Часопіс пачынаецца дапоўненым праектам “Стратэгіі развіцьця беларускай нацыі”. У праект уключаны палажэньні, якія былі вынесены на абмеркаваньне ў папярэднім нумары. Мы па-ранейшаму прымаем прапановы чытачоў па ўдасканаленьню “Стратэгіі”.
У верасьнёўскім нумары публікуюцца матэрыялы, прысьвечаныя асьвятленьню 32-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая праходзіла ў Аттаве ў гатэлі “Лорд Элгін” 3-5 верасьня. Падобныя сустрэчы беларусаў адбываюцца штораз на два гады, пачынаючы ад першай, якая мела месца на Ніягары ў 1952 годзе. Сустрэчы па традыцыі арганізуюцца Згуртаваньнем Беларусаў Канады (ЗБК) і Беларуска-Амерыканскім Задзіночаньнем (БАЗа). Гонар правядзеньня сустрэчы на гэты раз выпаў на беларусаў Аттавы.
Часопіс “Культура, Нацыя” меў непасрэднае дачыненьне да арганізацыі і правядзення 32-й Сустрэчы, якая мела назоў “Дыяспара: нацыянальная сьвядомасць і развіцьцё грамадзянскай супольнасьці і культуры”. Часопіс выступіў ініцыятарам сустрэчы ў Аттаве, прапанаваў першапачатковую версію праграмы і фармата сустрэчы, а таксама выступіў адным з яе спонсараў. Прапанаваныя часопісам праграма і фармат былі абмеркаваны і прыняты Аттаўскім аргкамітэтам, затым зацьверджаны Галоўнай управай ЗБК (1 лістапада 2015г.) і ўзгоднены з кіраўніцтвам БАЗа. У 15-м нумары мы падаём праграму 32-й Сустрэчы, матэрыялы лекцый і выступленьняў (са згоды іх аўтараў), і рэзалюцыю Сустрэчы – усе яны цалкам адпавядаюць напрамку дзейнасьці часопіса “Культура, Нацыя”. У прыватнасьці, у асноўных дакладах гучалі пытаньні рэалізацыі культурніцкай праграмы “Будзьма разам!” (А. Макоўская), фармаваньня беларускай ідэнтычнасьці (П. Сурвілла), аналіз гістарычных і будучых асьпектаў развіцьця беларускай нацыі (Г. Туміловіч). Большасьць выступленьняў у дыскусіі тычылася праблем беларускай дыяспары ў ЗША і ў Канадзе: падвядзеньню вынікаў дзейнасьці БІНІМу Канады за апошнія паўсотні гадоў (З. Гімпелевіч), стварэньню англамоўнай інфармацыйнай прасторы паміж Беларусьсю і ЗША (В. Бортнік), мастацтву вышываньня (І. Варабей), характару ўзаемаадносін беларусаў у замежжы (П. Мурзёнак), магчымаму стварэньню Беларускага музея ў Паўночнай Амерыцы (В. Станкевіч), неабходнасьці падтрымліваць фінансава і сваім карэспандэнцкім удзелам газету беларусаў замежжа “Беларус” (Г. Сурмач).
Навуковыя і культурныя падзеі, якія адбыліся на Сустрэчы, прайшлі ў адпаведнасьці з праграмай. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 90 чалавек з гарадоў Беларусі, Канады і ЗША – Аттавы, Вашынгтона, Гародні, Кліўленда, Манрэаля, Мінска, Неапаля (Фларыда), Таронта, Нью-Ёрка, Філадэльфіі. Свае віншаваньні на сустрэчу прыслалі Прэм’ер-міністр правінцыі Антарыё, Kathleen Wynne, і Міністр канадыйскай спадчыны, Melanie Joli. Непасрэдна віталі сустрэчу – Ўладыка Сьвятаслаў, першагерарх БАПЦ; Івонка Сурвілла, Старшыня Рады БНР; David Kilgour, былы дэпутат канадыйскага парламенту; Keith Egli, дэпутат гарадскога савета Аттавы; Andris Kesteris, прадстаўнік латыскай і балтыйскай дыяспараў; Stanislaw Zaborowski, прадстаўнік, польскай дыяспары; Мікола Біланюк, прадстаўнік украінскай дыяспары; Зянон Пазьняк, старшыня Кансерватыўна-хрысьціянскай партыі; Юрка Акула, удзельнік сустрэчы з Манрэаля; удзельнікі праслухалі відэазварот Сяргея Панізьніка.
У рамках сустрэчы адбыліся водная прагулка па рацэ Аттаве, сустрэча ў бары з бардам В. Шалкевічам, экскурсія ў канадыйскі парламент, паэтычная вечарына, дзе свае вершы чыталі Юрась Шамецька і Пётра Мурзёнак; у кожнай з гэтых падзей прымала ўдзел да 50 гасьцей. 32-я Сустрэча атрымала вялікі посьпех у першую чаргу дзякуючы дружнай камандзе аттаўскіх беларусаў, якія рыхтавалі яе на працягу года і дастойна правялі да самага заканчэньня.
У нумары разьмешчана інтэрв’ю, якое ўзяў Сяргей Кандраценка, прэсавы сакратар “Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, у Пётры Мурзёнка, з нагоды выхада кнігі “Шляхі развіцьця беларускай нацыі” (жнівень 2016). У кнізе разглядаюцца праблемы развіцця беларускай нацыі, датычныя да тэарэтычных асноў будаўніцтва беларускай дзяржавы, стратэгіі развіцьця беларускай нацыі, ментальнасці беларусаў, узаемаадносін нацыі і свабоды, царквы і нацыі, абгрунтоўваецца існаваньне ўсходнеславянскай беларускаўкраінскай цывілізацыі і інш. Кніга складаецца з тэматычных артыкулаў, апублікаваных аўтарам за апошнія тры гады ў часопісе «Культура, Нацыя» (2013–2016, № 1–14; www.sakavik.net) і прызначана для чытачоў, зацікаўленых у будаўніцтве беларускай нацыі ў сучасных умовах.
Categories: Культура, Слова рэдактара
Пакінуць адказ