Наша гісторыя: У гэты дзень нарадзіўся вялікі князь літоўскі і польскі кароль Ян Сабескі

17.08.2016

17 жніўня ў 1629-м годзе нарадзіўся Ян ІІІ Сабескі, кароль Рэчы Паспалітай і князь ВКЛ.

Ян Сабескі ўвайшоў у гісторыю як выдатны палкаводзец, мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай.

Ён з маладых гадоў удзельнічаў у вайне з казакамі Хмяльніцкага, потым ваяваў супраць шведаў і расейцаў. У дваццаць тры гады Сабескі атрымаў чын палкоўніка, у трыццаць сем – пасаду палявога гетмана. У бітве каля Падгайцаў на Украіне (1667 г.) ён з 3 тысячамі жаўнераў разграміў 30-тысячнае казацка-татарскае войска і праз год быў прызначаны вялікім каронным гетманам. Новыя цяжкія паразы ён нанёс крымскім татарам у 1671 і 1672 гг.

Вялікую славу прынесла Яну Сабескаму бітва 1673 г. пад Хацінам, там, дзе на паўстагоддзя раней разбіў туркаў Ян Кароль Хадкевіч. Цяпер войскі Рэчы Паспалітай знішчылі турэцкую армію Гусейн-пашы, які меў пад сваёй камандай 35 тысяч ваяроў. Гэтая перамога фактычна і зрабіла Сабескага гаспадаром дзяржавы. Заняўшы трон, новы манарх засяродзіўся на барацьбе з Асманскай імперыяй, якая несла велізарную пагрозу ўсёй Еўропе.

ЯН САБЕСКІ (МАЛЮНАК ЯНА МАТЭЙКІ)

У 1683 г. Рэч Паспалітая падпісала трактат аб дружбе з Аўстрыяй. Калі праз некалькі месяцаў туркі ўзялі ў аблогу Вену, Ян Сабескі з 27-тысячным войскам Рэчы Паспалітай рушыў на дапамогу хаўруснікам. Прызнаючы нашага вялікага князя і караля выдатным палкаводцам, германскі імператар і нямецкія князі даручылі яму камандаваць агульнымі сіламі хрысціянскіх дзяржаваў.

12 верасня 1683 г. адбылася генеральная бітва, у якой узялі чынны ўдзел войскі Вялікага Княства Літоўскага. На чале нашай цяжкой кавалерыі стаяў трыццацігадовы надворны маршалак Язэп Багуслаў Слушка, які за праяўленае пад Венай ваеннае майстэрства быў прызначаны палявым гетманам. Віленскі кашталян Эрнэст Дэнгаф камандаваў брыгадай ліцьвінскай пяхоты, што мужна білася на правым фланзе злучаных войскаў хрысціян.

ЯН САБЕСКІ (МАЛЮНАК ЯНА МАТЭЙКІ)

Турэцкая армія была разбітая. Неўзабаве гэты бліскучы поспех Ян Сабескі замацаваў новай перамогай пад Парканамі (цяперашняя Славаччына). Хоць вайна яшчэ працягвалася, пагроза для Рэчы Паспалітай прамінула. Разгром туркаў пад Венай, якую разам з таварышамі па зброі ратавалі тысячы нашых продкаў-ліцьвіноў, меў велізарнае значэнне для ўсёй Еўропы. Хрысціянскі свет атрымаў вельмі патрэбны перадых для кансалідацыі сілаў у далейшым змаганні з асманскай агрэсіяй.

ВЕНСКАЯ БІТВА 1683 Г. КАРЦІНА 17

Ваенным трыюмфам Яна Сабескага паспрыялі рэформы, праведзеныя ім у арміі Рэчы Паспалітай. У камплектаванні ўзброеных сілаў дзяржавы ён зрабіў стаўку не на паспалітае рушанне, а на прафесійнае войска. З улікам тагачасных еўрапейскіх дасягненняў былі мадэрнізаваныя пяхота, артылерыя і сапёрныя фармаванні.

МЕДАЛЬ ДА 200-ГОДДЗЯ ВЕНСКАЙ БІТВЫ. АВЕРС – БЮСТ ЯНА САБЕСКАГА. РЭВЕРС – ТРЫУМФАЛЬНЫ ЎЕЗД САБЕСКАГА Ў ВЕНУ.

Ян Сабескі, які атрымаў добрую адукацыю ў Кракаўскім універсітэце і шмат падарожнічаў па Еўропе, застаўся ў нашай гісторыі таксама як шчодры мецэнат, апякун навукі і мастацтва.

Менавіта за часоў Сабескага Вялікае Княства Літоўскае супольна з Польшчай перажылі апошні ўзлёт як адна еўрапейская дзяржава Рэч Паспалітая.

Паводле Уладзіміра Арлова, belhistory.com



Categories: Uncategorized

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: