П. Мурзёнак Прадмова да 14-га нумара часопіса “Культура, Нацыя”, чэрвень 2016
У эсэ “Каб жыла беларуская нацыя” разглядаецца развіцьцё беларускай дзяржавы не як краіны, якая знаходзіцца на мяжы паміж Усходам і Захадам, як вызначаў яшчэ І. Абдзіраловіч у 1921 годзе, а як краіны якая пераходзіць ад ваганьня між Усходам і Захадам да больш ўстойлівага стану і выходзіць на асобны шлях развіцьця; абмяркоўваецца роль усходнеславянскай беларуска-украінскай цывілізацыі ў станаўленьні беларускай дзяржаўнасьці, маральныя і этнанацыянальныя праблемы, адмоўныя фактары ўплыву на нацыянальную сьвядомасьць, задачы нацыянальнай эліты ў будаўніцтве этнанацыянальнай, а не цывільнай дзяржавы, нейтральнасьць і еўрапейскасьць Беларусі ў эпоху глабалізацыі.
Працягваецца абмеркаваньне праекта “Стратэгіі развіцьця беларускай нацыі”, апублікаванай 6 лютага 2016 года (№12) (зараз падаецца дапоўнены яе варыянт на 25.06.2016). Многія дыскутанты выказваюць нязгоду з уключэньнем у “Стратэгію” палажэньня аб недастковай талерантнасьці беларусаў да асоб нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, матывуючы гэта тым, што беларускае грамадства не сасьпела да абмеркаваньня гэтай тэмы. Гэта не дзіўна, бо нават сярод нацыянальнай эліты ёсьць людзі, якія, як выдаецца, увогуле не разумеюць нават вызначэньні, што тычацца гэтай катэгорыі людзей. Так, “займацца фемінізмам”, на думку некаторых прадстаўнікоў эліты, гэта вельмі прыкра і недастойна.
Рэдакцыя ўдзячна каментарам, дасланым рэдактарам вэб-сайта “Наша зямля” сп. А. Астроўскім. Частка заўваг, зробленая рэдакцыяй “Нашай зямлі”, уключана ў дапоўнены варыянт “Стратэгіі” (гэтыя і іншыя зьмены высьветлены колерам). Заслугоўвае абмеркаваньня прапанаваная пашыраная версія “Мэты Стратэгіі”: “МЭТАЙ Стратэгіі на бліжэйшыя дзесяцігоддзі з’яўляецца пабудова нейтральнай, нацыянальна-дэмакратычнай, беларускай, сьвецкай дзяржавы, у якой на перыяд выпраўленьня гістарычнай несправядлівасьці некалькі апошніх стагоддзяў што да карэннага этнасу (т.б., на час нацыянальнай рэгенерацыі), прадстаўнікі нацыяўтваральнага этнасу – беларусы-літвіны, а таксама іх культура, мова, гістарычная памяць, сімвалы, аўтакефальная царква, сьветагляд, эканамічныя і палітычныя правы, генафонд, іншыя аб’ектыўныя нацыянальныя каштоўнасьці стануць прыярытэтным клопатам для ўсіх грамадзян Беларусі, а найперш для дзяржаўных уладаў”.
У раздзеле “Юбілеі, даты” зьмешчаны матэрыял, прысвечаны 135-годдзю з дня наражэння Івана Луцкевіча, выбітнага нацыянальнага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў беларускай дзяржавы.
Categories: Аб'явы
Пакінуць адказ