Пётра Мурзёнак: “КАБ ЖЫЛА БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯ” (эсэ)
“Культура, Нацыя”, №14, чэрвень 2016, с.5-21.
Калі запытацца ў беларуса, што для яго азначаюць словы вынесеныя ў загаловак, то адказы будуць неадназначныя. Чалавек сьведамы ў пытаньнях беларускай культуры і гісторыі пачне з сумненьнем задаваць дадатковыя пытаньні: А ці маем мы цяпер сапраўды паўнавартасную беларускую нацыю? Што трэба зрабіць каб яна жыла і разьвівалася? і г.д. Чалавек менш сьведамы ў тэарэтычных праблемах станаўленьня нацый адкажа, – “Аб чым гаворка?! Беларуская нацыя была, ёсьць і будзе”. Безумоўна, што кожная асоба мае рацыю – нават прымаючы да ўвагі магчымыя ўплывы сучаснай глабалізацыі, беларуская нацыя не зьгіне і будзе існаваць праз вякі, як яна рабіла гэта тысячагоддзямі ранейю. Розьніца паміж пазіцыямі гэтых людзей заключаецца ў тым, а ў якой якасьці будзе развівацца беларуская нацыя? Ці здолеюцье беларусы пераадолець тэндэнцыю будаваньня цывільнай рускамоўнай дзяржавы, якая можа ў выніку згубіцца ў сутарэньнях “рускага сьвету” ці глабальнага сусьвету? Ці атрымаецца стварыць каларытную нейтральную беларускую дзяржаву, якая здолее заняць пачэснае месца сярод іншых зямных нацый?
Ад ваганьня між Усходам і Захадам да больш ўстойлівага стану. Усходнеславянская беларуска-украінская цывілізацыя. Беларусь не на мяжы паміж Усходам і Захадам, а на асобным шляху развіцьця.
Беларускі этнас быў, ёсьць і будзе ў геапалітычных суадносінах паміж Усходам і Захадам. Шлях беларускага народа вызначаецца як яго гістарычным мінулым, так і унікальнасьцю яго развіцьця, прадыктаванага ўплывамі азіяцкага (праваслаўнага) ўсходу і еўрапейскага (каталіцкага, пратэстанцкага, уніяцкага) захаду. 95 гадоў мінула з таго часу, як малады беларус Ігнат Абдзіраловіч напісаў сваё знакамітае эсэ “Адвечным шляхам”, у якім ён вызначаў Беларусь як мяжу між Усходам і Захадам, як краіну, якой для нацыянальнага развіцьця “трэба шукаць на другіх шляхох”. І. Абдзіраловіч пісаў, што пасьля 10-вяковых ваганьняў беларусы “…не зрабіліся народам Усходу, але не прынялі й культуры Заходняй Еўропы”. І гэта можна прасачыць праз вякі як у маштабах краіны, так і праз асабістую ідэнтыфікацыю на прыкладзе Скарыны “ … я ня быў ні Юрым, ні Францішкам, а быў вольным, незалежным духам, якога вы шукаеце, духам агульначалавечым толькі ў беларускай скуры. Шукайце ж!” Супрацьстаяньне Ўсходу і Захаду, якое працягвалася так доўга на беларускіх землях, адбываецца і ў наш час, хіба што ў іншых формах, а для Беларусі гэта адлюстроўваецца ў пошуках набыцьця становішча больш стабільнага і зразумелага. Што ж змянілася за гэтыя вякі?
Зараз многімі прадстаўнікамі беларускай эліты і значнай часткай насельніцтва як аксіёма прымаюцца гістарычныя факты з даўняга мінулага, якія сьведчаць аб тым, што беларускі этнас развіваўся пасьлядоўна ў рамках такіх дзяржаўных утварэньняў як Полацкае княства (IX-XIIIст.), Вялікае княства Літоўскае (XIII-XVI ст.), Рэч Паспалітая (XVI-XVIII ст.), і БССР (XX ст.). XIX-е стагоддзе выпала з гісторыі беларускай дзяржаўнасьці, бо беларусы знаходзіліся ў гэты век пад Расійскай імперыяй. Не ўсё было гладка для беларусаў: Полацкі перыяд і перыяд ВКЛ большасцю прымаюцца ў асноўным як станоўчыя для развіцьця беларускага народа, часы ж знаходжаньня беларусаў, як у складзе Рэчы Паспалітай, так і ў складзе Расійскай імперыі успрымаюцца як перыяды паланізацыі і русіфікацыі, адпаведна. Перыяд русіфікацыі працягваўся для беларусаў у СССР і працягваецца цяпер у незалежнай Беларусі, за выключэньнем кароткіх перыядаў беларускага адраджэньня 20-30-х і 90-х гадоў мінулага стагоддзя.
Нягледзячы на перыяды уплыву чужых культур, якія ў большасьці прыносілі шкоду развіцьцю беларускай нацыі, беларусы змаглі ўсталяваць у апошнія 100 год незалежнасьць і самастойнасьць. І ў гэтым значная гістарычная заслуга належыць ВКЛ, як аб’яднальніку ўсходнеславянскіх зямель, як дзяржавы здолеўшай зберагчы ўсходнеславянскую беларуска-украінскую цывілізацыю ад паглынаньня еўразійскай цывілізацыяй. І гэта было абумоўлена не ў апошнюю чаргу істотнай этнічнай, ментальнай і гістарычнай розніцай паміж Усходам і самастойнымі народамі Беларусі і Украіны.
Перажыўшы шмат складаных перыядаў, беларусы знаходзяцца цяпер у стане далейшага ўсталяваньня сябе як нацыі і ў вызначэньні шляху, які можа прывесьці іх да новай формы існаваньня ў эпоху сусьветнай глабалізацыі. Калі казаць пра зьнешняе ўспрыняцьце, то суверэнная беларуская дзяржава адбылася і значна ўмацавалася за апошнія чвэрць стагоддзя – яна мае тэрыторыю, свае грошы, войска – амаль усе атрыбуты суверэнітэту. Адказ для тых, хто магчыма запытаецца, чаму яна да гэтага часу яшчэ існуе, нягледзячы на істотныя спробы спаланізаваць і зрусіфікаваць беларускі народ, вельмі просты – таму што беларускі этнас мае глыбокія тысячагадовыя карані свайго развіцьця. Гэта вельмі аптымістычны факт, які не дазваляе сумнявацца ў тым, што сфармаваўшаяся беларуская нацыя будзе і надалей развівацца.
Нядаўна, 9 чэрвеня, на старонках “Нашай Нівы” прачытаў меркаваньне аб тым, што “Расейцы — гэта нашыя суседзі, руская мова — гэта таксама наша мова, як бы хто ні рабіў выгляд, што яна нам ёсьць чужой. … Расейцы — культурна не чужыя людзі сучаснаму беларусу. ” Сказана добра ў тым сэнсе, што расейцы і іх мова не чужыя – але ж і не родныя. Расія – блізкая геаграфічна (суседзі), але не блізкая па сваёй ментальнасьці. Мы – не “рускія са знакам якасьці” (А. Лукашэнка), а проста мы розныя, і шляхі ў нас мусяць быць рознымі, а сябраваць трэба з усімі суседзямі. Гэта рознасьць дае падставы народам Беларусі на асобнае існаваньне, без каланіяльнай залежнасьці і прымусу з боку еўразійскай цывілізацыі. Частка ўсходнеславянскай цывілізацыі, Украіна, спрабуе сёньня праз вайну вырвацца з палітычнага, эканамічнага і духоўнага уплыву з боку Расіі. Беларусь, маючы з Украінай вельмі падобны лёс, будзе імкнуцца ці імкнецца абараніцца ад паглынаньня “рускім мірам” і не мае іншага выйсьця як шукаць свой шлях.
Здаецца, як ва ўладных структурах, так і сярод беларускага насельніцтва, з’яўляецца ўсё больш прыхільнікаў развіцьця Беларусі па свайму асобнаму шляху. Аб гэтым сьведчыць і палітыка ўлады, спрабуючай размеркаваць палітычныя і эканамічныя высілкі паміж Расіяй і астатнім сьветам, так і шматлікія апытаньні сярод беларускіх грамадзян аб магчымых перавагах далучэньня да Расіі ці да Еўрапейскага Саюза. Падаецца, што ў гэтым сэнсе беларускае грамадства падзелена пароўну. Хаця лічбы вагаюцца ў залежнасьці ад знешніх ці ўнутраных фактараў, аднак, можна казаць, што каля 30-40% людзей глядзяць на Ўсход, столькі ж на Захад, і, як заўжды, ёсьць частка людзей нейтральных.
Калі казаць пра агульную тэндэнцыю за апошнія чвэрць стагоддзя, то думаецца, што колькасьць прыхільнікаў асобнага шляху і інтэграцыі з Еўропай расьце. А лепей сказаць, гэта тэндэнцыя праглядаецца ў справе далучэньня беларускага грамадства да глабальных працэсаў развіцьця чалавечай супольнасьці, якое адбываецца праз інфармацыйныя патокі і новыя тэхналогіі, да якіх беларусы мусяць паспець далучыцца. Спазненьне можа быць катастрафічным і прамарудзіць – гэта значыць адпіхнуць краіну ў другую ці трэцюю паўсотню краін сусьвету, хаця Беларусь магла б па свайму патэнцыялу займаць месца сярод першых дзесяткаў краін. Але ж, у цэлым беларускае грамадства не крытычна адхілілася ад агульнасусвутнага кірунку развіцьця.
Справа не ў тым быць нам ці не быць у Еўрасаюзе ці у Еўразійскім Саюзе. Хочам мы гэтага ці не, а сусьвет пачынае развівацца па новых, глабалізацыйных правілах. Супрацоўніцтва паміж краінамі ў свеце зараз у значнай ступені падпарадкоўваецца, часам на шкоду дэмакратычным каштоўнасьцям, прынцыпам рэальнай палітыкі – галоўнае каб яно прыносіла эканамічную карысьць грамадству. Калі зменяцца гэтыя “практычныя” прынцыпы невядома, аднак, іх трэба ўлічваць.
Эканамічная і палітычная сітуацыя ў Беларусі зараз вельмі складаная і гэтая складанасць толькі часткова абумоўлена сусьветным крызісам. Адносная задаволенасьць насельніцтва існуючымі парадкамі можа тлумачыцца толькі цярплівасьцю беларусаў. Яны могуць пражыць на пенсію ў 3 млн ці на зарплату ў 6 млн рублёў (сярэдняя па краіне ў маі 2016 г. складала каля 300 даляраў), пры тым, што 1 кг свініны каштуе каля 100.000 рублей, 1 л малака каля 12.000 рублей, камунальныя паслугі для 2-х комнатнай кватэры каля 800.000 руб на месяц. Гэта лепш у параўнаньні з беднымі краінамі сьвету, але значна горш чым у суседніх еўрапейскіх краінах. Пэўна прызвычаіліся да гэтага з часоў СССР, калі былі моманты і хлеб, і водка былі па талонах.
Тыя спадзеўкі, што ўскладваліся на ЕАЭС, пакуль не спраўджваюцца. Расія не дапускае Беларусь да радовішчаў газу і нафты на сібірскіх прасторах, не працуюць законы свабоднай эканамічнай зоны. На паседжаньні кіраўніцтва ЕАЭС 30 мая 2016 года ў Астане быццам бы і былі прынятыя важныя дакументы аб агульнай прасторы для гандлю нафты і газа без дадатковых мытных пабораў. Аднак, паводле адкрытай інфармацыі, такія правілы пачнуць дзейнічаць толькі з 2025 года. Гэта адназначна сведчыць аб тым, што Расія адцягвае прыняцьце такіх механізмаў эканамічнага суіснаваньня з адной мэтай – да 2025 года вырашыць пытаньні “інтэграцыі” іншымі шляхамі. Такім чынам, кіруючая ўлада ў Беларусі вымушана шукаць шляхі выратаваньня сёньня на заходніх рынках і рынках краін трэцяга свету. Што яна і робіць з пераменным посьпехам.
Аднак, думаецца што многія з беларусаў хацелі б увайсьці ў новыя умовы існаваньня чалавецтва паўнавартаснай нацыянальнай дзяржавай. Задача суперскладаная. Не хочацца верыць, што нацыі зямлян будуць развівацца ў фармаце халодная вайна – гарачая вайна. Чалавецтва вымушана шукаць новыя прынцыпы існаваньня нацый і народаў паміж несумяшчальнымі з нейкага пункту гледжаньня рэчамі – паміж дэмакратыяй і дыктатурай, здаровым нацыяналізмам і праявамі фашызма, парадкам і анархіяй, ідэямі гуманізма і рознымі неталерантнымі рэлігійнымі ідэямі.
Даўнішняя гісторыя Беларусі цесна звязана з Польшчай, Украінай, Літвой і Латвіяй, з якімі ў нас сёньня няма сур’ёзных супярэчнасьцяў. Бліжэйшая ж пагроза для Беларусі, як думаецца, ідзе з Расіі, і не як краіны з вялізным ваенным, эканамічным і палітычным патэнцыялам, а як краіны якая нясе ідэалогію еўразізма, ідэалогію верхавенства дзяржавы над асобай, калектывісцкага менталітэту над індывідуальным, павагі да моцных аўтарытарных лідэраў. Гэта моцна адрознівае Расію ад Беларусі, якая падчас доўгай гісторыі набыла шмат прыкмет заходняй цывілізацыі. Яшчэ адзін бадай самы небяспечны фактар для беларускай нацыі заключаецца ў тым, што Расія, валодаючы шматграннай культурнай спадчынай і сучаснай культурай і карыстаючы рускую мову як інструмент, можа паглынаць культуры малых краін, уключна з краінамі пост-савецкай прасторы. Усё гэта разам падштурхоўвае Беларусь шукаць, абгрунтоўваць і абараняць свой спецыфічны шлях для зберажэньня і развіцьця нацыянальнай дзяржавы.
Маральныя і этнанацыянальныя праблемы ў Беларусі. Знешнія і ўнутраныя адмоўныя фактары уплыву на нацыянальную сьвядомасьць
У наш час пагроза для беларускай нацыі наўрад ці ляжыць у сферы ваеннай, эканамічнай ці палітычнай. Малаверагодна чакаць нападу ад краін-суседзяў, нават, калі адкінуць магчымасьць паўтарэньня гібрыднага тыпу расійскай агрэсіі (“зялёныя чалавечкі”), якую мы назіраем зараз на Украіне. Так думаецца таму, што вядучыя заходнія краіны здолелі ўсё ж з дапамогай санкцый стрымаць агрэсара. Такім чынам, відавочна, лёс беларускай нацыі будзе ў першую чаргу залежыць ад фактараў, якія па свайму характару з’яўляюцца ідэалагічнымі, культурнымі. Гэтыя фактары можна падзяліць на знешнія і ўнутраныя.
На жаль, знешняя пагроза нацыянальным інтарэсам Беларусі ёсьць і ідзе яна не з Захаду, а як і раней з Усходу. Стратэгічная задача для беларускай нацыі гэта выскачыць з пад-уплыву і абдымкаў еўразійскай Расіі і як мінімум дабіцца нейтральнага існаваньня беларускай дзяржавы ў асяроддзі еўрапейскіх краін. Калі ў Расіі не адбудзецца адкат ад імперскага мышленьня і ідэі ўзнаўленьня былой гегемоніі ў сьвеце, то яна, як пераемніца духоўнай спадчыны Расійскай імперыі і СССР, пацягне Беларусь на дно як “Цітанік”.
Імкненьне беларускага народа да свабоды і незалежнасьці знаходзяцца пад атакай ідэй аб адзінстве трох усходнеславянскіх народаў; на дапамогу прыходзіць несастарэлая, прыхаваная савецка-камуністычная ідэалогія, а таксама гераічнае змаганьне народаў СССР супраць фашысцкай агрэсіі падчас ІІ-й сусьветнай вайны. Ёсьць шмат фактаў, якія сьведчаць аб тым, што ідэалагічная вайна супраць беларускага нацыяналізму з боку Расіі вядзецца даўно, і на жаль, міжволі ці нават пры магчымай падтрымцы з боку беларускай улады. Прыгадаем толькі нядаўнія факты:
– журналісты “Нашай Нівы” паказалі, што беларускія дзеці з Віцебскага рэгіёна накіроўваюцца ў ваеньна-патрыятычныя лагеры Расіі, дзе яны “выхоўваюцца” пад кіраўніцтвам людзей з нацыстскімі паглядамі;
– сп. Гіркін, чалавек, які ўзначальваў захоп г. Славянска падчас вайны ў Данбасе, заяўляе аб стварэньні арганізацыі, якая мірным шляхам будзе імкнуцца да аб’яднаньня Беларусі і Украіны з Расіяй;
– расійская прапаганда праз тэлебачаньне і радыё безальтэрнатыўна замбіруе насельніцтва Беларусі адносна сваіх дзеяньняў (“Крым – наш”, фашысты-нацыяналісты-бандэраўцы кіруюць у Кіеве, і г.д.);
– толькі за апошнія тры тыдні (май-чэрвень 2016 г.) Беларусь наведалі высокія госьці з Расіі – С. Нарышкін, спікер Дзярждумы Расіі (10.06.2016; 50-я сэсія Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі: “Наше взаимодействие представляет бесценный опыт, является живым примером как для евразийской экономической интеграции, так и для других новых международных площадок”), У. Пуцін (8.06.2016; абмеркаваньне ўзгодненай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве), В. Матвіенка (8.06.2016; з ідэяй адзінай візы для Саюзнай дзяржавы), С. Лаўроў (16.05.2016; аб сумесным супрацьстаяньні пашырэньню НАТО на ўсход);
– расійскія цэнтры навукі і культуры адкрыты ў Мінску і ў Брэсьце, хутка будзе адкрыты ў Гомелі, а затым у астатніх абласных цэнтрах;
– ваенны ўціск – жаданьне адкрыць ваенную базу ў Баранавічах, размяшчэньне ў чэрвені расійскай брыгады у Клінцах, блізу граніц з Беларуссю і Украінай;
– эканамічны ўціск – на форум рэгіёнаў у пачатку чэрвеня ў Мінск прыехалі прадстаўнікі больш чым 40 расійскіх суб’ектаў (абласьцей), на якім вырашаліся ў асноўным сацыяльна-эканамічныя пытаньні (стварэньне агульнага з Расіяй інфармацыйнага цэнтра аб працоўных месцах, прызнаньне пост-дыпломнай адукацыі, абмен студэнтамі на вучобу). Тут трэба заўважыць, што ў ельцынскія часы, калі Лукашэнка разыгрываў расійскую карту, ён шмат ездзіў па Расіі – зараз жа сітуацыя зьмянілася на процілеглую.
Няцяжка ўявіць, які ўплыў могуць аказваць прыведзеныя прыклады на размываньне беларускай сьвядомасьці. Дадайце сюды сьвежыя хатнія прыклады. Сёняшняе кіраўніцтва выкарыстоўвае набыткі савецкай прапаганды для рэалізацыі праваленых камуністычных прынцыпаў і маралі: у школы прыходзяць даведзеныя планы аб колькасьці акцябрат у класе, каля 10 на 25 вучняў (І. Халіп, “Хартыя 97”), піянеры ў чырвона-зялёных формах прыбіраюць лісты каля помніка Марата Казею, галоўны ідэолаг краіны залівае бетон на Ленінскім суботніку, ордэн Дружбы народаў уручаны лідэру камуністаў Расіі сп. Зюганаву, ордэн Ф. Скарыны расійскаму кампазітару В. Дробышу. Улада эксплуатуе нават дату нападу Германіі на СССР у 1941 годзе – 22 чэрвеня 2016 года пачаў працу Ўсебеларускі народны сход. Беларуская вёска зьнішчана, беларуская эліта загнаная ў гета, не развіваецца нацыянальная адукацыя (няма ні аднаго нацыянальнага універсітэта, колькасьць беларускіх школ і садкоў – мізэрная), прыцясьняецца нацыянальна-сьведамая інтэлігенцыя (звальненьне з працы, прымус працаваць на псеўданацыянальную ідэалогію), нераўнапраўна ўжываецца дзяржаўная беларуская мова. І самае галоўнае – беларускаму народу фактычна адмоўлена ў праве будаваць нацыянальную дзяржаву, замест яе ўзмацняецца рускамоўная цывільная дзяржава. Побач з Мінскам пабудавана “лінія Сталіна”. Ад каго абараняемся?!
Хтосьці можа сказаць, а што было кепскага ў савецкіх часах і ў камуністычнай маралі? Тады, пры “апошніх саветах”, была стабільнасьць, сацыяльная абароненасьць, чаго не назіраецца зараз у многіх пост-савецкіх краінах. Ды і шмат ёсьць прыкладаў стабільных доўгажывучых аўтарытарных рэжымаў, заснаваных на падобных прынцыпах (В’етнам, Кітай, Куба, Паўночная Карэя), дзе да гэтага часу аднадушна-аднагалосна ўслаўляюць наследных камуністычных лідэраў. Калі браць пад увагу штодзёньныя клопаты (праблему “жывата”), то якраз тут улада, як і ў савецкія часы, у большай ці ў меншай ступені (але ж усё меней ды меней) як бы задавальняе патрэбы насельніцтва (беларусы ж жылі і ў шмат горшых умовах?!).
Але ў пытаньнях развіцьця нацыі аўтарытарны рэжым проста здраджвае свайму народу. Беларусь не мае ў поўнай меры уласьцівых для другіх нацыянальных краін прыкметаў, якія б сьведчылі аб наяўнасьці беларускай нацыі. Для многіх краін пытаньні аб развіцьці роднай мовы, культуры і традыцый не стаяць і не могуць стаяць на парадку дня – такія пытаньні натуральныя і адказ на іх не патрабуе асаблівых высілкаў. У роднай жа Беларусі нацыянальныя пытаньні – дзякуючы антынацыянальнаму ураду – да гэтага часу не вырашаныя. Зусім па-дурному, улада не хоча займацца ўласным народам, для якой ён уяўляецца насельніцтвам з яго настальгіяй па савецкіх часах і варожым стаўленьнем да нацыянальных пытаньняў\нацыяналістаў, і да такіх заходніх каштоўнасьцяў як дэмакратыя і правы чалавека.
Больш за 60 год прайшло ад напісаньня Чэславам Мілашам эсэ “Зьняволены розум” (1953). Эсэ, зьвернутае да аналізу маральнага існаваньня нацыянальнай эліты ва ўмовах дыктатуры і сёньня не губляе сваёй актуальнасьці. На шчасьце, многія пытаньні нацыянальнай сьвядомасьці і свабоды асобы у яго роднай краіне, а таксама ў краінах былога сацыялістычнага лагера, на даным этапе вырашаны. Чаго нельга сказаць пра амаль усе рэспублікі Савецкага Саюза, якія так і не здолелі выбрацца, з аднаго боку, з рабства камуністычнай ідэалогіі, а з другога, з рабства савецка-расійскай імперыі. Калі б Чэслаў Мілаш зараз пабачыў Беларусь, то магчыма не здзівіўся б існуючымі парадкамі, бо сам пражыў амаль у 40-гадовым чаканьні вясны, аб якой марыў і якую прысьпешваў.
Крытыцы камунізма і антынацыянальнай палітыкі ў пост-савецкіх краінах прысьвечаны шматлікія публікацыі, уключна з Беларусьсю (А. Астапенка, З. Пазьняк, С. Шарэцкі, С. Шушкевіч). Паводле розных тэарэтычных даследаваньняў відавочна, што камунізм і нацыяналізм – дзве несумяшчальныя ідэалогіі. Абяцаючы на пачатку Кастрычніцкай рэвалюцыі светлыя ідэі роўнасьці, свабоды і брацтва, дыктатуры пралетарыята, самавызначэньня нацый, кіраўніцтва кампартыі СССР збочыла на курс партыйнай дыктатуры, інтэрнацыяналізму і перасьледу нацыянальна-дэмакратычных памкненьняў шматлікіх народаў, якія ўваходзілі ў склад вялікай краіны. На жаль, астравок былога СССР з яго ідэалогіяй застаўся ў Беларусі за выняткам невялікіх выключэньняў.
Нацыя, з’яўляючыся найвышэйшай катэгорыяй у будаўніцтве дзяржавы, набыла ў выкананьні сучаснага кіраўніцтва незразумелыя формы. З аднаго боку, яно, кіраўніцтва, карыстаецца перавагамі атрыманага ў спадчыну даволі высокага якаснага стану беларускага грамадства для забеспячэньня сацыяльнай роўнасьці і справядлівасьці ў рэспубліцы, што безумоўна не можа не падтрымлівацца насельніцтвам (у параўнаньні з іншымі рэспублікамі былога СССР гэта было абумоўлена ў цэлым высокай адукацыяй насельніцтва, адносна лепшым развіцьцём тэхналогій, не страчаным ад савецкіх часоў “вертыкальным” кіраўніцтвам). Аднак, з другога боку, уся грамадская ідэалагічная надстройка застаецца ў многім савецкай, якая даказала сваю нядзейнасьць і прывяла да краху не толькі СССР, а да “глабальнага” краху сацыялістычнага лагера.
У цэлым можна адзначыць, што шэраг як знешніх, так і ўнутраных маральных і ідэалагічных фактараў пакуль што з’яўляюцца неспрыяльнымі для будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, а самой краіне без вырашэньня нацыянальных пытаньняў можа нават пагражаць страта суверэнітэту.
Этнанацыянальная дзяржава супраць цывільнай дзяржавы. Неабходнасьць стварэньня нацыянальнай элітай агульных канкрэтных праграм
Змена курсу краіны з сёнешняга будаўніцтва рускамоўнай цывільнай дзяржавы на будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы можа адбыцца праз зьмену цяперашняй улады ці яе поглядаў на пытаньні развіцьця нацыі. Але у любым выпадку павінна прысутнічаць асьвета насельніцтва і фарміраваньне нацыянальнай сьвядомасьці.
Можна меркаваць, што сярод сучаснага кіраўніцтва ёсьць думаючыя людзі, якія разумеюць, што існуючая дзяржаўная мадэль не будзе жыцьцяздольнай, аднак, малаверагодна, што такія людзі змогуць істотна ўплываць на погляды кансерватыўнага і антынацыянальнага па сутнасьці лідэра краіны. У той жа час у Беларусі зараз няма ўмоў для зьмены ўлады дэмакратычным шляхам. Тэхнічна саму працэдуру выбараў нават заходнія назіральнікі не могуць аб’явіць недэмакратычнай, бо ацэньваючы яе па мерках сваіх краін, не могуць уявіць як працуе прыручаная выбарчая сістэма на самой справе. Таму, падаецца, што вырашэньне нацыянальных пытаньняў мусіць адбывацца разам са змаганьнем за стварэньне умоў для правядзеньня справядлівых, празрыстых і дэмакратычных выбараў у дзяржаўныя інстытуты усіх узроўняў.
Відавочна, што ўмовы, створаныя ўрадам, не задавальняюць жаданьняў нацыянальнай эліты, якая якраз і мусіць прапагандаваць і прапанаваць свайму народу асобны шлях ў глабальным сусьвеце – без нацыянальнага твару беларуская дзяржава наўрад ці здолее ўтрымацца ў шэрагах іншых нацый, якія існуюць на зямлі. Дык ці прапануе беларуская эліта вырашэньне нацыянальных пытаньняў дэмакратычным шляхам, праз правядзеньне сваіх кандыдатаў у парламент падчас выбараў? Бо падаецца, што удзельнічаць трэба, нават пры адсутнасьці умоў для нармальных выбараў, і толькі для таго каб данесьці да насельніцтва альтэрнатыўныя праграмы, уключна з праграмамі нацыянальнага будаўніцтва.
Аднак тут, яшчэ не дайшоўшы да самога працэса выбараў, трапляем у заганнае кола – умоў для правядзеньня змен праз дэмакратычныя выбары няма – сіл у беларускай апазіцыйнай эліты для дэмакратычных зьмен недастаткова – не ўсе сябры магчымай кааліцыі маюць нацыянальныя праграмы. Як вынік, час для будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы неспрыяльны і Беларусь працягвае заставацца цывільнай рускамоўнай дзяржавай.
Сапраўды, умоў для дэмакратычных выбараў да гэтага часу няма – на працягу апошніх 4 выбараў у парламент у выбарчых камісіях амаль адсутнічалі прадстаўнікі апазіцыйных сіл, падлік галасоў быў непразрыстым (не ў сэнсе адсутнасьці шкляных урн). Ды і інтэнсіўнага і агульнага змаганьня за зьмены ў выбарчае права праз Канстытуцыйны суд Беларусі, ААН, АБСЕ, камісіі па правах чалавека, і г.д. амаль не было заўважна. Было б лагічным дамагацца ў першую чаргу стварэньня нармальных дэмакратычных умоў існаваньня партый і грамадскіх арганізацый па канкрэтнай агульнай праграме. І тут якраз многія беларускія лідэры, заклікаючы да аб’яднаньня, маюць рацыю. Галоўным тут было б дасягненьне ўмоў для свабодных выбараў. Падаецца, што зараз не час для міжпартыйнай барацьбы беларускіх партый, а сама такая барацьба дае незразумелыя для звычайнага выбаршчыка вынікі.
У гэтым годзе беларуская палітычная эліта зноў спрабавала фармальна аб’яднацца перад чарговымі парламенцкімі выбарамі. Прычым гэтыя высілкі ў асноўным былі скіраваны на арганізацыйныя пытаньні, з кім, калі, і як, хаця заклікі аб’ядноўвацца раней не спрацоўвалі, ці не давалі жаданых вынікаў; не аднойчы падпісываліся мемарандумы (Вільня, 2012), амаль перад кожнымі выбарамі зьбіраліся кангрэсы дэмакратычных сіл (і перад кожнымі выбарамі гэта рабілася нанова). Але такое яднаньнне не павіньна было б быць дзеля самаго яднаньня і вылучэньня адзіных кандыдатаў пад не зусім выразнымі лозунгамі. Не спрацавалі яны і на гэты раз. Некаторыя фармальныя пагадненьні можна ўспрыймаць толькі як заявы пра палітычныя намеры, а не як канкрэтныя планы дзеяньня. І зноў апазіцыйныя сілы ідуць рознымі калонамі: правыя (Рух “За свабоду”, БХД, АГП), кампанія “Гавары праўду”, камуністы і яшчэ адны камуністы, ЛДПБ, Усебеларускі кангрэс за незалежнасьць. Такі падыход, які быў бы апраўданы ў дэмакратычных краінах, відавочна, абумоўлены як амбіцыямі лідэраў, так і магчымай розьніцай у праграмных устаноўках партый і грамадскіх рухаў – аднак, гэта ў значнай ступені распыляе нешматлікія нацыянальныя сілы. Шанец патрапіць у парламент хаця б некалькім дэпутатам ад апазіцыі абсалютна нізкі.
Да таго ж, нацыянальныя пытаньні стаяць у праграмах толькі некалькіх партый, БНФ, КХП-БНФ, … і на гэтым амаль усё. Такіх пытаньняў няма ў праграмах ліберальных партый – Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Відавочна, што такіх праграм няма сярод дыванных партый кшталту Беларускай спартыўнай партыі. Можна думаць і ў будучай прэзідэнцкай партыі “Белая Русь” (Грамадзкая арганізацыя “Белая Русь” яшчэ не ўступала на арэну як палітычная сіла, але яна магчыма выйдзе як толькі апазіцыйныя партыі хоць нейкім чынам здолеюць набраць моцы і будуць уяўляць адну сапраўдную, а не разрозненную сілу).
Роль партый у беларускім грамадстве нязначная, што абумоўлена рознымі прычынамі: іх запраграмаванай фракцыйнасьцю (што было б нармальна у дэмакратычнай краіне), абсалютна недастковым інфармаваньнем насельніцтва аб іх працы, да якіх дадаецца аўтарытарны характар дзяржаўнага кіраваньня і дзяржаўная прапаганда, якія абмяжоўваюць дзейнасьць партый (адзіная пост-савецкая ідэалогія, падпаракаваныя дзяржаве СМІ, зарэгуляваныя ўмовы існаваньня незалежных СМІ). Аднак, што падаецца найбольш важным, беларуская эліта не мае канкрэтных агульных праграм развіцьця краіны, уключаючы нацыянальныя пытаньні, якія былі б альтэрнатыўнымі праграмам дзейнага ураду і маглі бы стаць прывабнымі для насельніцтва Беларусі. Гэтыя разрозьненыя партыйныя праграмы\планы, як бы само сабой разумеюцца – новы выбарчы закон, дэмакратыя, правы чалавека, мільён працоўных месцаў. Аднак, гэтыя “уяўныя праграмы” плятуцца ззаду за галавой калон (а не адной калоны), якія накіроўваюцца на “барыкады”. Здавалася б, павіньна быць наадварот – выпрацоўка больш менш агульнай праграмы на сёняшнім этапе (напрыклад, змаганьне за стварэньне ўмоў для свабодных, дэмакратычных выбараў) – спрыяла б маналітнасьці калоны і дазволіла б ёй дайсьці да сваёй мэты не рассыпаўшыся на фрагменты па дарозе. Лагічна было б думаць, што такая праца павінна распачынацца не перад, а пасьля выбараў і працягвацца на пастаяннай аснове.
А што ж самі беларусы? – А яны як і раней церпяць, і так атрымоўваецца, што зусім не час ды й няма каму думаць пра нацыянальную ідэнтыфікацыю ці пра развіцьцё нацыі ў цэлым. Гэта калі казаць пра асноўную масу людзей, якая і ў лепшыя часы аб гэтым моцна не задумваецца, за выключэньням аднясеньня сябе да нацыі беларусаў. Пакуль што на пытаньне аб нацыянальнасьці “беларус” станоўча адклікаецца 83.7% грамадзян Беларусі нягледзячы на сваю ў большасьці рускамоўнасьць, што паводле Ч. Мілаша можна было б называць нацыянальным кетманам, калі б гэта было праўдай. Пытаньні развіцьця нацыі застаюцца выключна пытаньнямі для нацыянальнай эліты.
Нацыянальная эліта мае шмат яскравых і таленавітых людзей. Пры адсутнасьці неабходнай еднасьці трэба было б хаця б падтрымліваціь і спрабаваць зразумець тых людзей, хто нешта і канкрэтна робіць у краіне. Аднак, прыкладаў яднаньня нацыянальнай эліты ў выкананьні агульных праектаў няшмат (ТБМ, “Летучий университет”, “Мова нанова”). Пры адсутнасьці беларускага нацыянальнага універсітэта спробы аб’яднаць сілы ў яго стварэньні канчаліся пакуль што нічым. Адны жадаюць і не могуць, а другія могуць, але не жадаюць быць з тымі, што не могуць. І гэта не толькі на полі ўтварэньня нацыянальнага універсітэта. Тое ж назіраецца і ў палітычных, калі так можна казаць, баталіях, дзе робяцца спробы дзяліць тое чаго няма пры адсутнасьці жаданьня нават тактычнага яднаньня.
Незалежныя СМІ з’яўляюцца амаль адзіным дзейным інструментам у руках нацыянальнай эліты, каб правесьці неабходныя ў краіне зьмены. Усё ж, артыкулаў, прысьвечаных агульным праблемам нацыянальнага развіцьця і іх абмеркаваньню, сустрэнеш не так і шмат. Такія выданьні як “Хартыя 97” ці “Радыё Свабода”, заняўшы сваю нішу, адлюстроўваюць філасофію ці ідэалогію ў асноўным толькі вузкай катэгорыі людзей, якія стаяць за іх спіной.
Пытаньне трэба ставіць востра – ці здольная нацыянальная эліта праводзіць хаця б адносна блізкую ідэалогію\палітыку ў нацыянальных пытаньнях ці ў ажыцьцяўленні сумесных канкрэтных праграм (напрыклад, стварэнне нацыянальнага універсітэта)? Без вырашэньня нацыянальных пытаньняў змаганьне толькі за дэмакратычныя ці іншыя ліберальныя каштоўнасьці на нашу думку недастаткова для зьмены свядомасьці беларускіх людзей. Якія б шырокія плыні ні адлюстроўвалі незалежныя СМІ, ліберальныя, сацыяльна-дэмакратычныя, ці нават спартыўныя (і яны, вядома ж, павінны існаваць паасобку і мець свой напрамак), аднак, без разуменьня еднасьці ў падыходах да нацыянальнай асьветы насельніцтва чакаць добрых вынікаў у збудаваньні незалежнай беларускай дзяржавы не даводзіцца.
Такім чынам, нацыянальная эліта знаходзіцца ў складаных умовах, якія характарызуюцца неабходнасьцю адначаснага вырашэньня нацыянальных і дэмакратычных праблем. Выйсьці з заганнага кола будзе магчыма пры ўмацаваньні нацыянальных сіл і іх еднасьці ў выкананьні агульнай стратэгіі па выхаваньню нацыянальнай свядомасьці сярод насельніцтва Беларусі.
Беларусь: нейтральнасьць – па форме і зместу, еўрапейскасьць і беларускасьць – па духу. Нейтральнасьць і глабалізацыя
Якім шляхам будзе развівацца Беларусь у глабальным сусьвеце прадказваць вельмі складана. Аднаго б не хацелася: каб Беларусь, спрабуючы вырвацца з пад еўразійскага ўплыву, праходзіла такі ж шлях, які робіць Украіна. Украіна, наша адзіная радня па ўсходнеславянскай цывілізацыі, за сваё імкненьне жыць у свабоднай Еўропе падверглася прамой ваеннай агрэсіі з боку Расіі і “пакарана” адняцьцем Крыму і акупацыяй Данбасу. Мала ў каго павернецца язык сказаць, каб Беларусь брала ў рукі зброю каб абараніць свой нацыянальны гонар. Тое што адбываецца паміж Украінай і Расіяй гэта анахранізм, абсалютны выхад Расіі за цывілізацыйныя рамкі. Захад, здаецца, праснуўся і магчыма, што санкцыі прынятыя супраць агрэсара, абароняць не толькі Украіну, але і Беларусь і іншыя краіны-суседзі, патэнцыйныя ахвяры ўзнаўляемай расійскай імперскай палітыкі. Таму пагроза адносна нацыянальнай бяспекі па-ранейшаму застаецца з усходу, а не з захаду.
Значная частка нацыянальнай эліты змагаецца пад лозунгамі “Беларусь у Еўропу!”. Заклікі да ўступленьня ў Еўрасаюз – гэта добра. Магчыма, калі Еўрасаюз вырашыць праблемы паміж Украінай і Расіяй, то ён можа зьвярнуць увагу і на беларускія праблемы. Аднак, калі гэтыя праблемы не будуць вырашаць самі беларусы, то ніякі Еўрасаюз ці другія дарадцы нам не дапамогуць. Усё вызначаецца ўнутраным жыцьцём нацыі, яе духам. Няхай краіна невялікая па колькасьці насельніцтва – але з гонарам, няхай няма каштоўных выкапняў – але ёсьць цудоўныя працавітыя людзі, прыгожыя прасторныя лясы і шырокія багатыя палі. І тут найбольш важным павінна стаць паступовае ўсведамленьне беларусаў, што яны жывуць у незалежнай і суверэннай еўрапейскай краіне.
Ці гатова Беларусь да ўступленьня ў Еўрасаюз і ці рада гэтаму будзе Еўропа? Тэарэтычна так. Пытаньне толькі – калі? Паводле Т. Снайдэра, гэта можа адбыцца не раней як у 2040-2050 гг. З такім прагнозам можна пагадзіцца, калі ўлічваць як настроі ў беларускім грамадстве, так і тыя зьмены, якія зараз назіраюцца ў еўрапейскіх краінах. Мы ўжо нагадвалі аб тым, што беларусы не аддаюць яўнай перавагі усходняму, заходняму ці нейтральнаму (асобны шлях) вектарам у развіцьці краіны – на працягу апошніх гадоў лічбы раўнамерна вагаюцца паміж трыма напрамкамі ў залежнасьці ад многіх часовых фактараў. Аднак, можна заўважыць паступовую тэндэнцыю пашырэньня прыхільнікаў асобнага шляху. У апытаньні праведзеным Беларускім інстытутам стратэгічных даследаваньняў (BISS, 2015) прыхільнікаў незалежнай Беларусі па-за ўсякімі саюзамі было ў 2010 г. – 20.4%, у 2011г. – 29.3%, у 2013 г. – 30.9%, у 2015 г. – 31.1%. Хацелася б, каб назіраемая тэндэнцыя не была памылкай апытаньняў.
Магчыма, што частка беларусаў прытрымліваецца ідэі свайго асобнага шляху для краіны менавіта памятаючы адмоўныя ўплывы паланізацыі і русіфікацыі на станаўленьне беларускай нацыі. Беларусы памятаюць перыяд паланізацыі, асабліва ў ХVІІ-ХVІІІ стст. Аднак, да канца ХVІІІ-га стагоддзя мы жылі ў Еўропе пакуль нас не паглынула еўразійская цывілізацыя. Таму еўрапейская культура нам генетычна больш зразумелая і блізкая у параўнаньні з расійскай культурай, якая паступова выціскае з беларусаў нацыянальную свядомасьць у наш час праз рускамоўную сістэму дзяржаўнай адукацыі. Іншымі матывамі для асобнага шляху могуць быць пагрозы паглынаньня Беларусі Расіяй (ваенныя, эканамічныя, культуральныя), а таксама няўстойлівы стан як у Расіі, выкліканы эканамічным сусветным крызісам, так і ў ЕС, у сувязі з міграцыйнымі працэсамі і тэрарызмам.
Трэба таксама ўлічваць неагрэсіўную ментальнасьць беларусаў – наўрад ці хто можа ўявіць, каб беларусы кінуліся біць англійскіх фанатаў з крыкамі “Беларусы, вперёд!”, калі б адбываўся матч паміж футбольнымі камандамі Беларусі і Англіі.
У нейкім сэнсе “нейтральныя” настроі падтрымліваюцца і цяперашняй уладай – ва ўсялякім выпадку, нядаўна кіраўніком дзяржавы было заяўлена аб дасягненьні ў 2020 г. рознанапраўленасьці гандлю і развіцьця эканомікі ў прыблізна роўных прапорцыях з Расіяй, развітымі краінамі і краінамі трэцяга сьвету.
Не адмаўляючы сваёй гістарычнай, культурнай, ментальнай прыналежнасьці да Еўропы, мы прапагандуем нейтральнае развіцьцё беларускай нацыі. Гэта не адмаўляе еўрапейскасьці беларускай нацыі і з цягам часу можа адпавядаць думкам і настроям большай часткі грамадства і адказваць на выклікі глабальнага свету. Нейтральнасьць дазволіць Беларусі выйсьці з пад блокавага мысленьня, пад якім яна зараз знаходзіцца ў звязку з Расіяй (Саюзны дагавор з шэрагам вайсковых абавязкаў, Арганізацыя дзяржаў калектыўнай бясьпекі), а з другога – не будзе вымагаць далучэньня да іншых ваенных блокаў (НАТО). Думаецца, што гэта будзе адпавядаць і будучым выклікам, якія стаяць перад чалавецтвам – барацьба з тэрарызмам ці з незаконнай міграцыяй, дзе Беларусь змагла б ўдзельнічаць не як сябра лакальных мілітарных утварэньняў, а як сябра міжнароднай супольнасьці ў цэлым.
З другога боку, шлях у ЕС – вельмі складаны. Еўрасаюз пачаў стварацца ў 1950 г., аднак працэсы кансалідацыі гэтага супердзяржаўнага, наднацыянальнага ўтварэньня яшчэ не скончыліся. ЕС зараз мае шэраг сваіх унутраных праблем, якія патрабуюць свайго вырашэньня, напрыклад, праблемы, зьвязаныя з выхадам Брытаніі з ЕС, ці ўступленьня Турцыі ў ЕС, массавая незаконная міграцыя ў Еўропу з Афрыкі і Азіі, пытаньні з шэнгенскімі візамі, тэрарызм. Беларусь, маючы адчыненую мяжу з Расію, ня можа нават марыць аб непасрэдным еўрапейскім шляху. Вельмі блізкія праблемы мае і Украіна. Хоць яна і ўступіла на шлях далучэньня да заходніх інстытутаў (ЕС, НАТО), аднак, відвочна, што ён не будзе кароткім нават пры актыўнай пазіцыі палітычнай эліты Украіны. Што ж казаць пра Беларусь, якая ўсё больш вязьне ў эканамічных і мілітарных абдымках Расіі?
Такім чынам, падаецца, што нейтральнасьць-еўрапейскасьць мусіць быць у цэнтры беларускага асобнага шляху. Нейтральнасьць Беларусі адмаўляе прыналежнасьць да лакальных ваенных ці іншых саюзаў і ў той жа час адчыняе дзверы для кааперацыі і добрых адносінаў з цывілізаванымі краінамі. Некаторыя спробы абгрунтоўваць існаваньне Беларусі ў рамках наддзяржаўных аб’яднаньняў ва ўмовах сучаснай глабалізацыі (інтэграцыя інтэграцый, Беларусь у цэнтры славянскага саюза, канцэпт Севера і Северной Евразии) маюць кан’юнктурны, часовы і, зноў жа, рэгіянальны характар і не адлюстроўваюць у поўнай меры настроі і патрэбы беларускай нацыі.
Не выглядае, што развіцьцё нацый ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі ва ўмовах сучаснай глабалізацыі будзе спынена, запаволена, ці прыме нейкія новые формы. Чалавек, як істота біялагічная, заўжды будзе імкнуцца быць на радзіме ці па крайне меры аб ёй марыць, а як істота сацыяльная шукаць іншых людзей, якія падзяляюць з ім каштоўнасьці культурныя, гістарычныя і нацыянальныя. Падаецца, што нават у ЕС, які ўяўляе сабой найбольш развітую наддзяржаўную структуру, роль нацый не будзе памяншацца. Тыя наступствы, якія вынікаюць з незаконнай міграцыі, сьведкамі якой мы зараз з’ўляемся, наўрад ці зьменяць істотна этнанацыянальны склад еўрапейкіх краін.
Думаецца, што міграцыйныя патокі не закрануць значна і Беларусь. Па разліках Pew Research Center у Беларусі ў 2050 годзе 2.4% насельніцтва будзе вызнаваць іслам (у 2010 г. – 0.2%), пры тым што доля рэлігійных і нерэлігійных хрысьціян будзе складаць 97.4% (у 2010 г. – 99.6%). Відавочна, што невялікая доля мусульман не зможа істотна зьмяніць нацыянальную свядомасьць беларусаў. Шмат большы адмоўны уплыў на развіцьцё беларускай нацыі будзе аказваць невысокая нараджальнасьць дзяцей. Па прагнозах таго ж агенцтва колькасьць насельніцтва Беларусі за перыяд з 2010 па 2050 гг. зьменшыцца на 11.4% (з 9.6 млн да 8.5 млн чалавек) нават пры тым, што беларусы ў параўнаньні з жыхарамі суседніх краін маюць найменшыя памкненьні да эміграцыі (“Культура, Нацыя”, 2014, №6).
Хацелася б спадзявацца, што развіцьцё беларускай нацыі ў глабальным сусьвеце будзе адбывацца ў стане нейтральнасьці пры зьберажэньні і ўзбагачэньні беларускай культуры і традыцый.
Piotra Murzionak: To Live Belarusian Nation
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, June 2016, issue 14, pp. 5–21)
The sovereign Belarusian state held and significantly strengthened over the past quarter of a century. However, the Belarusian statehood is threatened by Russia as not as a country with a huge military, economic and political potential, but as the country carrying Eurasism ideology, the ideology of the state preference and collectivist mentality over the individual, respect for strong authoritarian leaders. Another dangerous Russian factor for the Belarusian nation is that Russia, having a multi-faceted cultural heritage and contemporary culture and using the Russian language as a tool, can absorb the culture of small countries, including the post – Soviet space countries. There are plenty of recent evidence that the ideological, imperial war against the Belarusian nationalism on the part of Russia carried out for a long time, and unfortunately, neglected or even with possible support by the Belarusian authorities. Unfortunately, an island of the former USSR with its ideology remained in Belarus where national issues are still not resolved. All this encourages Belarusians to look, justify and defend its own specific way for the preservation and development of the nation-state. This way is based on the differences between Russia and Belarus – Belarus in the course of the long history has gained a lot of signs of Western civilization. In addition, there is a significant ethnic, mental and historical difference between the East and the people of not a borderland between East and West, but independent peoples of Belarus and Ukraine, which together constitute the East Slavic Belarusian-Ukrainian civilization. Ukraine is now trying to escape through the war from political, economic and spiritual influence on the part of Russia. Belarus, having with Ukraine a very similar fate, will seek to protect itself from absorption by “Russian world” and has no choice but to look his own way. However, if these problems will not be solved themselves by Belarusians, no European Union or the United States will help. Everything is determined by the inner life of the nation, its spirit. Without denying its historic, cultural, and mental belonging to Europe, we advocate a neutral development of the Belarus, therefore, it appears neutrality-Europeanness must be at the center of the Belarusian specific way. Neutrality allows Belarus to get out of a “block” thinking by which she is now forced to be together with Russia (Union Treaty with a number of military duties, the Organization of States of Collective Security), and on the other hand it will not require a connection to other military alliances (NATO). Neutrality does not deny Europeanness of Belarusian nation and over time may correspond to the thoughts and sentiments of the majority of society and to meet the challenges of the global world. National elite is in a complex environment characterized by the need to address national and democratic issues simultaneously. Get out of the vicious circle will be possible with the strengthening of national forces and their unity in the performance of the overall strategy for the education of national consciousness among the population of Belarus. It is hoped that the development of the Belarusian nation in the global universe will be able in neutral environment while preserving and enriching the Belarusian culture and traditions.
Categories: Нацыя Беларусы, Праект "РАЗАМ"
Пакінуць адказ