам адзначанага, мы бачым у сфармуляванай мэце “Стратэгіі” прыкметы нейкага крывадушнага мазахізму, які не адпавядае аб’ектыўнай рэчаіснасьці  і чамусьці зноў апынаецца павернутым супраць законных правоў ды інтарэсаў беларускага народу… Таму давайце вызваляцца ад гэтай формы комплекса нацыянальнай непаўнавартасьці, штучна накінутага нам злачынцамі, недабразычліўцамі. Давайце нарэшце пачынаць усур’ёз клапаціцца пра сябе – спачатку пра сябе (тым больш у такіх трагічных абставінах), а потым пра іншых. Ніхто ня супраць ніякіх мірных меншасьцяў! Але клопат пра іх давайце перанясем на той час, калі нашаму народу хаця б сьмерць перастане пагражаць!

У сувязі з адзначаным, прапануем запісаць так: “МЭТАЙ Стратэгіі на бліжэйшыя дзесяцігоддзі з’яўляецца пабудова нейтральнай, нацыянальна-дэмакратычнай, беларускай, сьвецкай дзяржавы, у якой на перыяд выпраўленьня гістарычнай несправядлівасьці некалькі апошніх стагоддзяў што да карэннага этнасу (т.б., на час нацыянальнай рэгенерацыі), прадстаўнікі нацыяўтваральнага этнасу – беларусы-літвіны, а таксама іх культура, мова, гістарычная памяць, сімвалы, аўтакефальная царква, сьветагляд, эканамічныя і палітычныя правы, генафонд, іншыя аб’ектыўныя нацыянальныя каштоўнасьці стануць прыярытэтным клопатам для ўсіх грамадзян Беларусі, а найперш для дзяржаўных уладаў”.

З усёй павагай, рэдакцыя “Нашай зямлі”.

26 красавіка 2016

Summary of Discussion “The Nation Building and Modernity – 2015” (continuation). Updated version of “Strategy of Belarusian Nation Development” (on June 25, 2016)                   

(magazine “CULTURE, NATION”, June 2016, issue 14, pp.2233) 

The project “The Strategy of Belarusian Nation Development” was published in our magazine on February 6, 2016. Now we provide the updated version of “Strategy” including comments and suggestions presented by web-site “Our Land” (“Nasha zjamlja”).



Categories: Аб'явы, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: