Пётра Мурзёнак: 135 год з дня нараджэньня Івана Луцкевіча, аднаго з заснавальнікаў беларускай дзяржавы

logo for chasopis

Пётра Мурзёнак: 135 год з дня нараджэньня Івана Луцкевіча, аднаго з заснавальнікаў беларускай дзяржавы.

Культура, Нацыя. №14, чэрвень 2016, с. 34-37.

Наш часопіс прытрымліваецца правіла ў кожным нумары адзначаць значныя даты з беларускай гісторыі, і ў першую чаргу ўгодкі дня нараджэньня выбітных беларускіх дзеячаў.

Сёлета, зазірнуўшы ў календар на чэрвень, можна было пабачыць шмат знаных імёнаў, вартых упамінаньня на сторанках часопіса:

  • 120 гадоў таму, у 1896-м, нарадзіўся Пётр Татарыновіч (1896–1978), святар, грамадска-культурны дзеяч, літаратар, выдавец, дзеяч эміграцыі ў Італіі і Ватыкане.
  • 120 гадоў таму, у 1896-м, нарадзіўся Браніслаў Туронак (1896–1938), культурна-грамадскі дзеяч, публіцыст.

Рэдакцыя не магла не спыніцца ў чэрвені на сп. Івану Іванавічу Луцкевічу, 135 год з нараджэньня якога споўнілася 9 чэрвеня.

(9 чэрвеня 1881 – 20 жніўня 1919)

Іван Луцкевіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1881 г. у м. Шаўляй, Ковенскай губерні, Расійскай імперыі. У 1890 г. пачаў вучыцца ў Лібаўскай гімназіі, далей вучобу працягваў у Мінскай гімназіі (1897-1902). Іван Луцкевіч артымаў выдатную адукацыю – скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, Маскоўскі археалагічны інстытут, працягваў вучобу ў Венскім універсітэце (1904-1905). Вызначыцца з жыцьцёвым пакліканьнем у юнацтве І. Луцкевічу дапамагла сустрэча з вядомым археолагам Генрыхам Татурам, а таксама знаёмства з беларускім пісьменьнікам і мастаком Карусём Каганцом (Казімірам Кастравіцкім).

Для таго каб пісаць пра такіх яркіх асоб, як Іван Луцкевіч,  трэба было б перавярнуць шмат крыніц, каб у поўнай меры паказаць значнасьць яго дзейнасьці на карысьць беларускай нацыі, якую ён здзяйсьняў на пачатку ХХ-га стагоддзя. Біяграфічныя зьвесткі аб ім, а таксама аб яго палітычнай і культуралагічнай дзейнасьці можна адносна лёгка знайсьці ў сеціве. У гэтым сэнсе можна параіць зьвярнуцца ў першую чаргу да грунтоўнага эсэ С. Дубаўца ў “Дзеяслове”, прысвечанае 100-годдзю “Нашай Нівы” (2013), дзейнасьць якой немагчыма ўявіць без братоў Івана і Антона Луцкевічаў. Ёсьць шмат іншых публікацый прысьвечаных дзейнасьці сп. І. Луцкевіча (напрыклад, артыкул Я. Шчаблоўскага “Чалавек, які стварыў Беларусь”, 2010).

Пісаць пра І. Луцкевіча не проста, бо ў сваёй спадчыне ён пакінуў няшмат напісанага, магчыма лічыў, што больш вартым з’ўляецца практычная дзейнасьць. Але гэта самае першае тлумачэньне. Як пісаў Максім Гарэцкі: “Хацелася іногды схапіць крандаш і запісваць за ім, каб ды не згубілася, бо сам Іван Луцкевіч работу свайго пяра ўсё адкладаў на пазьнейшы, вальнейшы ад чорнае працы час – усё адкладаў і забраў ад нас сваё знацьцё з сабою ў труну”. Ёсьць толькі адзін апублікаваны артыкул І. Луцкевіча, прысвечаны татарскай спадчыне, “Кітабу”.

Яго шматгранная дзейнасьць цалкам была прысвечаная станаўленьню беларускай нацыі. Гэта знаходзіць сваё адлюстраваньне ў розных галінах чалавечай дзейнасьці, палітычнай, культуралагічнай, ідэалагічнай. Першая спроба заснаваць беларускую партыю адбылася ў Пецярбургу восеньню 1902 года і належыць Вацлаву Іваноўскаму. Верагодна, Беларуская рэвалюцыйная партыя значна страціла б ці нават не адбылася, калі б не браты Луцкевічы. Разам з Іваноўскім яны стварылі Круг беларускай народнай асьветы і культуры ды наладзілі сувязь з Вільняй. Напрыканцы 1903 года там прайшоў першы з’езд партыі “Беларуская рэвалюцыйная грамада”, якая пазней была перайменавана ў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ).

У 1903 г. Івану Луцкевічу было ўсяго 22 гады, але ён, разам з братам Антонам, у складзе БСГ змагаліся за правы беларускай мовы, за аўтаномію Беларусі і перадачу зямлі сялянам, супраць царызму. У 1905 годзе ён дзейнічаў у Мінску, дзе быў знаёмы з Пуліхавым і сёстрамі Ізмайловіч, якія зьдзесьнілі замах на губернатара Мінскай губерні Курлова (пасьля замаху Луцкевічы вымушаны былі пераехаць у Вільню). У Вільні ён дзейнічаў пад псеўданімам Іван Міхальчук.

У Вільні, можна знайсьці шматлікія праявы дзейнасьці І. Луцкевіча. Ён быў ініцыятарам стварэньня:

  • газеты «Наша доля» і «Наша ніва», выдавецтва «Наша хата» (1908),
  • Беларускага выдавецкага таварыства (1913),
  • Беларускага народнага камітэта (1915—1918),
  • першых беларускіх школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне (1916),
  • настаўніцкіх курсаў, Віленскай беларускай гімназіі (1919),
  • Беларускага навуковага таварыства (1918),
  • Беларускага клуба (1916-1920), вакол якога гуртавалася аматарская драматычная дружына пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча.

Іван Луцкевіч адказваў за фінансаванне многіх актыўнасьцей адраджэнскага руху. Іван Луцкевіч быў маторам беларускага адраджэньня. Без яго ўдзелу не адбывалася ніводнага значнага мерапрыемства – сапраўды, ён быў чалавекам, які закладаў падмурак беларускай дзяржавы.

“Проста дзівішся, як успомніш, як гэты чалавек, заараны штодзённай грамадскай працай, знаходзіў час і спосабы здабывання грошай на ўсю беларускую справу, — успамінала яго нарачоная Юльяна Менке.Ён кідаўся на ўсе бакі, пры гэтым ніколі не дбаў пра свае асабістыя патрэбы: што здабыў, тое ішло ў грамадскі кацёл”.

Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні. Максім Багдановіч, пабачыўшы калекцыю, адзначыў: «Гэта аснова нашага адраджэньня, якая і праз тысячу гадоў будзе сьведчыць аб нас». У бібліятэцы І. Луцкевіча знаходзілася амаль поўная дакументальная гісторыя пачатку ХХ стагоддзя, а таксама “Мужыцкая праўда” Каліноўскага, першае выданне Статута ВКЛ 1588 года, святая кніга беларускіх мусульман Аль-Кітаб XVI ст., друкаваная Скарынай Біблія 1517 года, пячаткі полацкіх князёў.

Разам з Антонам Луцкевічам, Вацлавам Ластоўскім і інш., Іван Луцкевіч распрацоўваў пытаньні дзяржаўнага самавызначэньня Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі і аднаўленьня на канфедэратыўнай аснове дзяржаўнай уніі Беларусі і Літвы (1906—1918, пачынаючы грамадска-палітычную дзейнасць з пазіцый аўтаноміі, браты Луцкевічы паступова прыйшлі да высновы, што Беларусь павінна стаць незалежнай дзяржавай у канфедэрацыі з Літвою), да абвяшчэньня 25 сакавіка 1918 года незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Паводле яго ініцыятывы і з асабістым яго ўдзелам пытаньне аб нацыянальным самавызначэньні беларускага народа ўпершыню прагучала на міжнародных форумах — канферэнцыі сацыялістычных і рэвалюцыйных партый (Фінляндыя, 1905), Славянскім з’ездзе прагрэсіўных студэнтаў (Прага, 1908), Міжнароднай канферэнцыі нацый (Лазана, 1916). Іван Луцкевіч быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой.

І. Луцкевіч лічыў дэнацыяналізуючай у адносінах да беларусаў ролю рэлігійна-царкоўных праваслаўных і каталіцкіх структур на Беларусі як праваднікоў інтарэсаў Расіі і Польшчы. Яго думкі аб ролі рэлігіі ў развіцьці беларускай нацыі ў значнай ступені адпавядаюць пазіцыі часопіса «Культура, Нацыя» ў наш час. Іван Луцкевіч выступаў за аднаўленне на Беларусі царкоўнай уніі дзеля паяднаньня рэлігійнага і грамадска-палітычнага рухаў у адзіным нацыянальна-адраджэнскім працэсе.

Іван Луцкевіч цяжка хварэў на сухоты. Каханая Юліяна Мэнке ў сярэдзіне чэрвеня 1919 г. змагла завезьці яго на курорт у польскае Закапанэ, але было ўжо позна. Там ён памёр. Прах Івана Луцкевіча, прывезены з Польшчы ў 1991 г. і перазахаваны на віленскіх могілках Росы.

Несумненна, што імя Івана Луцкевіча яшчэ будзе прыстойна адзначана ў будучай Беларусі.

 

 

 

On the 135th Anniversary of Ivan Lutskevich

(Abstract, magazineCULTURE, NATION”, June 2016, issue 14, p. 34-37)

Editorial Board of the magazine “CULTURE, NATION” commemorates the 135-th day of birth of Ivan Lutskevich, the prominent Belarusian activist, one of the foundators of Belarusian nation.



Categories: Асобы, Асьвета

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: